Site icon Слушна

Зёлкі лекавыя ды чарадзейныя. Расліны ў побыце беларусаў

Спрадвеку нашыя продкі вывучалі і выкарыстоўвалі расліны. Звесткі пра іх лекавыя якасці перадаваліся ад пакалення да пакалення.

Дзе і як збіралі зёлкі

Травы збіралі ў пэўных месцах – у полі, на балоце, каля святых крыніц, як напрыклад, каля дуба і крыніцы паблізу вёскі Царкавішча Ушацкага раёна, вакол Цар-Дуба каля вёскі Данілавічы Лельчыцкага раёна. У розных вёсках травы збіралі ў розны час: на досвітку, пакуль не сышла раса, у маі перад самай поўняй, ноччу перад маладзіком. Лекавыя расліны ад жаночых хвароб павінны былі збіраць «чыстыя» людзі – малыя дзеці, старыя жанчыны, у крайніх выпадках цнатлівыя дзяўчаты.

З траў рабілі розныя мікстуры, парашкі, кампанавалі зборы не толькі для піцця, але і для акурвання хворых. Напрыклад, дзіцячы пярэпалах акурвалі калючымі раслінамі. Зёлкі прыкладалі да цела ў якасці кампрэсаў. На Палессі настой палыну давалі піць ад ліхаманкі. На тэрыторыі былога Рэчыцкага павета зялёны палын таўклі з соллю. Потым ў ільняным мяшэчку выдушвалі ў маслабойцы і ўжывалі ад ліхаманкі.

«Адубянела ад дурнап’яну, ляжыць і не кратаецца»

Зёлкавыя

Некаторыя травы ўздзейнічалі на псіхіку, мелі наркатычныя ўласцівасці і іх звязвалі з чарадзействам. Гэта блёкат, дурман, багун. Так, блёкат лічылі атрутнай раслінай, таму забаранялася яго есці альбо ўдыхаць яго выпарэнні. Апёк блёкату можа выклікаць стан змененай свядомасці. У старажытным вядзьмарстве блёкат дазваляў ведзьмам «лётаць у агні» – калі на скуру наносілі мазь з блёкату, у чалавека ўзнікалі галюцынацыі палёту.

Што тычыцца дурману, то гэтыя зёлкі называлі травой д'ябла, дурнап’янам ці вадап'янам, шальной травою, травой ведзьмакоў або травой дурняў. І гэта яшчэ не ўсе імёны дурману, якія выразна адлюстроўваюць уласцівасці гэтай травы. Вось, да прыкладу апісанні гэтых раслін, запісаныя навукоўцамі: «Я раз дурнап’яну з’еў, дак на сценку лез»; «Адубянела ад дурнап’яну, ляжыць і не кратаецца».

Багун жа – таксама расліна атрутная, уся цалкам. Лісце і галінкі яго (а асабліва кветкі, пылок і насенне) выдаюць рэзкі, спецыфічны адурманьваючы пах, які ў вялікіх колькасцях неспрыяльна ўздзейнічае на чалавека: выклікае галавакружэнне, галаўны боль, млоснасць. У народных павер’ях багуну прыпісваюць нямала чароўных уласцівасцяў. Лічылі, што з яго дапамогай можна наслаць вар’яцтва, выклікаць злога духа.

Сярод архіўных матэрыялаў сустракаецца шмат судовых спраў, звязаных з атручваннем раслінамі.

Напрыклад, у 1848 годзе ў Полацкім земскім судзе разглядалі справу аб атручванні коранем травы вехі 25-цігадовага селяніна Ермалая Іванова з вёскі Слабодка (на тэрыторыі цяперашняга Шумілінскага раёна Віцебскай вобл.). Яго 18-цігадовая жонка Алена даведалася ад суседкі пра корань травы вехі, ад якога загінула хатняя жывёла, і вырашыла атруціць мужа. Яна дадала корань у кашу з ячневых круп, забяліла яе канапляным малаком і пайшла на працу ў поле. Муж прыйшоў дахаты, дастаў кашу з печы і з’еў. Імгненна яго стала ванітаваць, і ротам пайшла кроў. Мужчыну прывезлі да царквы ў вёску Дабея (на тэрыторыі Шумілінскага р-на), дзе ён і сканаў. Доктар выявіў атручванне, і падчас ператрусу ў Алены Івановай знайшлі яшчэ два карані вехі.

У Купальскую ноч

Самым добрым часам для збору лекавых траў лічылі Купалле. У некаторых раёнах пачыналі збор напярэдадні свята: дзе ў другой палове дня, дзе на працягу сутак, а ў іншых увогуле выключна на само свята. Пры зборы абавязкова трэба было спяваць, інакш зёлкі не будуць мець сілы. Потым у пэўныя дні іх асвячалі ў храмах. Пасля асвячэння і засушвання травы служылі лекавым сродкам цягам года. З кветак плялі вяночкі для варажбы, іх уторквалі ў сцены між бярвёнамі, загадваючы на лёс кожнага з сямейнікаў. Жанчыны сталага ўзросту збіралі травы на весь будучы год як лекі і абярэгі. Купальскія зёлкі абвязвалі чырвонай ніткай і клалі пад падушку парадзісе. Па павер’ях, гэта засцерагала ад моцнай страты крыві.

