09.04.2024
09.04.2024

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 7 (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Човен яшчэ знаходзіўся на плаву, але яго быццам хтосьці цягнуў на дно. Вада прыбывала і ён ужо зусім скасабочыўся.

– Палундра! – раздаўся голас капітана. – Выратавальныя жалеткі! Мы тонем!

Усе пачалі правяраць, апранутыя на сабе выратавальныя жалеткі. Грак хаваў бартавы журнал у спецыяльны чахол.

– SOS! SOS! – закрычала ўся каманда.

Страх і смутак ахінулі іх сэрцы, але не пазбавілі надзеі.

– О-о-ой! О-о-ой! – выдзяляўся голас Мілкі.

– Чэ-Чэ-Чэ! – застрыгаталі сарокі-белабокі.

– Увага! Дастаць вёслы! – аддала загад капітан. – Гэта наш паратунак: зробім плот і выратуемся..

Матросы ў адно імгненне кінуліся выконваць загад свайго капітана. Пірат нават ухапіў адно вясло, і забраўся на яго.  Нечакана наляцеўшы віхор зашумеў так, што закружыў усё наваколее – дрэвы, ваду, падарожнікаў.

Кацяняткі паспелі ўжо па-сапраўднаму напалохацца. І літаральна праз лічаныя хвіліны з боку ракі, у люстраной паверхні якой толькі што адбівалася блакітнасць неба, і ад гэтага здавалася яна бяздоннай,  дзіка завыў вецер наляцела чарговая хваля, што надзейна ўкрывала сабою ўсе тайны і скарбы гэтых месцаў. Зараз вырывала з карэнннем дрэвы і кідала як драўляныя трэскі. Рушыла ўсё скрозь – несла беды і пярэпалах усяму жывому.

– Які цудоўны абяцаўся дзень! – дзівіліся  яшчэ зранку падарожнікі. – Вось і вер пасля такога чырвонай раніцы! За цудоўным надвор’ем заўжды крочыць шторм, – разважала Аліса. – Хаця што пра гэта думаць, як і туман веерам разганяць. Хіба што на будучае ўрок. Адно вядома стала: не мора  топіць караблі, а вецер. Яшчэ невядома куды нас згоніць? Відаць, не збыцца маім марам пра адкрыццё новага вострава? І далей разважала: «Хаця б толькі выжыць і ўсёй камандай разам быць!  Я заўсёды веру ў лепшпе. Тады можна будзе пра тое і марыць÷.

А пакуль ідзем… на дно. А яно, дно  тое, нават не відно. Толькі навокал адна сінеча.  Не ведалі яны, што сіняя вада ў гэтым невялікім, нібы вочка, азярку не замярзае зімой. А чаму? Тады паслухай!

Мясцовыя жыхары расказвалі падарожнікам, што на яго месцы некалі стаяў замак. У тым замку жыў граф. У графа  была дачка. Граф хацеў аддаць яе за старога князя, а дачка не згаджалася. Любіла дзяўчына маладога конюха, які працаваў у яе бацькі.

Вось граф назначыў дзень заручын з князем, а дзяўчына тая дамовілася з конюхам уцячы. Пра тое ведала толькі служанка. Калі яны сабраліся збегчы, служанка раскрыла тайну – сказала маці. Сквапная маці пракляла іх, калі яны выехалі з замка. І апоўначы замак праваліўся – утварылася возера.

Гавораць, калі пачынаецца буран у наваколлі, тут асабліва небяспечна: усё стогне, а вада ў возеры не чарнее, як звычайна на іншых азёрах, рэках і акіянах, а сінее як у звычайны сонечны дзень, робіцца колеру палявога васілька.

А вось як наступае поўнач, на возера прылятаюць два чорныя лебедзі. Яны садзяцца на ваду і плаваюць па крузе. Але адзін да аднаго не могуць наблізіцца. Нават гарлачыкі і лілеі, што на азярным сінім люстэрку ад іх адварочваюцца, ціхенька пасмейваючыся.

– Не, не буду пакуль расказваць сваім гэтую легенду, – разважала Аліса. – Можа калі і давяду самым цікаўным – Зефіру з Марусяю. Ім будзе цікава ведаць, бо ў Марусі маці такая ж карыслівая.

І тут зноў разгулялася страшная бура. Дзіка завыў вецер. Усё аддалося на волю бушуючых хваль, паколькі  аказалася ў эпіцэнтры бурану. У белапенны вір за вёсламі паляцелі вясёлыя і мужныя чатырохлапыя падарожнікі. У адно імгненне ўсе аказаліся пад вадой.

Трывожнасць і разгубленасць адчулі падарожнікі. Нават самыя смелыя, хто умеў добра плаваць не змог вынырнуць з таго ненажэрлага віру: не ставала сіл, каб перавесці дыханне, а не тое, каб супрацьстаяць стыхіі.

У гэтыя хвіліны спакойнае возера па ўсёй справядлівасці магло мець назву  раз’юшанага.

Кацяняты

Нават калі былі б шлюпкі ці іншы выратавальны сродак – нішто не дапамагло б. Хвалі ішлі скразным патокам, як вялікія горы. Яны паглыналі ўсё на сваім шляху. І дарэмна было супраціўляцца, а тым больш змагацца, толькі знясільваць сябе і яшчэ больш угнявіць раз’юшанае возера.

Човен павольна чэрпаў  і набіраў вады. І ўсё ніжэй і ніжэй садзіўся, рыхтуючыся апусціцца на дно возера. Хутка схаваліся ключніцы. Вёслы спачатку заставаліся з чоўнам, але хутка вадзяны ціск адно за другім выціснуў на паверхню.

У падводным царстве

У падводным царстве

У Падводным Царстве жабак – сваё гаспадарства. Свае норавы, свае звычкі. Там толькі адзін перад адным выхваляюцца сваімі ўборамі і ўвішнасцю або ўладай. Гэта там, на зямлі, калі хатнія гадаванцы з дня на дзень на вачах, якіх толькі гісторый не нагледзішся, і ў якія толькі з імі не трапіш.

Тут – усё іначай. Як і ў тым аповедзе адной знаёмай Жабкі-чараўніцы, якую, будучы малым кацяняткам без прынукі і стомы Аліса падсілкоўвала. Гэта яна абяцала выйсце з любой жыццёвай сітуацыі.

І цяпер, ўбачыўшы на дне прыгожай, але злой азярыны вірлавокую жабу Аліса ўспомніла пра той выпадак і паплыла шукаць сваю каманду.

Напачатку яна кінулася да чаратоў, дзе гаспадарыла над гэтымі мясцінамі і ўпадала ў возера нешырокая, але паўнаводная рака. Яна разлівалася на вялікіх прасторах, сілкуючы прахалоднай і чыстай вадою вялікія і малыя затокі, а таксама азёры.

Аліса прыгледзелася: гэта былі прыгожыя мясціны. Рака агібала іх, як быццам бы хацела зазірнуць у кожны зацішны катушок гэтага Падводнага Царства. Пры гэтым яна надзейна ўкрывала ўсе скарбы і тайны гэтых мясцін.

Абышоўшы ўсе свае ўладанні рака мкнулася ўніз да сіняга мора. І, відаць,  дабегшы да яго, яна выплёсквала ўсе гэтыя тайны марскому цару.

Так Няптун, уладыка мораў, даведаўся пра існаванне  Падводнага Царства жабак, якое знаходзілася ў самым сэрцы плыні.

– Значыць, мне патрэбна плыць туды, – разважала Аліса. – Нырнула і буль-буль – паплыла. Як толькі аказалася побач з цудоўнай прыгажосці палацам, убачыла такое!

На чале гэтага падводнага царства стаіць Каралева Ква Першая, а вакол яе – адзін ля аднаго ахоўнікі вялікія ракі. Іх процьма. Побач стаяць яе матросы-кацяняткі з затануўшага  чоўна.

З-за чаратоў, дзе сядзелі купкаю матросы, можна было добра разгледзець каралеўскія ўбранства.

Каралева адрознівалася сваёю вялікай перламутрава-залатой каронаю ў выглядзе белай лілеі. Яна сядзела ў залатым крэсле з прыгожымі каралеўскімі вензелямі. Была апранута ў зялёную аксамітную мантыю з белымі карункамі на рукавах і каўнерыку. Але нават тыя шыкоўныя ўборы не маглі скрыць яе старэчы ўзрост. Хаця яе твар свяціўся веліччу і дабрынёй. Вялікі рот з  выпуклымі вачыма і шырокімі губамі быў злёгку прыадкрыты. Гэта надавала ёй нейкую асаблівую мілавіднасць і забаўнасць.

–  Глядзіце! Якая карона! – ледзь не крыкнуў ад радасці матрос Май. – Вось каб яна аказалася ў маіх руках!

– Ну і што б ты зрабіў? – пачуўся тонкі галасок Златы.

– Што, што? Прадаў бы! І набыў сапраўдную яхту. Вось дзе шык і раздолле! Там не толькі прысмакі розныя падаюць, але і танчыць можна, і бура не страшная …

–  Адставіць размовы! – пачуўся камандны голас капітана. – Не хапала нам яшчэ адной праблемы.

Алісе ж гэтая карцінка з Каралевай нагадала сваю знаёмую Жабку-чараўніцу Ква-ква.

Каралева была дужа адукаванай і, як ні дзіўна, усімі паважанай. Яна з усёй сваёй світай жыла ў вялікім падводным каралеўскім палацы. Палац той меў велічны і прыцягальны выгляд, які надавалі белыя перламутравыя ракавінкі. Паўднёвая сцяна Палаца, што выходзіла ў парк, акурат насупраць каманды «Вясёлых і смелых», была занавешана ізумрудна-зялёнымі водараслямі, што спадалі карункавай аблямоўкай.

Кожны вечар пакоі Палаца ажывалі вясёлымі галасамі гасцей і радаснай музыкай. Тут можна было сустрэць многіх жыхароў гэтага падводнага царства-гаспадарства: вунь чародка прыгажунь Краснапёрак. Яны вылучаліся на фоне іншых дам сваёй вытанчанасцю і тонкасцю густу.

– Як жа я іх люблю! – замурчэў і ледзь ужо не кінуўся на чародку плотак бухматы Базыль.

– Цыц! – на гэты раз Попел супакоіў сябра. – Дзве бочкі такой смакаты дзесьці аб бераг трэцца.

– Калі ўцалелі?!

– Уцалелі! Аліса бачыла, – падцвердзіў Попел. – Так што наперажэшся ад пуза.

Раптам ледзь не да іх падплылі два залатабокія карасі, аматары музыкі і паэзіі. Яны былі ў прыўзнятым настроі і аб нечым высокім размаўлялі. Матросы ўлавілі тыя гукі: гэта былі вершы. Іх дэкламаваў меншы залатабокі прыгажун і інтэлектуал. Старэйшы напяваў нейкую вясёлую мелодыю, пускаючы, нібы паветраныя балёнчыкі, бурбалкі.

Пасярод вечарыны ў танцавальнай зале з'явілася графіня Чарапаха. Яна была ў шыкоўнай вячэрняй сукенцы з шэра-серабрыстай парчы з мноствам фальбонак і высокім каўнерыкам.  А на галаве – красаваўся серабрысты капялюшык з белай лілеяй. Менавіта той капялюшык з лілеяй надаваў яе твару нейкую свежасць і какетства.  Ззаду графіні цягнуўся доўгі шлейф. Яна проста патанала ў тым строі. Графіня Чарапаха паволі, каб усе звярталі на яе ўвагу, рухалася па Палацу.

– Аліса, што я бачу! – Пірат паклікаў капітана.

– Ну і што ты ўбачыў?

– Белую Лілею!

– Бачу. Ну і што? У славян гэтая кветка калісьці ўваходзіла ў спіс чароўных траў.

– Так так. Наша Галоўная настаўніца таксама пра яе расказвала, - падцвердзіла Мілка. – Распавядала, што менавіта Белую Лілею  звалі адолень-травой. Лічылася, што яна здольная ахоўваць падарожнікаў, надзяляць іх сілай і аберагаць.

– Капітан Аліса, дазвольце ўзяць камандаванне на сябе! – звярнуўся Пірат да Алісы. – Я здабуду Белую Лілею і выведу каманду з Падводнага Царства. У поўным складзе.

– Давай выкладвай свой план!

– Напачатку мы ўсім складам выплываем з засады і які час падразнім іх ахову, адцягнем увагу, нібыта мяркуемся іх паланіць, каб самім  адняць у іх скарбы. Але нам тое золата не патрэбна, бо скарбы багатых ідуць у зямлю, таму што яны закляты. Памятаеце пра сквапнага пана? Самі ж нібыта забаўляемся, але трымаемся групы. Чарапаха за ўсім гэтым будзе з цікавасцю назіраць.

– Ну і што далей? – цікавілася Аліса.

– Тым часам я, – працягваў Пірат, –  нябачна падбіраюся да яе ззаду і, каб хаця б на якое імгненне адцягнуць яе ўвагу, кідаю ўзбоч некалькі перламутравых ракавінак. Яны запераліваюцца пры святле, заблішчаць. Чарапаха, як цікаўная істота, будзе ўглядацца ў тое месца, кумекаць адкуль, ды што такое? Я тым часам непрыкметна падплываю ззаду і далікатненька здымаю з яе капялюшыка чароўную Белую Лілею. Галоўнае ў нашай аперацыі – спрыт і нечаканасць.

– Дзейнічай!

– Ёсць, мой капітан! Прызначаю за старэйшага каманды матроса Базыля. Ён сочыць за кожным маім рухам. Па першым узмаху маёй лапы дружна, адзін за адным, вядзе за сабою каманду на ўсплыванне. Без затрымак! Прашу ўлічваць яшчэ адну небяспеку: непадалёку – жытло вадзяных пацукой, андатраў. Будзьце ўважлівымі!

– Усе зразумелі?

– Так! Усе! – заківалі галовамі чатырохлапыя матросы. І расплыліся ў розныя бакі.

Самым важным месцам ў Падводным Царстве лічылася кухня. Бо жыхары царства былі дужа пражорлівымі. Яны адтуль амаль не вылазілі: усё церліся, жавалі, трушчылі.

– Во якія абжоры! – казала статная Маруся. –  Мы самі клапоцімся пра харч для сябе і ўсёй сям’і.

– Глядзіце! Усім гэтым тут займаецца каралеўскі кухар Сом, - зазначыў Вугельчык. – Ён і сам любіць сыта паесці.

І тут жа, як па загаду, выходзіць тоўсты Сом у белым кухарскім каўпаку і ў доўгім і шырокім белым фартуху. На плаўніках – вялікія апалонікі. Ён важна ходзіць па сваіх уладаннях. Раптам раздаецца такі моцны яго крык, што прыводзіць у рух усё Каралеўства – паўзучае і плаваючае: усе спяшаюцца Сому дапамагчы.

– Злыдні! – крычаў кухар, і злосна махаў апалонікам.

– О, не-е! Не хацела б я быць сярод гэтых небарак, –  здзіўлялася Мілка.

– Сёння ўсіх астаўлю без абеду! –  злаваўся кухар Сом.

Яшчэ ён абяцаў ім паадрываць усё, што вонкі балтаецца: хвасты, вушы, клешні і вусы.

– Толькі ад стала адыйдуць як зноў цягнуцца, – крычаў Сом.

– Усім – гатоўнасць нумар адзін! – скамандаваў Пірат.

Ён  дачакаўся пакуль Каралева Ква Першая, не без помачы сваёй прыслугі, зрабіла шпацыр вакол сваёй абсады. Затым аддала такія-сякія распараджэнні, а сама пайшла ў каменную пячору і легла адпачываць на аксамітную падушачку, выцягнуўшыся на пярыны.

Тым часам падарожнікі-тапельцы распачалі свае сцэнарныя гульбы – забавы. Аліса, на ўсялякі выпадак, адплыла крыху воддаль і штосьці нашэптвала разумнаму гадзінніку, які быў у яе на левай лапцы. Відаць, яна звярталася да сваёй знаёмай жабкі-чараўніцы, якая абараняла ад злых варажбітак і чарадзеяў. Як толькі падплыла да сваіх, убачыла як Пірат забаўляў Чарапаху. Не мінула і хвіліны, як ужо Базыль узмахнуў лапай і першым пачаў усплываць на паверхню.

Кацяняты радуюцца новаму чоўну. Працяг падарожжа

Хутка на паверхні сіняга возера з’явіўся і Пірат. У левай лапе ёе трымаў Белую Лілею.

– Глядзіце, глядзіце! – звярнулася да сяброў заўжды добразычлівая Злата. – Там  у яго хвост … зусім маленькі.

І сапраўды, калі вясёлы Пірат выйшаў на бераг, усе ўбачылі, што хвост яго стаў зусім куртатым. І з яго ішла кроў.

– Як гэта здарылася, герой? – спытала Аліса.

– Па-першае, дакладваю: заданне выканана! Па-другое, вось, капітан,  трымай – тая самая чароўная Белая Лілея. Захоўвай! Гэта – наш абярэг у плаванні!

– Божа мой! – усклікнула Аліса. – Дык гэта ж  і маё самае вялікае жаданне!

– Ад свайго імя смеламу матросу Пірату, які рызыкуючы жыццём, бездакорна  выканаў баявое заданне, аб’яўляю Падзяку! З гэтага дня матрос Пірат атрымлівае ўзмоцнены паёк!

– Служу інтарэсам каманды!

– А здарылася тое зусім недарэчна! – пачаў аповед Пірат. – Я ўжо далекавата адплыў ад Чарапахі, як адкуль толькі ўзяўся той вярзіла! Іх было цэлае войска, але гэты Рак… Ён з’явіўся неспадзявана. З нейкай патаемнай нары ў чорным бархацістым камзоле гоніцца агромністы ахоўнік. Шчоўкае клешнямі,  пераследуе мяне.  Я – у бок і ён туды ж, я – угору і яго клешні там. І раптам чую: хрась!

– Ці забалела?

– Не больш за ўкус камара! Толькі цяпер без руля няёмка будзе плаваць. Ды ад мух бараніцца.

– Не хвалюйся, дружа! Мы цябе будзем аберагаць: і мух адганяць, на лодках і катамаранах катаць! – падтрымаў Базыль.

– На лодках – для душы. А вось набудзем рухавік і прыладзім на човен. Во гэта ўжо для экстрыму! Вжух! – і нас няма. І будзем разразаць вадзяныя прасторы! – каманда дружна загаманіла.

– З часам набудзем сапраўдную яхту і будзем кожнае лета  любавацца краявідамі, - ад імя каманды ўсур’ёз заявіла Злата.

– Ну, што, матросы, адпачнём, і будзем брацца  за новы човен, - як бы пытаючыся згоды і тым часам падцвярджальна казала валявая і разумная Аліса. – Прапаную прывал не больш за паўгадзіны: мы ж толькі што цудоўна адпачылі.

– Згода! Праз паўгадзіны прыступаем да працы!

Уся каманда лягла на зялёную траўку берага. Ніхто не палез у ваду. Адзін Грак уважліва разглядаў бартавы карабельны журнал і рабіў пэўныя запісы пра нечаканы буран, крушэнне чоўна і  выратаванне Піратам каманды з Падводнага Царства жабак.

– Глядзіце! – раптам ўскліквае Грак. – І паказвае на той бераг, дзе ляжала штосьці вялікае.

Вырашылі пацікавіцца. Пакуль матросы паплылі ў разведку, Аліса тым часам узяла ў рукі Белую Лілею, і пачала штосьці нашэптваць. А калі пачула радасныя галасы сваёй каманды, усцешаная схавала чароўную кветку пад камізэльку.

– Тут човен! Ур-р-аа! Капітан, чуеш? Новы човен! Ура-а-а-а! – дружна крычалі матросы.

– Ого! Плывіце сюды!

Рыба

Калі кацяняты прыгналі човен да берага, капітан Аліса яшчэ болей узрадавалася. Човен на сонцы блішчэў-іграў срэбнаю фарбаю. Яго вёслы з лёгкасплаўнога металу, нібы пушынкі ў дужых лапах матросаў, кідалі адну за другой жмені сонечнай вады, якая надавала асаблівую прывабнасць і грацыёзнасць судну.

– І рыба? Нашыя бочкі з рыбаю? – скакала ад радасці Аліса. – Цудоўна! Не трэба вышнарваць  у пошуку спажывы! Усё ж такі, правільным прынцыпам кіруюся: заўсёды верыць у лепшае. А ну, давайце адсвяткуем нашае выратаванне! Дзякуй маёй сяброўцы! Яна пачула нашае вялікае  жаданне і зрабіла нас шчаслівымі.

– Ура! Накрываем сталы! – запішчэлі, занасіліся матросы.

Адкрылі адну бочку і кожны прынёс рыбы столькі, колькі здолеў. Базыль скокнуў у лес і назбіраў поўны кашэль ламачча. Хутка развялі цяпельца, пачалі вячэру. Хто і ў прысак закопваў, каб запячы даўні дэлікатэс. Каторы ў смятанку макаў. Добра пад’еўшы, пачалі раду трымаць.

– А ведаеце тое, што спамеж нас больш, як спамеж іншых жывых істот, слаўных герояў выходзіць і розумам, і кемлівасцю, і смеласцю! І я вельмі шчаслівая, што трапіла ў такую каманду! – усё ніяк не магла саўладаць са сваімі эмоцыямі здавалася б валявая і патрабавальная, нават жорсткая  Аліса. – Так і перададзім сваім - Галоўнай Настаўніцы і Гаспадару, каб не шукалі прыхільнікаў толькі сярод людзей. Проста хай завядуць хатнюю жывёлу. Найлепш за ўсё ката. І клапоцяцца  пра яе.

– Капітан, ды выкінь ты з галавы гэтую меланхолію, - казалі яе памочнікі. – Кожны ведае: адной рукой вузла не завяжаш. Давай лепей абмяркуем што рабіць далей!

Кацяняты

– Згода.

І вырашылі, што падарожжа патрэбна працягваць. Мэта акрэслена і адхіляцца ад  яе нельга. Ісці – дык да канца, плысці – дык да берага. Гэта закон усіх падарожнікаў.

– Увага! Рухаемся наўпрост, - аддала каманду капітан. – Сёння возера, як і рака, што яго сілкуе, спакойныя і разважлівыя. Нават задуменныя і мудрыя.

– Ціха! Услухайцеся ў гэтую прыродную мілату! Птушкі навыперадкі заліваюцца спевамі, сонейка лашчыць усіх сваім цяплом і мы - ў цэнтры гэтай радасці! – адзначыла задуменная Мілка.

Яна пільна ўгладалася ўдалеч, прыслухоўвалася да наваколля, старалася ўсё запомніць, каб іншым расказваць. Мілка была вельмі прывабнай, як сонца, але свавольнага парыву, як чорны вецер. Гэта тут, у камандзе, дзе кожны навідавоку, яна стрыманая і даволі пачцівая. Хто ведаў пра тую праяву, разумелі і  падымаць сябра на смех непрыстойна. Тым больш, сябра, з якім быў і ў бядзе, і ў радасці.

Патрэбна марыць пра высокае! Яшчэ нейкі філосаф казаў, што няма нічога вышэй за зоркавае неба і маралі ўнутры сябе.

Нарэшце човен з камандай “Вясёлыя і  смелыя” прыплыў у мясціны, дзе ніхто з іх ніколі не быў. На кароткім прывале яны адразу ж кінуліся  даследваць наваколле. Калі падняліся на самую высокую гару ўбачылі  азёры – адно ля аднаго, лясы і рэкі. Наўкола, як і ў вачах, адна сінеча.

– Усяго тут налічваецца больш за паўсотні азёр! – павеламіла Аліса. – Самае вялікае ў нашай краіне – Нарач. Крыху вышэй знаходзіцца група Блакітных азёр. Іх - пятнаццаць, але таксама вядомыя. Тыя ж – Балдук, глыбіня якога 39 метраў, або возера кахання Глубелька ці Імшанец – самае шчолачнае.

– Як цікава! Гэта ж столькі цікавостак даведаемся!

Аліса

– А давайце паплывём далей! Хочацца як можна больш і даведацца, а яшчэ цікавей – сваімі вачыма пабачыць – прапанаваў Попел. – А то і мазгі прыстынуць, і  рукі адвыкнуць грэбсці.

– Па месцах! – скамандавала капітан. – Тут зусім побач.

Яны сквапна ўдыхалі свежае паветра, улаўлівалі незнаёмыя пахі, радаваліся і яснаму дню, і сонцу, і нават пырскам вады.

Крутыя берагі азёр густа параслі лесам, месцамі ўзвышаюцца над узроўнем вады вышэй за гарадскую шматпавярхоўку. Вакол – багаты і таямнічы раслінны свет. Ёсць і тыя расліны, што занесены ў Чырвоную кнігу.

– Ужо так і ёсць? – пачуўся чыйсьці тоненькі галасок.

– Так, ёсць! І нямала! Вунь – багун, расянка, меч-трава, - прыўставала з кармы чоўна Аліса і наўпрост паказвала на расліны-чырвонакніжнікі.

– Можа і золата тут ёсць?

– Канечне  ж ёсць! Толькі дакладна не даследавалі тую жылу, - жартавала Аліса.

– Чаму?

– Няма ахвотных. Вось каб ты ўзяўся за справу – уміг распрацаваў тое радовішча!

– Дык вось яно што! – усклікнуў Пірат. – Без мяне аніяк! І ўся каманда шчыра рассмяялася.

Наперадзе было многа розных азёр і рэк. Падарожжа падалося захапляльным і карысным нават для тых, хто у ім напачатку вельмі сумняваўся.

Вадзяное падарожжа заканчвалася. Човен торкнуўся носам у прыстань.

– Шчаслівае плаванне тое, што шчасліва заканчваецца, –  завяршыла капітан. –  Усім – дзякуй!

А на вуліцах Чароўнага горада ўрачыста, нібы першаадкрывальнікаў новай планеты, сустракалі чатырохлапых падарожнікаў.

Котка

Святочная вячэра расцягнулася на два дні. Усе жыхары Чароўнага горада радыя былі не толькі пра ўсе цікавосткі і здарэнні распытаць, але і паціснуць лапу кожнаму герою гэтай вадзяной экспедыцыі. Усе яны былі адной камандай: лагодныя  адзін да аднаго і дабрэйшыя да іншых.

Асаблівага гонару мелі капітан Аліса – аксамітныя вушкі і шаўковая поўсць і адважны Пірат.

Ну,вось і закончылася казачная гісторыя пра котку Алісу і яе сяброў.

І я, дзед Баюн, там быў. Мёд і квас салодкі піў. Весяліўся, не забыўся на ўсе маляўнічыя мясціны, дзе мы з вамі, мае юныя сябры, пабывалі. А было гэта  дзесьці між Смаргонню і Мядзелам – там, дзе безліч рэк ды азёр. Дзе адно вялікае возера злучаецца з беларускім морам.

Ну,вось і закончылася казачная гісторыя пра котку Алісу і яе сяброў.

Папярэднія часткі казачнай гісторыі коткі Алісы:

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 1 (казка) + аўдыё

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 2 (казка) + аўдыё

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 3 (казка) + аўдыё

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 4 (казка) + аўдыё

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 5 (казка) + аўдыё

Аліса і неверагодныя забавы. Частка 6 (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».
Глядзіце таксама