19.08.2021
19.08.2021

Пікселі для кроснаў, альбо Традыцыі ткацтва ў сучасным інтэр’еры

logo
Адметнасць беларусаў
0 54
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Кросны падобныя да камп’ютара: малюнак ствараецца па пікселях. Нітачка – раз, нітачка – два, перакрыжаванне – вось і гатовы маленькі піксель… Як нараджаюцца сучасныя творы ткацкага мастацтва і як яны знаходзяць сваё месца ў інтэр’еры і трэндах адзення, нашаму карэспандэнту распавяла выкладчык ткацтва ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў Святлана Еўдакіменка.

Ткацтва. Святлана Еўдакіменка і яе работы.

Наша гераіня ўпэўненая, што знайсці сваё прызначэнне ёй пашанцавала: вучылася ў школе з мастацкім накірункам, якая потым стала мастацкім ліцэем. Туды ж атрымала размеркаванне на працу пасля магістратуры Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў. «Атрымліваецца, што я ўсё жыццё ў гэтым каледжы, толькі статус змяняўся, – усміхаецца Святлана. – І з ткацтвам я ўпершыню сутыкнулася менавіта там».

«Не ведаю лепшага занятку»

У каледжы пэўны час выкладала Вера Іванаўна Селівончык. Пра такіх людзей кажуць: як каменьчык кідаецца на ваду і кругі разыходзяцца, так і яна. Людзі такога кшталту – гэта людзі ўплыву. Яны займаюцца чымсьці самі і захапляюць іншых, а тыя перадаюць сваё захапленне далей. Вера Іванаўна працавала ў Акадэміі навук, ездзіла ў экспедыцыі, збірала матэрыялы, і пачала праз гурткі ўводзіць моду на ткацтва паясоў у гарадскім асяроддзі.

Адзін з такіх гурткоў дзейнічаў у каледжы мастацтваў. Паралельна Вера Іванаўна кіравала аднаўленнем праваслаўных храмаў, стала манахіняй. А гурткоўцы рэальна захапіліся ткацтвам і вельмі перажывалі, што іх выкладчыца перастане праводзіць заняткі. Усе разам упрасілі яе, каб давяла той год.

Падчас вучобы ва ўніверсітэце гераіні гэтага аповеду давялося працаваць у розных майстэрнях – студэнты знаёміліся з керамікай, саломапляценнем, з рознымі відамі прыкладнога мастацтва. А пасля трэцяга курса трэба было выбіраць спецыялізацыю.

Ткацтва. Святлана Еўдакіменка і яе захапленне.

«І тады я зразумела, што ткацтва – гэта маё. З таго часу займалася ў жыцці розным, але не ведаю лепшага занятку, чым ткацтва. Нават калі фізічна цяжка – спіна баліць ад доўгага сядзення за кроснамі, рукі адвальваюцца, ногі зацякаюць, усё роўна люблю!» – усміхаецца Святлана.

Кросны і сучаснасць: асобна ці разам?

На пытанне, ці ёсць месца традыцыям продкаў у сённяшнім жыцці, субяседніца адказвае адразу і катэгарычна: «Мяне раздражняе падыход, калі народнае мастацтва зводзіцца да патрэбаў сувенірных рэчаў. А каб яно было інтэгравана і з’яўлялася часткай жыцця, трэба пераводзіць традыцыйныя рэчы на сучасную мову. І я бачу гэта сёння: ёсць густоўныя рэчы, але яны не ў сувенірных крамах. Гэта аўтарскія работы мастакоў».

Напачатку, шукаючы напрамак працы, маладая ткачыха звярнула ўвагу, што шматлікія народныя калектывы выкарыстоўваюць сцэнічныя касцюмы ў традыцыях народных строяў. Ад іх бываюць вялікія заказы, ёсць попыт.

