01.07.2023
01.07.2023

Легенды Косава. Цікавыя факты пра Палац Пуслоўскіх і музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Маленькае мястэчка, з нетыповай для Беларусі назвай — Косава, добра вядома не толькі на радзіме, але і за яе межамі. Размешчаны яно ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Чым жа абумоўленая яго вядомасць?

У Косава размешчаны адзін з найпрыгажэйшых замкаў Беларусі, Косаўскі замак, а таксама тут знаходзіцца сядзіба Тадэвуша Касцюкі, вядомага ваеннага і палітычнага дзеяча. Але ж аб усім па парадку.

да зместу

Гісторыя і адметнасці Палаца Пуслоўскіх

Гісторыя і адметнасці палаца Пуслоўскіх

Косаўскі замак з'яўляецца ўнікальным збудаваннем XIX стагоддзя. Ён выкананы ў стылі неаготыкі і не мае аналагаў у Беларусі. Кожны, хто наведае гэты комплекс, будзе ўражаны яго веліччу і духам Сярэднявечча. Палац Пуслоўскіх (гэта яго другая назва) размяшчаецца на ўзвышшы, адкуль адкрываецца неверагодны від на наваколле.

Палац у Беларусі належаў памешчыкам Пуслоўскім. Пабудаваны ён па праекце архітэктара Францыска Яшчольда пры Вандаліне Пуслоўскім. Замак мае 12 вежаў, па аналогіі з месяцамі года. Чатыры цэнтральныя вежы сімвалізуюць хлебныя месяцы года: май, чэрвень, ліпень і жнівень.

Фасад палаца — 120 метраў у даўжыню. Размяшчэнне і асаблівасць збудавання такія, што сонца прысутнічае ў кожным пакоі палаца. Існуе меркаванне, што гаспадары раней арганізоўвалі свята ў пакоі, пасля таго, як яго прыбіралі. А паколькі пакояў было каля 132-ух, можна ўявіць, што святы ў іх былі практычна пастаянна. Але гэта толькі адна з асаблівасцяў палаца Пуслоўскіх.

Пагаворваюць, што ў замку жыў леў, начамі яго выпускалі пагуляць па калідорах для аховы сну сваіх гаспадароў. Таксама была шкляная падлога, у якой плавалі экзатычныя рыбы. Цяпер навукоўцы вядуць спрэчку, ці мог існаваць такі «акварыум» на самой справе.

Яшчэ адна асаблівасць Косаўскага палаца — «музычныя» лесвіцы. Сцяна, побач з лесвіцай, якая вядзе ў парадную залу, мела асаблівую структуру. У ёй змяшчаліся трубчастыя косткі жывёл. А сама лесвіца была даволі вузкай і не мела поручняў. Калі дама паднімалася па ёй, яна дакраналася сцяны сваёй сукенкай і гук гэтага дотыку ўзмацняўся, з'яўлялася гучанне «музыкі», якая паведамляла гаспадароў аб з'яўленні госці.

Палац Пуслоўскіх

Кожны пакой быў прызначаны для нейкага занятку. Так, грандыёзная Парадная Белая зала выкарыстоўвалася падчас цудоўных баляў і прыёмаў. Падлога ў ёй была празрыстая. Люстраная зала была адведзена пад вялікую сталовую. Сцены і столь тут былі ўпрыгожаны сотнямі прывезеных з Італіі люстэркаў. У Чорнай зале, аздобленай каштоўным чорным мармурам, мужчыны гулялі ў карты, а дам сюды не пускалі ні пад якой падставай. У Ружовай — музіцыравалі і слухалі запрошаных оперных спевакоў.

Апроч іншага, Косаўскі палац мог пахваліцца багацейшай калекцыяй твораў мастацтва і старажытнасцяў, вялікай  бібліятэкай, дзе захоўвалася больш за 10 тысяч кніг.

Нажаль, выдатны палац чакаў незайздросны лёс. Нашчадак Казіміра Пуслоўскага Леанід прайграўся ў азартныя гульні і быў вымушаны прадаць маёнтак з малатка за 700 тыс. рублёў. З тых часоў Косаўскі замак пайшоў па руках: новы гаспадар купец Аляксандраў неўзабаве перапрадаў яго княгіні Ганне Трубяцкой, тая падарыла княгіні Абамелек, якая прадала палац прынцу Пятру Альдэнбургскаму, а пры Мікалаю II замак выкупілі пад чынавенства.

Нядзіўна, што палац Пуслоўскіх паступова губляў сваю веліч, а неўзабаве пачаў трухлець і разбурацца. Падчас Першай сусветнай вайны былі знішчаны цудоўныя сады і аранжарэя, знесена фамільная капліца. Падчас Другой сусветнай на тэрыторыі палаца акупанты ўчынілі яўрэйскае гета, а пазней яго падпалілі. Пажар бушаваў тут 10 дзён, так што знутры палац выгарэў дашчэнту — захаваліся толькі каменныя сцены.

У беларускай кінастужцы «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»  паводле аднайменнага твора Яна Баршчэўскага разваліны Косаўскага палаца паслужылі выдатнай дэкарацыяй. Тут здымалі містычную гісторыю аб пярэваратнях. 

да зместу

Легенды палаца

Самая рамантычная легенда расказвае пра вялікі падземны ход, перасоўвацца па якім можна было на карэце. Нібыта вядзе ён да Пружанскага замка з Пуслоўскіх скляпоў, а гэта прыкладна 30 кіламетраў.

Пражывае ў замку і прывід, ім стала жонка графа. Яна была настолькі незадаволеная пройгрышам сына, што да гэтага часу шукае яго, каб зрабіць яму вывалачку. Мясцовыя жыхары называюць прывядзенне Чорнай дамай і расказваюць, што яна з'яўляецца перад кожным, хто надумае сябе няварта паводзіць у яе ўладаннях.

да зместу

Сучаснасць

Палац унутры

Рэалізацыя ўзнаўлення палаца заняла каля 17 гадоў. Сёння палац — не толькі музей, дзе вы атрымаеце сапраўднае задавальненне ад ўбачанага, але і грамадска-культурнае месца. Тут праходзяць балі, тэматычныя мерапрыемствы, можна зняць нумар у атмасферным гатэлі і смачна паабедаць у рэстаране.

Фасад, вокны з вітражамі, інтэр'еры ключавых залаў — рэстаўрацыя палаца вялася паэтапна. Як толькі памяшканні здаваліся ў эксплуатацыю, пачыналася іх уладкаванне. Набываліся антыкварная мэбля, посуд. У канцы 2017 года ў пяці залах адкрылася часовая музейна-выставачная экспазіцыя. А ў 2019-м стварылі дзяржаўную ўстанову культуры «Косаўскі палацава-паркавы комплекс», у склад якой увайшлі два аб'екты — Палац Пуслоўскіх і Мемарыяльны музей-сядзіба  Т. Касцюшкі. Музейны кластар надаў новы імпульс развіццю турыстычнага патэнцыялу — у сярэднім комплекс штогод наведваюць 35 тысяч гасцей.

Непасрэдна ў палацы сем экспазіцыйных залаў — на цокальным, першым і другім паверхах. Адноўлены Белая, Ізумрудная, Рубінавая залы…  У свой час сярод гасцей палаца бывалі Напалеон Орда, Генрык Сянкевіч, Эліза Ажэшка, Юзэф Пілсудскі, Вацлаў Ластоўскі…

да зместу

Як дабрацца да Косаўскага замка?

Адлегласць ад Мінска да Косаўскага замка складае 220 км, таму можна знайсці некалькі варыянтаў як дабрацца да палаца. Найбольш зручны — гэта аўтамабіль. Неабходна рухацца па трасе М1 да Косава, праехаць населены пункт і далей па паказальніках вы даедзеце да замка. Месца для паркоўкі ёсць і яно бясплатнае. Калі раптам у вас няма ўласнага аўтамабіля, не адчайвайцеся, бо вас чакае таксама займальнае падарожжа на грамадскім транспарце. Вы можаце дабрацца да Івацэвічаў на аўтобусе ці электрычцы, а там перасесці на прыгарадны аўтобус да Косава.

да зместу

Музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі

Музей-сядзіба Кассцюшкі

Безумоўна, турысты, якія едуць у Косава паглядзець палац, пасля абавязкова імкнуцца наведаць унікальны музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі.

У 2003 годзе тут пачаліся раскопкі, падчас якіх і быў знойдзены падвал і фундамент старога будынка сядзібы. На яго аснове пачалося будаўніцтва дома па літаграфіях Міхаіла Кулешы і Напалеона Орды.

