15.04.2024
15.04.2024

Крыніцы-афтальмолагі. Дзе ў Беларусі вада лечыць хворыя вочы?

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Даўней існавала павер'е, што, напіўшыся крынічнай вады, чалавек здольны запазычыць сілу самой зямлі. А яшчэ невыпадкова ў многіх мовах і культурах крыніцы называюцца няйначай як «вочы зямлі». Магчыма таму, шмат хто верыць, што вада са студзёных крыніц прыносіць людзям не толькі радасць, вяртае не толькі маладосць, але і дапамагае вылечыць хворыя вочы, робіць сляпых відушчымі. Паводле старажытнай магіі – падобнае лечыцца падобным.

На тэрыторыі нашай краіны вялікая колькасць крыніц. Ваду з іх людзі заўсёды надзялялі гаючымі ўласцівасцямі. Шматлікія легенды і паданні, у якіх фігуруюць Святыя крыніцы гавораць, што яны лечаць менавіта вочы. Сюжэты легенд пра з’яўленне такіх крыніц падобныя. У іх гаворыцца, што ішла Божая Маці (Святая Панна), ступіла на гэтае месца, дзе раптам забруіла крынічка. Прычым першымі такую крынічку ўбачылі людзі, надзеленыя, паводле старажытных уяўленняў, сакральнымі ведамі – пастухі ды паляўнічыя.

Часта ў народных аповядах расказваецца, што сляпы чалавек апынуўся ў лесе і не мог выбрацца адтуль. Але пасля шчырай малітвы яму аб’явілася Божая Маці і ўказала цудадзейную крыніцу. Сляпы прамыў вочы і зрабіўся відушчым.

З часам вестка пра такі цуд разносіцца па наваколлі, і людзі ідуць сюды за лячэннем. У многіх расповядах падкрэсліваецца: каб вылечыцца, трэба тройчы прамыць вочы жыватворнай вадой. У падзяку за лячэнне крыніцам неслі падарункі, або, як казалі ў народзе – абракаліся. Гэта і грошы, і саматканыя палотны, ці проста лён, воўна і нават прадукты. Каб падкрэсліць святасць такога месца, побач ставілі крыжы, а на іх вешалі ручнікі, стужкі, фартушкі. З цягам часу на такіх крыніцах узводзілі капліцы, а калісьці і храмы.

На тэрыторыі Беларусі крыніц, якія лечаць вочы, больш за сотню.

Ёсць яны ва ўсіх абласцях. З іх большасць існуюць у наш час, а некаторыя перасохлі ці былі знішчаны ў часы ваяўнічага атэізму. Напрыклад, у лесе каля вёскі Горна Лагойскага раёна яшчэ ў 1950-я гады на другі дзень Тройцы па праваслаўнаму абраду тут было вадасвяцце, а потым ладзілі вялікі кірмаш.

У пачатку 1960-х па загаду ўладаў насцілы і крыжы спалілі, а саму крыніцу залілі саляркай, засыпалі хлёркай і зараўнялі бульдозерам. Але крыніца потым прабілася побач і існуе ў наш час. Сёння над крыніцай зроблены паўмятровы памост, а саму крыніцу абкапалі. Лічыцца, што крынічная вада дапамагае ад хвароб вачэй і галаўнога болю менавіта на Тройцу.

Некаторыя крыніцы лечаць у любы дзень. Напрыклад, у вёсках Патаронаўка Клімавіцкага, Бярозкі Хоцімскага, Лешніца Маларыцкага, Чэрнішкі Браслаўскага, Губы Вілейскага раёнаў. Так, крыніца каля вёскі Губы выцякае з-пад Святой Гары, на якой, паводле падання, праваліўся касцёл. Пра гэтую мясцовасць адна з легендаў расказвае, што ноччу з гары на могілкі лётала таямнічая пявуння, якая спявала на незразумелай мове. Бывала, лётала яна разам з мужчынам. Па другой легендзе, з гары хадзіла цэлая працэсія невядомых людзей, але, як у вёсцы пабудавалі храм, то ўсе гэтыя прывіды зніклі. Дарэчы, на мясцовасці, дзе, паводле падання, праваліўся які-небудзь храм, па меркаванню навукоўцаў, у старадаўнія часы існавала язычніцкае капішча.

Крыніцы

У Пераброддзе Мёрскага раёна крынічная вада дапамагае ад розных хвароб у тым ліку і ад хвароб вачэй. Але вада тут набывае свае асабліва гаючыя якасці менавіта апоўначы. На гэтым месцы таксама некалі існаваў касцёл, ад якога сёння застаўся толькі падмурак. Паводле падання, храм разбурыў Напалеон, калі праходзіў тут са сваім войскам.

А ў Вілейскім раёне паблізу вёскі Талуць ёсць крынічка, дзе ваду для лячэння вачэй  трэба браць толькі на заходзе сонца.

Вада з некаторых крыніц дапамагае толькі тады, калі набіраюць яе да ўзыходу сонца. Пракладам, у вёсках Бароўка Лепельскага і Крынічная Гродзенскага раёнаў. Каля гэтых крыніц збіраюць таксама лекавыя травы, робяць на іх аснове адвары на крынічнай вадзе і прамываюць імі вочы.

Большасць крыніц лечаць вочы ў пэўныя каляндарныя святы. Так, на Вадохрышча  у Вішкавічах Чашніцкага, на Вялікдзень  у Мурожным Барысаўскага, на Троіцу па каталіцкаму абраду — у Чорнай Лазе/Латыгалічах Чашніцкага, а па праваслаўнаму – у вёсцы Свержань Рагачоўскага раёнаў.

Цікава адзначыць, што лекавымі ад хвароб вачэй лічацца некаторыя крыніцы, дзе вада па свайму хімічнаму складу з’яўляецца дрэннай. Так, вада са згаданай вышэй крыніцы паміж вёскамі Чорная Лаза і Латыголічы лічыцца сярод вернікаў лекавай. Паводле падання, яна спрадвеку лечыць вочы. Але крыніца размешчана пад могілкамі, і ўжываць гэтую ваду небяспечна. Паблізу вёскі Любоўшы Вілейскага раёна крыніца з серавадароднай вадой таксама знаходзіцца каля могілак. Піць ваду з яе забаранена, таму што там нібыта «утапіўся бык». Але раяць браць ваду для лячэння вачэй.

Шмат дзе крыніцы дапамагаюць на свята Макавей —14 жніўня. У гэты дзень людзі збіраюцца да калодзежа ў лесе каля вёскі Дарасіно Любанскага раёна. Гэтая крыніца мае багатую гісторыю. Як кажа паданне, у даўнія часы недалёка ад гэтага месца нейкі чалавек араў на валах поле. Было спякотнае надвор'е,  і праз некаторы час стаміўся і ён, і яго валы. Усім хацелася піць, а вады побач не было. Змучаны мужчына прылёг адпачыць ды і заснуў каля вялікага каменя. І прыснілася яму, што ў сне ён чуе голас Багародзіцы: «Устань, адвалі камень!» Араты прачнуўся і зрабіў так, як яму раіў голас. І здарыўся цуд — з-пад каменя забіла вада, якая забяспечвалася падземнай крыніцай.

А як сведчаць архіўныя дакументы, крыніцу шмат разоў засыпалі і закідвалі камянямі, але людзі штораз вызвалялі яе, і яна дажыла да нашых дзён. У канцы 19 – пачатку 20 стагоддзяў на Макавей ад царквы з Дарасіно да крыніцы ішлі хрэсным ходам па насцеленаму, спецыяльна вырабленаму дзеля гэтага палатну. У пачатку працэсіі чатыры дзяўчыны неслі абраз і плашчаніцу. Убачыўшы хрэсны ход, людзі станавіліся на калені, каб святыні пранеслі над іх галовамі.

Шэраг крыніц лечыць вочы менавіта ў дзень свайго прастольнага свята. Так, на Святога Яна па праваслаўнаму абраду славіцца сваёй лекавай сілай вада з крыніцы каля вёсак Бабруйшчына і Чарневічы, што

размешчана ў лясным каньёне на мяжы Мёрскага, Шаркаўшчынскага і Глыбокскага раёнаў. Крыніца выцякае з-пад гары, з-пад каранёў дрэва. Гэта даліна ракі Аўты. Вернікі пабудавалі тут капліцу, а ў ёй паставілі драўляную скульптуру Святога Яна.У капліцы людзі могуць памаліцца, паставіць свечкі, пакланіцца святому і папрасіць здароўя. Паданне сцвярджае, што фігура Святога Яна была некалі са срэбра, па другой версіі — з золата, але яе скралі, тады яе зрабілі з дрэва.

Крыніца ўшаноўваецца са старажытных часоў праваслаўнымі і католікамі. Спрадвеку тут 7 ліпеня на Яна Хрысціцеля на ўзыходзе сонца здзяйсняецца хрэсны ход ад храма аг. Чарневічы да крыніцы праз лес – гэта прыблізна тры кіламетры. Па дарозе збіраюць лекавыя зёлкі. Іх трэба сабраць 12. Потым іх асвячаюць вадой з крыніцы і абкурваюць дзяцей ад спалоху. У капліцы адбываецца служба і асвячэнне вады. Людзі пачынаюць ёю абмывацца, мазаць хворыя ўчасткі, рукі, ногі, галаву. Набіраюць ваду з сабой, каб выкарыстоўваць у цяжкую хвіліну і падзяліцца з сябрамі. Загартаваныя могуць выкупацца, акунуцца ў святую ваду ў спецыяльна абсталяванай купальні.

Вада крыніцы мае па праўдзе асаблівыя ўласцівасці і якасці, б'е з зямлі ўвесь час не перасыхаючы ў засушлівае лета і не замярзаючы ў люты мароз. Тэмпература яе нават улетку не перавышае 10 градусаў. Узятая з крыніцы вада заўсёды доўга захоўваецца, мае крыштальна чысты выгляд.

Крыніца

Вернікі ўпэўнены, што вада з Янаўскай крыніцы апроч вачэй лечыць суглобы, бясплоддзе, загойвае раны, пазбаўляе ад спалоху і сурокаў. Для гэтага трэба перахрысціцца і тры разы акунуцца з галавой у купальню. Каб вылечыць язву і хваробы страўніка, трэба на працягу года піць ваду тройчы на дзень. Ваду таксама бяруць для жывёл і пчол.

Нібыта жывыя размаўляюць. Чароўныя ўласцівасці крыніц у Крынічках

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама