29.07.2023
29.07.2023

Струбніца і Пацавічы: аграгарадкі ў Гродзенскай вобласці, дзе ёсць лекавыя камяні

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

На паўднёвы ўсход ад Мастоў, што ў Гродзенскай вобласці, на тэрыторыі Пескаўскага сельскага савета знаходзяцца аграгарадкі Струбніца і Пацавічы. Іх гісторыя пачынаецца з 15 стагоддзя. У абодвух ёсць старадаўнія храмы, а каля іх незвычайныя паклонныя камяні-следавікі.

Камяні-следавікі – гэта такія валуны, на якіх паглыбленні нагадваюць адбіткі ступні чалавека ці лапаў, капытоў жывёл. Звычайна сустракаецца адзін слядок, але здараецца, што іх на адным камені два і нават тры. Выемкі бываюць прыродныя і штучныя. Такія камяні можна ўбачыць амаль па ўсім свеце. Міфалогія індаеўрапейцаў сведчыць пра культ стапы яшчэ з эпохі бронзавага веку. Нага, а тым больш ступня, лічыцца звязанай з іншасветам. У хрысціянскія часы многія слядкі на камянях сталі прыпісвацца Божай Маці, Ісусу Хрысту ці розным святым.

Аграгарадок Струбніца знаходзіцца за 21 км ад райцэнтра, калі ехаць праз вёску Пескі на горад Ваўкавыск. Варта адзначыць, што месца гэта знакавае, з глыбокімі каранямі, у наваколлях на паверхню выходзіць крэйда і крэмній. Таму тут з каменнага веку сяліліся людзі, якія здабывалі крэмній і рабілі каменныя інструменты і зброю.

У паўднёвай частцы вёскі на ўзгорку ўзвышаецца прыгожы Троіцкі касцёл, а вакол яго элітарныя могілкі. Тут пахаваныя святары і асобы, якія ўнеслі значны ўклад у жыццё каталіцкай супольнасці, у будаўніцтва касцёла.

Касцёл і могілкі ў Струбніцы.

Але першы храм тут пабудавала міланская прынцэса, каралева польская і вялікая княгіня літоўская Бона з італьянскага роду герцагаў Сфорца ажно ў 1550 годзе. Яна пабралася шлюбам з аўдавелым манархам Рэчы Паспалітай Жыгімонтам Першым. Пры ёй у 1529 годзе выйшаў першы статут Вялікага Княства Літоўскага, праводзіліся рэформы ў сельскай гаспадарцы, многія гарады і мястэчкі атрымалі права на самакіраванне, будаваліся храмы, школы, шпіталі.

У цяперашнім выглядзе касцёл быў перабудаваны ў 18 стагоддзі, а дакладней – у 1740 годзе. У 1856-м была ўзведзеная двух’ярусная шатровая драўляная званіца і мураваная брама. У наш час касцёл лічыцца помнікам народнага драўлянага дойлідства з рысамі барока. У інтэр’еры тры алтары. У галоўным алтары знаходзіцца абраз “Каранаванне Марыі”, выкананы ў 1753 годзе мастаком Казімірам Бінеўскім. Па баках скульптурныя выявы анёлаў вышынёй у паўтара метра.

На тэрыторыі храма захаваліся магілы гаспадароў тутэйшых мясцін Біспінгаў, якія дапамагалі будаваць і добраўпарадкоўваць касцёл. А да апсіды храма прыбудаваная капліца-пахавальня роду Біспінгаў. Яна была прыбудаваная ў 1841 годзе падчас рэстаўрацыі храма, што праводзілася на сродкі Адама Біспінга.

Палац Біспінгаў. Мастак Напалеон Орда.

Палац Біспінгаў. Мастак Напалеон Орда.

Род Біспінгаў паходзіць з Вестфаліі. Гэта гістарычная вобласць на паўночным захадзе Германіі. У канцы 16 – пачатку 17 стагоддзя ў выніку рэлігійных войнаў нямецкія пратэстанты спалілі маёнтак Біспінг Хаўс. У выніку ганенняў сям’я перасялілася ў ВКЛ. З часоў караля Стэфана Баторыя Біспінгі бралі ўдзел у палітычным жыцці. З канца 18 стагоддзя мужчыны роду Біспінгаў займалі розныя вайсковыя і грамадскія пасады. Каміл Біспінг быў малазямельным шляхціцам, з-за складанага фінансавага становішча паступіў на вайсковую службу ў Сумскі гусарскі полк. Яго сярэдні сын Адам атрымаў маёнтак у Струбніцы.

З правага боку ад касцёльнага ганка ёсць вялікая каменная крапільніца, дзе збіраецца дажджавая вада, якая лічыцца святой. Злева ляжыць вялікі пляскаты шэры валун. На яго паверхні паглыбленне ў выглядзе невялічкага чалавечага следу і ямка (лунка). У народзе слядок прыпісваецца Святому Антонію і зрэдку Святому Казіміру.

Каменная кропельніца каля касцёла ў Струбніцы.

Каменная кропельніца каля касцёла ў Струбніцы.

13 чэрвеня, у дзень Святога Антонія, тут адбываецца вялікі фэст, збіраюцца тысячы паломнікаў.

Паломнікі каля касцёла ў Струбніцы.

Паломнікі каля касцёла ў Струбніцы.

Святы Антоні – адзін з самых папулярных святых каталіцкай царквы. Ён лічыцца апекуном у сямейных справах, абаронцам худобы, збавіцелем ад пошасці. Пасля службы вакол храма адбывецца крыжовая працэсія, і ў гэты час шмат хто з веруючых па старадаўняй традыцыі імкнецца басанож ступіць у слядок на камені. Лічыцца, што менавіта ў гэты час слядок валодае велізарнай лекавай сілай.

Струбніца. Следавік каля касцёла.

Струбніца. Следавік каля касцёла.

Побач са слядком выразна бачна высвідраваная невялічкая ямка. Праведзеныя навукоўцамі эксперыменты паказалі, што такія ямкі на камянях высякалі цвёрдым каменьчыкам, а затым шліфавалі пяском. Традыцыя высякання ямак на камянях існавала ў канцы бронзавага – пачатку ранняга жалезнага веку і была звязана з вераваннямі часоў ранняга земляробства.

Захавалася ў Струбніцы і своеасаблівая памяць пра знакамітую італьянку, якая далучылася да гісторыі гэтага паселішча. У канцы 1980-х гадоў ад мясцовых старажылаў было занатавана даўняе паданне пра каралеву Бону. Распавядаюць, што каралева палявала ў гэтых мясцінах і згубіла сваіх любімых паляўнічых сабак. Каралева памалілася каля каменя, і сабакі знайшліся. З тых часоў камень ушаноўваецца і лічыцца лекавым.

Хрэсны ход каля касцёла ў Струбніцы.

Хрэсны ход каля касцёла ў Струбніцы.

На шляху ад вёскі Пескі на горад Зэльву знаходзіцца аграгарадок Пацавічы. Назва гэтага паселішча паходзіць ад знакамітага беларускага магнацкага роду Пацаў, прадстаўнікі якога займалі важныя дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і валодалі шматлікімі сядзібамі. Лічыцца, што паселішча заснавана не раней як у 15 стагоддзі. У Пацавічах узвышаецца храм, пабудаваны ў 1867 годзе ў стылі народнага дойлідства. Храм прыпісаны да царквы святога Мікалая ў Самуйлавічах.

Царква ў Пацавічах.

Царква ў Пацавічах.

Паводле падання, некалі ў гэтай мясцовасці ляжаў вялізны камень сіняватага колеру. Аднойчы каля яго апынуліся тры дзяўчынкі-сіроткі, якія ўбачылі дзіўнае ззянне, што сыходзіла ад валуна. У той жа момант перад імі аб’явілася Божая Маці. Яна навучыла іх маліцца. Паводле іншай легенды, перад дзяўчынкамі аб’явілася Святая Ганна. Людзі даведаліся пра гэта, і камень, на якім быццам бы быў слядок Святой Ганны, сталі лічыць цудадзейным. Да каменя пачалі прыходзіць богамольцы і несці ахвяраванні.

Святар вырашыў перавезці гэты камень і пакласці яго ў падмурак будучай царквы, якую ў той час будавалі ў бліжэйшых Самуйлавічах. Запрэглі валоў, але яны спачатку наогул не маглі ссунуць яго з месца і толькі праз неймаверныя намаганні усё ж прыцягнулі камень да будоўлі.

Праз некаторы час пасля гэтага святару прысніўся сон, дзе да яго прыйшла Святая Ганна і папрасіла, каб валун вярнулі туды, дзе ён ляжаў. Спачатку святар не хацеў выконваць гэтае патрабаванне, але калі захварэў, то зразумеў, што давядзецца. Цяпер ужо запрэглі коней, і гэтага аказалася дастаткова, каб ссунуць з месца валун і лёгка даставіць яго на былое месца. У хуткім часе тут пабудавалі каплічку. Цяпер той камень – гэта ганак цэркаўкі (каплічкі) у Пацавічах.

Камень на ганку ў Пацавічах.

Камень на ганку царквы ў Пацавічах. 

Цэркаўка асвечаная ў гонар Святой Ганны, але яшчэ яе называюць і царквой Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Дажджавая вада з выемак на камені-ганку лічыцца лекавай і нібыта дапамагае ад хвароб вачэй і ад бародавак. 7 жніўня, у дзень Святой Ганны, тут адбываецца фэст ці Прастольнае свята. У канцы 1940-х гадоў у гэты дзень тут збіралася больш за пяць тысяч паломнікаў, якія ехалі нават з іншых краін. У гэты дзень ладзіўся вялікі кірмаш. У вёсцы расказваюць яшчэ легенду пра з’яўленне абраза на дрэве каля капліцы.

Цяпер у дзень Святой Ганны раніцай ад царквы з Самуйлавічаў Дольных ідуць у Пацавічы хрэсным ходам і пасля Боскай літургіі тры разы абыходзяць цэркаўку. Цікава, што 7 жніўня з самай раніцы жанчыны збіраюць траву з падмуркаў пацавічскага храма і вакол святыні, а потым з яе гатуюць лекі.

Так у аграгарадках Струбніца і Пацавічы жывуць старадаўнія традыцыі шанавання валуноў, якія за стагоддзі шмат разоў змяняліся і ўліваліся ў новыя гістарычныя і рэлігійныя рэаліі.

https://bel.24health.by/svyataya-krynica-kamen-sledavik-na-kamyanechchyne/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама