15.09.2026
15.09.2026

Малярыя, ці Балацяная ліхаманка

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Малярыя. Згадка пра гэтую хваробу ў большасці людзей асацыюецца з трапічнымі краінамі. Аднак яшчэ не так даўно гэты дыягназ быў актуальны і для жыхароў Беларусі – захворванне малярыяй насіла масавы характар ​​у сярэдняй паласе еўрапейскай часткі Расійскай імперыі, а затым і ў СССР.

Барацьба з малярыяй

Малярыя ці балотная ліхаманка гэта самая распаўсюджаная інфекцыйная хвароба на Зямлі. У асноўным яна характэрна для трапічных і субтрапічных краін. Штогод у свеце на малярыю хварэе 300 – 350 млн чалавек і з іх 1 млн памірае.

Малярыя вядомая чалавецтву з найстаражытных часоў – прыступы малярыйнай ліхаманкі апісвалі яшчэ антычныя навукоўцы: Гіпакрат, А. Цэльс, К. Гален. У часы сярэднявечча малярыя спусташала еўрапейскія гарады. У свеце неаднаразова ўзнікалі пандэміі малярыі. Да сярэдзіны XX стагоддзі на малярыю хварэла больш за 800 млн. чалавек штогод, смяротнасць дасягала 3 млн чалавек на год. Асобны тэрмін "malа aria" (ад іт. "кепскае паветра") у якасці азначэння хваробы ўпершыню з'явіўся ў Італіі ў другой палове 16 стагоддзя і канчаткова зацвердзіўся ў медыцынскай тэрміналогіі з сярэдзіны 18 стагоддзя.

Малярыя ў БССР

Захворванне на малярыю ў свеце дасягнула піка да 1930-х гадоў, штогод у той час на планеце хварэла каля 700 млн. чалавек, з якіх каля 7 млн. памірала. У Савецкім Саюзе за 1934–1935 гг. было зарэгістравана больш за 9 млн. выпадкаў малярыі.

Складаная сітуацыя была і на тэрыторыі БССР. Прыродныя ачагі малярыі ў Беларусі фармаваліся ў асноўным у поймах рэк на тэрыторыі Брэсцкай і Гомельскай абласцей. І прычына тут у асаблівасцях мясцовай прыроды: у такіх поймах – а яшчэ ў забалочаных участках, на плыткаводдзе вадасховішчаў, у прыбярэжнай зоне азёр, сажалак, кар'ераў і меліярацыйных каналаў з багатай воднай расліннасцю – ствараюцца ідэальныя ўмовы для размнажэння малярыйных камароў. Менавіта ў такіх вадаёмах развіваюцца іх лічынкі, а далей, пры наяўнасці хворага чалавека (крыніцы ўзбуджальніка) і прыдатных кліматычных умоў, запускаецца ланцужок перадачы захворвання.

Да 1960-х гадоў інфекцыя малярыі часта здаралася на Беларускім Палессі ў вясновыя месяцы. Вялікія ўспышкі назіраліся прыкладна раз на 15 гадоў. Здараліся і смяротныя выпадкі, асабліва на хутарах у ваколіцах вёскі Снядзін Петрыкаўскага раёна. У 1911 года на тэрыторыі Мінскай губерніі, куды ў той час ўваходзіла і Палессе, было зарэгістравана 19 тысяч хворых на малярыю.

Вялікія эпідэміі здарыліся ў 1923, 1924 і 1927 гадах на Гомельшчыне, у прыватнасці – на Мазыршчыне. Прычынай гэтага лічылі масавыя перасяленні людзей у часы Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. За апошнія дзесяць гадоў сетка ачышчальных каналаў прыйшла ў поўны заняпад. Прыпяць разлівалася і не высыхала ўсё лета. У 1923 г. эпідэмія малярыі была таксама і ў Кіеве. У тыя гады з Мінска на Палессе было паслана тры урачэбныя атрады для барацьбы з пошасцю. На Мазыршчыне ў 1923 г. медыкі зафіксавалі 851 “малярыка”, а ў 1924 г. ужо налічылі 1 897 хворых. Лекавалі людзей хінінам, давалі па 7,5 грамаў на рукі.

Планавая барацьба з малярыяй у нашай краіне была распачата яшчэ ў 1920-я гады: арганізавана сетка спецыялізаваных супрацьмалярыйных станцый, пачала працаваць планавая дзяржаўная праграма барацьбы з інфекцыяй.

У 1927 г. на Палессі тры месяцы працаваў атрад студэнтаў-медыкаў. Яны не толькі лячылі хворых, але і вывучалі народныя метады барацьбы з хваробай. У 1928 г. студэнт А. Горбач у краязнаўчым часопісе “Наш край” (№ 1) надрукаваў артыкул “Некаторыя з народных сродкаў барацьбы з малярыяй у Мазырскай акрузе”.

Сітуацыю з захворваннем на малярыю ў БССР пагоршылі баявыя дзеянні Другой сусветнай вайны і нацысцкая акупацыя. Адсутнасць неабходных лекаў, масавая міграцыя насельніцтва, рэзкае зніжэнне ўзроўню жыцця – усё гэта прывяло да імклівага росту колькасці выпадкаў малярыйнай ліхаманкі.

Станоўчы вынік у тым, што сітуацыю ўдалося ўзяць пад кантроль. Актыўная меліярацыя – маштабнае асушэнне балот у Палессі – істотна скараціла плошчы прыдатных для выплоду камароў месцаў. У выніку распаўсюджанасць мясцовай малярыі пайшла на спад, і ў 1956 годзе мясцовыя ачагі інфекцыі былі цалкам ліквідаваныя.

Малярыя БССР

Народныя вераванні і метады лячэння малярыі

У народзе на Палессі такую хваробу называлі хіндзя, хондзя, хундзя, несбудзь, трасца або шохля ці шухля. Паводле павер’яў, захворванне пачынаецца пасля таго, як у чалавека з балотнай вады ўсяляецца нейкі злыдух, ведзьма. Былі ўпэўнены, што малярыйных ведзьмаў існуе 77. У вёсцы Буда Бячанская ў Жыткавіцкім раёне калі, чалавека пачынала калаціць, дык ён адлічваў 77 зярнят проса, нёс іх у балота, кідаў у ваду і прыгаворваў: “даю вам зярнят 77 на кашу ўсем”. Таксама там казалі: “Іх семдзесят сем хондзѐў е: е така, шо як чоловек спіць, е така, шо гнеце, е така, шо трэсе…”. А калі хацелі праклясці каго-небудзь, то прамаўлялі: “Шоб на яго напала шохля!”.

У вёсцы Малешаў каля Турава лічылі, што хондзю нельга клясці, а то ад яе будзе пакутаў яшчэ больш. Там верылі, што калі хондзю ўдосталь накарміць тым што яна вельмі хоча, то хвароба пакіне чалавека.

У некаторых вёсках былі ўпэўнены, што хондзя не любіць рыбы і яек, і таму забаранялі хвораму іх есці. Шмат дзе ад малярыі грызлі кару асіны. У вёсцы Скрыгалаў Мазырскага раёна елі лісце вярбы ці ўжывалі адвар з палыну. У Тураве елі кароўю жоўць, а ў блізкай да горада вёсцы Верасніца ўжывалі жоўць рыбы ліня. У вёсцы Хваенск Жыткавіцкага раёна пілі ваду, у якой у гарбарнях мокла дубовая кара.

Лекі ад хондзі павінны быць горкімі. У Мазыры па завулку Пралетарскі і ў навакольных вёсках у якасці лекаў выкарыстоўвалі каштаны. Плады спальвалі, расціралі ў муку, змешвалі з гарэлкай і пілі. Калі не дапамагала, то ў настоянку дадавалі перац ці хіну.

У некаторых вёсках раілі паліць тытунь, які змешвалі з патоўчанымі могілкавымі касцямі. Рабілі таксама настоянку на жабах і вожыках. Пілі сваю мачу – адну ці разам з самагонам і выцяжкамі з конскага гною – дзеля таго, каб хворага званітавала, і тады хондзя ўцячэ. Прычым, у вёсцы Буда Жыткавіцкага раёна лічылі, што мачу трэба піць менавіта з халявы бота.

Да рук прыкладалі розныя жоўтыя кветкі. Існавалі і такія парады: трымаць у зубах конскую галаву і “межы лічыць”, спужаць хворага: стукам, кінуць яго знянацку ў ваду ці абліць вадой; прымусіць яго ісці на могілкі і паляжаць на чыёй-небудзь магіле. У якасці прафілактыкі раілі насіць талісманы – напрыклад, варанае курынае яйка. А нежывых жаб і вужакаў насілі на матузку на шыі. У Тураве без ведама хворага варылі жабу з малаком і давалі гэта выпіць малярыку. Там жа хвораму ў час прыступу запускалі пад кашулю жывую жабу і абавязвалі трымаць яе, пакуль не здохне.

Народная медыцына

На лячэнні малярыі спецыялізіраваліся  некаторыя знахары-шаптуны. Так, у вёсцы Азяраны Жыткавіцкага раёна знахар замаўляў хваробу на хлебнай скарынцы. Затым даваў такую скарынку хвораму на малярыю, і той павінен быў па кавалачку з’ядаць раніцай і на ноч. У вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна знахар загаворваў хондзю на паперы. Гэтую паперку хворы павінен быў насіць у ладанцы на матузку, пакуль ладанка не згубіцца. Альбо праз нейкі час яе здымаў сам знахар.

У згаданых вёсках Хваенск і Буда хваробу таксама выкурвалі на гарачыя вуголлі. Туды кідалі кавалачкі свянцонага хлеба ці яйка, або грамнічныя свечкі. Кідалі яшчэ і гусіны памёт. Хворы, каб вылечыцца, павінен быў дыхаць такім дымам.

Вобраз малярыі-хондзі адлюстраваны не толькі ў павер’ях, легендах, але і ў замовах, дзе хваробу з дапамогаю магічнага слова адсылаюць “на крутыя горы, на ніцыя лозы”; на сырыя балоты, на гнілыя калоды”; б’юць “драцяным кнутом”, загароджваюцца ад яе “жалезным плотам”.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0