22.07.2024
22.07.2024

Як дзякуючы чалавеку змяняецца прастора і час? Асаблівасці творчага стылю Мікалая Тарасюка

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У далёкім ужо 2009 годзе мне пашчасціла набыць кнігу «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка» (аўтар тэксту і ўкладальнік Вольга Лабачэўская, фотамастак Георгій Ліхтаровіч, кіраўнік праекта Ларыса Быцко).

Не перадаць захаплення і здзіўлення ад знаёмства з філасофскімі развагамі народнага майстра, якія разам з фотаздымкамі яго работ сабраныя ў «Сялянскай энцыклапедыі…»

Якім моцным было жаданне наведацца ў Стойлы, дзе на подступе да Белавежскай пушчы і жыў народны майстрар! Пятнаццаць гадоў мінула, а прастора не забылася на тое памкненне. Нарэшце ўсё склалася так, каб сёлета, у Купальскую ноч, з гэтай незвычайнай кнігай у руках я апынулася на сядзібе Міколы Тарасюка, у музеі «Успаміны Бацькаўшчыны». У 1999 годзе Мікалай Васільевіч пабудаваў яго сам.

Фота 5

Тарасюк Мікалай Васільевіч, 1932 – 2015. Самабытны майстар разьбы па дрэве. Яго творчасць – унікальная мастацкая з’ява. а імя майстра можа быць унесена ў сусветную энцыклапедыю інсітнага (наіўнага) мастацтва. «Я раблю для народа. Займаюся Бацькаўшчынай. Мяне не будзе, а мая Бацькаўшчына застанецца» – гаварыў майстар.

Творы М.В. Тарасюка захоўваюцца і экспануюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, музеі «Пружанскі Палацык», ДзУК «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр».

У музеі «Успаміны Бацькаўшчыны» захоўваецца ледзь не 300 работ майстра — скульптурныя кампазіцыі на тэмы сялянскага жыцця (выразаныя з дрэва, расфарбованыя і ўмацаваныя на падстаўках  з лазы).

Алена Масла

Самаго майстра – гаспадара сядзібы і музея – не стала ў 2015 годзе. Але Драўляны Народ, які ён пакінуў па сабе на Зямлі, год ад году робіцца ўсё большым прыцягальным магнітам для людзей.

Зблізу і здалёк едуць турысты, каб на свае вочы пабачыць не проста драўляных чалавечкаў, а з іх дапамогай ускалыхнуць сваю родавую памяць, услухацца і пачуць галасы продкаў. Тых, што жылі на зямлі, з зямлі – і ўважалі яе за найвялікшую каштоўнасць. Сядзіба «Успаміны Бацькаўшчыны» з драўляным народам Міколы Тарасюка – гэта як у літаратуры «Новая зямля» Якуба Коласа.

Зараз музеем апякуецца сям’я Вадзіма Шчукі, унука Міколы Тарасюка. Сам ён жыве ў Пружанах, але каб адчыніць музей, чакаў гасцей да позняга вечара. Правёў па музеі, пазнаёміў з Драўляным Народам, расказаў, якога дагляду ён вымагае.

Вадзім Тарасюк

— Тры разы на месяц выносім усе скульптуры на двор. Я, мая жонка і мая маці шчыруем цэлы дзень, каб Драўляных людзей і сам музей апрацаваць спецыяльным растворам. Дрэва – вельмі датклівы матэрыял. Не будзе належнага нагляду – шашаль сточыць.

На падыходзе да сядзібы Міколы Тарасюка ўстаноўленая драўляная скульптура разьбяра Анатоля Туркова. Дзед Мікалай, як і пры жыцці, першым сустракае тут гасцей.

Апошнія гады народны майстр быў адзіным сталым жыхаром сваіх Стойлаў. Трымаў каня і ўпарта ўрабляў зямлю – бо так належыць селяніну. Увесь яго Драўляны народ смуткуе, што сяляне адвярнуліся ад зямлі, пакідалі свае хаты, аддалі ва ўладу пустазеллю надзелы. Шмат невясёлых разваг у Гаспадара Міколы Тарасюка пра гэта, шмат болю…

Але мінулі гады. Я хадзіла па сучасных Стойлах і дзівілася на іх дагледжанасць, прыбранасць, нават параднасць. Апраўленыя хаты, ледзь не ля кожнай – аўтамабілі ў двары. На вясковым скрыжаванні ўсталяваны крыж з выразанымі на ім імёнамі жыхароў Стойлаў і фігуркай Міколы Тарасюка. Інфармацыйны стэнд расказвае пра вёску, яе жыхароў. Па фатаздымках на ім можна меркаваць, як і чым жылі тут людзі, якімі былі… Кветнікі ля хат стракацяць рознакаляровымі краскамі – проста цуд, а не вёска!

