19.12.2023
19.12.2023

Феномен Язэпа Драздовіча. Якія кнігі дапамогуць даведацца цікавыя факты пра жыццё і творчасць мастака?

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Язэп Драздовіч (1988 – 1954) — беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Творы Язэпа Драздовіча захоўваюцца ў Нацыянальным музеі Літвы, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі старажытнабеларускай культуры…

Яго імем названыя вуліцы ў сталіцы і некалькіх раённых гарадах Беларусі, у Траецкім прадмесці ўсталяваныя помнік Язэпу Драздовічу, у Глыбокім — бюст мастака на Алеі знакамітых землякоў. Там жа працуе дзіцячая мастацкая школа імя Язэпа Драздовіча…

Язэп Драздовіч

Яго называюць «беларускім Леанарда да Вінчы». Такімі шматграннымі былі талент, творчасць, такімі смелымі ідэі Драздовіча, што ён апярэджваў свой час. Сучаснікі вывучаюць і творча асэнсоўваюць пакінутую ім спадчыну — збываюцца прароцкія словы творцы: «Вы мяне яшчэ пашукаеце!».

Доўгія гады імя Язэпа Драздовіча замоўчвалася, пакуль у 1984 годзе ў Мінску, у выдавецтве «Юнацва», выйшаў нарыс Арсеня Ліса «Вечны вандроўнік».  Гэтай кнігай даследчык у прамым сэнсе вывеў з цемры на святло постаць Язэпа Драздовіча.

Адкрыццё гэтага імя было як сполах бліскавіцы. «Гэта ж наш Ніко Пірасмані!» — дзівіліся ў нашым студэнцкім асяродку.

Мы з сябрамі чыталі кнігу Рымы Кандэлакі «Бродил художник по городу», у якой адна з аповесцяў прысвечана грузінскаму мастаку, і паралелі з жыцця славутага Пірасмані і датуль не вядомага беларуса Язэпа Драздовіча напрошваліся самі.

Толькі ж граняў таленту і вектараў дзейнасці Язэпа Драздовіча куды больш! Яго да гэтай пары ў асноўным ведаюць як вандроўнага мастака, стваральніка маляваных дываноў. Пірасмані жыў з таго, што маляваў шыльды, Драздовіча ў гады беспрытульнасці таксама кармілі дываны, якія ён ствараў гаспадарам вясковых хат. Часткова калекцыя гэтых маляванак экспануецца ў Музеі маляванкі ў Заслаўі…

Творы Яхэпа Драздовіча

Пірасмані безнадзейна пакахаў актрысу Маргарыту — гэтае каханне нарадзіла легенду пра «Миллион алых роз», якая, у сваю чаргу, стала папулярнай песняй…

Драздовіч у сталым веку таксама пакахаў без узаемнасці юную красуню… Песень у нас пра тое безнадзейнае каханне не было, ды і само імя Драздовіча на апчатку 80-х ведала  жменька  даследчыкаў, у той час як Пірасмані быў ледзь не візітоўкай Грузіі!

Маляванкі Язэпа Драздовіча апошнія гады таксама робяцца неад'емнай часткай беларускай імідж-карты. Але ж дзейнасць мастака куды большая, чым стварэнне маляванак!

Маю кніжную паліцу ўпрыгожвае наступнае пасля «Вечнага вандроўніка» выданне, альбом-манаграфія з серыі «Мастакі Беларусі» «Язэп Драздовіч» (укладанне Міколы Купавы / Мінск, «Беллітфонд», 2002).

Аўтары ўступнага слова «Язэп Драздовіч» — Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Яўген Кулік. Біяграфічныя звесткі пра творцу багата ілюстраваныя фотаздымкамі розных перыядаў жыцця Язэпа Драздовіча.

У кнізе прадстаўлены графіка, акварэль, ілюстрацыі да яго рамана «Гарадольская пушча», выявы разьбы па дрэве і легендарныя маляваныя дываны — амаль трыста твораў.

Усё чапляе душу — і беларускія краявіды, і партрэты людзей, і замалёўкі старых вулак Мінска і Вільні. Уражваюць касмічныя пейзажы.  Язэп Драздовіч захапляўся космасам. У 1931 годзе ў Вільні ён выдаў на беларускай мове кнігу па астраноміі «Нябесныя бегі», у якой выклаў шэраг сваіх тэорый, у прыватнасці, пра паходжанне планет Сонечнай сістэмы і вярчэнні Зямлі. Выданне ўпрыгожылі ўласныя рысункі аўтара. У 1931—1933 гадах Драздовіч працягнуў тэму космасу трыма серыямі графічных малюнкаў і жывапісных палотнаў «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы». Рэпрадукцыі твораў, як і ілюстрацыі да «нябесных бегаў», ёсць у названай кнізе.

Язэп Драздовіч

Адно толькі — знайсці гэтую кнігу цяжка. Можна марыць пра перавыданне, бо першае выданне ў 1200 асобнікаў даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Але выдаваліся іншыя кнігі. Напрыклад, «Язэп Драздовіч» выдавецтвам «Беларусь» у серыя «Славутыя мастакі з Беларусі». Яе можна знайсці ў продажы. На маёй кніжнай паліцы яна ёсць.

Драздовіч 2

Інфармацыі пра нашага геніяльнага мастака, імя якога, як імя Ніко Пірасмані ў грузінаў, у нас робіцца легендарным, цяпер багата. Вандроўкі, экскурсіі дапамогуць ажывіць яе і падораць незабыўныя ўражанні. Чаму б не наведацца ў Нацыянльны мастацкі музей Беларусі, дзе экспануюцца работы Язэпа Драздовіча, ці ў музей беларускай маляванкі ў Заслаўі, дзе захоўваюцца маляваныя дываны творцы… Ці ў Пунькі, Германавічы — на радзіму творцы, дзе некалі ім выхаджаны ўсе сцежкі, а зараз дзейнічае этнаграфічны музей яго імя і да гэтай пары ёсць людзі, якія памаятаюць мастака… Услед за тымі, хто знайшоў і адкрыў ужо для сябе — шукаць мастака, спасцігаць яго, а праз гэта знаходзіць саміх сябе.

Экскурс у мінулае. Дзіцячыя кнігі пра Францыска Скарыну

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама