14.03.2024
14.03.2024

Традыцыі і абрады Масленіцы. Як адзначаюць свята беларусы?

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Масленіца — яркае маляўнічае свята ў канцы зімы, якое радуе і малых, і дарослых. Гульні, песні, танцы, вясёлы смех і шум — галоўныя яго прыкметы.

У некаторых рэгіёнах Беларусі Масленіцу называюць па-іншаму: Масленка, Сырніца і г.д. Царкоўны каляндар таксама зафіксаваў святкаванне Масленіцы: тут яна фігуруе як «Сырны тыдзень». Гэтыя «малочныя» назвы не выпадковыя.

У час, калі святкавалася Масленіца, на стале ў сялян з'яўляліся малочныя прадукты ў вельмі вялікай колькасці, бо каровы ўжо паспявалі ацяліцца. Мяса на святочным тыдні есці забаранялася, вось гэтыя стравы і станавіліся галоўнымі.

масленіца

Масленіца — адно з самых старажытных славянскіх свят. Пэўнай даты ў календары яно ніколі не мела: яго пачыналі святкаваць за восем тыдняў да Вялікадня. Велізарным плюсам гэтага свята было тое, што працягвалася яно цэлы тыдзень. Па адной з версій нашы продкі сталі адзначаць гэтае свята, каб ушанаваць бога Велеса, які заступаўся за хатніх жывёл. Паказальны і той факт, што царква практычна нічога не памяняла ў паганскім свяце. Старажытным абрадам проста надалі некаторыя рэлігійныя рысы.

Масла і сыр  —  вось абавязковыя атрыбуты свята. Акрамя таго, якая ж Масленіца без бліноў?

На масленічным тыдні бліны набывалі сапраўды каралеўскае значэнне — іх імкнуліся есці кожны дзень. Топленае масла, смятана, мёд, варэнне, рыба, ікра, капуста — кожны заварочваў у бліны ўсё, што яго душы заўгодна. Акрамя мяса, зразумела. Святочнаму тыдню далі яшчэ адну назву — мясапусты тыдзень. Таму бліны з мясам былі пад строгай забаронай.

У розных рэгіёнах Беларусі святкаваць Масленіцу пачыналі па-рознаму: нехта частаваўся блінамі з панядзелка, а нехта чакаў да чацвярга.

Кожны дзень святочнага тыдня быў асаблівым, патрабаваў пэўных дзеянняў. Напрыклад, панядзелак (яго яшчэ называлі «Сустрэча») лічыўся сімвалічным пачаткам Масленіцы. Менавіта тады рабілі пудзіла, якое ўвасабляла марозную зіму. Аўторак насіў назву «Зайгрыш»: з гэтага дня можна было пачынаць хадзіць у госці.

Пудзіла

Серада — «Ласунак» — заклікала печ яшчэ больш бліноў і запрашаць яшчэ больш гасцей. А яшчэ ў сераду прынята было наведваць цешчу, адсюль і пайшло знакамітае — «да цешчы на бліны». У той частцы краіны, дзе святкаваць пачыналі з чацвярга, «цешчыным» днём была пятніца. У чацвер, які называлі «шырокім» або «тоўстым» дагаджалі сваёй хатняй жывёле. Для іх нават спецыяльна пяклі бліны. Акрамя гэтага ў чацвер аб'язджалі маладых жарабцоў, гэты дзень лічыўся найбольш спрыяльным для такога занятку.

У некаторых раёнах чацвер быў днём бабуль-павітух. Дзеці, якія з іх дапамогай з'явіліся на свет, прыходзілі да іх у госці з пачастункам, а потым каталі на санках па вёсцы.

Бліны

Пятніца  — была часам, калі маладая сям'я наведвала родных нявесты. Калі зяць не прыязджаў у гэты дзень да цешчы — гэта была вялікая крыўда, якая магла стаць прычынай разладу двух сем'яў. У суботу наступалі «залоўчыны вячоркі». Усе хадзілі адно да аднаго ў госці, каталіся на канях, на санках.

Святкуем Масленіцу разам. Рэцэпт бліноў з прыпёкам ад Алены Браніславаўны

Нядзеля — апошні дзень масленічнага тыдня. У гэты дзень праводзілі зіму і сустракалі вясну. Кульмінацыяй свята было спаленне пудзіла Масленіцы — яно ўвасабляла сабой усё цёмнае і негатыўнае, што было ў жыцці людзей. Нядзеля праходзіла вельмі шумна, з песнямі і скокамі, з багатымі стравамі.

Лічылася, што трэба было сем разоў сесці за стол, бо наперадзе быў сямітыднёвы пост.

Другая назва апошняга дня Масленіцы — Даравальная нядзеля. У гэты дзень належыла прасіць прабачэнні ва ўсіх родных і блізкіх. Па традыцыі старшы ў сям'і павінен быў сесці пад абразамі і прачытаць малітву, а потым папрасіць прабачэння ў продкаў. Пасля гэтага ўсе дамачадцы прасілі ў яго прабачэння. Сканчаўся абрад тым, што бацька прасіў прабачэння ў кожнага прадстаўніка сям'і. У царкве ў гэты дзень святар у канцы службы таксама прасіў прабачэння — у сваіх вернікаў, а тыя адказвалі яму: «Бог даруе! Бог даруе! Бог даруе!»

Бліны

На Масленіцу існавала вялікая колькасць самых розных абрадаў. Нашы продкі лічылі, што працаваць днём на масленічным тыдні можна, але вось вечары — толькі для забаў. У гэты час усе хадзілі ў госці, у вёсках арганізоўваліся гульні, моладзь каталася на санках, арэлях, конях.

Адным з самых цікавых масленічных звычаяў, якія існавалі на нашай зямлі, было «цяганне калодак». Гэтаму выпрабаванню падвяргаліся маладыя хлопцы, якія доўга не жаніліся.

Ім на нагу прывязваўся кавалак бервяна — з ім яны павінны былі хадзіць па вёсцы. У некаторых рэгіёнах гэты кавалак бервяна цягалі жанчыны і прывязвалі яго першаму сустрэчнаму нежанатаму хлопцу. Той, хто не хацеў «цягаць калодкі», павінен быў адкупіцца грашыма або пачастункам. У іншых раёнах хлопцы, якіх прымусілі прымерыць «калодкі», павінны былі заходзіць у тыя дамы, дзе жылі незамужнія дзяўчыны і патрабаваць пачастунак. Калі хлопец з «калодкай» не спыняўся каля дома такой дзяўчыны, гэта лічылася непавагай да яе.

Бліны

Любілі на Масленіцу і гульні з перапрананнем. Вяскоўцы апраналі маскарадныя касцюмы і заходзілі ў чый-небудзь дом. Калі гаспадары марудзілі з пачастункам, то пачыналася спусташэнне дома — раскідваліся рэчы, перастаўляліся прадметы. Кожнага сустрэтага на вуліцы чалавека такая кампанія валіла ў гурбу і шаравала снегам шчокі і нос.

Сёння масленічныя традыцыі не такія маштабныя, але ўсё ж гэтае свята па-ранейшаму яркае, шумнае і вясёлае. Святкаванне Масленіцы заклікае прачнуцца пасля зімовай спячкі і прыгатавацца да новай вясны, а значыць і новага жыцця.

Папярэднія часткі казкі:

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 1 (казка) + аўдыё

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 2 (казка) + аўдыё

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 3 (казка) + аўдыё

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 4 (казка) + аўдыё

Як прынята праводзіць Масленічны тыдзень? Гісторыя і традыцыі свята

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася ў гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці. Да 10 класса вучылася ў Бешанкоўскай сярэдняй школе №1, у 2008 годзе паступіла ў Лужаснянскую школу-інтэрнат-гімназію для здольных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці на гуманітарны профіль. З 2010 па 2015 года з'яўлялася студэнткай Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітута. З'яўляючыся яшчэ студэнткай, пачала працаваць у Белтэлерадыёкампаніі на тэлеканале "Беларусь 3" рэдактарам аддзела падрыхтоўкі праграм да эфіру. Размеркаванне праходзіла ў холдынгу Выдавецкі дом "Звязда" ў газеце "Літаратура і мастацтва", дзе пасля засталася працаваць рэдактарам аддзела мастацтваў. Паралельна працавала на тэлеканалах "СТБ" і "РТР-Беларусь" рэдактарам інтэрнэт-дырэкцыі. З 2021 года з'яўляюся рэдактарам інтэрнэт-праекта «Рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік», дзе разам з штатнымі і пазаштатнымі аўтарамі мы імкнёмся паказаць унікальную культуру, традыцыі і побыт беларускага народа, не забываючы, вядома, пра здароўе.