- Бацька Міхася Лынькова любіў чытаць сваім дзецям народныя казкі
- За добрую вучобу атрымаў кнігу Мікалая Гогаля «Вечары на хутары каля Дзіканькі»
- Сапраўдную вядомасць Міхасю Лынькову як дзіцячаму пісьменніку прынесла аповесць «Міколка-паравоз»
- Міхась Лынькоў двойчы быў на мяжы жыцця і смерці
- Першым беларускім творам, які прачытаў Васіль Быкаў, было апавяданне Міхася Лынькова «Гой»
- Валерый Маракоў напісаў пра Міхася Лынькова верш
- Міхась Лынькоў любіў раскладваць незвычайныя вогнішчы
- Раман «Векапомныя днi» быў бязлiтасна скарочаны
30 лістапада — у гэты дзень у 1899 годзе нарадзіўся народны пісьменнік Беларусі Міхась Лынькоў (Лынькоў Міхаіл Ціханавіч). Яго аповесць «Міколка-паравоз» была адной з самых любімых кніг некалькіх пакаленняў савецкіх дзяцей. За гэтую аповесць Міхась Лынькоў атрымаў званне народнага пісьменніка БССР у 1962 годзе.
да зместуБацька Міхася Лынькова любіў чытаць сваім дзецям народныя казкі
Нарадзіўся Міхась Лынькоў 30 лістапада 1899 года ў вёсцы Зазыбы Віцебскага павета Віцебскай губерніі ў сям’і чыгуначніка. Яго сям’і даводзілася даволі шмат раз’язджаць і часта змяняць месца жыхарства. Але неўзабаве бацька Лынькова атрымаў пасаду пуцявога абходчыка, і сям’я нарэшце асела недалёка ад вёскі Старое Сяло пад Рагачовам. Міхась павінен быў перш за ўсё няньчыць малодшых братоў і сясцёр. Апроч гэтага, ён павінен быў пасвіць карову.
Аднак гэта не перашкаджала яму назіраць за ўсім, што адбывалася на чыгуначных пуцях – каля будкі і на далёкай ад яе адлегласці. Хлапчук, назіраючы працу дарослых, мімаволі далучаўся да своеасаблівай паэзіі чыгуначнай працы, непрыкметна для сябе прывыкаў жыць справамі і клопатамі сваіх бацькоў і наогул старэйшых людзей.
Часта ў выхадны дзень бацька чытаў дзецям кнігу «Грамабой», у якой расказвалася пра Салаўя-разбойніка. Чытаў і народныя казкі, а таксама папулярныя артыкулы пра з’явы прыроды.
да зместуЗа добрую вучобу атрымаў кнігу Мікалая Гогаля «Вечары на хутары каля Дзіканькі»
Міхась быў старэйшым у сям’і. У 1907 годзе яго аддалі ў пачатковую школу. Вучыўся ён добра. Перачытаў усю невялікую школьную бібліятэку. Школу скончыў у 1911 годзе, атрымаўшы ў якасці ўзнагароды за добрую вучобу кнігу М. Гогаля «Вечары на хутары паблізу Дзіканькі».
Пасля школы Міхась Лынькоў скончыў двухкласную школу пры Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі, а потым у 1917 годзе і саму семінарыю. У час канікулаў падзарабляў на чыгунцы. Вучыўся старанна, прымаў актыўны ўдзел у выданні рукапіснага часопіса, вучыўся іграць на скрыпцы. У настаўніцкую семінарыю паступалі здольныя, прагныя да ведаў сялянскія дзеці.
Міхась Лынькоў быў першым вучнем у класе. Вельмі любіў мастацкую літаратуру, кнігі чытаў запоем. Нават гаспадыня, дзе ён кватараваў, часта ласкава гаварыла: «Хопіць табе ўжо сушыць мазгі, лепш ідзі пагуляй». У 1913 годзе за кошт семінарыі была арганізавана экскурсія ў вёску Навасёлкі-Салтанаўка Быхаўскага павета на месца баёў рускай арміі з полчышчамі Напалеона. Потым вучням было прапанавана напісаць сачыненне па выніках паездкі. Сачыненне Лынькова было самае лепшае.
1 лютага 1917 года Міхась Лынькоў паехаў настаўнічаць у Ліпініцкую земскую школу (зараз Буда-Кашалёўскі раён). У жніўні 1922 года Міхась Ціханавіч атрымаў накіраванне ў Свержанскую сямігодку Рагачоўскага раёна. Ён выкладаў гісторыю, рускую мову і літаратуру, маляванне. Пасля смерці маці, Лынькоў забраў малодшых братоў і сястру да сябе ў Свержань. Пасялілася сям’я ў двухпавярховым будынку, які да рэвалюцыі належаў нейкаму лесапрамыслоўцу. У ім былі два класныя пакоі, побач пярэдняя, кухня, веранда.
У маі 1925 года акруговы камітэт Кампартыі Беларусі накіраваў Лынькова на працу ў рэдакцыю газеты «Камуніст» у Бабруйск. Пісаць Міхась Ціханавіч пачаў яшчэ ў час вучобы ў семінарыі. Гэта былі прыпеўкі, сатырычныя куплеты, эпіграмы. Літаратурнай дзейнасцю пісьменнік пачаў займацца, калі працаваў у газеце «Камуніст», дзе публікаваў артыкулы, нарысы, фельетоны і вершы. Пры ім у газеце стаў выходзіць спецыяльны літаратурны дадатак «Вясна», дзякуючы якому дарогу ў літаратуру атрымалі Сяргей Грахоўскі, Васіль Вітка, Барыс Мікуліч і іншыя пісьменнікі.
У 1930 годзе Міхась Лынькоў пераехаў у Мінск. Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, быў сакратаром аргкамітэта Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1934 па 1941 год рэдагаваў часопіс «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Дзесяць гадоў з’яўляўся старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі
да зместуСапраўдную вядомасць Міхасю Лынькову як дзіцячаму пісьменніку прынесла аповесць «Міколка-паравоз»
Асобнае месца ў літаратурнай спадчыне Лынькова займаюць творы для дзяцей. Не кожны пісьменнік здольны расказаць аб падзеях так, што яны будуць цікавыя многім пакаленням юных чытачоў. Для гэтага неабходны не проста талент і майстэрства, але і глыбокае веданне асобы дзіцяці і ўменне пісаць захапляюча. Творчасці Міхася Лынькова характэрны ўсе гэтыя якасці.
Міхась Лынькоў пачаў пісаць для дзяцей з 1935 года. Гэта была аповесць-казка «Янка-парашутыст», дзе праўдзіва расказана аб дзецях, якія мараць аб палётах. У тым жа годзе Міхась Лынькоў напісаў аповесць «Пра смелага ваяку Мішку», якая карыстаецца ў дзяцей нязменнай папулярнасцю.
Вядомасць Міхасю Лынькову як дзіцячаму пісьменніку прынесла аповесць «Міколка-паравоз». Калі спытаць у юных чытачоў, які самы вядомы вобраз беларускай літаратуры, вам, дакладна адкажуць – Міколка-паравоз. Вобраз яркі і пазнаваемы, нягледзячы на тое, што створаны шмат гадоў таму назад і з той пары змяніліся каштоўнасці і аўтарытэты. Гэты твор вытрымаў дзясяткі выданняў, перакладзены на многія мовы.
да зместуМіхась Лынькоў двойчы быў на мяжы жыцця і смерці
Нялёгкае і няпростае жыццё пражыў пісьменнік. У дваццаць гадоў двойчы быў на мяжы жыцця і смерці: першы раз ад тыфу, другі – ледзь не расстралялі бандыты Булак-Балаховіча. У маладыя гады Лынькоў страціў бацькоў і стаў бацькам малодшым брату і сястры. У пачатку вайны яго пачала мучыць эмфізема лёгкіх. .
Шмат разоў пасля вайны Міхась Лынькоў вырываўся з лап смерці. І ўвесь час нястомна працаваў. Аб гэтым сведчыць выпушчаны выдавецтвам «Мастацкая літаратура» збор твораў у васьмі тамах. І сёння літаратурная спадчына Міхася Лынькова не страціла сваёй папулярнасці.
да зместуПершым беларускім творам, які прачытаў Васіль Быкаў, было апавяданне Міхася Лынькова «Гой»
«Гой» – ранні, але вельмі яркі і каларытны твор Лынькова. Ён аўтабіяграфічны. Аб тым, як маладая габрэйка пакахала чырвонаармейца, які спыніўся ў іх у хаце, і як прыйшлося закаханым змагацца з забабонамі мястэчка. Аповяд напісаны ў 1926 годзе. А ў 1927-ым Міхась ажаніўся на настаўніцы-яўрэйцы са Свержаня Хане Абрамаўне Аранкавай. Нарадзіўся іх сын Марык. Жылі дружна.