Фота 8

Насамрэч, цуд гэты мае імёны. Найперш – Міколы Тарасюка, Драўляны народ якога завабіў сюды і падгаварыў набыць у Стойлах хату брэсцкіх работнікаў культуры і этнографаў Ларысу і Аляксандра Быцко. Тут яны адкрылі аграсядзібу «Стулы» з культурна-асветніцкай прасторай «Вясковы рэнесанс» і тэатрам-батлейкай.

Брама аграсядзібы

Ёсць у яго рэпертуары і спектакль па п’есе Міколы Пракаповіча «Прытулак памяці» пра славутага майстра, яго драўляны люд, яго сум па вёсцы.

Нам жа пашчасціла ўбачыць спектакль пра ката Самі, якую Ларыса і Аляксандр напісалі самі. Вельмі глыбокі аповед аб прыгодах гарадскога ката, якога ў каранавірусную навалу гаспадары звозяць на хутар бліз пушчы і куды ён збягае і губляецца. Пакуль шукае дарогу дамоў, сустракае прывідаў тура, зуброў, тарпанаў, аленяў, ласёў, ваўкоў – усе яны расказваюць пра свае пакуты праз чалавека, пра тое, як людзі знішчаюць іх… Нават змяя прыпаўзае, каб паскардзіцца: праз меліярацыю знікла вада, і ёй недзе папіць…

Ствараўся спектакль для дзяцей, але кранае ён і дарослыя сэрцы. Гаворыцца ж у ім пра набалелае – гаспадаранне людзей на Зямлі, якая чалавецтву дом і касмічны прытулак.

На спектаклік гаспадары запрасілі і суседзяў – пашчасціла дарослым і дзецям! Я ж перакананая, што п’еса вартая пастаноўкі не толькі ў «Стулах», але і ў іншых лялечных тэатрах. Хаця, вядома ж, за аўтэнтыкай – на сядзібу да Ларысы і Аляксандра Быцко!Стулы. Вясковы рэнесанс

Не ведаю, ці разумеюць і цэняць мясцовыя жыхары гэты факт, але відавочна: аджываць Стойлы пачалі пасля з’яўлення тут сядзібы «Стулы». Працытую словы самога Міколы Тарасюка, вычатаныя ў друку: «культура — гэта ж душа, гэта самае галоўнае...»

Апроч двух вясковых дамоў на сядзібе (аднаму больш за сто гадоў!) тут пабудавана культурна-асветніцкая прастора «Вясковы рэнесанс». Колькі гаспадары зладзілі імпрэз, мастацкіх плэнэраў, канцэртаў у яе сценах, на сваёй зямлі. Душа Стойлаў нібыта аджыла, запульсавала зноў сэрца, вёска пакрысе стала вабным турыстычным аб’ектам, людзі пачалі апраўляць закінутыя хаты, прымаць гасцей…

Самі ж Ларыса і Аляксандр бясконца паўтараюць, што адчуваюць, як Тарасюк апякуецца імі і камандуе іх жыццём.

— Ажно адчуваю, як ён з нябёсаў назірае за намі і ўсміхаецца, -- кажа Ларыса.

Дарога сюды, на ускраек Белавежскай пушчы, дзе апроч добрых людзей, якія не далі знікнуць сваёй вёсцы і выводзяць яе на новы ўзровень бытавання, не заказана нікому. Прыехаць, надыхацца пушчанскім паветрам, паўзірацца ў начное неба і падміргнуць зоркам, праведаць Драўляны народ у музеі Успаміны бацькаўшчыны, пасядзець на лавачцы, абняўшы драўлянага – але такога жывога – Міколу Тарасюка; падзівіцца на вырабы народных майстроў, мастацкіх палотнаў – каб знайсці хараство сваёй душы сярод экспанатаў прасторы «Вясковы рнесанс»…

І падумаць пра тое, як дзеянні кожнага з нас здольныя мяняць прастору і час.

Працяг аповедаў пра вандроўку па Брэстчыне будзе!

«Беларуская карзіна — гэта асобны сусвет». Алена Гурэцкая раскрыла сакрэты лозапляцення

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама