14.07.2026
14.07.2026

Падступная хвароба, або Як лячылі дыябет нашыя продкі

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Ірына Клімковіч, 
Людміла Дучыц

Цукровы дыябет называюць "ціхім забойцам" не проста так. Дзве тысячы гадоў таму гэты дыягназ азначаў немінучую і пакутлівую смерць. У наш час вельмі пашыранай хваробай стаў цукровы дыябет (у народзе яго яшчэ называюць “цукровіца”). Ён займае трэцяе месца ў свеце пасля сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў. Па розных крыніцах, у свеце налічваецца ад 120 да 180 млн. хворых на дыябет, што складае 2-3 % ад усяго насельніцтва планеты.

З егіпецкіх папірусаў

Хваробу дыягнаставалі яшчэ тысячы гадоў таму. Першая захаваная згадка выяўлена ў егіпецкіх папірусах.Апісанне хваробы складзена Імхатэпам — лекарам і святаром пры двары фараона Джосера, які жыў каля 5000 гадоў таму.Сама ж хвароба была вядома яшчэ раней.А першым лекарам, які ужыў тэрмін “дыябет”, быў грэчаскі навуковец Арэтэй з Кападокіі — каля 30–50 гадоў н. э. Тэрмін  паходзіць ад слова "дыябайна" — "праходзіць скрозь, працякаць". Арэтэй адзначаў, што пры дыябеце вадкасць, выпітая хворым, "праходзіць скрозь усё цела, не затрымліваючыся".

У Старажытнай Індыі хваробу звалі "хваробай салодкай мачы", бо мача хворых прываблівала мух і мурашак. Аюрведычныя лекары V–VI стагоддзяў да н.э. назвалі гэты стан мадумэха («мядовая мача»).

Сучасная назва — цукровы дыябет — з'явілася пазней. У 1776 годзе англійскі лекар Мэцью Добсан хімічна давёў, што саладжавы смак мачы хворых звязаны з наяўнасцю ў ёй цукру. Тады ж да тэрміна "дыябет" дадалі "mellitus", ад лацінскага "mel" — "мёд".

Як лячылі дыябет ў Егіпце

Ежа як лекі

У розныя часы дыябет прапаноўвалі лячыць зёлкамі, кровапусканнем ці нават опіумам. Абавязковай была дыета. Ідэя грунтавалася на тым, каб аднавіць страчаныя пры празмерным мочавыпусканні пажыўныя рэчывы, таму елі не менш, а зусім наадварот. Прыводзіла гэта ў выніку да яшчэ большай смяротнасці. Персідскі лекар 10 стагоддзі Авіцэна падрабязна апісаў дыябет у сваіх працах. Да звыклых рыс хваробы, такіх, як павышаны апетыт і празмернае мачавыпусканне, Авіцэна дадаў палавое бяссілле і апісаў узнікненне гангрэны. Ён прапаноўваў лячыць дыябет пры дапамозе лубіну, пажытніку і куркумы.

Незалежна ад спосабаў лячэння, дыябетык пасля першых праяў хваробы паміраў цягам некалькіх гадоў даволі пакутлівай смерцю. Захавалася мноства апісанняў сімптомаў, з якімі жылі хворыя на дыябет людзі.

Можна ўспомніць хаця б англійскага караля Генрыха VIII (1491–1547), у якога навукоўцы мяркуюць наяўнасць дыябету пры жыцці. У апошнія гады кіравання ў яго развілася гангрэна, ён важыў каля 160 кг і вельмі мала і павольна перасоўваўся. У іншых пацыентаў таго часу выяўляліся і хваробы вачэй (аж да слепаты), камяні ў нырках, а таксама пах ацэтону з рота.

Што да лячэння дыябету ў Беларусі ў даўнія часы, то найбольш раннія звесткі вядомыя з рукапісных “Медыцынскіх навін” 1600 года, якія былі знойдзены ў нясвіжскай бібліятэцы. У іх прыводзіцца рэцэпт «парашка ад дыябету». У канцы 19 стагоддзя сярод архіўных дакументаў Віцебскай губернскай управы з пералікам хвароб улічвалася ўжо і хвароба дыябет.

Лячэнне дыябету ў санаторыі…

Сёння на тэрыторыі Беларусі дыябет лечаць у шэрагу санаторыяў: “Парэчча” каля Гродна, ”Ружанскі” ў Пружанскім раёне, “Радон” у Дзятлаўскім раёне, ”Рассвет” у Любанскім раёне, “Лясных азёрах” каля Ушачаў. Апошні вядомы як курорт Баркоўшчына яшчэ з часоў сярэднявечча і быў заснаваны езуітамі пры Судзілавіцкім маёнтку (1514 г.). На тэрыторыі маёнтка бруілі чатыры крыніцы з лекавай вадой. У 1843 годзе медык і хімік Янт зрабіў аналіз крынічнай вады і высветліў, што ў двух крыніцах была жалезістая вада, а ў двух астатніх — серная.

Стары будынак лячэбніцы Баркоўшчына. 1928 год.

Стары будынак лячэбніцы Баркоўшчына. 1928 год.

У сярэдзіне 19 стагоддзя доктар Неміроўскі заснаваў на гэтым месцы курорт, які лічыўся адным з лепшых еўрапейскіх курортаў. Тут лячылі ад агульнай немачы (дыябету), паралічу, радыкуліту, рэўматызму, залатухі. Лячыцца прыязджалі нават з Германіі Францыі і Швейцарыі. У 1860 годзе курорт наведала больш за 300 пацыентаў, паведамляецца, што ўсе яны паспяхова вылечыліся. Некаторых прыносілі сюды на насілках, а праз месяц-паўтара людзі ўжо маглі хадзіць.

У тыя часы на курорце былі пабудаваны два ванныя павільёны — драўляныя будынкі, падзеленыя калідорам. У кожным будынку было па чатыры пакоі, дзе месціліся па дзве ванны. З усіх чатырох крыніц вада паступала ў студню, дзе змешвалася, а потым па двум драўляным трубам ішла ў катлы для нагрэву, і напрыканцы паступала ў ванны. Хворыя бралі па дзве ванны ў дзень.

Пасля смерці доктара Неміроўскага ў канцы 19 стагоддзя курорт заняпаў. У 1919 годзе яго сталі аднаўляць, але ў час савецка-польскай вайны ён быў зноў разбураны. У 1928–1929 гадах лячэбніцу аднавілі, яна набыла статус здраўніцы і працавала да 1941 года. У тыя гады лічылі, што крынічныя воды Баркоўшчыны не саступаюць водам Кіславодска. Падчас 2-й сусветнай вайны ў здраўніцы размяшчаліся акупанты. Некаторыя будынкі былі спалены, а ў некаторых у мірны час месціўся дзіцячы дом. Пазней тут быў пабудаваны дом адпачынку “Лясныя азёры”, які ў 1999 годзе атрымаў статус пансіяната з лячэннем, а з 2006 — санаторыя.

Снаторый “Лясныя азёры”.

… і крынічнай вадою

Нашыя продкі верылі, што дыябет лечаць і святыя крыніцы. Паміж вёскамі Косічы і Старыя Ганчары на Навагрудчыне непадалёк ад легендарнага возера Свіцязь знаходзяцца дзве крыніцы, іх называюць “Жывая вада” і “Мёртвая вада”. Крыніцы асвечаны ў снежні 2007 года ў гонар святога Серафіма Сароўскага.

Крыніцы “Жывая вада” і “Мёртвая вада” у Навагрудскім раёне.

Крыніцы “Жывая вада” і “Мёртвая вада” у Навагрудскім раёне.

Паводле аднаго з паданняў, манах-пустэльнік стукнуў па гары посахам, пасля чаго на гэтым месцы прабіліся крынічкі. Паводле іншага падання, беларус жыў у адным з тыбецкіх манастыроў, дзе даведаўся, што на зямлі існуе сем месцаў з “жывой” і “мёртвай” вадой, і адно з іх знаходзіцца ў Беларусі. Калі ён вярнуўся на радзіму, то знайшоў гэтае месца. Яшчэ адно паданне распавядае, што тут глыбока пад зямлёй ляжыць вялізны скарб з серабра і золата. Вада абмывае яго і на паверхню выходзіць ачышчанымі крыніцамі.

У “Жывой” крыніцы вада светлая, а ў “Мёртвай” — з бурым налётам. Лічыцца што вада добрая ў абедзвюх крыніцах і дапамагае ад многіх хвароб, а асабліва ад дыябету. «Мёртвая» вада (аналіт) мае кіслую кампаненту, якая дэзінфікуе і стэрылізуе, дапамагае загойваць раны і забівае шкодныя мікраарганізмы. «Жывая» вада (каталіт) мае шчолачную кампаненту, дзейнічае як біястымулятар, падвышае імунітэт і надае моцы. Многія набіраюць ваду з абедзвюх крыніц і змешваюць яе.

Беларусы даўней верылі, што ад дыябету дапамагае і Макавеева крыніца каля вёскі Сялец у Буда-Кашалёўскім раёне на Гомельшчыне. Яна і сёння лічыцца адным з цудаў раёна і знаходзіцца ў 6 км на паўночны ўсход ад раённага цэнтра, па лініі Жлобін — Гомель. Вёска згадваецца ў дакументах 18 стагоддзя. Каля вёскі быў знойдзены скарб манет 17 стагоддзя (прускіх, польскіх, літоўскіх, рыжскіх). На гары, з-пад якой выцякае крынічка, раней стаяла царква, якая была знішчана ў 1930-я гады. Па легендзе, крыніца ўтварыўся на месцы храма, які пайшоў пад зямлю. Таксама тут нібыта аб’явіўся абраз Сарака Пакутнікаў, які цяпер захоўваецца ў храме Мікалая Цудатворца Буда-Кашалёва.

 Крыніца каля вёскі Сялец Буда-Кашалёўскага раёна.

Крыніца каля вёскі Сялец Буда-Кашалёўскага раёна.

Крыніца паўнаводная, вада ў ёй чыстая, халодная і смачная. Каля крыніцы збудавана адкрытая купель, у якой кожны па жаданні і магчымасці можа акунуцца. Штогод 14 жніўня на свята Макавея сюды здзяйсняецца хрэсны ход. Вышэй за крыніцу стаіць драўляная капліца, а за ёй на вялікай плошчы раскінуўся своеасаблівы дэндрапарк. Аналіз вады паказаў, што ў ёй павышанае ўтрыманне фтору.

Ніхто не ведае дакладна, калі ў Сяльцы з'явілася крыніца. Вядома толькі, што побач з ёй заўсёды стаялі драўляныя крыжы, на якія вяскоўцы вешалі вышываныя ручнікі. На святы Пятра і Паўла, Макавея і іншыя тут асвячалі не толькі ваду, але і яблыкі, гародніну, зёлкі і кветкі. Ваду пілі, абмывалі ёю вочы і рукі, неслі дадому. Яе давалі хворым, асвячалі ёю жытло і падворкі.

Мясцовыя жыхары сведчаць, што вада ў гэтай крыніцы не замярзае нават у самыя лютыя маразы. А таму незалежна ад пары года сюды прыходзяць і прыязджаюць людзі: нехта набраць святой вады, нехта памаліцца, а нехта — пабыць сам-насам з прыродай.

Святы Панцеляймон выратоўвае. Якія крыніцы Беларусі дапамагаюць хворым і медработнікам

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0