Як часта ў мітусні дзён мы можам прааналізаваць нашы дзеянні альбо учынкі? Напэўна многія рэчы робім на «аўтамаце», і, бывае, у выніку не разумеем, чаму іх зрабілі і навошта гэта нам.
У лістападзе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі прайшла выстаўка мастачкі Кацярыны Жучэнка «Вузельчыкі на памяць», якая дапамагла наведальнікам паглыбіцца ў працэс асэнсавання свайго жыцця, выйсці за межы мімалётнасці, інэрцыі і адчуць разнабаковасць і глыбіню сваіх думак, пачуццяў, дзеянняў.
Мастачка робіць фатаграфіі таго, што прыцягнула яе ўвагу, і праводзіць аналіз іх значнасці. Кожны здымак становіцца для яе пасланнем, якое выказвае важныя станы і думкі тут і цяпер. Робячы хуткі эцюд,
аўтар захоўвае галоўнае і фіксуе падказкі ад свету на палатне, завязваючы тым самым «вузельчыкі на памяць».
— З прадстаўленым праектам я працавала год. Гэта не проста праект, гэта даследаванне. Сэнс яго заключаецца ў тым, каб даследаваць маментальнае ўспрыманне свету навокал. Я стала заўважаць, што некаторыя людзі ідуць, потым спыняюцца, фатаграфуюць пейзажы ці прадметы і пасля ідуць далей па сваіх справах, — тлумачыць Кацярына Жучэнка. — Такія ж фатаграфіі ёсць і ў мяне ў тэлефоне. Калі іх пераглядаеш пазней, актуальнасць губляецца. У выніку, робячы фота, я пачала аналізаваць навошта яго раблю, што мне цікава ў гэты момант, якая дэталь зачапіла. Сітуатыўны фокус увагі перамяшчаецца на тое, што важна тут і цяпер, ва ўсвядомленае ўспрыманне.
Каб зрабіць для сябе такія вузельчыкі на памяць, аўтар стала маляваць эцюды маслам па сваіх фатаграфіях. Прычым цікава, што некаторыя фота яе «даганялі» праз месяц. І калі яна іх усведамляла, адразу ж пачынала пісаць. Некаторыя эцюды ствараліся маментальна.
Такая аналітычная прапрацоўка дазволіла мастачцы вылучыць тыя праблемы, якія паўтараюцца ўвесь час, яна выявіла страхі і выхады з гэтых страхаў. Адкрыла для сябе адну з найважнейшых тэм — страту дзіцячай наіўнасці.
— Я памятаю тыя станы, калі я стварала кожны эцюд, — тлумачыць аўтар. — Таму для іх я пісала гісторыі.
Спачатку была фатаграфія, потым аўтар пісала з яе эцюд, на выстаўку Кацярына вярнула менавіта фармат фатаграфіі. У здымках ужо зробленых эцюдаў са зваротнага боку яна змясціла свае гісторыі і ўсведамленне.
— Гледачам я прапаноўвала пагуляць: знайсці свой эцюд, які адгукаецца больш за ўсё, пагрузіцца ў яго па інструкцыі ці па ўнутраных адчуваннях, знайсці свае думкі, пачуцці, — падкрэсліла Кацярына. — Асноўнае пытанне паглыблення, пра што гэта для мяне зараз. Праект дапамог усвядоміць, што жыццё — гэта простыя моманты, жыццё яно цяпер, такая вось псіхалагічная гульня.
Чырвоная нітка — гэта нітка жыцця, менавіта чырвоную нітку завязваюць як абярэг. Таму Кацярына прыдумала, што можна на сваёй руцэ завязаць яе як вузельчык на памяць. На выстаўцы можна было знайсці прыгожы клубочак і адрэзаць свой талісман. Таксама яшчэ адзін варыянт прачытання ніткі — гэта варыянт захаваць сабе гэты стан і падзею на памяць.
Прадстаўлены праект ужо быў прэзентаваны вясной у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, але там была ўсяго толькі яго невялікая частка. У Тэатры беларускай драматургіі прадставілі поўны праект, дзе аўтар прэзентавала 42 эцюды. Цяпер можна спадзяецца на пашырэнне выстаўкі і на магчымасць убачыць яе на іншых выставачных пляцоўках краіны.
Знаёмства з канцэптуальным мастацтвам. Асаблівасці выстаўкі Ігара Нікалаенкі