23.06.2026
23.06.2026

Дзе мёртвыя гавораць з жывымі

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пра мінскія Вайсковыя могілкі ў СМІ напісана нямала. У большасці выпадкаў пра іх расказвалі як пра месца апошняга прытулку класікаў беларускай літаратуры, слынных вучоных, педагогаў, музыкантаў, вядомых артыстаў ці знакамітых дактароў. Аднак публікацыі пра ваенную спадчыну гэтага месца сустракаюцца значна радзей. Таму на тэматычную прагулку па могілках мы выбраліся разам з даследчыкам некропаля Юрыем Тамковічам.

Юрый Тамковіч

Умоўна гісторыю Вайсковых могілак можна падзяліць на некалькі ключавых этапаў: дарэвалюцыйны час, гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама дзесяцігоддзе пасляваваенных пахаванняў.

Глава 1. Дарэвалюцыйная спадчына

Старая частка могілак з’явілася ў 1850 годзе як месца пахавання мінскага вайсковага шпіталя і займала адносна невялікую плошчу (як правіла, тут знаходзілі апошні спачын толькі пацыенты і супрацоўнікі ўстановы). Аднак праз дзесяць год у Мінску размясцілі некалькі частак Рускай імператарскай арміі: 119-ы Каломенскі і 120-ы Серпухаўскі пяхотны палкі, а таксама 30-ю артылерыйскую брыгаду. Да канца 19 стагоддзя адведзеная тэрыторыя была запоўнена пахаваннямі, таму неўзабаве некропаль пашырыўся і ў гэты час упершыню пачаў называцца Вайсковымі могілкамі.  Юрый Тамковіч гаворыць, што візуальная лінія ірва, які акружаў тэрыторыю пахаванняў і яшчэ стагоддзе таму аддзяляў ваенныя дарэвалюцыйныя магілы ад гарадскіх пахаванняў міжваеннай пары, сёння добра заўважаецца па ландшафце з боку вуліцы Казлова.

Пасля планавага пашырэння ўчастка на могілках сталі хаваць вайскоўцаў Мінскага ваеннага гарнізона. Статус некропаля павысіўся: калі раней у большасці выпадкаў тут хавалі салдат, цяпер месца супакою тут знаходзілі афіцэры, генералы і ваенныя чыноўнікі.

– Вайсковыя могілкі былі месцам суіснавання розных канфесій. Звычайна каталікоў і праваслаўных хавалі асобна, аднак тут можна сустрэць пахаванні прадстаўнікоў розных веравызнанняў, паколькі ваеннае ведамства стаяла асобна ад іншых інстытутаў грамадства. Так, у некропалі можна сустрэць магілы праваслаўных, каталікоў, лютэран і нават старавераў, – тлумачыць даследчык.

У 1896 годе на тэрыторыі могілак пачалі будаваць царкву. Першапачаткова на яе месцы задумвалася капліца, аднак сабраных сродкаў хапіла на храм у гонар Аляксандра Неўскага. Ён стаў своеасаблівым помнікам Аляксандру III, са смерці якога на той час прайшло толькі 4 гады. Храм стаў выконваць функцыі палкавой царквы. Да нашага часу тут  захаваліся рэліквіі Каломенскага палка: перанасны ківот-капліца, металёвыя харугвы, напрастольнае Евангелле. Таксама ўнутры храма ўсталяваны дзве мармуровыя пліты з імёнамі воінаў, што загінулі ў руска-турэцкую вайну.

Храм

На могілках налічваецца да 60 надмагіляў з дарэвалюцыйнага перыяду. Самае старое з іх належыць Сцяпану Дабрышыну. Далей можна пабачыць помнік генералу Аляксандру Бястужаву і яго жонцы. Зверху каменя ёсць месца, дзе некалі змяшчаўся абраз. Медальён, фрагмент якога застаўся на помніку, лічыцца ўнікальным для Беларусі (іх колькасць абмяжоўваецца некалькімі дзясяткамі па краіне). Для пахаванняў Мінска медальён генерала таксама рэдкі аб’ект (па-сутнасці – адзіны, які захаваўся ў адносна добрай якасці!), паколькі на выяве захаваліся элементы формы Аляксандра Бястужава і подпіс мастачкі – ураджэнкі Віцебшчыны, што працавала ў Варшаве, Юзэфы Радзевіч. Сёння ў нашай краіне вядома ўсяго тры медальёны яе аўтарства.

Бястужаў

Помнікі генерал-маёра Васіля Булаева з жонкай выкананы ў адным стылі. Надмагіллі адметныя тым, што зроблены ў Мінску майстрам Ігнаціем Мяхедкам, які жыў на Старажоўскай вуліцы (сёння – вуліца Кісялёва). Даследчыкі гісторыі горада заўважаюць, што пэўны час работы гэтага вытворцы былі папулярнымі, таму на Вайсковых ды іншых могілках захавалася шмат помнікаў з яго сігнатурай.

Булаевы

Пліта з магілы падпалкоўніка Каломенскага палка Аляксандра Дзегцярова прываблівае погляд эпітафіяй, выбітай збоку: «Милый друг, твоя могила / Сколько слез мне принесла, / Сколько горя причинила, / В жизни радость отняла».

Дзегцяроў

Побач  з ім пахаваны начальнік 30-й пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант Эдуард Жыржынскі. Ваенны быў палякам, але зрабіў кар’еру ў рускай арміі. Афіцэр памёр у Баварыі, аднак пахавалі яго на радзіме. Помнік на магіле і сёння звяртае на сябе ўвагу багаццем аздобы і  асаблівасцямі афармлення.

Ваенны-паляк

Паводле метрычных кніг Серпухаўскага палка, з пахаваных тут больш за 120 вайскоўцаў, ідэнтыфікаванымі засталіся толькі некалькі надмагілляў. Напрыклад, за алтарнай часткай храма знаходзяцца брацкая магіла салдат імператарскай арміі. Нядаўна помнік, які ўсталявалі ў 1990-я гг., быў абноўлены. Цяпер надпіс на камянях сведчыць: «Тут пакояцца воіны рускай імператарскай арміі, якія загінулі пры абароне Айчыны ў 1915 годзе. Супакой, Госпадзі, іх душы».

Пахаванне Першай сусветнай

Таксама ацалелі помнікі прапаршчыка Уладзіміра Каравацкага і капітана Мікалая Рудэнкі, якія загінулі за мяжой, але былі вернуты роднымі ў Мінск. Іх магілы – рэдкія для Мінска пахаванні людзей, што ваявалі на франтах Першай сусветнай вайны.

Прапаршчык Каравацкі

Юрый Тамковіч кажа, што па матэрыяле помніка, яго форме, шрыфце і месце змяшчэння сігнатуры можна ўстанавіць, рабоце якога майстра выраб належыць.

У дарэвалюцыйны час, напрыклад, адметнасцю подпісаў пра памерлага з’яўлялася пералічэнне яго рангаў («Капітан Каломенскага палка Мардарый Рамуальдавіч Гадыцкі-Цвірко», «Перакопскі ўезны воінскі начальнік падпалкоўнік Сцяпан Абрамаў», «карнет драгунскага Пскоўскага Гасударыні Імператрыцы Марыі Фёдараўны палка Барыс Пляханаў» ды інш.). Нярэдка прысутнічалі кароткія звесткі з біяграфіі (калі нарадзіўся, дзе служыў, у якім узросце памёр, якія ўзнагароды меў) або звароты блізкіх.