Але зрабілася зразумелым, што ў гэтую нішу трапіць складана, яна добра развіваецца. Лепей заняцца тым, чаго не стае. А не хапала менавіта рэчаў інтэр’ерных: абрусы, посцілкі, ходнікі на падлогу, рассоўныя шторы для заніравання памяшкання… Як некалі ў традыцыйнай хаце, так і ў сучасным інтэр’еры іх функцыя не змяняецца.

Ткацтва. Святлана Еўдакіменка і тканыя рэчы.

Сярод модных стыляў інтэр’еру ёсць некалькі, дзе ўсё вельмі лаканічна і пры гэтым абавязковы акцэнт – прысутнасць твораў мастацтва. У такія інтэр’еры арганічна ўпісваюцца як экзатычныя, так і народныя рэчы. Зараз гэтая стылістыка папулярная і ў Беларусі.

Кожным рукам – свой занятак

Аказваецца, кросны – як камп’ютар. Бо малюнак ствараецца па пікселях. Адна нітачка, другая, перакрыжаванне – гэта адзін маленькі піксель. Навучэнцы каледжу вывучаюць такія прадметы, як работа ў матэрыяле, тэхналогія матэрыялу. І ў межах гэтай праграмы засвойваюць на першым курсе кераміку, а на другім тэкстыль (батык, валянне альбо ткацтва).  Батык апошнім часам быў вельмі папулярны, але зараз цікавасць да яго ідзе на спад. Цяпер першынство ўсё яшчэ трымае валянне.

Але мода модай, а каб асвоіць тое ці іншае рамяство, аднаго жадання мала. Суразмоўца ўзгадвае, як спрабавала асіліць валянне, але аказалася, што ў яе… слабыя рукі! Было балюча суставам, і змагла займацца толькі сухім валяннем, дзе трэба іголачкай тыцкаць. Скатваць не атрымлівалася...

Сухое валянне.

Па прычыне слабых рук і кераміка не падышла.

А ткацтва – проста немагчыма спыніцца! Можна бясконца любавацца, як ідзе перапляценне, як ніткі кладуцца ўверх-уніз. Патрэбная каардынацыя рухаў, бо задзейнічаныя ўсе часткі цела. Пад нагамі педалі – панажы, на іх націскаеш, да панажа падвязаны рамкі-рэмізы (калі гэта прамысловая версія, там стаяць металічныя пруткі) альбо ніты (народная версія: там натуральныя ніткі).

Сучасная замена – ніты сінтэтычныя, лаўсанавыя, але прынцып утварэння пяцелькі, у якую праводзіцца нітка асновы, той жа самы. Проста сінтэтычныя менш зношваюцца. А продкі нашы выкарыстоўвалі ільняныя. Адпаведна, сезон-два – і ўсё, трэба было вязаць іх нанова.

Любіш ткаць – любі і кросны запраўляць

Ад таго, як ніць асновы запраўленая ў ніты, залежыць, які будзе малюнак, перапляценне ў тканіне. Гэта вельмі напружаны працэс, трэба правільна патрапіць ніцямі асновы ў адтулінкі, а далей проста падвязваеш і перамотваеш, атрымліваецца кругавы рух. Калі націскаеш нагой, апускаецца пэўная рэміза (ніт) і ніці асновы раскрываюцца, як зеў. І вось у гэты зеў ставіш чаўнок, і ён хутка пралятае ад краю да краю...

Ткацтва. Праца з чаўнаком.

Якая б тэхніка ні была, а праклаўшы ўзорную нітку, трэба замацаваць звычайным утком, каб было шчыльнае перапляценне і тканіна не распаўзалася. Узорная – палатнозакрэпачная, узорная – палатнозакрэпачная...

Пра любімую справу Святлана распавядае з захапленнем: «Адзін раз падумала, які хочаш малюнак, разлічыла яго матэматычна, заправіла – і тчэш, пакуль не скончацца ніткі. Потым да іх падвязваеш новыя і працягваеш ткаць. Але працэс запраўкі досыць складаны. 70 % маруднай працы – запраўка, і 30 – задавальненне ад ткацтва».

Што тычыцца матэрыялаў, дык у народнай традыцыі гэта лён і воўна. На аснову маглі браць і льняную нітку, і ваўняную, у залежнасці ад таго, што ткалі. Зразумела, калі будзе ручнік ці вопратка, што прылягае да цела, дык ільняную, прычым яна магла быць рознай ступені вырабленасці.

На кроснах ёсць рухомая дэталь (называецца батан), там шчыльна ідуць пласціны (зуб бярдо). Паміж гэтымі зубамі запраўляюцца ніці. Шчыльнасць зубоў можа быць рознай, ад гэтага залежыць нумар бярда. 10 – значыць, у 1 см змяшчаецца 10 нітак, і нітачкі будуць вельмі шчыльна прыбівацца адна да адной. Дзясяткай ткуць танюткімі ніцямі далікатныя тканіны.

У пяцёрку запраўляюць ваўняныя ніткі і ткуць ваўнянымі. Атрымліваецца штосьці вельмі цёплае, напрыклад, верхняя хустка на зіму.

Ткацтва. Тканая хустка на зіму.

Добра атрымліваюцца снуды: часцей за ўсё на кроснах бярэцца шырыня 30 см. Трэба разлічыць па даўжыні, потым сшыць два бакі. Спачатку рэч каляная, але пасля першага прання мякчэе і робіцца вельмі прыемнай навобмацак.

Пра колеры і адценні

У кожнай майстрыхі свае любімыя ніткі. Святлана аддае перавагу слонімскім паўшарсцяным, бо там шмат адценняў. Іх жа раіць выкарыстоўваць на вышыўку: у адрозненне ад мулінэ, яны не скручваюцца, а паралеляцца, кладуцца роўным насцілам.

«Дзеці, калі толькі прыходзяць вучыцца, думаюць, што ткацтва чырвона-белае, як у бабулі на вёсцы ці ў музеі ручнікі, – распавядае ткачыха. – Але колер, нават адзін, можа быць розных адценняў. Чым фарбавалі раней? Карэннем, ягадамі.

Здарыўся год дажджлівы і пахмурны – ад карэньчыка адно адценне атрымліваецца. Другі год сонечны – колер іншы. Таму і ў сучасным ткацтве не прывязваемся да аднаго адцення, а бяром розныя, але каб спалучаліся. А далей дазваляем і шматколернасць».

Ткацтва. Каб колеры суадносіліся.

Дарэчы, ручнікі маюць традыцыйную кампазіцыйную прапорцыю канцоў 1:3 ці 1:5. Адваротны і вонкавы бок у ткацтве аднолькавыя. Толькі ў тэхніках, дзе ручны перабор, прысутнічае аднабаковы малюнак. А каб вызначыць якасць работы, у вышыўцы глядзяць на адваротны бок, а ў ткацтве – на якасць пруга (па-руску – «кромки»).

«…То на ўвесь бы свет адна наткала б я палатна»

Гераіню пушкінскай казкі Святлана добра разумее, бо сама ўсёй душой любіць сваё рамяство. Але адзначае, што мары казачнай дзяўчыны наўрад ці спраўдзіліся б. І вось чаму.

Дома ў нашай субяседніцы стаяць кросны вялікія, 1,5х1,5х1,5 м, яны не для кожнай работы зручныя. А мінулым годам давялося невялікія кросны на лета пазычыць. На іх за тры месяцы саткала восем работ (дагэтуль толькі адну работу за год пакрысе атрымлівалася зрабіць)...

Прачнулася а сёмай раніцы – і адразу за кросны. Колісь быў заказ на сем ці восем паясоў, яны зараз знаходзяцца ў нейкім музеі (мастачцы, якая адшывала строі, трэба былі паясы). На той час была ў гіпсе нага, з дому выйсці немагчыма. Вось і села ткаць.

Першы ткала тры-чатыры дні, а з апошнім, дзясятым (ператкала, каб даць на выбар) управілася за чатыры гадзіны. «Хуткасць набіраецца, калі займаешся гэтым пастаянна. Проста ў жыцці рэдка здараецца, каб ты працяглы час у гіпсе сядзеў дома. Звычайна нешта перашкаджае, розных спраў многа штодзень», – тлумачыць Святлана.

Вучні як пачынаюць, дык на першым занятку за паўтары гадзіны добра калі саткуць тры сантыметры. На другім – 10-15 см. Калі ткаць пару разоў на тыдзень, дык 10 см зробіш хвілін за 20. Далей яшчэ лепей. Такім чынам, вопытная майстрыха сатчэ абрус за тры дні, але гэта калі больш нічым не займацца. Таму лічыць, колькі часу трэба на тую ці іншую рэч, лепш не ў днях, а ў працоўных гадзінах.

Майстрыха прыгадвае: «Калі ткала дыпломную работу, а гэта вялікі аб’ём, дык кожны дзень была за кроснамі. І калі адпрацавала шэсць гадзін запар, тры дні не магла прымусіць сябе падыйсці да кроснаў – ператкала. Таму людзей, што ткуць з раніцы да вечара, не разумею, гэта вельмі цяжка эмацыянальна і фізічна. Я не магу так. Знайшла для сябе выйсце – 4 гадзіны з раніцы і 4 гадзіны ўвечары, якраз працоўны дзень. Тады атрымліваю задавальненне».

Сёлета ў Святланы прыгожая дата: 20 год педагагічнай дзейнасці. Па яе словах, ткацтва з 50-ці чалавек на курсе выбіраюць каля 15, з іх траціна будзе працаваць з захапленнем, траціна проста хоча з цікаўнасці паспрабаваць штосьці новае, астатніх трэба будзе лавіць па калідорах...

Ткуць і хлопцы, прычым у іх атрымліваецца лепей за дзяўчат. За кроснамі як за рулем машыны – задзейнічаны ўвесь арганізм, ногі, рукі, галава, трэба і думаць. А ў дзяўчат бываюць пытанні з каардынацыяй рухаў. Затое ў хлопцаў не ідзе вышыўка.

«На працягу жыцця ў мяне было рознае сутыкненне з кроснамі, – кажа Святлана. – Пабыць у музеі і не паспрабаваць паткаць не магу, заўсёды прашу. Іншы раз адмаўляюць, але гэта залежыць ад стану кроснаў і ад смеласці супрацоўнікаў.

Калі чалавек не ўмее карыстацца кроснамі, дык баіцца, што я нешта зламлю, а ён не зможа аднавіць. Але іншы раз я дапамагала адрамантаваць непрацоўныя кросны. Бывала, і звярталіся да мяне, цікавіліся, ці можна са старых дэталяў, што валяюцца пад страхой, на гарышчы, нешта зрабіць. Такім чынам два станкі былі мной прыстасаваныя. І на іх ткуць дагэтуль!»

Фота – Андрэй Васкрасенскі, Святлана Еўдакіменка і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 54

У журналістыцы з 1999 года. Любімая тэма – чалавек, яго лёс. Упэўнена: толькі той матэрыял будзе жыць, які прапушчаны аўтарам праз сэрца, прачулы да апошняй коскі. Сухія ж, шаблонныя артыкулы не затрымаюцца ў памяці чытача, не паўплываюць на яго светаўспрыманне... Вельмі люблю сваю працу. Але штораз, паказваючы герою матэрыялу гатовы нарыс, хвалююся, быццам здаю важны іспыт: ці здолела зберагчы-перадаць словамі тое самае, асабістае? Ці адгукаецца душа на радкі? Цвёрда перакананая, што «маленькіх» людзей не бывае. Веру ў закон сеяння і жніва.