Мошчы – парэшткі, ці асобныя косткі людзей, далучаных пасля смерці да ліку святых. Яны з’яўляюцца аб’ектамі ўшанавання ў хрысціянскай царкве. На землях Усходняй Еўропы ў першыя стагоддзі распаўсюджвання хрысціянства ў абрадзе асвячэння храмаў галоўную ролю мела залажэнне мошчаў святых у прастоле ў спецыяльнай скрынцы. Такой традыцыі прытрымліваліся доўгія стагоддзі.
У некаторых храмах у часы сярэднявечча, і нават крыху пазней, пакланяліся бальзамаваным нябожчыкам, труны якіх стаялі ў падзямеллях. Напрыклад, так было ў Заслаўі. Тут у канцы 16 – пачатку 17 стагоддзяў на былым дзяцінцы пабудавалі кальвінскі збор, які потым быў пераасвечаны ў касцёл, а ў 1865 годзе ў праваслаўны храм ў гонар Праабражэння Гасподня. У сутарэннях храма стаялі труны Сапегаў, якія гаспадарылі ў Заслаўі ў 17 стагоддзі. У сярэдзіне 19 стагоддзя тут яшчэ захоўваліся тры бальзамаваныя муміі. Ва ўсім наваколлі верылі ў іх лекавую сілу, і па пэўных днях да іх па ацаленне сцякаліся тысячы паломнікаў, прыносілі разнастайныя ахвяраванні. Але праз некаторы час мінскі губернатар загадаў муміі закапаць, а ўваход ў склеп замураваць.
У 18—19 стагоддзях вялікую лекавую сілу мелі ў народзе мошчы Пінска-Тураўскага епіскапа Іяакіма, які пасля смерці ў 1719 годзе быў пахаваны ў агульнай пахавальні Успенскага сабора ў Жыровіцкім манастыры. У 1870-я парэшткі ўладыкі Іяакіма былі перапахаваныя каля галоўнага ўваходу ў гэты сабор у Жыровічах, знутры з правага боку, у каплічцы, пад харамі ў склепе. Паданне кажа, што цела ўладыкі Іяакіма было знойдзена ў непарушным стане. У падзяку за лячэнне паломнікі неслі ахвяраванні: халсты, воўну, грошы, бараніну і інш.
У 19 – пачатку 20 стагоддзя ў Мінску ў Спаса-Праабражэнскім манастыры, якія знаходзіўся на сучаснай Інтэрнацыянальнай вуліцы, стаяў храм Святой Варвары, і там захоўваліся яе мошчы, да якіх хадзілі лекавацца.
У часы Першай сусветнай вайны у манастыры размяшчаўся ваенны лазарэт. Пасля пажара 1944 года храм Святой Варвары быў зруйнаваны, а пра лёс мошчаў дагэтуль нічога невядома.
Нябесная заступніца Беларусі
Да нашага часу шырока ідзе слава пра мошчы полацкай княжны 12 стагоддзя Еўфрасінні Полацкай. Нарадзілася Еўфрасіння паміж 1100 і 1104 г. і была прапраўнучкай князя Уладзіміра, які хрысціў Русь, і ўнучкай полацкага князя Усяслава Чарадзея. Дзяўчынкай-падлеткам Прадслава — такое свецкае імя было ў Еўфрасінні, пайшла ў манастыр. Яна вучыла грэчаскую мову, перапісвала кнігі, а ў 20 гадоў заснавала жаночы манастыр непадалёк ад Полацка. Еўфрасіння пісала летапісы і малітвы, знаходзіла словы для прымірэння варагуючых.
Еўфрасіння Полацкая памерла ў час паломніцтва ў Іерусаліме, а яе мошчы доўгі час знаходзіліся ў Кіева-Пячорскай лаўры. У 1910 годзе іх урачыста перавезлі ў Полацк, у адну з заснаваных ёю абіцеляў. З самай смерці пачалося яе шанаванне. Ужо ў 13 стагоддзі Папа Рымскі Рыгор Х прылічыў спадзвіжніцу да ліку святых. Дарэчы, Еўфрасіння — першая на нашых землях жанчына, прыяднаная да ліку святых. Яе часта называюць нябеснай заступніцай Беларусі.
