31.12.2022
31.12.2022

Як творы Ганны Сілівончык прыносяць радасць у жыццё людзей?

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Аўтар:
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі навагоднія святы ўваходзяць у дом, мы адчуваем, што жыццё пачынае змяняцца: хвалі чараўніцтва, цяпла і дабрыні накрываюць нас, мы ўпэўнены — усе лепшае наперадзе.

І гэта правільна. Чым больш загадаеш, тым больш спраўдзіцца. Але ж бывае так, калі святы заканчваюцца, становіцца неяк сумна. І тады трэба прадумаць, як падняць настрой, дзе знайсці пачуццё радасці. Мастачка Ганна Сілівончык адчувае радасць праз свае творы, і, дарэчы, глядач таксама ад яе твораў атрымлівае прыемную порцыю пазітыву. Таму, калі сумна, пачынайце разглядваць работы аўтара.

Ганна Сілівончык

Ганна Сілівончык належыць да ліку яскравых асобаў у асяроддзі маладых беларускіх жывапісцаў. Працуючы ў незвычайна самабытным аўтарскім стылі, мастачка стварае асаблівы свет, уласную сістэму вобразаў і значэнняў, сваю прастору сакральнага. Немагчыма быць абыякавым да яе герояў, у якіх закладзены самыя розныя якасці. Здаецца, што аўтар жадае парадаваць увесь свет, але ж па словах Ганны ўсе адбываецца зусім па-іншаму.

— Калі пішу карціны, я не задумваюся, як яна будзе ўздзейнічаць на гледача, ці атрымае ён ад іх эмоцыі. Я крыху эгаістычна падыходжу да справы і працую менавіта для сябе, — расказвае Ганна Сілівончык. — Мне важна выказаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі, перадаць уражанні ад рэчаіснасці ці нейкія разважанні. Калі гэта камусьці падабаецца, і чалавек адгукаецца, то для мяне гэта прыемны бонус. Усіх нас кранаюць адны і тыя ж рэчы. Усе мы замілоўваемся, калі бачым маленькага дзіцяці ці калі абдымаюцца пажылыя людзі. Я стараюся адлюстраваць у жывапісу менавіта дабро. І людзі, якія любяць жыццё, цэняць дабрыню, адгукаюцца на мае работы. Калі аўтар, перш за ўсё, думае пра гледача, з'яўляецца нейкая фальш. Мне здаецца досыць складана камусьці дагаджаць, ды і навошта. Калі ты на гэтым зацыклены, гэта адцягвае ад таго, каб зрабіць сапраўды годны твор. Творчасць павінна быць шчырай.

Аўтар працуе ў традыцыйнай тэхніцы алейнага жывапісу. Яе сюжэты нагадваюць адасобленую планету, на якую людзі адбіраюцца па пэўным крытэрам: твар павінен быць падыходзячы, камплекцыя, між іншым, таксама,  вочы каб былі добрыя. Насамрэч, мастачка нічога такога і не думае. Але з пункту гледжання гледача, адчуваеш, што ў яе творчасці існуюць пэўныя межы, за якія яна альбо не хоча выходзіць, альбо проста не бачыць іх.

Ганна Сілівончык. Творы

Заўсёды ўзнікае пытанне, адкуль у мастакоў знаходзіцца столькі сіл, наколькі ўсе залежыць ад натхнення. Ганна Сілівончык даволі-такі часта прадстаўляе свае творы як у зборных, так і ў асабістых праектах. І гэта не адны і ты я ж кампазіцыі,  а абсалютна новыя работы.

— Да працы прыступаю па-рознаму. Бывае, проста не хочацца нічога рабіць, але я сябе прымушаю, а потым апетыт прыходзіць падчас ежы, — дзеліцца мастачка. — Я не вельмі разумею, што такое натхненне. Звычайна мяне матывуюць да работы выстаўкі, розныя мастацкія праекты. Я хутка збіраюся, пачынаю генераваць ідэі, прадумваць, у якім колеры твор будзе выглядаць лепш, цікавей. І атрымліваю велізарнае задавальненне. Напэўна, хвалі натхнення з'яўляюцца ў мяне, калі толькі прыдумляю ідэю ці перад сном знаходзяцца цікавыя думкі і трэба бегчы нешта замаляваць, а то раніцай можна ўжо і не ўспомніць. А сам працэс працы будуецца механічна. У мяне няма раскладу. Атрымліваецца ўсё вельмі спантанна. Магу працаваць з раніцы да вечара, а магу і даць сабе адпачыць.

Ганна Сілівончы. Творы

Цікава, што творца сама сабе з’яўляецца і арганізатарам, і куратарам, і экспазітарам усіх праектаў. Ёй цікава самой прадумваць усё ад «А» да «Я». Ганна лічыць, што ніхто лепш за аўтара не адчуе, пад якім вуглом павінны вісець твор, як будзе будавацца канцэпцыя, які нават тэкст будзе прапісаны ў прэс-рэлізе. Мастачка кажа, што не ведае такога стану, калі ты не разумееш, чым сябе заняць, таму што жыццё кожны дзень дае столькі магчымасцяў, нават бывае шкада, што ў сутках толькі дваццаць чатыры гадзіны.

— Я хачу займацца многімі рэчамі. Паступова эвалюцыйным шляхам да мяне прыходзіць шмат жаданняў, — адзначае Ганна, — Напрыклад, мне цікава займацца мультыплікацыяй або кніжнай ілюстрацыяй. Жывапіс я таксама вельмі люблю, на гэта паўплывала мая любоў да самадзейных непрафесійных мастакоў і да дзіцячай творчасці ў тым ліку. Гэта вельмі кранае. Я раблю стылізацыю наіўнага мастацтва, змешваю розныя мастацкія стылі. Я не чакаю крытыкі або адабрэння. Нават да існавання ў Саюзе мастакоў я стаўлюся вельмі спакойна. Мне падабаецца існаваць аўтаномна ад глабальнай арт-супольнасці. Таму агрэсіўнага стаўлення да сябе як да прадстаўніка маладога пакалення не адчуваю, палкі ў колы мне ніхто не ўстаўляе.

Работы ганны Сілівончык

Мастачка ў большасці вядомая сваім жывапісам. Але ж яна асоба шматгранная, працуе ў самых розных напрамках мастацтва. Калі зайсці на сайт аўтара, адразу бачны ўвесь спектр заняткаў Ганны Сілівончык. Гэта  графіка, ілюстрацыя, аб’ёмныя арт-аб’екты і нават паэзія. Аўтар не разлічвае на тое, што піша геніяльныя радкі, але ж падкрэслівае, што ёй цікава звязваць вершы з мастацкімі творамі. Дарэчы, Ганна яшчэ прапануе прома-прадукцыю. Так, напрыклад, можна набыць не толькі жывапіс альбо графіку, аднак яшчэ і адзенне з выявай яе работ.

Ганна з дзяцінства марыла ствараць мультфільмы. Ёй цікава паглыбляцца ў працэс, цікава асэнсоўваць шлях герояў і ў той жа момант прыдумляць, як усе будзе выглядаць на малюнку. Жаданне быць мастаком мультыплікацыі захавалася дасюль. Дарэчы, аўтар прымала ўдзел у стварэнні некалькіх анімацыйных фільмаў.

— Мой досвед у мультыплікацыі атрымаўся вельмі цікавым. Мы з сябрам Максімам Каралёвым па маім гатовым работам рабілі кліп для амерыканскай спявачкі, — расказвае творца. — Я з самага дзяцінства марыла пабываць унутры мультфільма. Успомніце толькі нашы савецкія мульцікі, гэта ж немагчыма было адарвацца. Я заўсёды ўяўляла сябе ў мастацкім дзеянні, думала, як бы я рабіла на месцы герояў. А потым зразумела, што ўсё, што адбываецца на экране, гэта карцінка, якая рухаецца і зліваецца з музыкай, тэкстамі. Для мяне гэта чароўны свет. Але ў дзеянні ствараць мультфільмы вельмі складана, таму што гэта вялікая камандная праца. Іншая справа быць з палатном сам-насам.

Ганна Сілівочнык. Творчасць

Гледачу падабаецца, калі ён пазнае аўтара праз творы. Безумоўна, работы Ганны Сілівончык пазнавальныя і запамінальныя. Аднак мастачка кажа, што гэта не так проста і добра. Ёй хочацца быць рознай і ў той жа час не згубіць індывідуальнасці. Атрымліваецца не заўсёды.

— Я стаўлюся да сябе крытычна. Тое, што ўмею маляваць, разумею, што гэта не самыя запамінальныя або значныя творы, — падкрэслівае Ганна. — Ды і мэтаў я такіх сабе не стаўлю, хоць хацелася б быць арыгінальней. Але я рэальна ацэньваю свае магчымасці і талент. Для мяне дэвіз жыцця — атрымліваць максімальнае задавальненне ад таго, што я раблю, расці прафесійна. І гэта не тычыцца стылю. Проста хочацца рабіць нешта больш новае, цікавае. Хай гэта не будзе адкрыццём для свету мастацтва, галоўнае, каб гэта было адкрыццё для мяне. Няма пэўных тэхнік, на працягу часу заўсёды нешта мяняецца, з'яўляюцца новыя перавагі, а ранейшыя неяк забываюцца. Складана мяняць нешта глабальна, таму што ад сябе не ўцячэш. Ёсць нейкія рэчы, якія зрасліся з табой. Бывае, што да канкрэтнай выстаўкі я спрабую паставіць задачу — зрабіць серыю работ у іншым ключы. Мы ўсе вучыліся маляваць на прыкладах іншых мастакоў, але я лічу, нават калі ўзяць ад кожнага крышачку, усё роўна атрымаецца нешта сваё. Для мяне працэс пераймання страшны. Сёння многія мастакі любяць прыдумляць сваёй творчасці новыя назвы, хоць усе даўно прыдумана.

А я здзіўляюся: зараз жа ніхто не піша ў чыстым жанры, усё змешваюць напрамкі. І калі кожны з нас будзе называць сваю творчасць асобным напрамкам, тады ніхто не зможа зразумець, што такое мастацтва.

Калі ўсе творы мастачкі пакласці ў адзін шэраг, ёсць адчуванне, што мы ўбачым вялікую і захапляльную гісторыю альбо многа маленькіх гісторый герояў, аб’яднаных адным кантэкстам. Філасофія казкі альбо, як адзначаюць мастацтвазнаўцы, свет цудаў Ганны Сілівончык не трэба ўспрымаць як простае і наіўнае мастацтва. Творца, хоць і не кажа аб гэтым адкрыта, але ж імкнецца закласці ўнутр мноства сэнсаў і ідэй, звязаных з лёсам чалавека альбо існаваннем асобы ў сучасным соцыуме.

Ганна Сілівончык

— Мае героі — гэта зборныя вобразы, таму што калі пачынаю маляваць, адштурхваючыся ад рэальнай жыццёвай гісторыі або падзеі, якая мяне зачапіла, туды накладваецца шмат якіх паралеляў, звязаных з міфалагічнымі або літаратурнымі героямі, завязваецца шмат іншых сюжэтаў, — тлумачыць творца. — Я ніколі не стаўлю задачу зрабіць партрэт, намаляваць канкрэтнага героя, для мяне важна, каб гэта быў яркі вобраз, які адказвае задачам работы. Бывае так, што людзі бачаць, што гэта я ці мой муж. Але гэта таксама вытлумачальна, бывае, што мімаволі герояў надзяляеш рысамі блізкіх ці сваімі.

Мастачка працуе з рознымі тэмамі. Напрыклад, сярод яе работ вы можаце знайсці кампазіцыі на тэму настрою альбо разважанняў, таксама вельмі актуальная для яе тэма жыццёвага. Ёсць і такія серыі тэм, як кветкі, фолк, сон, лета, каханне і дзеці. Неверагодна, але ж праглядзеўшы серыі, пачынаеш разумець, што калі напачатку ўсе вобраз казаліся падобнымі, то пасля разумееш у чым іх адрозненне.

Ганна Сілівончык. Біяграфія

— Мне ў жыцці не хапае ўседлівасці. Я хутка пераключаю свае інтарэсы: у адной тэхніцы і ў адной тэме мне хутка надакучвае пастаянна працаваць. Пры гэтым, у маёй творчасці ёсць такія тэмы, да якіх я вяртаюся. Але доўгі час не адцягвацца ад адной тэмы мне цяжка. Лічу, што ў жыцці і мастацтве не бывае адназначных эмоцый. Мне здаецца цікавей гуляць кантрастам. Нават твор больш аб'ёмна выглядае, калі ёсць прасвет. Але бывае і так, што ты быццам бы стварыў сумную працу, табе раней памерці хацелася, калі яе рабіў, а час прайшоў, глядзіш на палатно, і табе ўжо проста смешна. Мне здаецца, што радасць вар'яцкая на палатне таксама выглядае дзіўна. Наогул жыццё — гэта грань. Не бывае  проста добра ці проста дрэнна, усё чаргуецца, адносна гэтага факту, я лічу, што мае творы праўдзівыя. Павінна быць інтрыга, тады гэта цікавей і складаней.

Акрамя Беларусі творчасць Ганны Сілівоччык вельмі запатрабаваная ў Расіі. Мастачка дастаткова часта выстаўляецца там. І яе работы набываюць з задавальненнем. У Мінску многія людзі шукаюць галерэі, дзе можна набыць работы творцы. Ганна кажа, што не возіць выстаўкі за рубеж, таму што там яе не ведаюць, таму ёй прыемней выстаўляцца там, дзе яе творчасць сапраўды будзе цікавай. Акрамя беларускіх галерэй  Ганна супрацоўнічае з галерэямі ў Майямі і Санк-Пецярбургу. На заказ мастачка практычна не працуе. Выключэнне робіць тады, калі заказчык прапаноўвае штосьці цікавае, арыгінальнае, калі аж рукі свярбяць ад жадання хутчэй пачаць. Там было з праектам падрыхтоўкі кліпа для амерыканскай спявачкі і прапановай ад украінскага выдавецтва праілюстраваць «Маленькага прынца».

https://bel.24health.by/patrapic-u-kazku-vystauku-valyanciny-shoba-adkryli-u-nacyyanalnym-mastackim-muzei/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0