Гісторыя гарбаты — гэта займальнае падарожжа ў розныя перыяды нашай гісторыі. Ад традыцыйнай травяной гарбаты і да цяперашняга чорнага або зялёнага чаю, гэты напой аб'ядноўвае людзей, прыносіць радасць і супакаенне.
І дуб, і крываўнік, і рымскі рамонак…
Так, нашы продкі ў асноўным не чай пілі, асабліва ў традыцыйнай сялянскай культуры, а запарвалі розныя зёлкі ў чыгунку ў печы. Звычайна мяту, святаяннік, чабор і іншыя. Адсюль і беларуская назва травянога чаю — «гарбата», якая паходзіць ад лацінскага слова herba — расліна. Традыцыя прыгатавання чайных напіткаў на аснове розных зёлак і раслін — частка багатай нацыянальнай культуры беларускага народа. Рымскі рамонак, перачная мята, мальва, крываўнік, кара крушыны і дуба — у ход ішло ўсё, што можна заліць кіпенем і выкарыстоўваць для наталення смагі і папраўкі здароўя.

Травяныя напоі і іх лекавыя ўласцівасці
У беларусаў заўсёды былі ў пашане травяныя адвары і настоі, якія мы цяпер для прастаты называем чаем, хоць насамрэч ніякага чайнага ліста ў іх не было.
У якасці паўсядзённага напою ў нашых продкаў карыстаўся папулярнасцю Іван-чай або скрыпень — адна з улюбёных і распаўсюджаных раслін у нашых шыротах. Адвар лісця гэтай зёлкі выкарыстоўвалі пры залатусе, страўнікавых захворваннях і як снатворнае.
Знахары раілі скрыпень пры лячэнні эпілепсіі, алкагольных псіхозаў, малакроўі, як змякчальнае і патагоннае пры прастудзе. А яшчэ Іван-чай называюць “мужчынскімі” зёлкамі, таму што ён нармалізуе эрэкцыю.

Адвар чабору выкарыстоўвалі як дэзінфікуючы, супрацьгліставы і моцны бактэрыцыдны сродак. Яго пілі пры розных інфекцыях, раненнях і атручваннях. Ён валодае адхарквальнай уласцівасцю, яму пад сілу розныя запаленні лёгкіх, бранхіты і прастудныя захворванні.
Гэтыя зёлкі нашы прдкі называлі яшчэ багародскай травой. Першыя згадкі пра яе прымяненне сустракаюцца ў летапісах трэцяга тысячагоддзя да нашай эры. Старажытныя егіпцяне ўжывалі яе ў складзе сродкаў для бальзамавання фараонаў. Нашы продкі спальвалі гэтую траву на рытуальных вогнішчах і яе духмяным дымам акурвалі ахвярапрынашэнні для старажытных багоў.
Шырока быў распаўсюджаны ў Беларусі, асабліва на Віцебшчыне, маркоўны напой — струганая сушаная морква залівалася кіпенем. Напой з сушанай морквы пілі пры кашлі, жаўтусе, хваробах печані і сэрца.

Класічныя лекі беларусаў — ліпавы чай. Сабраныя ўлетку кветкі ліпы заварвалі і пілі адвар пры першых прыкметах прастуды. Кветкі ліпы валодаюць патагонным эфектам, зніжаюць тэмпературу і нават дзейнічаюць як мяккі сродак абязбольвання. Дадавалі ў напоі таксама маліну, парэчку, суніцы, прычым не толькі сушаныя ягады, але і лісце, і нават карэнні. У вёсках былі спецыяльныя траўнікі — людзі, якія разбіраліся ў гаючых уласцівасцях раслін, і маглі сабраць для хворага чалавека патрэбны збор.

Гісторыя чаю на нашых землях
Практыка заварвання чайнага ліста прыйшла на тэрыторыю цяперашняй Беларусі ў пачатку апошняй трэці 17 стагоддзя адначасова з двух бакоў. Спачатку, вядома, толькі для вельмі заможных людзей. Праз Расію сухапутным шляхам з паўночных правінцый Кітая, а з Захаду праз порт Гданьск. У Гданьск гарбату прывозілі галандцы, пазней таксама і брытанцы з паўднёвых правінцый Кітая. Адсюль і два розныя словы, якімі называюць гарбату ў беларускай мове. Уласна "чай", ад "ча", як называлі гэтую духмяную расліну ў паўночных кітайскіх дыялектах. І "гарбата", ад лацінскага herba thee — "трава чай".
У ВКЛ, а потым і ў Рэч Паспалітую гарбата прыходзіла таксама праз кантакты з Нідерландамі, і чаяванне як такое распаўсюджанай практыкай не было, чай выкарыстоўвалі спачатку ў асноўным як лекі. Толькі ў другой палове 18 стагоддзя, калі прыйшла мода на ўсё англійскае, укараніўся звычай піць гарбату не як лекі, а для асалоды і прэстыжу.
Былі ў гарбаты і нядобразычліўцы, прычым непрыманне такога напою яны тлумачылі з навуковага пункту гледжання. Так, батанік ксёндз Кшыштаф Клюк у канцы 18 стагоддзя ў сачыненні “Слоўнік раслін” заяўляў: “Частае ўжыванне гэтай цёплай вады аслабляе нервы і органы страўнасці, а таксама надзвычай расслабляе. Дзецям і маладым асобам яна заўжды шкодная”.
Але ўжо пасля падзелу Рэчы Паспалітай прыйшоў трывалы звычай піць кітайскую гарбату. Паступова мяняецца і стаўленне да гэтага напою.
Вось што пісаў Ян Баршчэўскі ў апавяданні “Драўляны дзядок і кабета інсекта”, падзеі якога адбываюцца ў 1835 годзе:
“Няшмат часу прайшло, ужо і самавар прынеслі, наліваюць гарбату. Стары пан ротмістар, седзячы ля стала, сказаў гаспадыні: “Мая пані, раней гарбата была лекамі ад галавы. Цяпер без яе і жыць не могуць, якія перамены ў свеце”.

Так паступова чай станавіўся ўлюбёным напоем для шляхты і гараджан. Але яшчэ ў 19 стагоддзі для простых сялян ён быў вялікай рэдкасцю. Толькі заможныя людзі карысталіся самаварамі. Замест чаю сяляне працягвалі запарваць ліпу, маліннік, мяту, зверабой, бруснічнік, чабор.

Пасля 1917 года ўжыванне гарбаты стала сапраўды масавым — прыкладна 500 гр на душу насельніцтва ў год. Вырошчвалі яе ў асноўным на Каўказе і іншых землях, якія ўваходзілі ў склад СССР. Да самага распаду саюза кітайская ды індыйская гарбата былі дэфіцытам. Хаця вядомы чорны байхавы чай са сланом і называлі індыйскім, насамрэч ён быў купажом, дзе большую частку складаў прадукт з Грузіі з невялікім дадаткам індыйскага чаю.
Сёння ў Беларусь чай паступае са Шры-Ланкі, Індыі, Кітая, В'етнама, Інданезіі, Кеніі. У Беларусі папулярныя як чорныя, так і зялёныя чаі. Беларускія чаі таксама могуць змяшчаць дабаўкі з лекавых траў, такіх як меліса, шыпшына або мята, што надае ім асаблівы водар і смак. Не дзіва, што амаль кожнае святочнае гасцяванне заканчваецца чаяваннем.
Чым гарбата карысная для арганізма? Уласцівасці розных відаў напою
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by