У архіўнай літаратуры захаваліся апісанні шматлікіх цудаў ацалення хворых ад мошчаў Еўфрасінні Полацкай, якія здараліся ў пачатку 20 стагоддзя, калі іх пераносілі на тэрыторыю Беларусі. Нямым вяртаўся голас, сляпыя рабіліся відушчымі, хворыя на рожыстыя запаленні, катар страўніка і параліч цудоўным чынам вылечваліся.
Цяпер парэшткі святой прападобнай Еўфрасінні змешчаны ў раку, што стаіць у полацкім Крыжаўзвіжанскім саборы па левы бок ад алтара. Скрыня багата ўпрыгожана срэбрам і бронзавай інкрустацыяй. Сюды прыязджаюць вернікі, каб прасіць у прападобнай патаемнага. Кажуць, добрая Еўфрасіння дапамагае і ў збавенні ад хвароб, і ў здабыцці сямейнага шчасця.
Святая заступніца зямлі Слуцкай
Паводле архіўных дадзеных і публікацый у царкоўнай літаратуры, у 19 – пачатку 20 стагоддзяў вялікай лекавай сілай валодалі мошчы Случчыны, якія знаходзіліся ў Спасскай царкве Свята-Троіцкага мужчынскага манастыра ў Слуцку і ў касцёле Святой Барбары ў вёсцы Замосце Слуцкага раёна.
У Спасскай царкве з правага боку ад ўваходу стаяў саркафаг, дзе ляжалі мошчы гістарычнай асобы — княгіні Соф’і Юр’еўны Алелькавіч, па мужу Радзівіл (1585 – 1612), або Соф’і Слуцкай. Соф’я памерла пры родах і была пахаваная ў манастыры. Пасля смерці, хаця яна і не была кананізаваная, яе сталі лічыць апякункай жанчын, у асноўным заступніцай парадзіх. Мошчы знаходзіліся ў драўлянай труне, якая была ўстаўлена ў цынкавую, а наверсе быў зроблены футарал з дубовага дрэва. Штогод жанчыны, якія спадзяваліся з дапамогай Соф’і атрымаць здароўе, абракаліся на «Сафійку». Паломніцы ў складчыну куплялі шаўковую ці атласную тканіну і шылі сукенку, галаўны ўбор і пантофлі. Потым абраныя жанчыны ў пэўны дзень пераапраналі мумію. Мужчыны не мелі права прысутнічаць пры гэтым абрадзе. У архіве манастыра захоўвалася кніга запісаў цудаў, атрыманых ад мошчаў.
У 1848 годзе ў Слуцку лютавала страшэнная пошасць халеры. Мяшчане горада дамагліся дазволу пранесці мошчы Святой Соф’і праз горад, крыж-накрыж. Эпідэмія хутка спынілася.
Вось яшчэ адзін цуд, звязаны са Святой Сафіяй. Аднойчы ў сялянскага хлопчыка Самуіла Шыловіча з вёскі Міхейкі патрапіла маланка, і ён перастаў хадзіць. Урачы не маглі дапамагчы. Аднавяскоўцы казалі бацькам: «Нічога не будзе з вашага Самуся, так і праляжыць». Але здарыўся цуд. Да роспачнай маці ў сне з'явілася Сафія і загадала прывезці дзіця ў Свята-Троіцкі манастыр. Дадому ён пайшоў сам! І гэта пасля чатырох гадоў паралічу.
Гаўрыла Беластоцкі
У той жа самай слуцкай царкве, з левага боку, насупраць труны Соф’і Слуцкай, знаходзіліся мошчы хлопчыка Гаўрыіла, якога ў народзе называлі Гаўрыла Беластоцкі, Гаўрыла Заблудаўскі ці Гаўрыла Слуцкі. На зіму іх пераносілі ў невялічкую цэркаўку побач з будынкам, дзе жылі манахі.
