Сталічная галерэя «DK» ў маі прэзентавала канцэптуальны выставачны праект знакамітага беларускага мастака Леаніда Мядзведскага, жывапіс якога запамінаецца з першага погляду, а аўтарскі стыль кранае да глыбіні душы.
Жывапіс Леаніда Мядзведскага — аўтарская імправізацыя, дзе ўсё пабудавана на эмоцыях і пачуццях. Большая частка яго твораў напісана з натуры, але менавіта жывапісна-пластычная інтэрпрэтацыя адлюстраваных прадметаў з'яўляецца асаблівасцю аўтарскай манеры мастака. У сваёй творчасці аўтар асабліва часта звяртаецца да пейзажа, нацюрморта, партрэта, работы звычайна выконвае ў тэхніцы гуашы.
Гуаша, яе чысціня, яркая палітра фарбаў зачароўвае мастака. У сваіх творах Леанід Мядзведскі шырока выкарыстоўвае не столькі характэрную для гэтых фарбаў непразрыстасць, колькі лесіроўкі, неўласцівыя гуашы. Апроч пленэрных і прыродных матываў, ён стварае жывапісныя варыяцыі на тэмы твораў вядомых мастакоў мінулага.
Мастак звяртаецца да розных творчых жанраў, таму для яго работ характэрныя выразны псіхалагічны настрой, багацце каляровых інтанацый.
Аўтар віртуозна паказвае гледачу, як працаваць з гуашай, адсюль з'яўляецца шчырасць вобразаў, каляровых адносін, гарманічнасць кампазіцый і эмацыйнасць. Прынцып зменлівасці і інтуітыўнасці насамрэч праяўляецца тым «творчым ключом», які дазваляе мастаку ўвасабляць уласнае бачанне, увасабляць мастацкія развагі пра мастацтва і эстэтычны досвед у цэлым.
Зачаравацца творчасцю Леаніда Мядзведскага вельмі проста, і не толькі таму, что гэта таленавіты мастак, а яшчэ і таму, што гэта чалавек вялікай душы і сэрца. Зешне творца здаецца строгім, але яго ўнутраны свет такі па-сапраўднаму пяшчотны. З мастаком прыемна размаўляць, цікава слухаць, калі ён распавядае пра мастацтва, пра свое пошукі ў творчасці.
Работы мастака знаходзяцца ў зборах Музея сучаснага мастацтва (г. Мінск), Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Музея Марка Шагала ў Віцебску, Карціннай галерэі (г. Полацк), Музея Нінбурга (Германія), Музея «Даўгаўпілскі арт-цэнтр імя Марка Роткі», у прыватных калекцыях Беларусі, Латвіі, Літвы, Расіі, Францыі, Германіі, Фінляндыі, Ізраіля. Жыве мастак у Віцебску.
Выстаўка мастака — своеасаблівае падарожжа ў свет жывапісу. Леаніда Мядзведскага складана з кімсці параўнаць ці пераблытаць, ён спраўды асоба, цікавы мастак са сваімі тэмамі і крэатывам. Яго выстаўкі — заўсёды свята для аматараў мастацтва.
Беларускія дні дызайну і архітэктуры ў Мінску. Чым гэтым разам уразіла арт-зона праекта?