17.08.2026
17.08.2026

Бяроза – белая лекарка

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Бяроза – не проста адно з дрэваў, якія растуць на Беларусі. Гэта адно з самых загадкавых і сімвалічных дрэў у культуры нашага народа. Са старажытных часоў бярозу лічылі сакральным дрэвам, напоўненым старажытнымі павер'ямі і магіяй, якая і па сёння працягвае жыць у памяці беларусаў.

Гаючыя ўласцівасці бярозы

 У беларусаў бяроза лічыцца дрэвам жыцця, з’яўляецца аб’ектам шанавання, сімвалам маладосці, прыгажосці і жаночага пачатку. Пры дзіцячых хваробах хлопчыкаў вадзілі да дуба, а дзяўчынак – да бярозы. Дзеці павінны былі пастаяць пад дрэвам і абняць яго. Бяроза шырока выкарыстоўвалася ў каляндарнай, сямейнай і гаспадарчай абраднасці, ў магіі. На Троіцу па ўсёй Беларусі ссечаныя маладыя бярозкі ставілі каля хат і храмаў, у хатах вешалі бярозавыя галінкі. Потым такія галінкі спальвалі і дымам акурвалі хворых.

Бяроза вельмі папулярная і ў народнай медыцыне. Яна з'яўляецца каштоўным лекавым рэсурсам.

Свежым бярозавым сокам нашы продкі лячылі падагру, рэўматызм, артрыт, цынгу. А бярозавы квас пілі, каб пазбавіцца ад ліхаманкі і бясплоддзя. Настоем бярозавых пупышак лячылі парэзы, нагнаенні, захворванні стрававода і печані.

Пры прастудных захворваннях на Беларусі спрадвеку лечацца ў лазнях бярозавым венікам. Гэта невыпадкова. У парыльнях, пры запарванні веніка і ўздзеянні гарачага паветра, лісце вылучае гаючыя фітанцыды, якія напаўняюць лёгкія высокаактыўнымі прыроднымі антысептыкамі.

Пракралася бяроза нават у “народную касметыку” – беларускія красуні ад вяснушак і загару мазаліся бярозавай смалой.

Магічныя метады

 Папулярнымі былі і магічныя метады пазбаўлення ад хвароб. Вядома, што практыка перадачы хваробы прыроднаму аб'екту, у прыватнасці, дрэву, была шырока распаўсюджана ва ўсіх славян. У такім выпадку, паводле старажытных вераванняў, ажыццяўляўся абмен паміж "гэтым" і "тым" светам, паміж светам людзей і светам звышнатуральных сіл. Напрыклад, маладое дрэва расчаплялі, ці знаходзілі старое дрэва з дуплом, і праз гэтую шчыліну, пашырыўшы яе, працягвалі хворага. Хворага маглі працягнуць і паміж зрослых дрэў.

Так, дзве зрослыя бярозы, якія раслі на перекрыжаванні дарог каля вёскі Заазер’е ў Бялыніцкім раёне на Магілёўшыне, яшчэ не так даўно, паводле павер’яў, дапамагалі жанчынам зацяжарыць. Калі яны падыходзілі да бяроз, то здымалі адзенне і вешалі яго на галінкі дрэваў. Потым пралазілі праз “вілку” паміж бярозамі і тройчы на каленях прапаўзалі паміж дрэвамі і каменным крыжам, які стаяў побач з дрэвам. Пасля гэтага надзявалі чыстае адзенне.

Заазере, Бялыніцкі р-н

А напрыклад, ад шаленства хвораму давалі з’есці кавалак хлеба, які дагэтуль быў тройчы прасунуты паміж  зрослых бярозы і сасны.  Галінка бярозы, якая зраслася з дубам, выкарыстоўвалася і ў любоўнай магіі: дзяўчына неўпрыкмет абыходзіла з ёй вакол хлопца або паіла яго адварам кары гэтай бярозы. Таксама дзяўчына незаўважна давала хлопцу выпіць адвар з трох бярозавых лісцікаў ад трох бяроз, якія выраслі ў адным мурашніку.

А каб вылечыцца ад бясплоддзя, у лесе знаходзілі дуб і бярозу, якія зрасліся разам, сашкрабалі з іх кару, заварвалі яе і пілі.

Ад падучай лячылі карой дуба, калі хворы быў мужчына, карой бярозы ці алешыны – калі жанчына. Жанчыны лячылі каўтун амелай, якая вырасла на бярозе, а мужчыны – амелай з ясеня ці клёну. Таксама бясплодным жанчынам давалі піць настой высушанай кары з трох бяроз, якія выраслі з сярэдзіны згнілага пня.

Цікава, што для дзяўчынак прызначалася купель з бярозы, а для хлопчыка – з дуба. Пры лячэнні такіх дзіцячых хвароб, як крыксы і плаксы – дрэнны сон, пастаянны плач, дзіця неслі лячыць да дрэў, прычым хлопчыкаў да дуба, а дзяўчынак – да бярозы. Там адбывалася "братанне" з дрэвам, а потым перадача яму хваробы. Былі вядомыя і больш складаныя спосабы лячэння, аднак з той жа сімвалічнай нагрузкай дрэва людской хваробай. Так, на вадзе з трох студняў замешвалі цеста і пяклі тры булачкі. Затым каталі іх па целе хворага, кідалі ў вядро з вадой, таксама з трох студняў, а ваду вылівалі пад бярозу ці грушу (пасля дзяўчынкі) альбо пад ясень ці дуб (пасля хлопчыка).

Святыя бярозы

 Пакланяліся бярозкам, што растуць каля святых крыніц і культавых камянёў. Так, на балоце каля вёскі Вуглы Вухвішчанскія ў Полацкім раёне каля святой лекавай крыніцы ляжыць паклонны камень і расце святая бяроза. Раней побач была яшчэ і драўляная каплічка. Калі з крыніцы набіралі ваду, то як плату за яе на бярозу вешалі стужкі і ільняныя ніткі, а на камень клалі грошы.

Лічацца паклоннымі і бярозкі, якія растуць на прошчы паміж вёскамі Дубнікі і Ператок Любанскага раёна.

Ператоки

На гэтай прошчы знаходзіцца камень-следавік, які у народзе называюць Божы слядок. Адтуліны на камені мясцовыя жыхары тлумачаць легендамі. Паводле адной з іх, калі Маці Божая з Ісусам Хрыстом на руках уцякала ад ворагаў, яна села на гэты камень адпачыць і пакінула на ім след. Па другой версіі, калі Ісус Хрыстос пасля падарожжа па грэшнай зямлі зноў узнёсся на неба, ён абапіраўся на камень правай рукой. Вернікі ў паглыбленні з аднаго боку заліваюць ваду, а з другога збіраюць яе. Пралітая такім чынам вада ўжо лічыцца лекавай, а асаблівай сілай яна валодае на маладзік і ў маладзіковую нядзелю.

Мясцовыя жыхары вераць, што такой вадой можна лячыць раматус, розныя запаленні і застарэлыя хваробы. Бярозкі, якія растуць вакол каменя абвешаны аброчнымі тканінамі і стужкамі, якія вернікі прыносяць сюды ў якасці ахвяравання за дапамогу ў лячэнні.

Ёсць паданні, якія расказваюць, што абраз Божай Маці аб’явіўся на самой бярозе. Так гавораць у вёсках Пархімавічы Бабруйскага, Баркалабава Быхаўскага, Карытнае Асіповіцкага, Насілава Маладзечанскага раёнаў. Так калісьці апавядалі і ў Бярозе-Картузскай (сённяшні горад Бяроза) Брэсцкай вобласці.  Старажытнае паданне расказвае, што на гэтым месцы некалі быў лес, і аднойчы сюды патрапіў сляпы старац з хлопчыкам-павадыром. Яны спыніліся каля крынічкі, якая выбівалася з-пад бярозы. Стары заснуў, а хлопчык адышоўся і заблукаў. Бездапаможны стары знясілеў і стаў маліцца, папіў вады з крыніцы і раптам стаў відушчым. Ён убачыў на бярозе абраз Божай Маці. З часам крыніцу і бярозу сталі лічыць лекавымі, а потым тут пабудавалі манастыр.

Ушаноўваюць бярозы і ў вёсцы Брады Пружанскага раёна, што на самай мяжы Белавежскай пушчы.

Брады

Яны растуць акурат побач з каменем-следавіком, з-пад якога шмат стагоддзяў б’е святая крыніца. Паводле падання, тут таксама праходзіла Божая Маці і пакінула свой след на гэтым месцы. Сюды ва ўсе часы хадзілі людзі з малітвай прасіць у Багародзіцы дапамогі пры няшчасцях у асабістым жыцці або для ўсёй вёскі, а вада ў студні лічыцца гаючай. Кажуць, што яна вылечвае хваробы ног і рук, хваробы суглобаў, варыкознае пашырэнне вен, псарыяз. Падчас малітвы ў якасці ахвяравання людзі пакідаюць манеты ў паглыбленні на камені, вешаюць стужкі і фартушкі на бярозкі і крыжы, якія стаяць побач.

Каля вёскі Вашкаты паблізу Капыля некалі расла вельмі прыгожая бяроза з густымі шатамі. Адзін селянін нарабіў з галінак венікаў, і ў той жа дзень на яго напала ламата ва ўсім целе. Чалавек пакаяўся і абяцаў больш ніколі не дакранацца да той бярозы. І адразу ж адчуў палёгку. Людзі сталі хадзіць на паклон да бярозы і неслі ахвяраванні – палатно, лён, ручнікі, грошы і інш. Спачатку ахвяры забіралі пастушкі, потым дзесяцкі. На дрэва па хуткім часе прымацавалі абраз Хрыста.

У бярозы прасілі здароўя і дабрабыту. З цягам часу па ўказанні кансісторыі, якая палічыла пакланенне забабонамі, бяроза была ссечана і спалена. Але людзі яшчэ доўгія гады наведвалі гэтае месца і маліліся аб здароўі.

 

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"