29.05.2025
29.05.2025

125 год з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі. Цікавыя факты з біяграфіі пісьменніка

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Уладзімір Жылка — беларускі паэт, перакладчык, крытык. Сёлета 27 мая адзначаецца 125-годдзе з дня нараджэння майстра слова беларускай літаратуры.

Уладзімір Адамавіч нарадзіўся ў вёсцы Макашы непадалёк ад станцыі Гарадзея, што каля Нясвіжа. Ён вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, агранамічным вучылішчы ў Расіі, скончыў Слонімскую вышэйшую пачатковую школу, займаўся ў Ковенскай сельскагаспадарчай вучэльні. У 1917 годзе паэт пераехаў у Мінск, дзе працаваў аграномам. Пазнаёміўся з пісьменнікамі нашаніўскага пакалення Янкам Купалам, Змітраком Бядулем, Ядвігіным Ш. і маладнякоўцамі (Міхасём Чаротам і інш.).

Факт першы. Уладзімір Жылка працаваў аграномам пад Мінскам

Да сакавіка 1920 года Жылка працаваў настаўнікам у 21-й мінскай беларускай пачатковай школе. У той час ён далучыўся да сталічнага культурнага руху: наведваў клуб «Беларуская хатка», друкаваўся ў мінскіх выданнях, сябраваў  з літаратурнымі дзеячамі. Дарэчы, знаёмства з Міхасём Чаротам не прайшло марна — пазней Жылка працаваў аграномам нацыяналізаванага маёнтка пад Мінскам, якім той кіраваў.

Аднак не толькі паэзія цікавіла Уладзіміра Жылку. Быў час, калі ён ўваходзіў у партыю беларускіх эсэраў і прымаў удзел у антыпольскім падполлі.

Восенню 1920 года Уладзімір Жылка захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў вёску Падлессе Навагрудскага павета. Пасля таго, як быў падпісаны Рыжскі дагавор, ён апынуўся ў Заходняй Беларусі, а потым працаваў у Вільні ў беларускай кнігарні.

Пасля таго малады паэт шмат вандраваў, у тым ліку жыў у Чэхіі да 1926 года. Там, у Празе, вучыўся на гістарычна-філалагічным факультэце Карлава ўніверсітэта і працаваў рэдактарам часопіса «Новы прамень».

Факт другі. Пісьменнік выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме

У 1926 годзе Уладзімір Жылка вярнуўся ў Беларусь – прыехаў у Мінск на акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу, ды так і застаўся ў БССР. Неўзабаве на Радзіме ён апынуўся ў бурлівым водавароце літаратурнай дзейнасці: стаў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты "Звязда", уваходзіў у літаратурныя аб'яднанні "Маладняк" і "Узвышша". Таксама ў гэты ж час выкладаў беларускую літаратуру ў Мінскім музычным тэхнікуме.

Факт трэці. За сваё нядоўгае жыццё Уладзімір Жылка паспеў напісаць шмат вершаў і выдаць некалькі зборнікаў.

У друку яго першыя паэтычныя творы з'явіліся, калі паэту споўнілася 20 гадоў. А неўзабаве пабачылі свет і зборнікі вершаў – «На ростані» і «З палёў Заходняй Беларусі».

Адначасова Жылка перакладаў на беларускую мову паэтычныя творы Аляксандра Блока, Адама Міцкевіча, Шарля Бадлера і іншых сусветных паэтаў.

Факт чацвёрты. Вершаваная спадчына, якую пакінуў пасля сябе Уладзімір Жылка, прасякнута глыбокім лірызмам.

Сімвалічныя вобразы, выкарыстаныя ў іх, ствараюць непаўторную эмацыянальную карціну, уласцівую для чалавека, які тонка адчуваў свет навакольны і ўнутраны свет чалавека. Некаторыя тэмы творчасці Уладзіміра Жылкі перагукаюцца з дэкадэнскім настроем яго эпохі. Але ж акрамя драматычных вершаў паэт пісаў і вельмі светлыя творы, напоўненыя каханнем і любоўю да жыцця.

Чалавек, які належаў да беларускай культуры і адначасова меў заходнееўрапейскую адукацыю, Уладзімір Жылка на беларускім матэрыяле развіваў разнастайныя традыцыі: антычную (выкарыстоўваючы пентаметры і гекзаметры), рэнесансную (санеты, вершы-пасланні), сярэдневяковую (жанр ле), рамантычную (рамантычная паэма, вершы-мроі, малітвы, прароцтвы) і мадэрнісцкую (верлібры і белыя вершы). А як паэт-рамантык ён асабліва цаніў фальклор не столькі фармальна, колькі сутнасна, з містыкай, жахамі, чарадзейнымі матывамі. Пры гэтай разнастайнасці падыходаў і багацці форм паэт ставіўся даволі крытычна да сваёй творчасці. «Маё гора, што я не ўмею рабіць нічога вольна і звонка; ёсць у маёй істоце нешта цяжкое, панурае», — пісаў ён у дзённіку ў 1923 годзе.

Факт пяты. Паэт быў жанаты на сваёй студэнтке Рыме Маневіч

Працуючы ў Мінску, з «Маладняка» паэт перайшоў ва «Узвышша». Там ажаніўся са сваёй студэнткай Рымай Маневіч. У 1930 годзе ў іх нарадзілася дачка Беатрычэ (лёс склаўся так, што дзяўчынку мусіла гадаваць бабуля, так Беата паступова стала Натай, каб у выніку яе імя было афіцыйна зменена на Наталля). Калі Уладзімір Жылка быў арыштаваны і сасланы ва Уржум , жонка пакінула яго і дачку..

Факт шосты. Уладзімір Жылка быў рэабілітаваны пасля арышту толькі праз 30 гадоў

19 ліпеня 1930 года Уладзімір Жылка быў раптоўна арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і ў наступным годзе асуджаны на 5 гадоў высылкі. Мары аб плённай працы ў родных мясцінах былі зноў парушаны.

Ва Уржуме Кіраўскай вобласці, дзе адбываў пакаранне, паэт працаваў загадчыкам гаспадаркі і выкладчыкам літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме. Але неўзабаве яго сур'ёзнае недамаганне абвастрылася. У выніку ў 1933 годзе Уладзімір Жылка памёр ад ускладненняў туберкулёзу лёгкіх і быў пахаваны на мясцовых могілках.

І толькі праз амаль 30 гадоў, 19 верасня 1960-га, паэт быў рэабілітаваны.

Дарэчы, паэт абапіраўся на фальклор і ў разуменні смерці: невылечная хвароба наклала свой адбітак на яго творы. Пішучы пра смерць, ён называў яе «каханкай», «збавіцелькай», «сястрой», такім чынам аб’ядноўваючы ў творчасці агульнанароднае бачанне з уласна аўтарскім.

Рукапіс знайшоў салдат на папялішчы дома. Містычны лёс «Сярэбранай табакеркі» Змітрака Бядулі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Асобы i лёсы"