Мы вельмі мала ведаем пра беларускую кухню, часцяком прымаючы яе за простую і аднатыпную. Але насамрэч гэта далека не так. Беларуская кухня ўсходняй часткі краіны адрозніваецца ад кухні заходняй, паколькі доўгі час гэтыя часткі былі ізаляваны адна ад адной. Таму наша кухня вельмі самабытная і арыгінальная.
Найбольш вядомыя стравы беларускай кухні звязаны з бульбай. У нашай краіне вырошчваюць смачныя, рассыпістыя гатункі бульбы з высокім утрыманнем крухмалу — менавіта таму сапраўдныя беларускія дранікі не маюць патрэбы ў дадатковай муцэ. Славіцца беларуская кухня мяснымі вырабамі. Для падрыхтоўкі розных страў шырока выкарыстоўваецца жывёльны тлушч і сметанковае масла.
Цікава, што ў традыцыйнай беларускай кухні практычна не было пшанічнай мукі. Затое шырока выкарыстоўвалася так званая «чорная» мука: аўсяная, жытняя, ячменная, грачаная і гарохавая, прычым іх ніколі не змешвалі ў адной страве. Мабыць, варта пазнаёміцца са стравамі беларускай кухні бліжэй!
Знакамітая блогерка Алена Браніславаўна пра гісторыю, этапы фарміравання, а таксама самыя розныя рэцэпты беларускай кухні ведае напэўна ўсё. У сваіх соцсетках з падпісчыкамі яна рэгулярна дзеліцца нетыповымі і вельмі смачнымі рэцэптамі. З сённяшняга дня партал Слушна таксама будзе размяшчаць смачныя рэцэпты страў беларускай кухні ад Алены Браніславаўны.
Алена Серада, блогер, гаспадыня сямейнай харчэўні ў Тураве:
— Вітаю добрых людзей, чытачоў цудоўнага партала Слушна. Мяне завуць Алена, я гаспадыня невялічкай сямейнай харчэўні, што знаходзіцца ў старажытным Тураве. Люблю сваю краіну, яе краявіды, мову, і, вядома, ж кухню. Я доўга думала з чым прыйсці да вас на першую сустрэчу. І вырашыла, што ісці трэба, па добрай традыцыі, з хлебам-соллю, караваем, ці пірагом. А таму — сустракайце. Сёння частуемся пірогом з вішняй.
Пірог просты ў прыгатаванні, вам не патрэбны заморскія інгрэдыенты . Да таго ж у яго зручны таймінг, вы можаце замясіць цеста з вечара, а раніцай частаваць сваіх родных.
Інгрэдыенты для цеста
- Мука в/с — 300 гр
- Малако халоднае — 110 гр
- Яечка —1 шт
- Масла сметанковае халоднае — 90 гр
- Цукар — 35 гр
- Соль — 5гр
- Дрожжы свежыя —15 гр
Начынка можа быць любая . Сёння пірог з вішняй
- Вішня без костак — 600 гр ( можна выкарыстоўваць замарожаную)
- Цукар — па смаку
- Крухмал кукурузны — 2 ст л
- Яечка для змазвання
Муку і халоднае масла перацерці да кробнай крошкі.
Змяшаць малако, яйкі, дрожжы, соль, цукар і дадаць да мукі з маслам.
Замясіць мяккае, не ліпкае цеста. Пакласці ў міску, абавязкова накрыць і адправіць у халадзільнік на 8-12 гадзін.
Для начынкі у пасудзе з тоўстым дном змяшаць вішню, цукар, крухмал. Памешваючы, варыць да загусцення . Астудзіць
Перад выпечкай дастаць цеста з халадзільніка. Яно не вырасце высокім , але ж у сярэдзіне будзе порыстым і рыхлым.
Падзяліце цеста на две часткі (2/3) . Раскатайце таўшчынёй 0,5 см , акружнасцю па дыяметру формы (20-24 см).
Змажце форму маслам і прасыпце сухарамі.
Пакладзіце ў форму раскатаны пласт , на яго выкладзіце начынне.
Верх пірага аформіце па сваім гусце . Я прапаную варыянт «Пляцёнка»
Змажце пірог яечкам і выпякайце ў духоўцы пры 180 градусах 30-35 хвілін.
Гатова! Смачна есці!
https://bel.24health.by/smachny-yak-byccam-tort-recept-markounaga-keksa/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by