Site icon Слушна

Зіма Лістападаўна

Зіма

Усё імклівей да нас набліжаецца Яго Вялікасць Снежань. Літаральна праз пяць дзён мы сустрэнем Зіму-прыгажуню. І хочацца верыць, што не толькі каляндарную, але і самую сапраўдную. Ну, а пакуль да нас у госці завітала Зіма Лістападаўна! Прычым па-сур’ёзнаму так – другі раз за месяц.

... Прачынаюся ад таго, што ў пакоі светла. Няшчыльныя фіранкі добра прапускаюць святло з вуліцы. Прыгадаўшы ўчарашні прагноз на сёння, здагадваюся: выпаў снег! Падыходжу да акна... Так і ёсць! Яшчэ невялікі слой, але ўжо добра бела навокал. І адразу ж настрой адчувальна паляпшаецца.

Зіма снежная

Вельмі люблю пачатак зімы! Калі лёгкі марозік і гэткі ж лёгкі сняжок, сухі-сухі! Тады магу гуляць пад снегападам гадзінамі, і не надакучыць! А добра снежны Новы год люблю з самага дзяцінства!

Памятаю, як толькі мы пераехалі з вёскі Клінок, дзе я нарадзілася і жыла да дзевяці гадоў, у горад Чэрвень, напачатку здымалі хату. Але ў праекце ўжо быў пяціпавярховы дом, дзе жывём зараз. Хата стаяла крыху наводшыбе ад іншых. Непадалёк знаходзілася перакрыжаванне і пара вулічных ліхтароў. І вось да гэтага часу у мяне перад вачыма дзень, а дакладней – вечар 31 снежня.

Выбягаю за брамку – і захоплена ахкаю. Снег! Не, не так... СНЕЕЕЕЕЕЕГ!!! Вялізныя сняжынкі імкліва падаюць на зямлю ў святле ліхтароў. Відовішча заварожвае... Дарэчы, тады зусім не дзівіліся снегу на Новы год. Не тое што зараз... Калі лістапад нам сняжку падкідае, а снежань распускае лужыны...

У дзяцінстве мы вельмі актыўна каталіся на лыжах і каньках. Як у школе, падчас урокаў фізкультуры, так і дома – пасля ўрокаў і ў выхадныя. Яшчэ адзін сюжэт з дзяцінства ашчадна захоўвае памяць.

Снегу вельмі шмат. На агародзе, які далучаны да хаты, таўшчэзнае покрыва. Па кругу мы з братам наездзілі добрую лыжню. І вось няма большай забавы, як выйсці пакатацца на лыжах... а палове дзявятай вечара!

... Над уваходам вісіць вялізны ліхтар, з неба пазірае месяц. А я на сваіх невялікіх драўляных лыжах наварочваю кругі па агароду. І гэта так здорава!!! Хочацца яшчэ і яшчэ імкліва слізгаць па накатанай лыжні! Які тэлевізар?! Якія там гаджэты??? Вось яно, простае дзіцячае шчасце!

А канькі?! Памятаю свае першыя фігурныя, беленькія-беленькія! Тады на стадыёнах усіх школ абавязкова ставілі ўзімку хакейныя каробкі і залівалі лёд. Маразы ўпэўнена трымаліся на працягу ўсёй зімы. Хлопцы гулялі на лёдзе ў хакей, а мы, дзяўчаты, каталіся пад музыку. Прычым асабіста я наведвала два каткі: у сваёй другой школе (далёкі) і ў суседняй чацвёртай (бліжні). Эх, і весела ж было!!! І не хварэлі мы практычна на прастуду. Вось дзіва! Хаця і распарышся, а тады нясешся расхрыстанай па марозу... І снег на смак пакаштуеш, і лядзяш...

З цягам часу любоў да лыжаў гублялася. Прызнаюся шчыра: яе нават, можна сказаць, адбілі. У Магілёўскім педвучылішчы. Наш выкладчык фізкультуры Феліксаўна (як мы яе клікалі) ганяла нас на сваіх уроках добра. Узімку трэба было паспець у шэрагу першых прыбегчы па лыжы, бо калі пазней – нават прыблізна майго памеру лыжнага абутку не заставалася. І я нагадвала сама сабе Маленькага Мука з мульціка. Калі ішла ў “лыжах” без лыжаў...

Да трасы трэба было спускацца па драўлянай лесвіцы ў Падніколле. Там нас і прымушалі бегаць на час (з гэтым спраўлялася), падымацца “елачкай” угору (не маё), удзельнічаць у эстафетах... А тады, стомленым, трэба было ўздымацца па той бясконцай лесвіцы назад, да вучылішча. А калі прыступкі слізкія, а ў цябе абутак не па памеры... Ну якая ўжо тут любоў да лыжаў?!

Затое ў апошні час так і хочацца на іх пракаціцца. І на каньках таксама. Вось толькі няма дзе ў нас набыць лыжы-канькі. Гэта ў дзяцінстве іх прадавалася ў краме “Культтавары” (культурныя? культавыя?) безліч, на любы густ і памер. Браць напракат для мяне неяк не варыянт. А што, калі лыжы зламлю?! Было ўжо такое ў дзяцінстве. А канькі просяць вяртаць чыстымі і сухімі. Гэта з сабой яшчэ насіць вялізную анучу?! Так што цяпер прысутнічаю на лыжных спаборніцтвах толькі ў якасці фотакарэспандэнта... Гляджу на іншых аматараў...

Але ўсе праблемы, зразумела ж, вырашальныя. Было б жаданне і ў гэтым пытанні. Так што зараз галоўнае – каб снегу нам падкінула нябесная канцылярыя пабольш. А там з набыццём лыжаў-канькоў я што-небудзь прыдумаю. Абавязкова!

Exit mobile version