 

Глава 2. Міжваенны час і ліхалецці Вялікай Айчыннай

Пасля ўсталявання савецкай улады Ваенныя могілкі сталі гарадскімі. Тут пачалі хаваць грамадзянскае насельніцтва – чыноўнікаў, герояў працы, пісьменнікаў, выкладчыкаў, артыстаў і рабочых. Тады ж на тэрыторыі некропаля з’яўляецца адзін з першых савецкіх вайсковых мемарыялаў, прысвечаны савецка-польскай вайне: злева ад храма Аляксандра Неўскага быў ўзведзены помнік васьмі савецкім партызанам, якіх забілі ў 1920 годзе. У міжваеннай БССР свята 11 ліпеня (дня вызвалення Беларусі ад белапалякаў) было адным з самых важных для маладой краіны. У 1930-я гады ля пахаванняў праводзіліся мітынгі і выступалі партыйныя дзеячы.

Брацкая магіла 1920 г.

Па словах Юрыя Тамковіча, найбольш тыповымі формамі надмагілляў міжваеннага перыяду з’яўляюцца самаробныя крыжы са звараных металічных труб, бетонныя падгалоўнікі і крыжы, інтэграваныя ў агароджы. У гэты час рэлігійная сімволіка часта змяняецца на камуністычную: на помніках з’яўляюцца чырвоныя зоркі, серп і молат. Таксама ў 1920–1950-я гг. асаблівасцю пахаванняў было перабіццё новых помнікаў з дарэвалюцыйных надмагілляў. Гэта абумоўлівалася тым, што пахаванні царскай эліты пры новым дзяржаўным ладзе страчвалі свой высокі статус і станавілся занядбанымі. Даследчык гаворыць, што ў такіх выпадках старыя надпісы счэсваліся, а з адваротнага боку каменя наносіўся новы подпіс. Сёння такія пераробкі спецыялісты ідэнтыфікуюць па кляйме майстра (сігнатуры) або па імху, які расце на счасаным баку. Таксама існавала адметнасць у афармленні магіл пасляваеннага часу. Паколькі людзі жылі небагата, адмысловыя помнікі і агароджы рабіліся са спадручных матэрыялаў – кавалкаў металу, рэштак старых надмагілляў і да т.п.

У 1941 годзе Вайсковыя могілкі хацелі закрыць, аднак пачатак Вялікай Айчыннай вайны адклаў гэту падзею. Паступова ў некропалі з'яўляліся пахаванні тых, хто загінуў ад бамбёжак, падпольшчыкаў, закатаваных у засценках, партызан ды інш. Так, Аляксандр Бялятка з дачкой Верай, трынаццацігадовы Міша Лабенскі, Ада і Валерый Рыцікавы загінулі падчас першай бамбёжкі горада 24 чэрвеня, калі немцы скідвалі фугасныя бомбы, каб пасеяць паніку (тады горад перажыў каля 18 налётаў). Тады ж пацярпелі і самі могілкі: гарэў дах храма Аляксандра Неўскага, быў пашкоджаны купал царквы.

Вера і Аляксандр Бялятка

Вялікая частка памятных знакаў належыць героям-падпольшчыкам. Ігнація Ганчарэнку закатавалі ў засценку на 2 годзе вайны.

Ганчарэнка

Такі ж лёс у 1943 годзе напаткаў братоў-падпольшчыкаў Гвідона і Барыса Еўдакімавых,  якія распаўсюджвалі лістоўкі, збіралі зброю, перадавалі ежу ваенапалонным і хавалі людзей, на якіх палявалі нямецкія ўлады. Непадалёк можна ўбычаць помнік дваццацігадовай партызынкі Марыі Кулаковай, якая пасмяротна была ўзнагароджана ордэнам Айчынай вайны І ступені. У маі 1943 года дзяўчына ўсталявала сувязь са спецгрупай Народнага камісарыяту дзяржаўнай бяспекі БССР «Чацвёртыя», па заданні якой ўладкавалася на біржу працы тэхнічным сакратаром. Мінчанка займалася зборам разведдадзеных, здабывала бланкі для вырабу дакументаў. Улетку сышла ў лес. 25 сакавіка 1944 года пасля выканання задання дзяўчыну паранілі і схапілі фашысты. 2 ліпеня, за дзень да вызвалення Мінска, яна загінула ў фашысцкай турме.