Па павер’ях, «Гаўрылка лячыў дзяцей». Паводле паданняў, хлопчык Гаўрыіл, сын сялян Пятра і Анастасіі, у канцы 17 стагоддзя з рытуальнымі мэтамі быў забіты іўдзеямі. Яго мошчы захоўваліся ў вясковай Звяркоўскай царкве на Беласточчыне. У 1746 годзе царква згарэла, і мошчы перанеслі ў мястэчка Заблудаў ў Троіцкі манастыр, а ў 1755 годзе забралі ў Слуцк, які ў тыя часы быў буйным цэнтрам праваслаўя. У 1820 годзе Гаўрыіл быў кананізіраваны і акрамя лекара дзяцей стаў яшчэ і апекуном горада Слуцка.
У канцы 19 стагоддзя для мошчаў Гаўрылкі зрабілі срэбную раку, а старую драўляную з часткамі мошчаў перавезлі ў Супрасль у Дабравешчанскі манастыр. У пачатку 20 стагоддзя ў дзень памяці пакутніка Гаўрыіла (20 красавіка па старому стылю) царква арганізоўвала шматлюдныя хрэсныя хады.
Асабліва вялікая хада адбылася ў 1914 годзе. Былі арганізаваныя нават дармавыя паездкі па чыгунцы да станцый Замір’е і Урэчча. Асноўная плынь паломнікаў ішла ад станцыі Замір’е і да яе па дарозе далучаліся людзі. Ва ўсіх населеных пунктах, праз якія рухалася хрэсная хада са святыняй, яе сустракалі з вялізным натхненнем. Людзі стараліся схіліць галовы пад раку з мошчамі, некаторыя клаліся пад яе самі на зямлю або клалі хворых. У многіх месцах да асноўнай хрэснай хады далучаліся малыя хрэсныя хады. А на мяжы з Бабруйскім паветам яе сустракала яшчэ адна шматтысячная хрэсная хада. Пад вечар дабраліся да мястэчка Урэчча, адкуль на наступны дзень пасля ўрачыстага набажэнства святыня цягніком кіравалася ў Гродзенскую губерню.
У выніку 17 красавіка пад 7 гадзін вечара працэсія з 7 тысяч чалавек прыйшла ў Нясвіж, дзе іх сустрэлі з аркестрам. Да 11 вечара быў малебен, а потым паломнікаў жыхары забіралі на начлег. Па павер’ях, гараджане такім чынам далучаліся да маленняў за здароўе сваіх дзяцей. На наступны дзень у 6 гадзін раніцы, пасля малебну, працэсія рушыла далей. Насустрач паломнікам са Слуцка выйшла хрэсная хада на чале з епіскапам Мінскім і Тураўскім Мітрафанам. Аб’яднаная калона накіравалася ў манастыр, дзе адбыўся малебен і пачалося пакланенне мошчам Гаўрыіла.
У часы Першай сусветнай вайны, тая частка мошчаў Гаўрылкі, што знаходзілася ў Супрасльскім манастыры, бежанцамі была вывезена ў Маскву, і размешчана там у Пакроўскім саборы. Асноўная частка мошчаў заставалася ў Слуцку. У Слуцкім Траецкім манастыры мелася спецыяльная кніга, у якой запісвалі вядомыя духоўным і цывільным уладам цудоўныя выпадкі, звязаныя з мошчамі Гаўрыіла.
У 1930 годзе мошчы вывучала спецыяльная камісія з Мінска. Яе ўзначальваў дырэктар Інстытута судовай экспертызы Народнага камісарыята юстыцыі доктар В. Ф. Чарвакоў. Праз два гады ён надрукаваў кніжку «Слуцкія муміі», дзе падрабязна апісаў працу камісіі і стан мумій. Гаўрылку вызначылі ўзрост 4 – 6 гадоў.
Пасля заканчэння даследаванняў мошчы Соф’і Слуцкай перавезлі ў Мінск ў Анатамічны музей медыцынскага факультэта БДУ, а ў час нямецкай акупацыі ў 1941 годзе іх перанеслі ў Свята-Духаўскі сабор, дзе яны знаходзяцца і цяпер. Соф’я была кананізаваная толькі ў 1984 годзе.
Мошчы Гаўрыіла заставаліся ў Слуцку і ў 1944 годзе былі перавезены ў Гродна ў Свята-Пакроўскі сабор. У 1992 годзе іх перадалі вернікам Беластока і змясцілі ў Свята-Мікольскі сабор.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by