Дрэвы-лекары ў Беларусі. Куды паехаць, каб атрымаць «порцыю» здароўя?

У Купальскую ноч шукалі легендарную папараць-кветку, якая нібыта квітнее ў лясных нетрах і пабачыць яе могуць толькі праведныя людзі. Па павер’ях, яна раскрывае чалавеку мінулае і будучыню.

Такая трава сапраўды існуе, але яна захавалася толькі ў Белавежскай Пушчы і занесена ў Чырвоную кнігу. Гэта каралеўская папараць, якая выпраменьвае маленечкае свячэнне.

Прымі, Божа, за лекі!

Для лекавых мэтаў выкарыстоўвалі і мох са Святых камянёў. У вёсцы Горка Дзятлаўскага раёна і сёння мох з вялізнага паклоннага валуна заліваюць гарэлкай, настойваюць і п’юць як лекі. У вёсцы Маяк Слуцкага раёна мох з каменя настойваюць на вадзе і п’юць ад перапуду. Мох з валуна каля былой вёскі Вязкі Браслаўскага раёна (каля турбазы) настоены на вадзе ці на гарэлцы нібыта дапамагае ад хвароб страўніка.

У часы сярэднявечча ў кожнай аптэцы меліся спецыяльныя шафы, а ў некаторых нават і пакоі для захоўвання і прыгатавання лекаў з зёлак. Дзеля гэтага існаваў спецыяльны посуд, рэзакі ды іншыя прыстасаванні. Былі і кнігі – траўнікі ці травяныя лячэбнікі. Спачатку такія кнігі былі рукапісныя. Адзін са старажытных лячэбнікаў у канцы 19 стагоддзя выявіў этнограф Е. Р. Раманаў у вёсцы Гайдукоўка на Падняпроўі. Цяпер гэта вёска на тэрыторыі Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Пазней даслечыкі датавалі рукапіс 18 стагоддзем. Большасць апісаных у ім зёлак былі прызнаныя ў медыцынскай навуцы.

Летам 1926 года экспедыцыя Аршанскага акруговага таварыства ў вёсцы Мардашэвічы, якая ў той час існавала на выспе сярод Асінаўскіх балотаў, у адной сялянкі здабылі рукапісны травяны лячэбнік. На 30 пажоўклых аркушыках на руска-беларускай трасянцы апісаныя 77 лекавых траў. Навукоўцы прыйшлі да высновы, што траўнік напісаў мясцовы знахар (знахарка) у канцы 18 – пачатку 19 стагоддзя. Да Другой сусветнай вайны рукапіс знаходзіўся ў Навуковым Таварыстве Беларускай сельскагаспадарчай Акадэміі ў Горках,але далейшы лёс яго невядомы.

На дзяржаўным узроўні

Вывучэнню лекавых раслін заўсёды вялікую ўвагу надавала і дзяржава. Як сведчаць архіўныя дакументы ў пачатку 19 стагоддзя Медыцынскі дэпартамант Расійскай імперыі, які знаходзіўся ў Санкт-Пецярбурзе, разаслаў па ўсіх губернскіх урачэбных управах для запаўнення надрукаваныя бланкі-ведамасці з мэтай сабраць дакладныя звесткі пра мясцовыя дзікарослыя лекавыя расліны і карэнні. З губернскіх упраў бланкі былі разасланыя па паветах, за іх запаўненне адказвалі павятовыя дактары. У канцы 19 стагоддзя Санкт-Пецярбургскае таварыства прыродазнаўцаў камандавала па губернях сваіх чальцоў для збору калекцый і апісання лекавых раслін. Працы па вывучэнні лекавых раслін пастаянна вяліся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзяў многія этнографы і ўвогуле інтэлігенцыя захапляліся зборам гербарыяў – Я. Тышкевіч, Ф. Вярэнька, В. Шукевіч, М. Федароўскі і інш. Пісьменніца Эліза Ажэшка сабрала гербарый на 460 раслін. Адзін з такіх зельнікаў захоўваецца ў яе доме-музеі ў Гродна, а адзін у Познані. Зоська Верас ў 1924 годзе выпусціла Беларуска-польска-расейскі-лацінскі батанічны слоўнік.

У 1920-я гады на тэрыторыі Савецкай Беларусі працу па вывучэнні лекавых раслін праводзілі спецыяльныя вопытныя станцыі. Дэталёва вывучэннем флоры займаўся аддзел прыроды і народнай гаспадаркі ў Інстытуце беларускай культуры.

https://bel.24health.by/yakaya-na-smak-belaruskaya-garbata-tradycyi-zavarvannya-i-uzhyvannya-travyanyx-zborau/

Exit mobile version