29.06.2026
29.06.2026

Сакрэты доўгага жыцця

logo
Здароўе дарослых
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

На сённяшні дзень зусім сціплы працэнт людзей у гісторыі можа пахваліцца ўзростам, які перасягнуў адзнаку ў 100 гадоў, а тым больш, пасля гэтага пражыць яшчэ некалькі гадоў мала каму ўдаецца. Аднак такія прыклады існуюць.

Па статыстыцы, сярэдняя працягласць жыцця па свеце складае 72 гады. Лідарам па колькасці доўгажыхароў ужо многія гады з'яўляецца Японія — там у сярэднім людзі жывуць 84,3 гады. Менавіта японцы час ад часу папаўняюць Кнігу рэкордаў Гінэса па колькасці пражытых гадоў. Сярод іншых краін, дзе людзі жывуць даўжэй за ўсё — Швейцарыя (83.4 гады) і Паўднёвая Карэя (83,3 гады).

Найстарэйшыя людзі ў сусветнай гісторыі

Паводле кнігі рэкордаў Гінэса, мяжу чалавечага жыцця паказала жыхарка Францыі Жана Луіза Кальман, якая нарадзілася 21 лютага 1875 года і памерла 4 жніўня 1997 года. Яна пражыла 122 гады і 164 дні.

Жана Кальман у маладосці і ў старасці.

Жана вяла актыўны лад жыцця: займалася плаваннем, гуляла ў тэніс, каталася на роліках і ездзіла на ровары да 100 гадоў. Ва ўзросце 85 гадоў яна захапілася фехтаваннем. Як прызнавалася францужанка, яна амаль не ўжывала алкаголь, затое любіла прысмакі.

Сігэціё ІдзуміВа ўзросце 110 гадоў яна пераехала жыць у дом састарэлых. А ва ўзросце 114 гадоў Жана знялася ў фільме пра Ван Гога ў ролі самой сябе, стаўшы найстарэйшай кінаактрысай у гісторыі. Афіцыйна гэты рэкорд доўгажыхарства да гэтага часу не пабіты.

Японскі доўгажыхар Сігэціо Ідзумі лічыцца самым пажылым мужчынам у свеце, ён пражыў 120 гадоў і 237 дзён. Пасведчанне аб нараджэнні Ідзумі захавалася, і яно з'яўляецца дакументальным пацвярджэннем таго, што ён сапраўды быў самым пажылым мужчынам у гісторыі, узрост якога дакладна вядомы. Ідзумі працаваў да 105 гадоў настаўнікам у школе. Ва ўзросце каля 100 гадоў пахаваў 90-гадовую жонку. Сваё даўгалецце Ідзумі тлумачыў дабратворным уплывам Буды, Сонца і Вады.

Сара Кнаўс - амерыканская доўгажыхарка, найстарэйшая  верыфікаваная грамадзянка ЗША. Яна пражыла 119 гадоў і 97 дзён. Сара любіла глядзець бейсбол, атрымліваць асалоду ад шакаладу і казала, што галоўнае ў жыцці - не злавацца па дробязях. Стрэс, на яе думку, "з'ядае" гады.

Сара Кнаўс

У 2025 годзе самымі пажылымі жывымі людзьмі з'яўляліся жанчыны з Іспаніі, Японіі і Бразіліі. Гэта іспанка Марыя Браўнас, год таму ёй было 117 гадоў. Вядома сваёй любоўю да музыкі і сонечных вандровак. Японка Фасуа Тацумі нарадзілася 25 красавіка 1909 года. У маладосці працавала ў сельскай гаспадарцы. Сёння аддае перавагу праводзіць дні за размовамі з персаналам і сям'ёй. Іна Канабара Лукас (Бразілія) нарадзілася 8 чэрвеня 1909 года. Усё жыццё пражыла ў сельскай мясцовасці. Выхавала некалькіх дзяцей, у старасці аддае перавагу слухаць радыё і піць каву.

Марыя Браўнас

Марыя Браўнас

Доўгажыхары на тэрыторыі Расійскай імперыі паводле дарэвалюцыйнай літаратуры

Звесткі пра доўгажыхароў сустракаюцца ў дарэвалюцыйнай літаратуры, асабліва ў перыёдыцы 19 – пачатку 20 стагоддзяў. У выданні “Журнал Министерства внутренних дел” за 1839 год, які выходзіў у Санкт-Пецярбургу, гаварылася, што ў Цяльшайскім павеце Віленскай губерніі памёр селянін Міхаіл Кяўлейкіс, якому было 137 гадоў. У 19 гадоў ён ажаніўся і меў шмат дзяцей, але ў жывых засталася толькі адна старая дачка Ганна. Да апошняй хвіліны жыцця ён меў здаровы розум. Толькі за некалькі гадоў да смерці пачаў адчуваць слабасць здароўя і зроку. Ніколі моцна не хварэў, займаўся паляваннем. Мяса еў зрэдку, часцей рыбу. Гарэлку таксама піў зрэдку.

У 1841 годзе гэтае ж выданне паведаміла пра смерць ва Уладзімірскай губерні аднадворца Марціяна Фядотава, якому было 120 гадоў. Да канца жыцця ён захоўваў фізічныя сілы і разумовыя здольнасці.

У 1890 годзе газета “Минские губернские ведомости” пісала, што  ў Самары памерла мяшчанка А. Т. Прыгункова ва ўзросце 125 год. Яе малодшаму сыну было 98 гадоў. Мела 10 унукаў і праўнукаў.

Шэраг паведамленняў такога кшталту прывёў беларускі этнограф К.Ц. Анікіевіч у сваёй кніжцы, прысвечанай апісанню Сенненскага павета Магілёўскай губерніі, якая выйшла ў 1907 годзе. Аўтар гаворыць пра старажыла, які жыў у г. Сянно разам з сынам і меў на той момант 104 гады. Раней ён працаваў кандытарам, потым памочнікам эканома. Ажанаўся ў 56 гадоў. Тытуню не курыў, а гарэлку пачаў піць толькі ў 98 гадоў. У жыцці яго нішто асабліва не турбавала, ніколі не ведаў зубнога болю. Штотыдзень хадзіў у лазню і любіў папарыцца. Меў добры апетыт, але еў вельмі павольна. У свае 104 гады мог падняць 5 – 6 пудоў.

У літаратуры ёсць паведамленне пра 130-гадовага жыхара вёскі Дамбрэжыцы (Домжарыцы), цяпер на тэрыторыі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. Ён вельмі любіў расказваць пра мясцовы цудатворны абраз.

Паводле газеты “Наша ніва”, у 1908 годзе ў вёсцы Мажэйкі Кобрынскага павета (цяпер на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) жыў Сцяпан Кабец, якому было 111 гадоў. Ён быў моцным чалавекам, і яго абралі апекуном царквы. Старажыл любіў згадваць, як ён размаўляў з царом Аляксандрам І.

Матэрыялы пра доўгажыхароў ёсць і сярод архіўных матэрыялаў, асабліва сярод дакументаў губернскіх урачэбных упраў. Так, ёсць паведамленне, што ў Мікалаеўскай воласці Дзісненскага павета Віленскай губерні памерла ў 101 год ад запалення лёгкіх Агафія Ісаеўна Сіцкая. Яна была сярэдняга росту і сярэдняга целаскладу. Тры разы была замужам. Першы раз у 27 год. Ад першых двух шлюбаў у яе было 10 дзяцей, але выжылі трое. У трэцім шлюбе дзяцей не было. Удавой пражыла 20 гадоў. Хварэла рэдка, шмат працавала.

У 1911 годзе Мінскаму паліцмайстру ад начальніка Штаба Віленскай ваеннай акругі прыйшоў запыт даслаць звесткі пра жыхара горада па прозвішчы Шмідт, 137 гадоў ад роду, які з’яўляўся ветэранам Айчыннай вайны 1812 года і меў раненні. Мінскі паліцмайстар адказаў, што азначаны Шмідт ў горадзе ўжо не пражывае, але як бачна з паведамлення ў газеце “Минское слово”, ён цяпер жыве ў Пецярбургу, дзе лічыцца ў роце палацавых грэнадзёраў.

Паводле розных архіўных спісаў пра народанасельніцтва бачна, што ў канцы 19 стагоддзя практычна ў кожнай вёсцы былі адзін-два жыхары ва ўзросце 95 – 100 гадоў.

Доўгажыхары сённяшняй Беларусі

Паводле звестак намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Марыны Арцёменка, ва ўзросце больш за 90 гадоў у Беларусі пражываюць звыш за 41 тысячу чалавек. А ва ўзросце 100 гадоў і больш – каля 600 чалавек. Прычым, лідарам па доўгажыхарах традыцыйна з'яўляецца Мінск, іх у сталіцы 68 чалавек. Сярод доўгажыхароў практычна 90 % складаюць жанчыны.

На сёння самая ўзроставая жыхарка Беларусі па пашпарце (у ім стаіць адзнака 27 мая 1904 года) Марыя Канановіч. Цяпер доўгажыхарка жыве ў вёсцы Лістапады Валожынскага раёна, ана нарадзілася ў шматдзетнай сям'і ў Смаргонскім раёне. Доўгі час працавала там паляводам у калгасе. У апошні час бабуля пахавала і мужа, і дваіх сваіх сыноў, і ўсіх сясцёр і братоў. А унукаў у жанчыны не было. Засталіся ў яе толькі далёкія сваякі, таму даглядае Марыю Вікенцьеўну сацработнік.  На пытанне, у чым сакрэт даўгалецця, Марыя Канановіч адказвае, што ніколі ні з кім не сварылася, заўсёды старалася ў спрэчных сітуацыях згладжваць куты, дзе трэба –саступаць.

Марыя Канановіч беларуская доўгажыхарка

Назавём яшчэ некаторых доўгажыхароў, якім, па звестках ад Мінпрацы на студзень 2025 года, было на той час больш за 100 год. Гэта жыхарка Барысаўшчыны Вера Шаткевіч, якая адзначыла тады 102-і год нараджэння. Дарэчы, доўгажыхароў у яе родзе нямала. Напрыклад, маці Веры Максімаўны пражыла 90 гадоў, сёстры і брат пераадолелі 80-гадовую мяжу. Усё жыццё яна прысвяціла медыцыне. Як толькі скончыла медвучылішча, а гэта было падчас вайны, юная выпускніца пайшла ваяваць у партызанскі атрад медсястрой-стралком. А калі адкрылася бальніца ў вёсцы Барань, перайшла туды.

Вера Шаткевіч

Другая доўгажыхарка Ганна Каранеўская ў студзені 2025 адзначыла свой 102 год нараджэння. Яна таксама нарадзілася ў вёсцы ў шматдзетнай сям'і, рана засталася без бацькоў. Падчас вайны працавала ў шпіталі каля Слоніма – прала перавязачны матэрыял. Пасля вайны Ганна Аляксееўна вярнулася на малую радзіму, дзе стала працаваць у мясцовым калгасе паляводам. Выйшла замуж за мясцовага хлопца і нарадзіла траіх дзяцей. Нажаль, двое з іх памерлі ў маленстве. Цяпер жанчына жыве ў Барысаве з дачкой і зяцем. Але, нягледзячы на ​​ўзрост і перанесеныя выпрабаванні, захавала бадзёрасць духу і цвёрдасць розуму. Доўгажыхарка да гэтага часу на сваіх нагах, можа і каля пліты пастаяць, каб парадаваць родных смачнай стравай.

Ганна Каранеўская

Сямён Бераснёў нарадзіўся ў 1920 годзе, вучыўся ў Віцебску на механіка, з трэцяга курса быў прызваны ў армію. Пасля палкавой школы 22-гадовы юнак трапіў на фронт пад Наварасійск. Прайшоў праз мноства баёў, быў цяжка паранены, лячыўся, а потым служыў у запасным палку ў Сталінградзе. Баявыя заслугі Сямёна Еўдакімавіча адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга і медалямі. У мірны час ён працаваў на чыгунцы. Прысвяціў стальной магістралі амаль паўстагоддзя, за што носіць званне "Заслужаны работнік транспарту БССР", з’яўляецца ветэранам працы.

Сямён Бераснёў

Так у чым жа сакрэт доўгага жыцця? – спытаеце вы. З артыкула можна зрабіць высновы, што ўніверсальнага рэцэпту даўгалецця няма. Але можна вылучыць агульныя рысы, уласцівыя доўгажыхарам: актыўны лад жыцця, уменне радавацца дробязям, умеранае харчаванне, штодзённыя пасільныя фізічныя нагрузкі. Галоўны сакрэт схаваны ў жыццёвым рэсурсе, які прырода загадзя ўклала ў пэўнага чалавека.

Лячэбная фізкультура ў пажылым узросце

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Здароўе дарослых"