03.05.2024
03.05.2024

Народны каляндар на май

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сучаснай беларускай літаратурнай назве месяца май адпавядае старажытнабеларуская травень, якая паходзіць ад слова «трава», бо ў гэтым пятым месяцы года зямля пакрываецца зелянінай.

Такое найменне захавалася не толькі ў старажытных пісьмовых крыніцах, але і ў вуснай народнай творчасці. Май — адзіная ў нас назва, узятая з лацінскай мовы. Тая ж лацінская аснова таксама ў нямецкай і французскай мовах — Маі, англійскай — Мау, польскай — maj, вянгерскай — majus, рускай — май і інш.

Май, працягласць дня ў якім павялічваецца на 1 гадзіну і 42 хвіліны, з’яўляецца найпрыгажэйшай парой года. Цвітуць бяроза, клён, чаромха, наогул усе дрэвы і кусты. Паплавы і паляны пакрываюцца кветкамі. Прырода напаўняецца спевамі птушак. З’яўляецца шмат насякомых, майскія жукі захопліваюць зялёналісцевыя дрэвы. Якія святы і падзеі па народным календары чакаюць нас у хуткім часе, чытайце далей.

да зместу

Народныя святы і прыкметы мая

Зеляніна

да зместу

1 мая

У гэты дзень раней было прынята сеяць моркву і буракі. Старыя людзі прыкмецілі: калі дзень будзе цёплым, то другая палова месяца будзе халоднай, і наадварот. Таксама людзі лічылі, што чым цяплейшы пачатак месяца, тым халаднейшым будзе канец мая, а лета будзе дажджлівым.

2 мая

Гэты дзень у старыя часы называлі Вясна-навіна. Навіна – так нашы продкі звалі і першае збожжа, і першы мёд, і расчышчаную пад раллю новую зямлю. Па старым звычаі, у гэты дзень апраналі вясну ў навіну – на кустах і лугавінах жанчыны развешвалі выпаласканыя ў рачной вадзе новыя палотны і новыя кашулі, каб яны ўвабралі чысціню і сілу сонечнага вясновага дня. Усе выходзілі з хат любавацца, як вясна, апранутая ў навіну, красуецца.

Лічылася, што 2 мая нельга было абзаводзіцца абновамі адзежы: «Сягоння не вам, бабы, – вясне гонар!» – казалі ў народзе.

да зместу

3 мая

Радавыя могілкі – так называлі гэты дзень у некаторых мясцінах у даўнейшыя часы. Раней кожны род меў свой прыстанак, дзе хаваў сваіх сваякоў-нябожчыкаў. Такая зямля называлася радавымі могілкамі.

Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень зямля адчыняецца і душы продкаў ляцяць да радавых гнёздаў, наведваюць блізкіх. Таму абавязкова накрывалі сытны стол, каб паказаць, што род жыве добра і светла.

4 мая

Гэты дзень раней называўся Проклаў дзень. У некаторых нашых продкаў была традыцыя праклінаць нячыстую сілу. Рабілі гэта, павярнуўшыся тварам да Захаду. Лічылася, што такі праклён дапамагаў адагнаць зло, якое замінае людзям у жыцці і працы.

Была такая прыкмета: «На бярозе ліст у паўграшы – чакай збажыны тры кашы».

5 мая

У старажытныя часы ў Беларусі ў гэты дзень адзначалі свята вясны ў гонар багіні Лялі (Лады) – Ляльнік. Лялю нашы продкі ўяўлялі ў выглядзе маладзенькай, прыгожай, высокай дзяўчыны. Святкавалі яго так: на лузе збіраліся маладыя дзяўчынкі, выбіралі найпрыгажэйшую сяброўку, апраналі яе ў доўгі белы саван, на галаву клалі вянок з вясновых кветак. Саджалі дзяўчыну на дзярновую лаўку, на якой з аднаго боку клалі масла, яйкі, сыр, а з другога – хлеб. Затым, узяўшыся за рукі, дзяўчынкі скакалі вакол Лялі і спявалі ёй песні.

Нашы продкі лічылі, што гэты дзень падыходзіць для пасеву цыбулі. Былі такія прыкметы: калі сёння цёплае надвор'е, то ўвесь май такім будзе; грыміць гром – будзе багаты ўраджай.

Кветкі

да зместу

6 мая

У гэты дзень адзначалі старажытнае свята ў гонар Юр'я – заступніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы. Сяляне выходзілі з песнямі і ахвярнымі стравамі аглядаць свае палеткі. З Юр'ем звязваўся і першы выпас жывёлы, таму гэта яшчэ свята пастухоў.

Былі такія прыкметы: калі на Юр'я дождж – у быдла будзе лёгкі год; ясная раніца на Юр'я – да ранняй сяўбы. Лічылася, што раса ў гэты дзень гаючая (цалебная), ёю мыліся, па роснай траве хадзілі басанож.

да зместу

7 мая

У народзе пра гэты дзень казалі: «Прыйшоў Алісей – авёс пасей». У гэты дзень бывала, што на людзей навальваўся цяжар і стома. Ад гэтага магла ўратаваць вада з гаючай крыніцы, якую нібыта несла Лізавета Цудатворніца (гэты дзень лічыўся і ейным таксама).

Былі такія прыкметы: каб адолець хваробы, трэба ў гэты дзень памаліцца і святой вадой памыцца. Таксама лічылася, што калі ў гэты дзень ужо лётаюць камары, то ўраджай будзе вельмі добры.

Хатні хлеб. Падборка простых і арыгінальных рэцэптаў

да зместу

8 мая

Раней гэты дзень называлі Марк-ключнік. У гэты дзень у вёсках чакалі прылёту пявучых птушак. Тыя агароднікі, што не паспелі зрабіць для іх домікі, спяшаліся паправіць справу. «Дождж на святога Марка – дык зямля, як скварка».

У нашых продкаў былі такія прыкметы: калі сёння ідуць праліўныя дажджы, то ўраджай хлеба будзе добры; высокая вясёлка на небе – да добрага надвор'я.

9 мая

Гэты дзень пашы продкі называлі Гарошніцай. Сяляне лічылі, што гэта зручны час, каб сеяць гарох. Да яго здаўна была вялікая павага, бо ён рабіў сялянскі стол больш разнастайным і пажыўным (сытным). Таксама лічылася раней, што гэты дзень спрыяльны, каб садзіць бульбу.

Прыкмецілі: калі раса вялікая або ясны дзень – будзе добры ўраджай агуркоў: калі ўбачыць, як ластаўкі ўюць гнёзды, – будзе ўдача; пачуць зязюлю – да добрага надвор'я.

да зместу

10 мая

У гэты час сяляне рыхтавалі глебу для сяўбы, праводзілі асаблівыя рытуалы: збіраліся ў хаце, запальвалі свечкі, маліліся.

Народныя прыкметы сведчаць, што калі 10 мая раніца ясная, лета будзе ветраным. Калі раніцай няма расы, днём або ўвечары пойдзе дождж.

11 мая

Раней гэты дзень называлі Максім-бярозавік. У старыя часы менавіта сёння людзі актыўна збіралі і назапашвалі бярозавік. Здаўна лічылася, што гэты сок наталяе смагу, карысны для здароўя і лечыць многія хваробы.

Нашы продкі лічылі, што цёплы вецер у гэты дзень прыносіць здароўе, таму старыя людзі выбіраліся з хат, каб пасядзець на прызбе. Была прыкмета: цёплая і зорная ноч – да добрага ўраджаю.

Май

да зместу

12 мая

Гэты дзень лічыўся днём народных лекараў. Верылі, што ўсе загаворы будуць дзейснымі. У гэты дзень звычайна гатавалі травяныя настоі. Хворых адпойвалі крапівой і трыпутнікам.

У некаторых мясцінах верылі, што ў гэты дзень нельга пачынаць працу ў полі, пакуль не памолішся. Таксама лічылася, што калі сёння ў поўдзень падставіць твар да ветру, то цэлы год здароўе будзе.

13 мая

Якаў-цёплы – так звалі гэты дзень у ранейшыя часы. Усякае сватаўство з гэтага дня спынялася – не час вяселлі гуляць. Хлопцы толькі выглядвалі сабе нявест на гулях. Па ўсіх старадаўніх прыкметах у далёкую дарогу ў гэты дзень не выязджалі. Таксама нашы продкі прыкмецілі, што 13 мая шанцуе рыбакам.

13 мая ў старыя часы былі такія прыкметы: калі ноч цёплая і зорная – быць багатаму ўраджаю; калі ўсход сонца вельмі ясны, то лета будзе спякотным.

да зместу

14 мая

Раней гэты дзень называлі Ерамей-запрагальнік. У гэты дзень па ранняй расе ішлі на пасеў, каня запрагалі, усёй талакой спяшаліся сеяць. Дзень пачатку ворыва ў вёсцы быў урачыстым. Апраналіся ва ўсё чыстае, правяралі саху і коней.

Прыкмецілі: калі да Ерамея яловыя пупышкі распускаюцца рана і хутка, то марудзіць з пасевам нельга. Дождж і вецер у гэты дзень абяцаюць суровую і халодную зіму: «На Ерамея непагадзь – усю зіму мучыцца будзеш». Таксама людзі лічылі, што якое сёння надвор'е, такое будзе падчас уборкі ўраджаю.

да зместу

15 мая

Гэты дзень быў значным святам у нашых продкаў. Асабліва шанаваліся крыніцы, якія лічыліся гаючымі, а таксама сабраны і высушаны ў гэты дзень збор маладога лісця бярозы. У розных мясцовасцях у гэты дзень неабходна было сеяць дзе бульбу, дзе бабы, дзе цыбулю.

Былі такія прыкметы: калі пяюць салаўі, то сапраўднае летняе надвор'е ўжо хутка; калі салаўі заспявалі раней за зязюль, то лета будзе ўдалым. Лічылася, што сёння лепей не хадзіць на рыбалку і не пазычаць грошы.

да зместу

16 мая

Казалі, што з гэтага дня ў кароў малако дадаецца. Таксама 16 мая гаючай сілай надзялялі крапіву. Людзі варылі з яе суп, а таксама білі адно аднаго крапівой, каб увесь год быць абароненымі ад хвароб.

Былі такія прыкметы: яснае надвор'е ў гэты дзень – агуркоў шмат збярэш; калі раніцай вельмі суха, то хутка будзе дождж; калі чаромха буяе, то лета будзе дажджлівым.

Кветкі

да зместу

17 мая

У гэты дзень секлі клён, бярозу ці ліпу, каб нарыхтаваць сыравіну для вырабу лыжак. Са старажытных часоў менавіта яны былі сімвалам заможнасці і сытасці. Сачылі 17 мая за чаромхай. Калі на ёй ужо з'явіліся кветкі, то сеяць пшаніцу позна – ураджай не збярэш.

Былі яшчэ такія прыкметы: калі жоравы гняздзяцца высока, хлеб будзе расці ў нізінах; калі раніца была няроснай, то надвор'е хутка пераменіцца; калі чуваць, што кувае зязюля, то хутка надвор'е стане лепей.

да зместу

18 мая

У даўнія часы гэта дзень людзі называлі Арына-расадніца. Лічылі, што надыходзіла пара высаджваць капусную расаду на грады. Належала гэтую працу выконваць толькі жанчынам. Сяляне расчышчалі пакосы ад хмызнякоў, паплавы – ад смецця. Казалі так: «На Арыну худая трава з раллі прэч».

У гэты дзень былі такія прыкметы: доўга ідзе дождж – надвор'е сапсуецца на некалькі дзён; птушкі не спяваюць – хутка будзе непагадзь.

да зместу

19 мая

Роснік – так гэты дзень называлі ў старыя часы. Нашы продкі верылі, што ў гэты дзень зямля дае і траве, і зверу, і птушцы, і чалавеку выратаванне ад хвароб. Хворых абмывалі расой, таксама збіралі яе ў склянкі і пілі нашча.

Былі такія прыкметы: калі вельмі росна (шмат расы на траве), то будзе багаты ўраджай агуркоў; ясны дзень – таксама прыкмета добрага ўраджаю.

Васількі

да зместу

20 мая

Гэты дзень у народзе празвалі Купальніцай, бо ваду лічылі гаючай. На двор выстаўлялі вядро з вадой, спадзеючыся, што яна зараджаецца цудадзейнай сонечнай энергіяй. Гэтай вадой абліваліся, а таксама паілі коней.

Была такая прыкмета: калі ў гэты дзень ідзе дождж – гэта да цёплага верасня.

21 мая

Старыя людзі называлі гэты дзень Іван Веснавы, або Іван Доўгі. Старыя людзі лічылі, што гэты дзень спрыяльны для пасеву агуркоў, морквы, рэдзькі, гарбузоў. Па старажытным звычаі, каб пшаніца ўрадзілася, пяклі абрадавыя пірагі на добры пасеў і чакалі на перакрыжаванні вандроўнікаў, якіх частавалі.

Была такая прыкмета: калі сёння ідзе дождж, то сёлета будзе вельмі добры ўраджай грыбоў.

да зместу

22 мая

Старыя людзі называлі гэты дзень Мікола Веснавы. «Да Міколы няма дабра ніколі» – казалі ў народзе, гэта значыць, што людзі не былі ўпэўны ў тым, якое будзе надвор'е. І толькі Мікола «надвор'е становіць, таму і зваўся ён яшчэ Цёплым. Веснавы Мікола лічыўся святам конюхаў. З гэтага дня трэба было таксама спяшацца стрыгчы авечак, пакуль яны не пачалі ліняць.

Былі такія прыкметы: калі стаіць туман, то будзе багаты ўраджай; калі ўмыцца сёння расой, то здароўе цэлы год будзе; нельга нічога стрыгчы і браць у рукі нажніцы, а таксама нельга было адмаўляць у просьбах.

