20.02.2024
20.02.2024

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 2 (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


З таго трагічнага дня Аліса перамянілася нейкай асабліва разважлівай стала. Зразумела, што цудам засталася жыць. На жаль, сіратой.

Маленькая котка вынесла самае галоўнае – усведамленне сваёй значнасці як жывой істоты – гэта самыя важныя дні ў яе жыцці: дзень, калі з’явілася на свет, і дзень, калі зразумела, навошта.

Але жыццё працягвалася і з кожным новым днём для Алісы раскрываліся ўсё новыя гарызонты.

…«Што гэта за звярок?» – задала сама сабе пытанне і прыўстала, каб лепей разгледзець гэтага незнаёмца.

Котка Аліса

Звярок, ці-то не бачыў, ці прыняў котку за нейкі нерухомы прадмет, не звяртаў ніякай ўвагі, займаўся тым, што прыхарошваўся. Седзячы на задніх лапках, ён пярэднімі, як рукамі, прыгладжваў мокрую поўсць на галаве, на патыліцы, ачышчаў твар, шыю, грудзі і брушка ад водарасцей, якія прыліплі да цела.

«Во які акураціст!» – голасна прамовіла Аліса, забыўшыся пра бяспеку.

— Не акураціст, а чысцюля! – азваўся, здавалася негаваркі звярок.

– Я – Андатра, - зморшчылася і пазяхнула. А цябе як клічуць?

–  Аліса! Я – хатняя кошка. Жыву ў добрых людзей.

—  Прыходзь сюды і ты гэтай парой! Я, напрыклад, заўсёды тут і на сонейку адпачываю, мыюся.

—  Дамовіліся! Толькі пакуль, мне здаецца, я заблудзілася.

— Прабач, Аліса, але я табе тут не памочніца, — адказала Андатра і працягвала свае водныя працэдуры – мылася амаль як чалавек.

Толькі Аліса хацела штосьці прамовіць на развітанне, але Андатра ў адно імгненне слізганула ў ваду.

У паветры пачуўся ціхі ўсплёск. Па вадзе разышліся шматлікія кругі.

Аліса зноў агледзелася. Здаецца, толькі што была на гаспадарскім участку і раптам – незнаёмая мясціна. Аліса спужалася і пачала жаласліва мяўкаць. Яна імкнулася шукаць свой новы ласкавы дом. Усюды абгледзела — і пад кустамі агрэсту ды чорнай парэчкі. Усё было дарэмна. Усё быццам знікла. Кацянятка забілася пад вялікі куст і заснула.

Браліся прыцемкі. Хацелася есці, але нічога не заставалася як затаіцца на месцы і пераначаваць. Тым больш, што месца ўжо абжытае.

…У тую раніцу над ракою было высокае, бясхмарнае неба. Над рачной стужкай, над лугамі абапал ракі ні клубочка,  ні каснічка-палоскі туману. І хоць яшчэ сонца не выкацілася з-за лесу, а ўсё было відаць, як у дзень. Відаць былі і два чалавекі ў вялікіх гумовых ботах, якія непадалёку закідвалі свае вуды: адзін – з абрывістага берага, другі, сышоўшы да самай вады.

Кошка ціхенька адпаўзла воддаль ад людзей. Прытаілася.

У вадзяным люстэрку плаваў увесь Сусвет. І нават Аліса, якая соладка пазяхала. Вырашыла абследаваць прыбярэжныя кусты: раптам што-небудзь трапіцца на зуб. Яшчэ ўчора ежа сама па сабе з’яўлялася ў яе сподачку, а сёння патрэбна самой старацца. У пошуках яна наткнулася на штосьці слізкае, халоднае і жывое.

— Вой! – Аліса нават падскочыла ад нечаканасці, уставіўшыся на зялёную купінку з вачыма навыкат. – Ты хто?

— Ква! – адказала Жабка.

— Як цябе зваць?

— Ква! -паўтарыла.

Вельмі цікава! – не адставала Аліса. – Хаця б Зялёнка ці Вірлавочка якая. Ква. Што за імя?