За сем з паловай месяцаў работы былі завершаны, і 23 верасня 2004 года адбылося ўрачыстае адкрыццё. Музей складаецца з дзвюх частак — гістарычнай і мемарыяльнай.

Музей Т.Касцюшкі

Гістарычная частка дэманструе аблічча дома, у якім калісьці жыла сям'я Касцюшкі. У час раскопак было знойдзена мноства аўтэнтычных прадметаў побыту 18 стагоддзя. Сярод іх — старажытныя манеты, посуд, кафляныя пліткі. Усе гэтыя гістарычныя каштоўнасці можна ўбачыць у музеі.

Сядзіба знешне вельмі набліжана да інтэр'ера часоў Касцюшкі, трапіўшы сюды, можна ў думках перамясціцца ў мінулае. У мемарыяльным пакоі знаходзяцца асабістыя рэчы Тадэвуша, яго малюнкі і рэчы, якія сведчаць пра жыццё героя.

да зместу

Руіны Палаца Сапегаў у Ружанах

Руіны Палаца Сапегаў у Ружанах

Агледзеўшы прыгожы Косаўскі палац і сядзібу Тадэвуша Касцюшкі, можна адправіцца па дарозе Р44 да руін палаца Сапегаў у Ружанах. Пераадолеўшы хвілін за 20 адлегласць у 25 кіламетраў вы патрапіце ў невялікі горад Ружаны, у якім некалькі соцень гадоў таму жыў найбагацейшы род Сапегаў, другі па значнасці княскі род тых мясцін, пасля Радзівілаў.

Палац Сапегаў мае доўгую і не вельмі шчаслівую гісторыю. У канцы 16 стагоддзя Леў Сапега, канцлер Вялікага княства Літоўскага, задумаў пабудаваць у Ружанах сваю рэзідэнцыю.

Рэзідэнцыя Сапегаў

Будаўніцтва палаца было скончана ў 1602 годзе, але яго першапачатковы выгляд быў сціплым, гэта была хутчэй крэпасць, чым замак. А ў 1700 годзе стары замак быў цалкам спалены і разрабаваны падчас войнаў паміж суседзямі. У 1770 годзе Аляксандр Сапега зноў адбудоўвае замак для сваёй каханай жонкі, запрасіўшы саксонскага архітэктара Я. Бекера. На гэты раз задума была грандыёзная: палац адстроілі у стылі класіцызму з калонамі, вакол раскінуўся парк, аранжарэі. Пры Аляксандры ў палацы адкрылі цудоўны тэатр.

У сярэдзіне 19-га стагоддзя Палац Сапегаў перайшоў ва ўласнасць Расійскай імперыі. Замак здымалі у арэнду габрэі Пінасы, пры якіх тут разгарнуліся суконныя мануфактуры і іншыя вытворчыя цэхі. У 1914 годзе па недаглядзе прачак замак згарэў. Палац часткова аднавілі, але ў 1944 годзе тут зноў адбыўся пажар. Пасля вайны мясцовыя жыхары паціху разабралі цэглу на аднаўленне жылля пасля вайны.

Тэатр

Ружанскі палац — адно з самых прыгожых архітэктурных збудаванняў Новага часу, якія захаваліся сёння ў Беларусі. Дакладней, чые руіны дайшлі да нашых дзён. Яго па праве называюць беларускім Версалем.

Доўгія гады Ружанскі палац знаходзіўся ў дрэнным стане. Каб аднавіць яго, патрэбны былі вялізныя сродкі. Толькі ў 2008 годзе тут пачалася маштабная рэстаўрацыя. Зараз ужо поўнасцю адноўлена ўязная брама і два флігелі побач з ёй. У адным з іх знаходзіцца музей. На тэрыторыю палацавага комплексу можна патрапіць без праблем, уваход адкрыты для ўсіх жадаючых. І, апынуўшыся ўнутры, адразу разумееш, чаму Ружаны выклікаюць вялікую цікавасць у турыстаў. Нягледзячы на разбурэнні, палац да гэтага часу дзівіць сваёй прыгажосцю і веліччу.

https://bel.24health.by/nevyadomaya-belarus-kudy-paexac-kab-palyubavacca-pryrodaj-netypovaj-arxitekturaj/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама