Святы бываюць розныя. Не абавязкова вясёлыя. Некаторыя толькі намінальна можна назваць святамі. А ўвогуле, гэта – адметныя дні, якія павінны прыцягнуць увагу да пэўнай хваробы альбо праблемы. Напрыклад, сёння, 27 мая, у апошнюю сераду гэтага месяца – Міжнародны (Сусветны) дзень рассеянага склерозу.
Вы ж памятаеце?! Рассеяны склероз – гэта аўтаімуннае захворванне, якое ніяк не адпавядае ўяўленням пра склероз старэчы і не мае з ім нічога агульнага. Яно пашкоджвае нервовую сістэму, закранаючы галаўны і спінны мозг.
На рассеяны склероз часцей за ўсё хварэюць маладыя. І прадбачыць, чаму і калі гэта можа здарыцца, проста немагчыма… Само ж слова «рассеяны» паказвае не на праблемы з увагай і кацэнтрацыяй (хаця штосьці і ў гэтым ёсць), а на тое, што ачагі захворвання рассеяныя па спінным і галаўным мозгу.
Часцей за ўсё гэтае захворванне прыводзіць да іваліднасці, калі людзі вымушаныя перасоўвацца ў інвалідных калясках. Праўдзівую гісторыю аднаго нашага чытача, Віталя Рабецкага, распавяла журналіст Слушна Святлана Стахоўская. З таго часу я і ведаю дакладна, як гэта можа быць…
І колькі ж мужнасці, сілы волі, цярплівасці патрэбна тым, хто захварэў, каб прыняць сябе, новага (новую) ў хваробе. Не зламацца, не апусціць рукі, а змагацца за жыццё і літаральна за сваё месца ў грамадстве. Як патрэбная ім падтрымка блізкіх, знаёмых і нават незнаёмых…
А яшчэ – удзел у вось такіх мерапрыемствах, на адным з якіх пабыла ў свой час і наш журналіст Вольга Стружынская.
Падтрымка патрэбная ўсім. Асабліва тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. Захварэў. Невылечна. А рассеяны склероз, на жаль, вылечыць немагчыма. Толькі падтрымліваць арганізм прэпаратамі… І чакаць, калі пагаршэнне зменіцца на паляпшэнне.
Калі варта насцярожыцца і звярнуцца да ўрача? На жаль, такіх праяў, якія б на сто працэнтаў і з першага разу дазволілі б дыягнаставаць менавіта гэтае захворванне, няма, кажуць спецыялісты. Хаця саму хваробу вывучалі яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя. З тыповых адзначаюць парушэнні зроку, каардынацыі рухаў, слабасць у мышцах, зблытанасць маўлення, галавакружэнне альбо галаўны боль…
Ды, зрэшты, любое парушэнне, якое пагаршае якасць жыцця, ужо з’яўляецца падставай звярнуцца да спецыялістаў, ці не так?! Іншая справа, што пандэмія каранавіруса ўнесла свае карэктывы і зменшыла наведванні ўрачоў, так бы мовіць, па паказаннях. Але калі блага… Лепей усё ж такі не адкладваць візіт у паліклініку. Па магчымасці…
Больш грунтоўна пачытаць пра рассеяны склероз можна на нашым інфармацыйным партале. Гэта, безумоўна, будзе карысным як для людзей з такім захворваннем, так і для іх сямейнікаў, знаёмых... А ў Беларусі, па прыкладных падліках, жывуць больш за 4 тысячы захварэлых.
Вядома ж, можна спачуваць і суперажываць ім на адлегласці. А можна рэальна дапамагчы, падтрымаць. Хаця б сяброўскімі стасункамі… Бо не так-то проста многім з іх выбрацца з дому, каб хаця б падыхаць свежым паветрам. Перашкодай робяцца высокія паверхі, адсутнасць безбар’ернага асяроддзя, элементарных памочнікаў, якія б дапамаглі спусціцца ў калясцы…
І добра, калі ў людзей з рассеяным склерозам ёсць магчымасць стасункаў у сеціве. Усё ж не так сумотна жыць… Ды і патрэбную інфармацыю можна адшукаць… Каб па магчымасці палепшыць якасць свайго жыцця.
Дык давайце не адварочвацца ад тых, хто побач з намі, каму сёння нашмат цяжэй. Нават проста падтрымаць іх добрым словам – гэта ўжо дапамога. Для гэтага ж не патрэбныя вялікія намаганні… Проста падзяліцца цеплынёй свайго сэрца…