— Цудоўнае імя – Ква! – жабка надулася, як паветраны шар. – Нічога дзіўнага, наадварот – лёгкае, як ранішняе паветра! А ты хто такі лахматы, ква-ква?

Жабка Ква

— Я – кошка Аліса! І зусім не лахматая, гэта мой паўсядзённы мяккі кажушок.

— Во гэта дык дзіва: у кажусе – сярод лета! Ква-ква-ква! Я памру са смеху. Косці твае расплавяцца ад спякоты! – ква-ква-ква.

— Дарма ты рагочаш. А мне і не зімна ні зімой, ні … летам. Калі й каму зімна бывае, дык мусіць табе першай, мяў!

— Я прымаю сонечныя і вадзяныя працэдуры круглы год, ква-ква. – Зімою  маржую пад ільдом, а як цяпельца вяртаецца, ажываю і я, - ква-ква. Пачакай, пачакай, – прамовіла жабка Ква, уставіўшыся на вялікую сінюю муху, якая прытамілася і села на лісток трыпутніку адпачыць. Але праз адно імгненне Ква схапіла муху доўгім ліпкім языком і закрыла свой шырокі рот. Нават не жуючы, праглынула. І ўсміхнулася:

— М-м-м! – ква-ква!

— І я хачу малака! Як дадому дабрацца, падкажы, – не вытрымала Аліса.

— О-о-о! Гэта няпроста! – з ухмылкай прамовіла Ква.

— Чаму гэта? Мне толькі кірунак пакажы! Далей ужо неяк выйду з гэтых джунгляў, – упрошвала кацянятка.

— Мілае кацянятка! У прыродзе не так проста, як ты думаеш! Тут усё збалансавана, ква-ква. Вось пакажы свой спрыт і налаві мне, вунь такіх як той, што ля цябе, зялёных конікаў. Падсілкуюся, тады і выведу цябе на сцежку,  ква-ква.

Рыжая котка

Аліса на радасцях пачала ганяцца за палявымі конікамі. Толькі да каторага падскочыць, той адразу як скочыць пад самыя нябёсы, толькі і бачылі яго крылцы-прапелеры. Аліса супыніцца, адсапнецца хвіліну-другую і зноўку да сваёй ахвяры крадзецца. Цяпер ужо больш вопытна, далікатна ступае, а то і зусім замірае на месцы. І нечакана – цап! І вялікі зялёны конік – у яе лапках.

— Вось, калі ласка, Ква! – усміхаецца котка і падае коніка.

— Во, а казала нічога не ўмееш! Давай яшчэ ўпалюй.

Толькі Аліса адышлася да дрэўца, каб прыгледзецца, а можа дзе побач конік адпачывае. А тут неспадзявана Дзяцел вышмыгнуў з дупла, пераляцеў на суседнюю сасну. Паправіў дзюбкаю пёркі, паскроб лапкай ля галавы,  увішна замахаў, застукаў па сухадрэвіне хвоі вострай дзюбкаю. «Тук-тук-тук», — пачуўся мерны стук. А недзе побач чулася прыгожая песня жаўрука.

— Якая прыемная ціхая музыка! – сцішыла хаду кошка. Мелодыя нагадала яе маленькую гаспадыньку Міланку, якая кранальна грала на скрыпачцы. Гэта яшчэ больш заахвоціла котку быць увішнай і ўпаляваць тых конікаў, каб задаволіць апетыт той зялёнай вірлавокай абжоры.

Побач ідзе сваё жыццё. Некуды спяшаецца вусаты Жук. Уверх па сцяблінцы паўзе Божая Кароўка. Нястомна працуюць Мурашкі.

Рыжы кот

І толькі зрабіла колькі крокаў, як непадалёку на высокай галінцы конскага шчаўя заўважыла цэлы статак зялёных конікаў. Сцішылася, легла і падпаўзла на адлегласці выцягнутай лапкі: Цап! – абедзьве яе лапкі  былі напоўнены саранчой.

— Вось, сяброўка Ква – адкрывай свой рот! Прымай сваю смакату! – казала Аліса і выпускала ў шырачэзную пашчу жабы ўпаляваных конікаў.

— Вось дык смаката! – крактала Ква, і прасіла закінуць усіх папрыгунчыкаў да аднаго.

— Калі ласка, адкрывай сваю сячкарню!

Толькі хруст раздаваўся па навакколлі, як жабіны сківіцы перамолвалі саранчу.

— Вось дык уважыла! Дзякуй, Аліса! – чамкала, усё яшчэ перажоўваючы дармавую спажыву. – А цяпер слухай:  дакраніся да маёй гладкай і прыгожай спіны. Затым адыдзіся на пяць крокаў управа і скажы: «Чароўныя лебедзі, аднясіце мяне дадому!»

Аліса так і зрабіла. Ураз з’явіліся перад Алісай дзве прыгожыя і грацыёзныя белыя птушкі. Адна з іх падсабіла котцы ўскараскацца на спіну другога лебедзя, і панеслі Белыя Віцязі той камячок.

— Я карміла саму Жабу-чараўніцу! Вось дык справы! Вось дык нечаканае знаёмства! – разважала ў палёце Аліса. – Менавіта гэтае знаёмства калі-небудзь яшчэ спатрэбіцца, – мяў. Як цудоўна ляцець, – мяў, мяў!

Кот

Толькі ссадзілі малую котку Чароўныя Лебедзі на панадворак, як збеглася ўся яе прыёмная сям’я. Першай падбегла Міланка і падхапіла сваю гадаванку на рукі.

— Прыйшла, мая ты прыгажуня!

— Не прыйшла, а мяне прынеслі два Белыя Віцязі! – горда і ўпэўнена адказала Аліса. — Сёння я пазнаёмілася з многімі насельнікамі наваколля! З неаторымі нават пасябравала, —  мяў-мяў!

— Бачылі, бачылі тых прыгажуноў! Але мы ўжо пачалі хвалявацца за цябе! —  казаў строга Гаспадар.  І давай дамовімся, іншым разам папярэджвай куды адлучаешся. Мы ўжо не ведалі дзе й шукаць цябе!

— Прабачце, калі ласка! Абяцаю, – мяў-ў! Котка абыходзіла кожнага з сям’і, церлася бакамі і распушаным хвастом, дабрэючы ад радасці. І ля кожнага абавязковае мурлыкала нібы прасіла прабачэння.

Міланка глянула на маму і, ледзь не праслязілася, а на яе згодны ківок галавы крутанулася і зараз жа прынесла сподачак са свежым малаком.

— Частуйся, наша разумніца! Відаць добра прагаладалася, га? – пыталася дзяўчынка.

Котка хлябтала малако і думала пра адно: «Як добра тут! А з якой галечы пачыналася маё жыццё! Колькі розных дзівосаў напаткала мяне! Добра, калі пераносіш у рэальнасць самыя смелыя патаемныя жаданні. Вось напрыклад, усе мае сённяшнія гаспадары-сямейнікі – дзіўныя людзі. Калі сам Гаспадар, які мяне падабраў, робіць мне заўвагу, не лютуе, а ласкава ўсміхаецца. Ведаю нават, што і ён пры сваім мужчынскім клопаце  у любы момант можа ўзяць мяне на рукі. Я ўжо не кажу пра яго дзяцей, якія не толькі гладзяць мяне па спінцы і ласкава ўсміхаюцца, а імкнуцца даўжэй утрымаць мяне на каленях, а дзяўчынкі нават цалуюць маю мордачку. Ну і я стараюся адказаць сваёй ласкаю, аблізваючы іх тварыкі і рукі. А каму ж мне дзякаваць за такое заможнае жыццё? Канешне ж ім, маім дзіўным людзям – мяў!» —разважала з асалодай котка.

Аліса была настолькі задаволеная ўсім, што заўжды, нават пры сваім памяркоўным характары, думала, каб нікога не пакрыўдзіць.

— Дзякуй! Вельмі смачнае малачко, мя-я-я-ў-ў!

— На здароўе! – быццам згаварыўшыся, усе разам адказалі. – Так, смачнае, таму што сваё.

— А там, на гарадскім сметніку часта сустракліся нейкія незнаёмыя аб’едкі-ласункі, фу, мяў! Усе елі, я таксама. А што рабіць? Хаця і салоныя, і гаркія, і праціўныя, – думала пра сябе Аліса

— Цяпер будзеш па-людску сталавацца! – казала Гаспадыня.

— Мя-я-ў! Мя-я-ў! Якія людзі! – зноў разважала Аліса. —Ці можна хаця б па дробязі іх крыўдзіць? Не, і яшчэ раз – не! Гэта зусім не цяжка, бо няма з кім спаборнічаць, альбо ладзіць разборкі тыпу «хто тут нашкодзіў?» – меркавала котка. – Калі што дзе і не так зраблю, вядома, што гэта мая памылка. Таму Аліса і не рабіла важны выгляд, а з ахвотаю адклікалася на кожны покліч сваіх добрых людзей!

Котка ўзняла галаву. На яе пазірала сем пар шчырых вачэй. Малое стварэнне ледзь бачна ўсміхнулася, разважала:  «Ну як ім без мяне? Такія ласкавыя, шчырыя! Хаця і я – мяк-к-ая, пр-рыгожая, грац-ц-ыёзная (во якое слоўца прыдумала!), му-у-драя не па гадах, - мур-р-р… Вось пасваволіла, а яны за гэта мяне заахвоцілі – накармілі, а зараз яшчэ і лашчаць.

«На сёння досыць чорных палос, - думала - аналізавала Аліса. – Ой-ой! Як сорамна! Збірала і ела аб’едкі… А цяпер – як каралеўна! Найперш  як след памыюся, адпачну і буду рыхтавацца да сваіх звыклых каціных спраў – падтрымліваць санітарны стан у гаспадарскіх пабудовах. Ніводная зярнятка ці гародніна не павінны быць збэшчаны шэрымі грызунамі.  Гэта мой галоўны абавязак!»,  —падумала Аліса і пайшла ў гаспадарсія паветкі.

Тут прайшоў невялікі дожджык, але хутка скончыўся. І на небе з’явілася зыркае сонца. Яго святло разлілося па наваколлі, нарадзілася рознакаляровая, вялізная і шырокая дуга вясёлкі. І вось за гэтай велічнай вясёлкай паволі з’явілася другая, больш цьмяная, потым трэцяя, чацьвёртая, пятая, ледзь бачная.

Кацяняты

З кожным днём усё лепш і лепш жылося Алісе. Жыла ў міласці і ласцы. Штодзень сям’я збіралася разам і чыталі і расказвалі казкі, наладжвалі свой тэатр. На ўласных прыкладах, тактоўна, без прынукі паказвалі правілы ветлівасці і добрага тону, далучалі Алісу да асноў жыццядзейнасці. Аліса, якая з маленства перажыла халодную і галодную няшчыміцу, таксама станавілася вясёлай і задаволенай, але і больш сур’ёзнай, і разважлівай. І цяпер ужо сама здольная была вучыць розуму іншых.

Неяк паналадзіліся на падворак суседскія кацяняты. Ды столькі іх, што не злічыць. Як ні стараліся забараніць недазволены пераход памежжа, не атрымлівалася. Крычаць, як рэзаныя, б’юцца як не да крыві адно з адным, брыдкасловяць…

Кацяня

А якое ж выхаванне ў тых перабежчыкаў? Маці дзень пры дні стараецца для дзяцей спажыву раздабыць. Увесь цяжар лёг на яе плечы адной маці, якая стала адзінай карміцелькай і выхавальнікам сваіх хутка падрастаючых дзетак. Вось і пайшло ў сям’і ўсё наперакасяк. А малым што трэба ведаць,  акрамя ежы! Вось яны і лезлі куды заўгодна. Суседзі назіралі, упрошвалі, папярэджвалі… Усё дарэмна. Тады Аліса ўздыхнула і першай  звярнулася да гаспадара з просьбай …

А з якой просьбай Аліса звярнулася, мой дружа, даведаешся ў наступны раз.

Першую частку прачытаць і паслухаць можна тут

Жырафа і чарніцы (казка)+аўдыё

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».