Браты Еўдакімавы

Нельга прайсці, не звярнуўшы ўвагі, паўз помнік падпольшчыцы Лялі (Клары) Брук. Яе ў пачатку вайны разам з сям’ёй фашысты адправілі ў Мінскае гета. Там загінуў бацька, а Лялі ўдалося ўцячы да партызан. Пасля вызвалення яна вярнулася ў горад. У канцы ліпеня 1944 года павінна была адбыцца сустрэча партызанкі з матуляй і сястрой. Але ноччу дом, дзе начавала Ляля, разбамбілі. Дзяўчына загінула пад заваламі.

Ляля Брук

Галіна Магілеўчык была дачкой вядомага ў горадзе медыка Захара Магілеўчыка. У пачатку вайны доктар эвакуяваўся, а дзяўчына, застаўшыся ў Мінску, уступіла ў падполле. Калі іх групу раскрылі, Галя сышла да партызан. У 1943 годзе васямнаццацігадовая падпольшчыца загінула ў партызанскім атрадзе пры сутычцы з ворагам.

Галіна Магілеўчык

Барыс Гузарэвіч да вайны працаваў у Першай савецкай бальніцы (сёння 3-я гарадская клінічная бальніца імя Я. Клумава). У акупаваным Мінску як падпольшчык перадаваў медыкаменты ў партызанскія атрады. Калі ў 1943 годзе яго схапіла гестапа, ён, баючыся катавання, раскусіў ампулу з атрутай, каб нікога не выдаць. Цела перадалі сваякам, і тыя пахавалі яго на Вайсковых могілках. Развітацца з доктарам тады прыйшлі сотні мінчан.

Барыс Гузарэвіч

Кліменцій Лісоўскі быў рабочым. Нягледзячы на няпросты лёс (яго сын стаў ахвярай рэпрэсій), ён не азлобіўся і падчас вайны не супрацоўнічаў з немцамі. Кліменцій стаў дапамагаць партызанам: у сваёй майстэрні ён вырабляў зброю і пасля перапраўляў яе ў лес. Акрамя таго, ён хаваў у сябе яўрэяў. Пасля смерці ён, як і маці братоў Еўдакімавых, быў удастоены звання Праведніка народаў свету.

Кліменцій Лісоўскі

Дарэчы, было ў старой частцы могілак і месца, дзе падпольшчыкі і партызанскія сувязныя збіраліся па начах. Калі некага трэба было пераправіць да партызан ці існавала неабходнасць перадаць важныя звесткі пра справы ў горадзе – сустрэчы прызначаліся ля магілы паэта Паўлюка Труса.

Паўлюк Трус

 

Глава 3. Рэха вайны і сучаснасць

Пасля вызвалення Мінска Вайсковыя могілкі пашырыліся апошні раз. На новым участку з 1944 па 1946 гг. хавалі гараджан, а таксама перахоўвалі тых, хто раней быў пахаваны ў брацкіх магілах горада. Пазней тут усталявалі помнік героям і з'явіліся магілы ваенных. На тэрыторыі некропаля ў 35 агульных і 329 адзіночных магілах пахаваны 750 байцоў: беларусы, рускія, украінцы, літоўцы, ураджэнцы сярэднеазіяцкіх рэспублік.

Брацкая магіла

Ідучы па розных алеях, можна сустрэць пахаванні Герояў Савецкага Саюза – камандзіра супрацьтанкавай артылерыйскай батарэі Барыса Міхайлава, гвардыі палкоўніка Аляксея Юрына, гвардыі старшага лейтэнанта лётчыка Барыса Акрэсціна ды інш.

Помнік героя Савецкага Саюза Яўгена Філіпскіх знаходзіцца побач з помнікам яго жонкі – ветэрана Вангі Філіпскіх. У гады вайны Яўген Фёдаравіч узначальваў партызанскую брыгаду. У лясах ён пазнаёміўся з падрыўніцай Вангай. Маладыя людзі разам ваявалі, атрымлівалі ўзнагароды, стварылі сям’ю. Яўгена не стала ў 1953 годзе. Ванга працягвала працаваць у бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі, атрымала званне Заслужанага работніка культуры БССР.

Яўген Філіпскіх

Інжынер Фёдар Вайткевіч у пачатку вайны разам з жонкай хірургам Ефрасінняй Брэус пайшоў на фронт. Маладыя людзі ваявалі разам, у адным шпіталі. Фёдара не стала 17 лютага 1945 года: загінуў у Германіі ад асколка. Ефрасіння дабілася, каб яго цела эвакуіравалі ў Мінск. Доўга не дазвалялі, але яна дайшла да маршала Ракасоўскага, па распараджэнні якога выдзелілі самалёт. Іх гісторыя ўскосна ўвекавечылася ў надпісе «Федзечка, я пахавала цябе на роднай зямлі. Жонка». Дарэчы, другі раз замуж Ефрасіння Брэус не выйшла.

Фёдар Вайткевіч

Да вайны Платон Саевіч служыў міністрам асветы БССР. На фронт яго накіравалі ў якасці палітработніка. У пасляваенны час ён уступіў у канфлікт з Лаўрэнціем Цанавам і ў хуткім часе быў асуджаны на 25 гадоў турмы. У 1953 годзе ваеннага выпусцілі, аднак здароўе яго было падарвана, і ў 1956 годзе Платона Васільевіча не стала. Адна са сваякоў Платона Саевіча Ніна Аляксандраўна Саевіч была капітанам медыцынскай службы і таксама ўдзельнічала ў баях. Пасля вайны яна абараніла кандыдацкую дысертацыю, працавала на кіруючых пасадах у Міністэрстве аховы здароўя БССР.

Платон Саевіч

Непадалёк ад магіл Янкі Купалы і Якуба Коласа размешчана магіла генерал-маёра Антона Якімовіча, чыя машына падарвалася на супрацьтанкавай міне ў жніўні 1944 года падчас вызвалення Польшы. Раніцай пасля пахавання салдаты, што суправаджалі цела камандзіра, выязджалі на фронт. Перад тым, як вярнуцца, яны зайшлі на магілу генерала і далі развітальны залп.

Генерал-палкоўнік Нікандр Чыбісаў – таксама адзін з вядомых ваеначальнікаў, пахаваных у некропалі. У 1943 годзе ён як камандуючы арміяй удзельнічаў у вызваленні Кіева. Яго байцы адзначыліся ў баях за Днепр. Там жа ён быў узнагароджаны Залатой зоркай. Менавіта Нікандр Яўлампіевіч стаў прататыпам галоўнага героя рамана Георгія Уладзімава «Генерал і яго армія».

Нікандр Чыбісаў

Да канца 1950-х гадоў у некропалі хавалі вядомых жыхароў горада: пісьменнікаў, урачоў, артыстаў, музыкантаў, навукоўцаў і педагогаў. Тыповым помнікам гэтага часу стала каменная стэла з фотаздымкам памерлага. Інскрыпцыі на іх працягваюць традыцыю 1930-х: змяшчаюць інфармацыю пра чын памерлага, яго прафесію, гады нараджэння і смерці.

У 1959 годзе масавыя пахаванні на Ваенных могілках спынілі. Аднак з таго часу ў знешнім выглядзе некропаля адбываюцца змены: аднаўляюцца помнікі, дабраўпарадкуецца тэрыторыя. І даследчыкі-краязнаўцы ўсё часцей звяртаюць ўвагу на гісторыі людзей, лёсы якіх пішуць летапіс аднаго з месцаў баявой славы сталіцы.

Аброчныя капліцы Беларусі як сродак ад эпідэмій

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0