23.11.2023
23.11.2023

Месцы ў Беларусі, дзе лячыў маладзік

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

На тэрыторыі нашай краіны шмат святынь, якія ўключаюць як прыродныя аб’екты: ўзгоркі, крыніцы, камяні, дрэвы, так і штучныя – крыжы, капліцы. Статус іх сакральнасці бярэ пачатак з глыбокай старажытнасці.

Навукоўцамі на сённяшні дзень ўлічана больш за чатыры сотні такіх мясцін. Сярод іх вылучаецца амаль паўсотні, якія захавалі назву Прошча, значная частка іх прыпадае на Паўночнае Палессе.

 Што такое Прошча?

Калі з’явілася назва Прошча ў адносінах да прыродных святынь дакладна невядома, але архіўныя дакументы фіксуюць іх, пачынаючы з 17 стагоддзя. Вызначэнне такой назвы падаюць шматлікія тлумачальныя слоўнікі. Так, «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» пад рэдакцыяй К. Крапівы прыводзіць наступнае вызначэнне: «Прошча – месца (крыніца, камень і падобнае), надзеленае, паводле ўяўленняў веруючых, надзвычайнай сілай».

Архіўныя дакументы, краязнаўчая і этнаграфічная літаратура, апытанні людзей у час экспедыцый сведчаць, што масавыя паломніцтвы на такія мясціны нават у 20 стагоддзі адбываліся менавіта на маладзік (месяц у першай квадры) ці ў першую маладзіковую нядзелю. Да прошчаў хадзілі і праваслаўныя, і каталікі, і ўніяты.

З цягам часу царква імкнулася прывязаць малебны на такіх месцах да пэўных рэлігійных святаў, але людзі настолькі верылі ў цудадзейную лекавую моц маладзіка, што стараліся наведваць спрадвечныя святыні менавіта ў маладзіковую ноч.

Магія маладзіка

Месцы, дзе лячыў маладзік

Да слова, раней паўсюдна існаваў звычай маліцца на маладзік. Як толькі з’яўляўся на начным небе малады месяц, то ў многіх вёсках людзі выходзілі з хаты, жагналіся, віталі свяціла, прасілі ў яго здароўя і плоднасці для ўсяго жывога. Даследчыкі беларускіх традыцыйных каштоўнасцяў прыйшлі да высновы, што малітоўныя звароты да маладога месяца тычацца лекавай магіі.

Месяц у народных уяўленнях з’яўляецца сімвалам жыццёвага цыкла ад нараджэння да смерці. Уся гаспадарчая дзейнасць, сямейныя абрады і рытуалы вызначаюцца фазамі месяца.

Вядома, што месяц – свяціла, якое расце, убывае і знікае. Ягонае жыццё падпарадкаванае агульнаму закону нараджэння, зменаў і смерці. Гэта падобна да чалавечага жыцця, бо нараджэнне людзей, сталенне, потым старэнне і сыход з жыцця адпавядае нараджэнню месяца (маладзіковая фаза), ягонаму росту (фаза поўні), убыванню (фаза сходу), старэнню (фаза ветаху) і знікненню. На працягу трох начэй зорнае неба застаецца без святла месяца (сходнія дні), але за гэтай смерцю ідзе адраджэнне, з’яўляецца малады месяц.

На маладзік пачыналі сяўбу, касьбу, жніво, ставілі вуллі. На трэці дзень маладзіка прышчэплівалі дрэўцы.

Дзям’ян і Мар’я

Ад Прошчы ў вёсцы Пярэжыр Пухавіцкага раёна засталася толькі назва поля – Прошча. Але яшчэ ў 1930-я гады там стаяла драўляная цэркаўка. Каля яе ляжаў камень на імя Мар’я, вышынёй крыху больш за метр, а побач – ахвярны камень з паглыбленнем. Наводдаль знаходзіўся яшчэ адзін валун на імя Дзям’ян.

Больш за ўсё людзей прыходзіла сюды на маладзік. Спачатку на ахвярніку раскладалі прынесеныя дарункі. Потым тройчы на каленях абыходзілі цэркаўку, а затым усё яшчэ на каленках набліжаліся да каменя, цалавалі яго і прасілі пазбавіць ад хвароб, даць добры ўраджай, а дзяўчаты прасілі яшчэ і пра добрага нарачонага. У ахвяру на Прошчу неслі сала, яйкі, ручнікі, хусткі, палотны, хлеб, грошы і нават жывых парсючкоў.

У імя Божае Маці

На месцы некалі знакамітай Прошчы каля вёскі Еўлічы на Случчыне цяпер таксама поле. Прошча там была знішчана ў канцы 1930-х гадоў, адноўлена ў час вайны і зноў знікла ў 1962 годзе.

Пра з’ўленне і гісторыю гэтай Прошчы існуюць апісанні ў этнаграфічнай літаратуры. Паводле аповедаў старажылаў, запісаных яшчэ ў канцы 19 стагоддзя, дзяўчынцы 8–9 гадоў аб’явілася Божая Маці і сказала паставіць на гэтым месцы крыж. Потым дзяўчынка памерла, а людзі на месцы з’яўлення Багародзіцы пабудавалі царкву. Ішлі сюды з усёй Случчыны, як на маладзік, так і ў першую маладзіковую нядзелю. Некаторыя паломнікі дзясяткі кіламетраў праходзілі на каленях. У 1880-я гады мясцовы святар не прызнаў Прошчу і палічыў пакланенне на маладзік язычніцтвам. Раптоўна ён памёр, і людзі палічылі гэта Божай карай за тое, што не хацеў хадзіць на іх спрадвечнае святое месца.

Крыжы на месца храма

Прошча на могілках каля вёскі Крывічы

Некалі ў маладзіковыя нядзелі паломніцтвы адбываліся на Крывіцкую або Куніцкую Прошчу каля могілак у вёсцы Крывічы Салігорскага раёна. У сярэдзіне 19 стагоддзя гэтую Прошчу апісаў вядомы этнограф Павел Шпілеўскі. У той час на ўзгорку стаяла драўляная цэркаўка, а побач  каплічка без дзвярэй і з адным акенцам.

У каплічцы была копія абраза, які знаходзіўся ў царкве. Могілкі, якія мы бачым тут сёння, існавалі ўжо тады, на іх былі каменныя і драўляныя крыжы. У наш час людзі масава ходзяць на могілкі менавіта на Вялікдзень. На месцы разбуранага храма стаяць тры вялікія драўляныя крыжы і пры кожным з іх ахвярны столік. Камяні ад падмурка былога храма ў гэты дзень раніцай пакрываюць прыгожымі белымі абрусамі.

І пясок лекавы!

Шчыткавічы

Да нашага часу захавалася Прошча ў лесе каля вёскі Шчыткавічы ў Старадарожскім раёне Міншчыны, ва ўрочышчы Барысаў Гай. Сто гадоў таму ў першыя маладзіковыя нядзелі тут збіралася шмат веруючых. Прыязджаў праваслаўны святар, і праходзіла богаслужэнне. На Прошчы ўзвялі некалькі аброчных каплічак. Каля Святой хвоі з ямкі бралі пясок, які лічыўся лекавым ад хвароб вачэй і ад жаночых хвароб.

У савецкія часы, каб захаваць святыню, людзі прыцягнулі камяні, а таксама зрабілі цагляныя тумбы, і гэтым імітавалі надмагіллі. Сталі хадзіць сюды на Радаўніцу. Так Прошча захавалася. Цяпер каля адной з хвояў таксама ямка, і адтуль бяруць лекавы пясок.

Што яшчэ захавалася?

Прошка ў вёсцы Заазер'е

Захавалася Прошча і каля вёскі Заазер’е Акцябрскага раёна, якая некалі была вельмі знакамітай і называлася Рудабельская Прошча – па былой назве г. п. Акцябрскі – Рудабелка. Цяпер на Прошчы драўляная капліца над крыніцай і побач рэшткі паклоннага каменя. Раней ішлі сюды на маладзік, а цепер збіраюцца на Троіцу.

Светлаградскі раён

Вельмі старадаўняя Прошча існуе на ўзгорку сярод балотаў каля вёскі Хутар Светлагорскага раёна. Людзі яшчэ памятаюць побач паклонны камень і крынічку. Вакол старыя дубы і невялікі курганны могільнік тысячагадовай даўніны. На ўзгорку некалькі дзясяткаў крыжоў – драўляных і металічных. Кожны род з наваколля ставіць тут свой крыж, на якім штогод на свята Троіцы змяняе стужкі, фартушкі, ручнікі, хусткі. На само свята сюды ідуць вельмі рана, моляцца і просяць здароўя. Потым на папярэчыны крыжоў кладуць цукеркі і печыва.

Прршча Любонічы

Побач з кальцавой Бабруйскай трасай, непадалёк ад вёскі Любонічы Кіраўскага раёна ў лесе месціцца ўзгорак пад назвай Прошча. Раней ён таксама называўся Дзявіч-Гара, а пазней Святая ці Прошчанская Гара. У пачатку 19 стагоддзя тут пабудавалі драўляную Багародзіцкую царкву, якая была прыпісаная да Любоніцкага храма. Людзі збіраліся сюды ў першыя маладзіковыя нядзелі і маліліся з просьбамі аб здароўі. Цяпер на другі дзень Троіцы ад храма, што ў Любонічах, на Прошчу ідуць хрэсным ходам.

Падобныя мясціны з назвамі Прошча, дзе раней збіраліся на маладзік і маліліся з просьбамі аб здароўі, ёсць і каля вёсак Карытнае Асіповіцкага раёна Магілёўшчыны, Будча Ганцавіцкага і Кончыцы Пінскага раёна Брэстчыны, Морач Салігорскага раёна Міншчыны, Свержань Рагачоўскага раёна Гомельшчыны ды інш.

Прошча. Святая крыніца Полаччыны

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама