25.09.2022
25.09.2022

Крыніца ў вёсцы Студзянец і руіны Свята-Троіцкага храма ў Саматэвічах. Адметнасці культуры і архітэктуры

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Жыватворная крыніца Студзянец, што бруіцца каля аднайменнай вёскі, авеяна сівымі легендамі. Велічны некалі, а цяпер у руінах Свята-Троіцкі храм, што месціцца ў забруджанай пасля Чарнобыльскай аварыі старажытнай вёсцы Саматэвічы Касцюкевіцкага раёна, малой радзіме народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Гэта ўсё складнікі нашай непаўторнай і самабытнай культуры.

Як даехаць?

Студзянец

Ёсць у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці вёска Студзянец. Такую назву яна атрымала ад студзёнай як лёд крынічнай вады, што выбіваецца з-пад зямлі непадалёк ад вёскі. Вада ў крыніцы спрадвеку лічыцца гаючай, вераць, што яна лекуе розныя хваробы, а асабліва дапамагае пры захворваннях страўніка і «рознай немачы». Таму і невыпадкова, што людзі пачалі сяліцца менавіта тут.

Паводле падання, крыніца першапачаткова выбівалася з-пад вялікага стогадовага дуба. На дрэве вісеў абраз Божай Маці, як сведчанне, што вада асвечаная вышэйшымі сіламі. Калі людзі сталі карыстацца гэтай вадой, то заўважылі, што пачалі пазбаўляцца хвароб. Тады і празвалі гэтую крыніцу Студзянец Святы. Цікавая гісторыя і дуба. Аднойчы ў яго шаты патрапіла маланка, і асілак пачаў засыхаць. Але з-пад пня прабіўся новы парастак, які неўзабаве вырас…

Цуд Навагрудчыны — крыніца з жывой і мёртвай вадой

Другое паданне адносіцца да канца XVIII стагоддзя. Паніч з роду Ціханавецкіх, які валодаў гэтымі землямі, вельмі доўга не меў дзяцей у шлюбе. Нехта са старцаў расказаў яму пра цудадзейную крыніцу. У Дзень Святога Духа ў 1896 годзе сям’я Ціханавецкіх арганізавала хрэсны ход да крыніцы. Муж і жонка памаліліся і выпілі святой вады. Тады паніч даў зарок над святыняй: калі ў яго з’явіцца спадчыннік, ён пабудуе над крыніцай капліцу. Пасля таго, як нарадзіўся сын, паніч выканаў абяцанне і ўзвёў над крыніцай капліцу. Яе асвяцілі ў Дзень Святога Духа. З таго часу на гэтае свята тут збіраецца шмат людзей. А крыніцу завуць яшчэ Свята-Духаўская.

Святая крыніца

Кажуць, што раней тут і сапраўды стаяла панская каплічка, але ў 1930-я гады яе спалілі. Спрабавалі засыпаць і крыніцу. Але вада кожны раз знаходзіла шлях і прабівалася на паверхню.

Сёння крыніца закутая ў жалезабетоннае кальцо з выхадам вады праз трубу. Арыгінальна зроблена сховішча для крыніцы — над ёй пабудавана цэлая хатка з двума ўваходамі. У першы трэба заходзіць, каб набраць вады, у другі – каб акунуцца ў купелі. Перад крыніцай на клумбе ўсталяваны вялікі праваслаўны паклонны крыж. Такі ж, толькі меншы, устаноўлены і побач з крыніцай. На яго вернікі падчас здзяйснення абрадаў навязваюць белыя ручнікі.

Святая крыніца 2

Нягледзячы на тое, што мясцовасць вакол крыніцы – з падвышаным радыяцыйным фонам, у 2002 годзе крыніца Студзянец была аб’яўлена гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. Агульная плошча помніка прыроды складае 0,01 гектар (100 м2).

Побач з вёскай Студзянец знаходзіцца вёска Саматэвічы, якая пасля Чарнобыльскай аварыі патрапіла ў забруджаную зону. Вёска мае для нашай краіны вялікае культурнае і гістарычнае значэнне. Як мястэчка гэтае паселішча згадваецца яшчэ ў 1585 годзе. У 1864 годзе тут было адкрыта народнае вучылішча, дзе навучаліся толькі хлопцы.

Саматэвічы

У мястэчку дзейнічалі вятрак, лякарня, бровар, запалкавая фабрыка, на якой працавала шэсць чалавек, габрэйскія крамы, карчма і пры ёй заезны двор. Мястэчка славілася сваімі ганчарамі, кавалямі і было вядома буйнымі кірмашамі, іх ладзілі два разы на год. У той час вёска належала Івану Галынскаму, правадыру Магілёўскага дваранства. Галынскія – старажытны беларускі шляхецкі род, які бярэ свой пачатак з-пад Навагрудка. Налічвае чатыры асноўныя галіны.

