Сёння – Дзень касманаўтыкі. Гэтая дата пачала адзначацца ў СССР 12 красавіка 1962 года ў гонар першага палёту чалавека ў космас. Памятаеце, як абураліся нашы бабулі: «Лётаюць у космас, дзюрак у небе панарабілі!» Не вельмі яны віталі развіццё касманаўтыкі, якое, паводле іх меркаванняў, пакрысе разбурала традыцыйны ход спраў на зямлі і рабіла недасканалымі народныя прыкметы, бо клімат мяняўся і надвор’е псавалася!
Аднак што тая незадаволенасць – касмічная эра сцвярджала сябе! Яе ўпэўнены поступ можна адсачыць і па шэрагу Міжнародных святаў, якія паўсталі ўслед за Днём касманаўтыкі, самым першым з іх.
З 1969 года 12 красавіка святкуецца і Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. У 2011 годзе гэты дзень быў абвешчаны Міжнародным днём палёту чалавека ў космас, а з 2001 года ў шматлікіх гарадах свету Кансультатыўнай радай касмічнага пакалення (недзяржаўнай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае ўдзельнікаў больш чым з 60 краінаў свету) ладзіцца яшчэ і Юр’ева ноч! Што гэта за мерапрыемства?
Роўна праз дваццаць гадоў пасля першага палёту чалавека ў космас, 12 красавіка 1981 года, стартаваў першы пілатуемы палёт па амерыканскай праграме «Спэйс Шатл». Вось у гонар абедзвюх падзей у розных гарадах свету і адбываецца вечарына «Юр’ева ноч».
Далучымся і мы да святкавання, згадваючы пра тое, як нашы продкі ўспрымалі неба, зоры, і, між іншым, як пашчыравалі самі беларусы, каб «касмічныя дзюркі» не толькі з’явіліся ў небе, але і памнажаліся.
Але – пра ўсё па парадку. Пачнем з лірыкі!
* Як і ўсе людзі на зямлі, беларусы любяць узірацца ў неба. Зоркі над намі гамоняць па-беларуску – зварот да народнай астраноміі таму пацверджанне. Толькі ўслухайцеся, як гучаць беларускія назвы зорак. Млечны шлях у залежнасці ад рэгіёна можа быць Птушынай дарогай, Станам, Дарогай для закаханых, Цёшчынай дарогай, Карамыселкам, Сітам, Вялікай зараніцай… Вялікая Мядзведзіца – Семярычка, Семязвёздзіца, Стажары, Вісажары (а таксама Копы, Кучкі, Кіпы), Курачкі; Малая Мядзведзіца – Малы коўш, Малы воз…
*Беларусы захоўваюць шмат назіранняў, прыкметаў і вераванняў, звязаных з нябеснымі свяціламі. Да прыкладу, нашы продкі лічылі, што на Месяцы ёсць людзі – яны там ходзяць і варочаюцца. Калі ж Месяц чырванее – недзе ідзе вайна, і ён становіцца крывавым. Назіраючы, як змяняюцца квадры Месяца, казалі: калі ён старэе, Бог крыша яго на зоры, адзін жа кавалачак кладзе ў дзяжу на закваску. Туды падаюць зоры, з іх робіцца рошчына, цеста падыходзіць і пераліваецца цераз край – так нараджаецца Маладзік, новы Месяц.
*Па зорках арыентаваліся падчас вандровак, у залежнасці ад фазы Месяца планавалі гаспадарчыя справы
Тым, хто хоча пачуць, як гамоніць наша неба, рэкамендую прачытаць кнігі Кастуся Цвыркуна «Над намі – неба: міфы і паданні пра зоркі, сузор'і і планеты» і Цімафея Авіліна «Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія», а таксама кнігу эсэ Янкі Сіпакова «Зялёны лісток на планеце Зямля».
*Францішак Скарына – першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном – размясціў у першым вiленскім выданні «Малой падарожнай кнiжыцы», надрукаванай на старабеларускай, зразумелай тагачаснаму люду, мове, шэраг каляндарных і астранамічных звестак (беларускія назвы месяцаў, знакаў задыяка) у 1522 годзе, тым самым далучыўшы люд паспаліты і да прагрэсіўнай еўрапейскай думкі ў галіне астраноміі.
* З мястэчка Дуброўна (зараз гэта Віцебшчына) паходзіць Казімір Семяновіч (1600-1651) – інжынер і тэарэтык артылерыі, вынаходнік шматступеньчатай ракеты. У 1650 годзе ў Амстэрдаме (Нідэрланды), дзе Казімір Семяновіч жыў працяглы час, была выдадзеная яго кніга «Вялікае мастацтва артылерыі, частка першая» на лацінскай мове. Яна адразу ж была пераведзеная на шмат якія замежныя мовы. У гэтай кнізе, апроч іншага, занатавана апісанне шматступеньчатай ракеты – на 250 год апярэдзіў наш зямляк іншых сусветна вядомых вучоных! Напрыклад, Канстанцін Цыялкоўскі, якога называюць бацькам рускай касманаўтыкі, у сваіх навуковых працах і тэхнічных распрацоўках спасылаўся на Казіміра Семяновіча.
Казіміру Семяновічу належыць вынаходніцтва трохкутнага крыла як стабілізатара – іх выкарыстоўваюць на ўсіх ракетах, у тым ліку і на «Шатлах». Да такога рашэння сучасныя навукоўцы і канструктары дадумаліся толькі ў 1950 годзе! Нездарма НАСА – амерыканскае касмічнае агенцтва – лічыць Казіміра Семяновіча заснавальнікам усёй ракетнай тэхнікі.
* З Беларусі паходзіць Барыс Кіт (1910-2018) – матэматык, фізік, амерыканскі канструктар ракетнай тэхнікі. Дзякуючы яго распрацоўкам, здзейснена падарожжа на Месяц і працуе праграма «Шатл».
* Сярод першапраходцаў космасу – нашы зямлякі, беларусы Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук. У кастрычніку 2012 года да іх далучыўся яшчэ адзін беларус, Алег Навіцкі. Як і землякі-папярэднікі – у якасці камандзіра экіпажа карабля.
*На карту Месяца занесенае імя Сяргея Блажко (1870-1956) – ураджэнца беларускага Хоцімска, прафесара, члена-карэспандэнта АН СССР, дырэктара абсерваторыі Маскоўскага ўніверсітэта (1920-1931), загадчыка кафедраў астраноміі і астраметрыі МДУ, старшыні Камісіі па вывучэнні зменных зорак пры астранамічныя рады АН СССР на працягу дваццаці гадоў.
*Другім начальнікам першага ў свеце касмадрома Байканур з 1958 па 1961 г. быў Канстанцін Васільевіч Герчык, беларус, ураджэнец вёскі Сорагі Слуцкага раёна.
* «Астрабатаніку» – раздзел астрабіялогіі, прысвечаны даследванню мяркуемай расліннасці на планетах Сонечнай сістэмы – таксама прыдумаў наш земляк са Смалявічаў Гаўрыла Адрыянавіч Ціхаў (1875-1960) – астраном, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.
*Мастак Язэп Драздовіч (1888-1954) – пачынальнік касмічнай тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве. У графічных і жывапісных работах ён распрацаваў тры тэмы: «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Месяцы» і «Жыццё на Сатурне». Ён жа – аўтар навукова-папулярнай брашуры «Нябесныя бегі» ды іншых філасофскіх разваг пра космас.
Для чытання на касмічную тэматыку дзецям альбо разам з дзецьмі раім касмічную Адысею Раісы Баравіковай «Казкі астранаўта. Касмічныя падарожжы беларусаў», «Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў», а таксама «Касмічную кнігу ў творах беларускіх пісьменнікаў» (укладанне Раісы Баравіковай). Спытайце ў бібліятэцы таксама кнігу Паўла Місько «Эрпіды на планеце Зямля».
Калі ж карціць пачытаць кніг – добрых перакладаў на беларускую мову, – няхай гэта будзе Дуглас Адамс «Аўтаспынам па Галактыцы» (пераклад з англійскай Паўла Касцюкевіча).
Чуеце?! Зоркі шэпчуцца па-беларуску і цыруюць у небе дзюркі, насвірдаваныя касмічнымі караблямі. Спадзяюся, далучыўшыся да касмічнай вечарыны са сваімі згадкамі, мы хоць крышачку ім дапамаглі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by