22.04.2026
22.04.2026

Соль зямлі нашай

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Соль іграла важную ролю ў рэлігійных вераваннях і магічных абрадах нашых продкаў. Яны верылі, што яна ўвасабляла сабой духоўную чысціню і была здольная адганяць злых духаў.

Соль на стале ў лыжцы

Соль – значыць “сонечная”

Ва ўсе часы соль лічылася сімвалам жыцця і дабрабыту, а ў міфах і заклінаннях атаясамлівалася з сонцам. Так, паходжанне слова “соль” звязана з сонцам: старажытная славянская назва сонца – салонь. Дарэчы, старадаўні выраз “ісці пасалонь” азначае: "ісці па сонцы".

З пракаветных часоў соль каштавала вельмі дорага. Так, напрыклад, у старажытных рымлян слова salarium азначала "грошы на соль". У сярэднявеччы ў некаторых краінах соллю плацілі падаткі. Бывала, што з-за солі вяліся нават крывавыя войны, узнікалі народныя бунты і паўстанні. Як значная падзея ўвайшоў у гісторыю "саляны бунт" у Маскве ў 1641 годзе. Знакаміты італьянскі падарожнік 12 стагоддзя Марка Пола расказаў, як у Кітаі выраблялі грошы з солі.

"Для гэтага, – пісаў Марка Пола, – расол кіпяціцца ў невялікіх катлах. Праз гадзіну соль прымае выгляд цеста, і з яго робяць нешта ў форме піражкоў... Пасля таго, як на піражкі накладваюць пячатку імператара, каб яны прыпадобніліся сапраўдным металічным манетам, іх засмажваюць на гарачых чарапіцах".

Першая дарожная сетка ў Еўропе склалася з "саляных трактаў", па якіх гандляры перавозілі каштоўны тавар. Такія ж "салёныя шляхі" ішлі з Кіева да месцаў здабычы солі ў Галіцка-Валынскім княстве і Паўночным Крыме. Раней у натуральнай гаспадарцы беларусаў соль была адзіным прадуктам, які куплялі. На тэрыторыю Беларусі соль прывозілі з Памор’я, Галіцыі, Прыкаспія, Старой Русы. Цяпер сваю соль здабываюць у дастатковай колькасці каля Старобіна і Мазыра. У нас ёсць нават горад, у назве якога гучыць слова “соль”. Гэта Салігорск, які ўзнік у сувязі з адкрыццём покладаў і прамысловай распрацоўкай калійнай солі.

Салігорскія тэрыконы.

Салігорскія тэрыконы.

Жыццёва неабходны прадукт

Соль – гэта самы неабходны прадукт для жыццядзейнасці чалавека і адзіны мінерал, які ў чыстым выглядзе чалавек ужывае ў ежу. Яна паляпшае смак і неабходная для здароўя. Многія прадукты можна замяніць на аналагі, нават у цукру ёсць займеннікі. Але для солі навукоўцы пакуль не змаглі вынайсці замены. Павараная соль (хларыд натрыю) – гэта прадмет першай неабходнасці, тая абавязковая фізіялагічная дабаўка, якая рэгулюе абмен рэчываў ды іншыя фізіялагічныя працэсы ў арганізме.

У целе чалавека змяшчаецца 300 грамаў солі, запас якой расходуецца і мае патрэбу ў штодзённым папаўненні. Без яе немагчыма нармальнае функцыянаванне нервовай сістэмы і цягліц. У старажытнасці людзі не разумелі хіміі, але хутка заўважалі: без солі пагаршаецца здароўе, узнікае слабасць, а часам і настае смерць.

Без звычайнай солі большасць жывёл адчуваюць солевае галаданне. Хатнія жывёлы без дадаткаў солі ў ежу таксама хварэлі і гінулі. Драпежнікі забяспечваюць свой арганізм соллю, якая трапляе ў арганізм з мясам і крывёй здабычы, траваядныя шукаюць выступы солі, салёныя глебы ці саланцы і ліжуць іх.

 

Лось ліжыць саланец.