Па ўспамінах сучаснікаў, Хана Абрамаўна дапамагала мужу ў напісанні яго ранніх апавяданняў. А ў верасні 1941-га жонку і сына забілі фашысты. Яны ў той час гасцявалі ў сваякоў у Старадарожскім раёне. Лынькоў апынуўся ў эвакуацыі, жывы і цэлы. Можна толькі ўявіць яго гора. Прыяцель Лынькова Янка Маўр напісаў пра гэтую трагедыю апавяданне «За што?"». Цікава, што другая жонка Лынькова казала аб Хане: «Яна ж магла выратавацца, але пабаялася ляцець на самалёце».
да зместуВалерый Маракоў напісаў пра Міхася Лынькова верш
У зборніках паэта Валерыя Маракова ёсць цікавы верш «М. Лынькову». Калі сёння яго перачытаць, можна ўбачыць шчырую сімпатыю да сябра, з якім разам былі ў аб'яднанні «Маладняк», а таксама зразумець, які імідж быў у бывалага чырвонаармейца Лынькова:
Я гляджу вось на цябе,
I мне здаецца ўсё ўпарцей,
Што ты жыццё з агнём прабег,
Каб сёння стаць на яго варце.
Бо ты прайшоў вялікі шлях,
I... бачыш, – срэбра галаў кратае.
Ты ведаў усё: і сум, і жах —
I маладосць твая багатая.
Міхась Лынькоў, дарэчы, арганізаваў Бабруйскую філію «Маладняка» і кіраваў ім, пакуль не пераехаў у Мінск.
да зместуМіхась Лынькоў любіў раскладваць незвычайныя вогнішчы
Янка Скрыган успамiнае, што калi Мiхась Лынькоў прыязджаў у дом творчасцi ў Каралiшчавiчы, адразу раскладаў на палянцы перад домам вогнiшча.
«…Лынькоўскi агонь — гэта рытуал, чарадзейства, гiпноз. Можна падбiраць бог ведае колькi высокiх словаў, але яны мала перададуць адчуванне сапраўднага набажэнства, якому аддавалася ў такiя часiны ўся iстота Мiхася Лынькова. Усё жыло ў нейкiм узнёсла-зачараваным руху: вочы, твар, пастава ў бронзавых водблiсках полымя». А яшчэ Лынькоў любiў фатаграфаваць скрозь агонь. Сябры называлi яго нарачанскiм чараўнiком — той меў на Нарачы лецiшча, дзе абавязкова разводзiў сваё чарадзейнае вогнiшча.
да зместуРаман «Векапомныя днi» быў бязлiтасна скарочаны
Статус патрабаваў грунтоўных твораў, перажытае падчас вайны патрабавала асэнсавання, i Лынькоў напiсаў маштабны раман «Векапомныя днi» пра партызанскi рух. Рэдагаваць яго даручылi выдатнаму стылiсту Янку Скрыгану, якi прайшоў сталiнскiя лагеры i нядаўна вярнуўся з высылкi. Скрыган спалохаўся. Такi мэтр! Акадэмiк, дырэктар Iнстытута лiтаратуры, мовы i мастацтва Акадэмii навук БССР! Да таго ж раман на чатыры цi пяць кнiг i чытаецца, мякка кажучы, сумна. Лынькоў, ведаючы свае недахопы, сказаў рэдактару: «Гэты мой раман-эпапея, а калi сказаць высокiм шцiлем, раман-апупея, пiсаўся мнозi леты i зiмы, i натуральна, што ён высiлiў мяне да крывiнкi. Я добра разумею, што там будзе многа лiшнiцы i ты не будзеш ведаць, што з ёю рабiць. А мне якраз i трэба, каб ты не баяўся». Скрыган «падцiснуў» раман добра.
За заслугі ў развіцці літаратуры і актыўную грамадскую дзейнасць Міхась Лынькоў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай зоркі і медалямі.
Памёр Міхась Лынькоў у 1975 годзе. Праз год была прынята Пастанова Савета Міністраў Беларусі «Аб увекавечанні памяці народнага пісьменніка Беларусі М.Ц.Лынькова». Імя Міхася Ціханавіча было прысвоена Гомельскаму гарадскому прафесійна-тэхнічнаму вучылішчу чыгуначнікаў і Крынкаўскай сярэдняй школе Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Бабруйску, завулак у Клецку. У Мінску на доме, дзе жыў пісьменнік, і ў Бабруйску на будынку рэдакцыі газеты, дзе ён працаваў, устаноўлены мемарыяльныя дошкі. У 1999 годзе выпушчана юбілейная манета Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Міхася Лынькова, а ў 2011 годзе ў Бабруйску заснавана спецыяльная прэмія гарадскога выканаўчага камітэта імя пісьменніка Міхася Лынькова.
Два жыцця Янкі Маўра. У чым галоўны сакрэт аўтара «Палескіх рабінзонаў»?
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by