Ні ў казцы бавіць, ні пяром апісаць, як гэта прыкра, калі якое-небудзь кацянятка зусім нявыхаванае. А яшчэ вельмі злое і нястрыманае, як наш вучань Пірат.
Ды вось, што здарылася.
На вялікім перапынку, калі ўсе збіраліся ў сталоўку, браты-блізняты выдатнікі вучобы Вугельчык і Попел, тыя, што разам з бацькамі прыйшлі з кветкамі на першы званок, памятаеш? Ды вось яны кінуліся да Вадаграя. Нястрыманы ў паводзінах, лянівы да вучобы і вельмі зайздросны Пірат прыдумаў, быццам самы вясёлы паштальён аб’яву такую зрабіў: «Усе выдатнікі, хто хоча быць залічаны ў атрад астранаўтаў па праграме NASA павінны падмацаваць загаданыя жаданні чароўнай вадою з Вадаграя».
— І што ўжо тут кепскага? – мя-я-ў-ў-ў, – не вытрымаў Пірат, — Падумаеш, прабегліся па свежым паветры! І на рознакаляровую вясёлку з пырскаў паглядзелі, і карасікаў, напэўна на абед спаймалі. Мне падалося… – не дагаварыўшы, засмяяўся чорны жэўжык. І клас дружна падхапіў яго рогат.
— А калі табе здалося, то паспрабуй тыцнуць сабе лапай у вока. Калі выява раздвайваецца, значыць праўда тое, што табе бачыцца, а не здань! – мя-я-ў-ў! - параіў сябру рахманы Марс.
— Адкажы пры ўсіх, Марс: «Вось цябе калі-небудзь збівала машына?» – Пірат зноў падаў свой голас.
— Ды аддам я табе доўг, слова гонару, аддам! Усяго якіх паўсотні напаўдохлых мышэй, – адказаў Марс.
— Мірыцца першаму, гэта не прыніжэнне, а лепшая рыса, – адзначыла кошка Муся. – Яе многія падтрымалі дружным: мя-я-я-ў-ў-ў!
— Малайцы! А цяпер усё, супакоіліся! Дык вось, Пірат не толькі абманіў сяброў. Па дарозе ўсім, хто сустракаўся, паказваў язык, і адымаў марозіва ў малых, – гаварыла Галоўная Настаўніца. – Адно малое заўпарцілася і не аддало сваё марозіва, дык ён адным узмахам нагі такое паскарэнне таму надаў, што дзікі піск чуўся за пяць, а мо й болей кіламетраў. Мала таго, дык гэта распуснае стварэнне вярнулася ў сталоўку і, быццам па просьбе Амура і Зефіра, забраў іх заахвочвальныя булачкі-смятаннікі. Яны ж – выдатнікі, і розумам сваім заслужылі дадатковае падсілкаванне!
— Мне таксама належыць узмоцнены паёк! – не змаўкаў Пірат. – Я пра ўсіх клапачуся, – мя-я-ў-ў!
— І ты свой узмоцнены паёк, лічы, ужо атрымаў. – Дзённік – на стол! Заўтра – бацькоў у школу! – сярдзіта абвясціла Галоўная Настаўніца. — І яшчэ нагадаю табе: калі з-за тваіх шкодных учынкаў Чароўная фея Калі ласка зляціць са школы, табе таксама ў нас не месца. Думай, дружок!
Нястрыманы Пірат супакоіўся, ведаў грозны бацькаў нораў і строгую маці. Але дзённік падаў і панурыўшы галаву, сеў за парту.
— Хто адкажа на пытанне: «Як і ў што бавіць час з сябрамі?» – прагучаў мяккі голас Настаўніцы.
— Мы, напрыклад, гуляем у хованкі! — першай падняла лапку Муся і, не чакаючы дазволу Настаўніцы, смела адказала. – Напачатку мы робім пералік усіх жадаючых і вызначаем таго, хто павінен вадзіць. Водзячы, якому завязваем вочы, павольна лічыць да дзесяці. Астатнія гульцы ў гэты час стараюцца схавацца. Але не надта далёка, а каб водзячы мог чуць іх галасы.
Як толькі водзячы моцна абвясціць: «Дзесяць!», кожны з гульцоў (увага!) абавязаны крыкнуць у адказ якое-небудзь ветлівае слова. Па жаданні: —Прывітанне! Усяго найлепшага! Ты самы (або самая) лепшы! Дзякуй за ласку!.. І водзячы па голасе павінен пазнаць і вызначыць, хто з гульцоў і дзе схаваўся. І калі ён не пазнае гульцоў з першага разу, мае права яшчэ двойчы паўтарыць:
— Дзесяць!
— Калі ўсё ж водзячы не распазнаў хаця б аднаго гульца, ён павінен вадзіць другі раз. А калі распазнаў усе галасы, водзіць той, каго пазналі першым.
— Цікава! – адзначыла галоўная настаўніца. – А хто іншы варыянт гэтае забавы ведае?
— Ну я ведаю, мя-я-ў-ў! – нехаця, як бы хто цягнуў яго за язык азваўся Пірат.
— Прасвяці, калі ласка!
— Нашыя ветлівыя жмуркі, напрыклад, заключаюцца ў лоўкасці спаймаць самага першаг гульца, каб ён быў памочнікам водзячага. Тады яны ўдвух працягваюць лавіць. Каго яны спаймаюць таксама становіцца іх памочнікам. І гэтак далей, пакуль не буць спайманы ўсе гульцы. Той, хто будзе спайманы апошнім, водзіць у наступны раз.
— А чым яшчэ можна займацца з сябрамі? Вугельчык, раскажы, як вы з братам займаеце вольны час, — прапанавала галоўная настаўніца.
— Мы з Попелам, — мя-я-ў-ў! – тры разы на тыдзень ходзім у бібліятэку. Там чытаем цікавыя кнігі, розныя энцыклапедыі. Калі сустракаем штосьці вельмі цікавае і загадкавае, выпісваем у асобныя сшыткі. Лічым, што ўсё гэта нам калі-небудзь спатрэбіцца. Можа, нават, у бліжэйшай перспектыве. Колькі ў гэтым свеце цікавага! А вось з невялікіх п’ес ставім пастаноўкі, распрацоўваем касцюмы. Тут і маляванне, і лепка з пластыліну, і клеім, і шыем, і розныя падзелкі – усё прыходзіцца асвойваць. Многае з таго, што назваў мы не ўмелі, але паступова навучыліся.
— Вось бачыце, прыклад для ўсіх! – падвяла вынік урока Галоўная Настаўніца. – На сёння хопіць! Заўтра мы працягнем урок ветлівасці. А зараз вашыя класныя кіраўнікі Мікалай, Лявонка і Грышка, а таксама іх памочніцы Настачка і Міланка адвядуць вас у сталоўку. Прашу прытрымлівацца правілаў паводзін. Смачна есці!
Празвінеў званок на ўрок. Пасля абеду клас палагаднеў, пацішэў. Некаторыя вучні нават вочкі заплюшчвалі, але ненадоўга, тут жа прахопліваліся. І як-бы нічога не адбылося, тут жа ўключаліся ў агульную работу.
Адкуль толькі што ўзялося? У адчыненыя вокны золатам пырснула Жар-птушка, а за ёю – Маленькая Прынцэса і, нарэшце са сваім прапелерам за спінай і, што зусім незвычайна, у шапцы каўбоя - Карлсан.
— Нарэшце мы тут! – горда прамовіла Жар-птушка.
— Добры дзень! – разгублена нечаканым візітам гасцей адказала Галоўная Настаўніца.
Клас зашумеў-замяўкаў, загрукатаў усімі сваімі лапамі настолькі гулка, быццам рота салдат страявы крок па брусчатцы чаканіла.
— Мы маем гонар паразмаўляць з вамі, паважаныя навучэнцы гэтай цудоўнай школы! – стоячы на падваконні, пачала Жар-птушка.
У класе зрабілася настолькі светла ад выпраменьвання кожнага пёрка чароўнай птушкі! Да рэзі ўваччу, што некаторыя пазакрывалі свае твары.
— Гэта так нечакана, а тым і цудоўна! Для нашых вучняў гэта вялікі гонар! – дрыжачым голасам прамовіла Галоўная Настаўніца. – Але, шаноўныя госці! Перш, чым зайсці да каго-небудзь у жытло – дом, кватэру, нару, урэшце, трэба спытаць дазволу, пастукаўшы ў дзверы ці націснуўшы на званок. І толькі тады, увайшоўшы – абавязкова павітацца.
— Ах! Прабачце! – прамовіла Маленькая Прынцэса.
— І яшчэ, дазвольце вам нагадаць пра правілы добрага тону. Мы якраз сёння гэтую тэму вывучаем. Дык вось, зайшоўшы ў дом і павітаўшыся, што трэба зрабіць, Пірат?
— Зняць шапку і распрануцца.
— Малайчына, Пірат! Але асобам жаночага полу не абавязкова здымаць свой капялюшык.
Жар-птушка і Маленькая Прынцэса пераглянуліся, але ўсё ж такі паспяшаліся зняць свае капялюшыкі бо ў памяшканні стала моцна душна. У класе заззяла ўсё бляскам, хаця і гэта не замінала жэўжыку Карлсану залезці ў кніжную шафу, шукаючы варэнне. Ён і не чуў пра тое правіла ветлівасці, бо яму ўсё дазвалялася. Дазвалялася, але толькі да сённяшняга дня.
— А вам, нязваны госць, асобны напамін патрэбны! – прагучаў сталёвы і патрабавальны голас самога гаспадара, які на адлегласці аберагае і падтрымлівае дысцыпліну і парадак у школе.
— Паслухайце! – азваўся з антрэсоляў самага высокага кніжнага шкапчыка Карлсан. – Мяне нідзе так суха не прымалі! Ні варэння ў вас, ні пячэння! Ну як гэтыя вучні церпяць? Ці не голадам вы хочаце іх замарыць?
— Усё? А цяпер папрашу вас, шаноўны, - Гаспадар паказаў на акно. – На выхад! Але, пачакайце, пачакайце! Я у вас канфіскую паветраны транспарт.
— Цікава! Вы пераходзіце мяжу дазволенасці!
— Паслухайце, Карлсан! Вы праніклі на прыватную тэрыторыю пры дапамозе вось гэтага лятальнага апарата, так? Вось іменна! І я яго канфіскую, каб іншым разам не паўтарылася гэтая гісторыя...
Не паспеў гаспадар дагаварыць, як Карлсан ціснуў на кнопку свайго апарата і бясшумны прапелер вынес яго ў акно, ледзь не зачапіўшы залатое пёрка Жар-птушкі.
— Якая нявыхаванасць! – абурыўся Гаспадар.
Клас на нейкі час запішчэў, затупаў, а пасля і замяўкаў вясёлым смехам. Таксама нечакана сціх, вярнуўшы сваю Галоўную Настаўніцу да тэмы ўрока.
— Нэлі Іванаўна, а вось скажыце, — набіраў станоўчыя балы ўсё той жа Пірат, — хто абавязаны дапамагчы распрануцца даме: гаспадар ці кавалер, з якім яна прыйшла на госці? Мой, напрыклад, бацька нават падказвае гаспадару распрануць яго жонку, маю маці. Сам распранаецца і адразу да стала крочыць…
— Няўжо? Гэта няправільна! – здзівілася настаўніца. – Канешне ж, кавалер павінен дапамагчы! Як і крэсла да стала падсунуць.
— Во як! А я думаў, што ён такі галантны. Аказваецца, не! – заключыў Пірат. І, апусціўшы галаву, моўчкі сеў за парту.
— Запомніце, калі ласка, яшчэ адно правіла: у гасцях нельга ўсчынаць гвалт, скакаць і нават размаўляць усім адначасова. Як і не сварыцца, не зневажаць як знаёмцаў, так і незнаёмых гасцей, а таксама біцца.
— Запомнілі! – дружна адказаў каціны клас.
— А цяпер, калі ласка, слова нашым нязваным гасцям – Жар-птушцы і Маленькай Прынцэсе.
— Прабачце нас яшчэ раз, калі ласка! – пачала казаць Жар-птушка. – Гэта я не стрымалася, каб хутчэй давесці да вашых вучняў чарговае правіла з азбукі ветлівасці, таму так нечакана атрымалася.
— Слухаем вас!
— Толькі што мы з маёй Маленькай Прынцэсай, якая у мяне стажыроўку праходзіць, назіралі за адной непрыстойнай карцінай. Выбягаюць з пад’езда, з’язджаючы на парэнчах, каля дзясятка малых, але дужа жвавых кацянятак. Збіваюць на сваім шляху старую кошку, што мыла лесвічную пляцоўку, а яшчэ зносяць ўваходныя дзверы. І пад дзікі піск нясуцца насустрач маладой кампаніі. І з той кампаніяй таксама не размінаюцца. Усчынаецца бойка. Уяўляеце: поўсць, кроў… Мы, канешне, спынілі тую валтузню: выклікалі хуткую дапамогу, і міліцыю таксама. Разам з тым вырашылі аб усім паведаміць вашым шкалярам, каб такога дзікунства не паўтарылася. Тым больш, каб яны не былі сярод галоўных “герояў”.
— Дзякуй! І правільна зрабілі! – А мы зараз разбяром гэты ўчынак: як патрэбна весці сябе ў месцах агульнага карыстання. Першым да дошкі пойдзе Май.
Павольна ўстаў і выйшаў невялікага расту белы, пушысты каток. Узяў лапы ў бокі і пачаў свае развагі выкладваць: «Я лічу, што дзверы ламаць, як і другіх крыўдзіць не толькі непрыстойна і сорамна, а наогул нельга. За такія ўчынкі можна і ў асобным катушку пад замком, і на адной вадзе колькі сутак правесьці. Я за адну такую малечу летась адседзеў. Болей не хацеў бы паўтарыць. А што тычыцца з’язджаць на парэнчах – мой самы цікавы занятак…»
— Па-першае, ты прызнаў свой яшчэ адзін кепскі ўчынак, гэта добра, але не адказаў, хто павінен прыбіраць на лесвічнай пляцоўцы: старыя, альбо маладзейшыя жыхары і каго першымі ў дзверы павінны прапускаць?
— Прыбіраць павінны маладзейшыя, калі ёсць магчымасць. Першымі ж у дзверы павінны праходзіць асобы жаночага пола, — нехаця прагундосіў у нос Май. – Прапускаеш якую наперад, а яна пасля ранцам яшчэ аддзячыць. Гэта як, скажыце! Сравядліва?
Клас рассмяяўся, запішчэў, засвістаў. «Май, і не забудзься ў такім выпадку яшчэ і прабачэння папрасіць! І дзякуй сказаць! А яшчэ старайся такіх абыходзіць ззаду, як аўтобус і тралейбус, а вось некаторых – спераду, як адпачываючы трамвай» – рагатаў клас.
— Вось і разабраліся! – падвяла вынік ўрока цярплівая і спагадлівая Галоўная Настаўніца. – А вам, шаноўная Жар-птушка і Маленькая Прынцэса, нашая ўдзячнасць, что паведамілі пра здарэня і дапамаглі разабрацца ў гэтым правапарушэнні.
Папярэднія часткі казкі:
Аліса і неверагодныя забавы. Частка 1 (казка) + аўдыё
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by