да зместу

23 мая

Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень трэба ўшаноўваць маці сырую зямлю. Яна павінна адпачыць, прыняць віншаванні, пачуць добрыя словы. Было ў звычаі высцілаць зямлю святочнымі хусткамі, ручнікамі, а таксама ставіць на глебу пачастунак: пірагі, квас, піва.

Лічылася, што ў гэты дзень нельга капацца ў зямлі, але карысна збіраць лекавыя расліны. Таксама была такая прыкмета: калі на госця ўпаў венік, то гэты госць прыйшоў з нядобрымі намерамі.

Май

да зместу

24 мая

У даўнейшыя часы ў гэты дзень была традыцыя ўспамінаць усіх людзей, якія загінулі і пакінулі пасля сябе добрую памяць.

Па гэтым дні меркавалі пра ўсё наступнае лета: калі ён мокры – і лета будзе мокрае, калі сухі – усё лета сухое. Таксама ў старыя часы лічылі, што сёння нельга працаваць на зямлі, а граб паб'е ўсе пасевы.

25 мая

У старыя часы гэты дзень называлі Епіфан-чырвоны, альбо Рабінаўка, бо ў пачынала квітнець рабіна. Дзяўчаты апраналіся ў чырвонае і вадзілі карагоды вакол гэтага дрэва, прасілі зберагчы хаты ад пажараў і ліха.

На 25 мая ў нашых продкаў была такая прыкмета: «Калі на Епіфана раніца ў чырвоным кафтане – да сухога лета». Яшчэ людзі верылі, што калі на сажалках з'явілася лісце гарлачыкаў (куўшынак), то халадоў болей не будзе. А вось дахаты іх прыносіць забаранялася – іначай можа пасці скаціна.

да зместу

26 мая

Старыя людзі называлі гэты дзень Лукер'я Камарніца, таму што лічылі, што менавіта сёння з'яўляюцца камары. А раз яны ўжо пачалі лётаць – прыйшоў час сеяць жыта. Казалі так: калі камароў няма, то аўса і травы не будзе. Таксама нашы продкі ў гэты час працягвалі збіраць гаючыя травы.

Раней былі такія прыкметы: шмат камароў у гэты дзень – ураджай будзе багаты; з'явілася шмат мошак – у лесе будзе багата грыбоў.

да зместу

27 мая

Сідар Агурочнік – такая назва ў гэтага дня была некалі ў народзе. Людзі сёння садзілі агуркі і сеялі лён. Па дні Сідара Агурочніка меркавалі, які будзе ўраджай агуркоў: увесь дзень ясны, то чакай добрага ўраджаю.

Была яшчэ і такая прыкмета: калі на Сідара дзьмуць паўночныя вятры, то лета хутчэй за ўсё будзе дажджлівае.

28 мая

«Пахом павее цяплом», – казалі людзі ў гэты дзень у старыя часы. 28 мая амаль усюды дазвалялася рабіць усё, што заўгодна. Увогуле гэты дзень лічыўся агародным святам. Людзі працягвалі сеяць агуркі, бо верылі, што «Пахом носіць агуркі мяхом».

У ранейшыя часы прыкмецілі: калі ў гэты дзень цёпла – усё лета будзе цёплае. Яшчэ старыя людзі лічылі: калі сёння ўсход сонца чырвоны, летам будзе шмат навальніц.

Май

да зместу

29 мая

Дзень называўся жытнік, лічыўся самым апошнім тэрмінам для пасеву яравых. Для нашых продкаў жыта – гэта збожжа наогул, да той пары пакуль яно не станавілася мукой. Ураджай жыта даваў надзею на шчаслівае і багатае жыццё, таму да хлеба заўсёды было трапяткое стаўленне.

У гэты дзень на стол падавалі абавязкова любую кашу. Былі такія прыкметы: калі менавіта сёння цвіце рабіна, то прыйшло сапраўднае лета; калі грыміць гром – ураджай будзе багаты.

да зместу

30 мая

Лічылася, што ў гэты час з'яўляецца вялікая колькасць змей, таму стараліся асцярожна хадзіць у лясы і палі. З гэтага дня пачыналі абганяць бульбу.

Паўночны вецер 30 мая прарочыў халоднае лета – так меркавалі нашы продкі. Таксама лічылі, што якое сёння надвор'е, такім і лета будзе.

31 мая

Гэты дзень старыя людзі звязвалі з дубам – дрэва было сімвалам магутнасці, чысціні, славы і веры. «Калі на Хвядота на дубе верхавіна з апушкай, то будзеш мераць авёс кадушкай».

Былі такія прыкметы: калі дуб пазелянеў раней за ясень, то лета будзе засушлівым; калі ад зямлі падымаецца пар, будзе дождж; сінія хмары на небе – будзе моцны вецер; калі месяц ясны – лета будзе вельмі сухім.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.
Глядзіце таксама