18.10.2023
18.10.2023

Камень, костка, крыж ды іншыя старадаўнія абярэгі ў беларусаў

logo
Беларускі код
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Адмысловае месца ў культуры нашага народа займаюць абярэгі – прадметы, якія абаранялі свайго ўладальніка ад хваробаў, бедаў ды сурокаў. Абярэгі вырабляліся з гліны, костак, металу, драўніны ды іншых матэрыялаў, якія былі даступныя чалавеку.

Ад каменнага веку…

Самыя старажытныя абярэгі вядомыя з часоў каменнага веку. Гэта прасвідраваныя зубы, іклы і дробныя косткі жывёл, каменьчыкі з адтулінамі, разнастайныя касцяныя падвескі. З цягам часу абярэгі сталі вырабляць і з металаў. Гэта былі падвескі ў выглядзе сякерак, ножыкаў, лыжачак, конікаў, месяца ды інш. Лекавыя ўласцівасці прыпісвалі і каштоўным камяням.

На тэрыторыі Беларусі ў старажытнасці былі папулярнымі ўпрыгажэнні з бурштыну. У канцы 19 стагоддзя этнографы ў ваколіцах Турава зафіксавалі, што абярэгам ад заразы лічылі пярсцёнак, зроблены з ласіных капытоў і тройчы апушчаны ў ваду ракі Случ.

У пачатку ІІ тысячагоддзя на тэрыторыі Усходняй Еўропы ў побыце заможнага насельніцтва былі распаўсюджаны спецыяльныя прафілактычныя амулеты ад хвароб, так званыя «змеевікі». Звычайна яны мелі выгляд манетападобнай падвескі, ці зрэдку – круглыя і складныя. На вонкавым баку змяшчалася выява хрысціянскай сімволікі: Хрыстос, арханёлы, святыя, а на адваротным – чалавечая галава, абкружаная змеямі. Былі і такія амулеты, дзе на адваротным баку пасярэдзіне месцілася змяінае гняздо і меўся кругавы надпіс-заклён.

Амулет-змеявік

Змеевікі рабілі з розных каляровых металаў, у тым ліку з серабра і золата. На некаторых вырабах указвалася імя носьбіта. На тэрыторыі нашай краіны такія абярэгі выяўлены ў час археалагічных раскопак у Брэсце, Ваўкавыску,Чачэрску, Заслаўі ды іншых мясцінах. Напрыклад, у Ваўкавыску гэта бронзавы змеявік з рэльефнай выявай арханёла Міхаіла ў поўны рост, які стаіць на зрынутым змеі, а на адваротным – змяіная кампазіцыя вакол чалавечай галавы.

Скапулярый, нітка ці ручнік?

Да нашага часу захавалася традыцыя насіць абярэгі-шкаплеры. Першапачаткова скапулярыем (ад лац. Scapula – лапатка) называўся прадмет манаскага адзення ў выглядзе шырокай паласы тканіны, якая спадала спераду і ззаду. Затым з’явіўся так званы «малы скапулярый» – нешта накшталт праваслаўнага парамана. Малы скапулярый уяўляе сабой два кавалачкі матэрыі (звычайна прастакутнай формы), змацаваных паміж сабой шнуром такім чынам, каб адзін з іх размяшчаўся на грудзях, а іншы – на спіне. На адным з кавалачкаў змяшчалася выява Маці Божай Скапулярыя, на іншым – Сэрца Пана Езуса. Таксама бываюць скапулярыі з выявамі крыжа, святых і з вышытымі словамі малітваў. Скапулярый павінен быць асвечаны святаром або дыяканам. Яго варта насіць так, каб адна частка спадала на спіну, а іншая – на грудзі.

У сялянскім асяроддзі абярэгамі ад хвароб да нашага часу лічаць ваўняныя, ільняныя і пяньковыя ніткі. Іх завязваюць вышэй ступні або вышэй кісці ці на адным з пальцаў рук. Паводле павер’яў, ільняная нітка аберагае ад пухлін, а чырвоная ваўняная ад ліхаманкі. Раней нованароджанае дзіця абвязвалі любой чырвонай ніткай.

Абярэгам ад ліхаманкі лічылі суворую нітку з 12 вузельчыкамі. Прычым, гэтыя вузельчыкі трэба было завязваць у Вялікі Чацвер у час чытання евангелля. Потым такой ніткай апаясваліся. Ніткі, якія заставаліся ад кросен пасля ткацтва, лічылі абярэгам ад раматусу.Шкаплер

Наймацнейшым абярэгам ад ліха нашыя продкі лічылі вышыўку. Ад хваробаў засцерагаў арнамент на адзенні, асабліва геаметрычны, вышыты чырвонымі ніткамі на жаночых і мужчынскіх кашулях, фартухах і хустках. Геаметрычны арнамент спалучае колы, квадраты, ромбы, зігзагі, крыжыкі ды інш. Такі вышыты элемент нясе ў сабе зашыфраваную інфармацыю. Кожны элемент мае сэнсавую нагрузку і тое ці іншае абазначэнне. Таксама ахоўнай вышыўкай аздаблялілі пасцельную бялізну, дэкаратыўны хатні тэкстыль, ручнікі, абрусы, абрадавую атрыбутыку.

У цені крыжа

У розных кутках Беларусі і па сёння ў цэнтры вёскі ці па яе краях стаяць высокія драўляныя крыжы, часам абгароджаныя. Раней іх было значна больш. Ставілі іх у асноўным для абароны ад пошасці, асабліва ад халеры. Таму некаторыя нават захавалі назву «халерны крыж». Таксама іх ставілі, каб уратавацца ад прыродных стыхій, войнаў, пажараў ды іншых навалаў, якія маглі закрануць усіх жыхароў вёскі. Такія крыжы спрадвеку ўшаноўвалі. Верылі: калі не уберагчы ахоўны крыж, у вёску абавязкова прыйдзе няшчасце.

Ахоўны крыж

З мэтай прадухілення эпідэміі праводзілі абворванне вёскі – правядзенне магічнай баразны вакол паселішча. Такая баразна, па павер’ях, прыпяняла хваробу. Старыя жанчыны і цнатлівыя дзяўчаты распраналіся, распускалі валасы, упрагаліся ў саху і праводзілі ёй замкнёную баразну вакол вёскі. Адбывалася гэта апоўначы або да ўзыходу сонца. Часта ў такой працэсіі неслі абраз Маці Божай або Ісуса Хрыста ці хрысціянскіх святых. Месцамі абрад абворвання праводзілі на валах-блізнятах або двума братамі-блізнятамі. У некаторых вёсках дзеля прафілактыкі абрад абворвання выконвалі кожную вясну.

На месцы завяршэння баразны ставілі крыж. Усе жанчыны вёскі ад заходу сонца да світанку рабілі з ільну ніткі, снавалі і ткалі ручнік. Мужчыны ў гэты час ішлі ў лес, выбіралі дрэва, звычайна хвою, і рабілі крыж.

Крыж укопвалі і, пакуль не паднялося сонца, вешалі на яго ручнік. Потым запрашалі святара асвяціць абярэг. Калі па нейкіх прычынах не ўдавалася завяршыць рытуал да ўсходу, то ўважалі, што ніякай магічнай сілы абярэг мець не будзе. У некаторых раёнах Беларусі ў час эпідэміі хрэсным ходам абыходзілі вёску і затым на чатырох канцах – па баках свету – ставілі крыжы.

У якасці абярэгаў ставілі і камяні. У мястэчку Крэва на Смаргоншчыне ў самым канцы вуліцы Дзяржынскага (раней – Татарская) стаіць малапрыкметны шэры камень.

Камень абярэг-крэва

На ім выбіты праваслаўныя крыжы і дата – 1871 год. Менавіта тады эпідэмія халеры ў чарговы раз ахапіла ўсю Расійскую імперыю. Дайшла яна і да нашых земляў. Расказваюць, што памерлых у час той эпідэміі было так шмат, што ў адну магільную яму змяшчалі па некалькі трунаў. Таму былі пастаўлены чатыры камяні з высечанымі на іх крыжамі і датай 1871, адзін з якіх захаваўся да нашых дзён.

Струбніца і Пацавічы: аграгарадкі ў Гродзенскай вобласці, дзе ёсць лекавыя камяні

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0