Соль як абярэг і магічны сродак

У традыцыйнай культуры нашага народу, соль была абярэгам, верылі, што яна добра дапамагае ад сурокаў. Так, ад сурокаў бралі жменьку солі, вадзілі рукой па целе і прамаўлялі малітвы. Паводле міфалагічных уяўленняў, солі баяцца лесуны, чэрці і іншыя дэманічныя істоты. Каб палегчыць роды і засцерагчы парадзіху ад ліхога, соль сыпалі на парог і на рагі стала.

Жыхары Цэнтральнай Беларусі, каб абараніць немаўля ад нячыстай сілы пры яго першым купанні, абавязкова дадавалі соль у ваду, а пры хрышчэнні сыпалі яе ў вушы немаўляці.

Трэба дадаць, што соль у магічных абрадах часам выкарыстоўвалі разам з хлебам. Перад хрышчэннем кума брала дзіцёнка і укрывала яго кашуляй бацькі, у рукаў якой былі завязаны кавалачкі хлеба і солі. У такой кашулі дзіця трымалі ў царкве падчас абраду.

Таксама перад тым, як везці дзіця хрысціць, у ягоныя пялюшкі трэба было пакласці крошкі хлеба і “нюшок” солі. Рабілі так дзеля таго, каб дзіцёнак усё жыццё меў хлеб, які ніхто ніколі не мог бы ўкрасці. А калі хто хваліў дзіцёнка, дык каб не сурочыць, трэба было сказаць: “Соль табе ў вочы, дзяркач у зубы, таўкач пад бокі”.

Каб уберагчы малечу ад суроку, маці з дзіцём, выпраўляючыся ў госці, завязвала ў кашулю трохі хлеба, солі і асвечаных зёлак. Калі ж дзіцёнак ужо пакутаваў на сурокі: кепска спаў уначы, быў нервовы і непаслухмяны, то маці трэба было ўзяць жменю солі, абнесці яе тройчы вакол дзіцяці і кінуць у агонь. Верылі – як толькі соль затрашчыць у полымі, то мінуцца і сурокі.

Соль выкарыстоўвалі і ў любоўнай магіі. Існавала павер’е: калі вакол упадабанай асобы таемна абнесці шчопаць солі, то ў яе неўзабаве абудзяцца гарачыя пачуцці. Драбок солі, хлеб і часнык, загорнутыя ў анучку, падвязвалі маладой пры ад’ездзе да вянчання, каб засцерагчы ад чараў. Малады, перш чым выправіцца ў сваты, мусіў быў згрызці драбок солі і выплюнуць на парог, каб у будучай сям’і не паміралі дзеці.

Асаблівай лекавай і магічнай сілай валодала соль, асвечаная напярэдадні Чыстага чацвярга. Яе клалі разам з мылам дзе-небудзь на адкрытым месцы. Потым цягам года зберагалі як талісман ад сурокаў.

Магія солі

Соль у народнай медыцыне

З даўніх часоў соль выкарыстоўваюць для лячэння. Яна дапамагае пры страваванні. Перажаваны хлеб пасыпалі соллю і прыкладалі да скулаў – нарываў. Соллю пасыпалі хворыя зубы. Асабліва папулярнымі лічацца растворы солі ў вадзе. Такія росчыны выкарыстоўвалі супраць ікаўкі і пякоткі, пілі для паслаблення страўніка і ад галаўнога болю, прамывалі раны і праціралі твар, каб не было зморшчын. Павязкі, змочаныя ў растворы солі, выкарыстоўвалі ад пухлін, адэномы прадстацельнай залозы, прастудных захворванняў і ад белакроўя.

З дапамогай солевых прымочак добра вылечвалі разнастайныя скураныя захворванні: экзэму, псарыяз, бародаўкі, папіломы, пігментныя плямы.

Што да ўкусаў насякомых, то месца ўкусу пчалы ці асы вясковыя знахары раілі адразу ж змазаць моцным саляным растворам. Гэта дазваляла зняць боль, не дапусціць ацёку і свербу. Апроч таго, на месца ўкусу клалі хлебную прыпарку з ільняным семем.

Растворам солі на спірце націралі стары лішай да таго часу, пакуль не з’явіцца кроў, а затым пасыпалі яго соллю. Ад болі ў горле ўжывалі ўнутр мёд з соллю. Калі пайшла кроў з носа, то соль сыпалі на галаву. Месцы апёкаў парылі і таксама пасыпалі соллю.

Як даўней беларусы лячылі прастуду

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0