19.05.2026
19.05.2026

Цудадзейная груша

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Нашы продкі лічылі грушу сакральным дрэвам. Пад ёю маліліся Божай Маці і выкарыстоўвалі ў розных рытуалах. Здаўна ў Беларусі груша з'яўляецца сімвалам кахання, мацярынства і даўгалецця. Плады грушы смачныя, карысныя, валодаюць лячэбнымі і магічнымі ўласцівасцямі.

Гістарычнай радзімай грушы лічыцца Кітай, пісьмовыя згадкі пра яе з'явіліся больш за тры тысячы гадоў таму. Менавіта з Усходу груша прыйшла ў Еўропу. Першыя звесткі аб пладовых культурах у паўднёва-заходняй частцы Беларусі адносяцца да 10 - 12 стагоддзяў. У Статуце Вялікага Княства Літоўскага (1588 г.) прадугледжвалася пакаранне за парубку або выкопванне прышчэпленага пладовага дрэва. Да канца 18 стагоддзя садоўніцтва Беларусі развівалася ў агульным рэчышчы з садоўніцтвам усёй Рэчы Паспалітай. Пра гэта сведчаць і назвы гатункаў грушы, якія атрымалі шырокае распаўсюджванне ў нас: "сапяжанка", "цукроўка", "панна", "бэра слуцкая", "бутэлька" і іншыя.

Грушы на стале

Груша і магія

Вядома, што грушу шануюць і лічаць сакральным дрэвам усе славянскія народы, і беларусы ў тым ліку. Да таго ж у народнай традыцыі яна заўсёды была "жаночым" дрэвам, якое апякуецца такімі "жаночымі" бакамі жыцця, як сям'я, дзеці, працяг роду, каханне. Нават у хрысціянскай традыцыі груша звязана з Багародзіцай. Чаму так? Адказ крыецца, перш за ўсё, у самім малюнку грушы, які нагадвае постаць жанчыны з тонкай таліяй і шырокімі сцёгнамі. Няцяжка ўбачыць у гэтых характэрных формах абрысы цяжарнай жанчыны.

Апроч таго, груша адрозніваецца рэдкімі даўгалеццем і пладавітасцю. Магія, якая практыкавалася ў старажытнасці ўсімі народамі, заснавана на перадачы ўласцівасцяў ад аднаго прадмета ці з'явы да іншага. Таму нашы продкі лічылі, што для пладавітасці і здаровых нашчадкаў, жанчына павінна жыць побач з грушай, есці яе плады і сядзець пад гэтым дрэвам як мага часцей.

Плады і галінкі груш выкарыстоўваліся ў прадукавальнай магіі для перадачы людзям і жывёлам жыватворнай сілы: грушавы напой давалі парадзіхам. Каб зацяжарыць, маладзіца з’ядала грушу, якая даўжэй за іншыя павісіць на дрэве. Нараджэнне дзяцей таксама шмат дзе ў Беларусі звязвалі з гэтым дрэвам. Пра немаўля казалі: “упаў з грушы”, “баба з грушы прынесла”. Каб дзіцёнак быў здаровы, ваду пасля яго купання вылівалі пад грушу. Калі нявеста ехала да шлюбу, то на ўсіх скрыжаваннях раскідвалі сушаныя грушы-дзічкі. У вясельныя караваі жаніха і нявесты ўтыкалі галінку гэтага дрэва. Маці абсыпала жаніха грушамі, каб ён быў багатым.

Жанчына і груша

Груша і цудатворны абраз

У Беларусі, напрыклад, існуе негалосная забарона секчы грушы, нават старыя і засохлыя. Звязана гэта з тым, што менавіта пад грушай адпачывае Божая Маці, калі спускаецца на зямлю. Ёсць мноства паданняў пра абразы з выявай Багародзіцы, што аб’яўляліся менавіта ў галінах грушы. Гэта такія вядомыя і шанаваныя ў Беларусі абразы, як Жыровіцкі (Слонімскі раён), Ляснінскі (зараз захоўваецца ў Францыі), Сукневіцкі (Смаргонскі раён), Дубянецкі (Столінскі раён), Васькаўскі (Мазырскі раён) і іншыя. Каля гэтых груш, якія карысталіся ў народзе пашанай і былі паклоннымі, заўсёды маліліся пра здароўе і дабрабыт. Потым на тым месцы, дзе яны раслі, былі ўзведзены капліцы і храмы, якія і дагэтуль акружаны ўшанаваннем вернікаў.

Жыровіцкі абраз Божай Маці знойдзены на грушы.

Жыровіцкі абраз Божай Маці знойдзены на грушы.

У Васькаўцы паданне расказвае, што адзін селянін згубіў валоў і доўга шукаў іх. Ён патрапіў на востраў і там убачыў грушу ў незвычайным ззянні і на ёй абраз, а побач пасвіліся яго валы.

У Сукневічах пень ад святой грушы цяпер знаходзіцца пад падлогай цэркаўкі на могілках, дзе хаваюць і праваслаўных, і католікаў. Тут з’яўленне абраза нібыта адбылося ў 17 стагоддзі. Некалькі разоў адносілі яго ў царкву, але ён вяртаўся назад. Тады і пабудавалі храм на месцы аб’яўлення абраза. Калі ўлады бурылі храм, то абраз выратавалі мясцовыя жыхары, і ён нейкі час знаходзіўся ў манастыры ў Дамашанах. У 2004 годзе абраз вярнулі ў Сукневічы. У 2006 ён быў рэстаўраваны, і для яго была зроблена рыза з бісеру.

У наш час самая знакамітая паклонная груша знаходзіцца ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці паміж вёскамі Бушмічы, Доўбізна і Вярховічы. Паводле легенды, менавіта ў гэтым месцы адной з мясцовых дзяўчынак, якая схавалася ад навальніцы пад грушай, з'явілася Панна Марыя. Дзяўчынка Праскоўя была сіратой і пасвіла на полі авечак. Спалохаўшыся непагадзі, дзяўчынка пачала плакаць і маліцца, а Божая Маці з'явілася, каб яе суцешыць.

Лекавая груша. Вёска Бушмічы Камянецкага р-на.

Лекавая груша. Вёска Бушмічы Камянецкага р-на.

Дзяўчынка расказала цудоўную гісторыю жыхарам вёскі, і ёй паверылі. З тых часоў у гэтым месцы адбываюцца цуды. Хворыя, якіх сюды прыводзілі, сталі вылечвацца. Пагалоска далёка разнесла вестку аб цудатворным месцы пад грушай, і вось ужо паломнікі з усіх наваколляў ішлі сюды па дапамогу. Хтосьці стаў прыносіць з сабой крыжы, закопваць іх у зямлю і маліцца аб здароўі.

Уладам гэта не спадабалася, і яны захацелі гэтую грушу спілаваць, але народ не даў, а вырашыў пабудаваць побач з грушай храм. Гэтым планам перашкодзіла Першая Сусветная вайна. І толькі на пачатку 40-х побач з грушай пабудавалі капліцу, якая разам з дрэвам перажыла і другую вайну. Ужо да таго часу тут было вельмі шмат крыжоў з надпісамі аб здароўі і дабрабыце.

Грушу за гады змагання з рэлігіяй некалькі разоў спілоўвалі, і вось ужо трэцяе дрэва нязменна зноў вырастае на тым самым месцы. У 2012 годзе побач з ім была пабудавана новая царква, куды штогод 27 жніўня, перад святам Успення Прасвятой Багародзіцы, прыязджаюць пілігрымы і святары, каб правесці малебен. У адмысловую энергетыку гэтага месца і ў цуды, якія дорыць малітва ў грушы, вераць не толькі старыя, але і моладзь. Традыцыя працягвае жыць, таму яе ўнеслі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Святая груша , абракальныя крыжы і храм у Камянецкім раёне вёсцы Бушмічы.

Груша і яе лячэбныя ўласцівасці

Вядома, што плады грушы ў лячэбных мэтах выкарыстоўвалі яшчэ шумерскія лекары. І дагэтуль плады культурных і дзікіх гатункаў груш выкарыстоўваюць у медыцыне – у сырым, сушаным і кансерваваным выглядзе. У кансерваваных грушах захоўваецца большая частка вітамінаў і мінеральных рэчываў.

У народнай медыцыне адвар сушаных груш прызначаюць пры прастудных захворваннях, ліхаманцы. У сярэднявеччы грушавым сокам лячылі не толькі хворых з падвышанай тэмпературай цела, але і страўнікава-кішэчныя разладжванні, дызентэрыю. Таксама свежае лісце гэтага дрэва здрабнялі і з атрыманай кашыцы рабілі кампрэсы ці настоі, якімі лячылі запаленчыя захворванні скуры, дэрматыты, грыбковыя захворванні.

Адвар з сушаных груш выдатна спаталяе смагу, валодае мачагонным дзеяннем.

Гарбата з грушы

Увага: есці грушы варта ў меру і не на пусты страўнік, а праз гадзіну пасля ежы. Пасля таго як паласаваліся гэтай садавінай, нельга адразу піць сырую ваду, а таксама есці шчыльную, цяжкую ежу і мяса.

Індычка з варэннем з дзьмухаўцоў. Як раней беларусы выкарыстоўвалі расліну?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0