Сам Іван Галынскі быў каталіком, а ягоная жонка Анастасія – праваслаўная. Пасля смерці яе пахавалі каля царквы Святой Тройцы, якая ў тыя часы была яшчэ драўляным храмам. Пазней храм згарэў, і шляхціц вырашыў у памяць пра жонку ўзвесці на яго месцы цагляную царкву, запрасіў будаўнікоў з Санкт-Пецярбурга. Аднак, узвёўшы частку муроў, дойліды нешта не падзялілі са шляхціцам, і ўзводзіць астатнюю частку храма прыбыла брыгада з Масквы. Да 1842 года будаўніцтва храма было завершана. Анастасія Галынская была перапахаваная ў склепе, які знаходзіўся практычна ў цэнтры храма.

Храм. Саматэвічы

Збудавалі царкву сапраўды вельмі вялікіх памераў. Мяркуючы па ўсім, калісьці яна знаходзілася ў самым цэнтры тагачаснага немалога мястэчка. Вышыня святыні нават у наш час складае 30 метраў! Для параўнання: гэта вышыня тыповага дзевяціпавярховіка. Узведзены праваслаўны храм быў у візантыйска-рускім стылі – з’ява ўнікальная для Беларусі. Больш за тое, такія храмы не часта сустрэнеш і ў Расіі. Калі верыць старажылам, убранне новага храма было надзвычайным: залаты іканастас, падлога і дзверы з моранага дуба, каляровыя вітражныя вокны, меліся дзве мармуровыя табліцы, на якіх была выкладзена інфармацыя аб будаўніцтве храма. Сёння амаль усё гэта страчана незваротна...

У савецкі час царква была зачынена і ператворана ў збожжасховішча, а затым у лядоўню, дзе калгас захоўваў тушы забітых жывёл. Пасля аварыі на ЧАЭС людзей выселілі ў новы пасёлак, які назвалі Новыя Саматэвічы. А ў закінутую вёску пачалі наведвацца чорныя капальнікі, якія забралі ўсё, што маглі вынесці, а пасля падпалілі і царкву. Дзякуй Богу, яна не была знішчаная дарэшты, і сёння яе руіны – адзіная ацалелая каменная пабудова ў некалі буйной вёсцы, якая налічвала больш за 1500 дамоў.

Саматэвічы. Царква

Цяпер замест дамоў у Саматэвічах узгоркі, пад якімі і пахавана жытло. Некаторыя будынкі ўсё ж выстаялі, але іх вельмі мала. Раней тут працавалі некалькі крамаў, дзіцячы сад, бальніца, вузел сувязі, нават кафэ. Цяпер замест вялікай вёскі дзікае, глухое месца.

Аповяд будзе няпоўным, калі мы не згадаем, што ў вёсцы Саматэвічы нарадзіўся знакаміты беларускі паэт Аркадзь Куляшоў.

Аркадзь Куляшоў

У 1913 годзе ў вёску прыехала на працу маладая сям’я настаўнікаў: Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў і Кацярына Фамінічна Ратабыльская. Сям’ю Куляшовых пасялілі ў будынку былой старой карчмы, дзе ў 1914 годзе і нарадзіўся будучы паэт. Бацькі Аркадзя сябравалі з панамі Галынскімі. Апошнімі ўладарамі з роду Галынскіх тут былі сёстры Галынскія. Кажуць, што яны ўдзельнічалі ў выхаванні малога Аркадзя Куляшова.

У Саматэвічах хлопец сустрэў сваё першае каханне. Яму тады было 14 гадоў, а ёй – 16. Яе звалі Алеся. Памятаеце: «Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся…»? Ад гэтага дзіцячага кахання ў Аркадзя нарадзіўся геніяльны верш «Бывай», які пазней кампазітар Ігар Лучанок паклаў на музыку. Атрымалася цудоўная песня «Алеся», якую выканалі нашы знакамітыя «Песняры». Сёння на месцы хаты, дзе нарадзіўся паэт, паставілі памятны валун. У 1984 годзе тут заснавалі Літаратурны музей імя Аркадзя Куляшова, але ўжо праз два гады ў музеі амаль не стала наведвальнікаў – у «зону» ездзілі неахвотна. Яшчэ праз чатыры гады экспазіцыю музея перанеслі ў Касцюковіцкі краязнаўчы музей.

Мястэчка рамеснікаў. Чаму Івянецкі музей традыцыйнай культуры лічыцца ўнікальным?

Зразумела, тыя аскепкі нашай культуры, што засталіся ў зоне адчужэння, сёння могуць наведаць не ўсе. Але жыць, ведаць, помніць і захоўваць памяць для нашчадкаў – ці не дзеля гэтага мы распавядаем вам пра выдатныя мясціны нашай Радзімы?

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама