25.03.2024
25.03.2024

Што беларусы ў старажытнасці лячылі пяском?

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Пясок — рэчыва, якое спрадвеку знаходзіла шырокае прымяненне ў народных вераваннях і медыцыне беларусаў. У лекавай магіі пясок, сабраны ў пэўных месцах, выконвае функцыі спынення і ачышчэння. Разам з тым ён выступае і сродкам шкодніцкай магіі, і сімвалам смерці.

Пясок

«…і жаўтыя пяскі бралі, і змяіныя раны прысыпалі…»

 У замовах беларусаў жоўтыя пяскі маркіруюць локус іншасвету, куды выганяюцца розныя хваробы. Таксама жоўты пясок ператвараецца ў сродак пазбаўлення ад немачы: «Там ідзе Божа Мацер, Ісус Хрыстос, Сын Божы і Дух Святэй. Яны ішлі і жаўтыя пяскі бралі, і змяіныя раны прысыпалі, і вужыныя жалы, і такому чалавеку помачы давалі».

Абціранне пяском асэнсоўвалася як сімвалічнае ачышчэнне. Убачыўшы першую ластаўку, стараліся хутчэй абцерці твар пяском, або зямлёй з-пад сваіх ног. Па павер’ях, такім чынам можна было пазбегнуць рабаціння і загару. Пяском сціралі бародаўкі і рожу, кідалі праз левае плячо пры замовах ад зубнога болю.

У пахавальным абрадзе славянскіх народаў прысутнічае абсыпанне магілы пяском. Таму пяску, узятаму з магіл, прыпісваецца адметная магічная сіла, асабліва таму пяску, які ўзялі з трох магіл знахараў. Такі пясок прыкладалі да хворага месца, націралі ім грудзіну, размешвалі з вадой і паілі хворага.

Маці, у якой дзеці доўга і цяжка хварэлі, павінна была апоўначы прыйсці на могілкі, узяць жменю пяску са свежай магілы або магілы сваяка і, не азіраючыся, бегчы дадому. Потым гэты пясок трэба было зварыць, і ў вадзе, дзе варыўся пясок, выкупаць дзяцей. Верылі, што калі было наканавана хвораму памерці, то пасля такога купання ён хутчэй сканае, а калі наканавана выздараўленне — хутчэй пойдзе на папраўку. Пасля зробленага пясок абавязкова трэба аднесці на тое месца, дзе яго бралі.

Здаўна ў беларускіх сонніках пісалі, што той, хто пабачыць пясок ува сне, хутка памрэ. А каб сапсаваць жыццё маладым або выклікаць іх бясплоддзе ці смерць, на Палессі могілкавы пясок кідалі ім пад ногі. Пясок з пахавання самагубцы выкарыстоўвалі ў магічных практыках, звязаных з гвалтам і прымусам.

Які пясок з-пад каменя — лекавы?

Да нашага часу лекавым лічыцца пясок, узяты з-пад паклонных камянёў, каменных крыжоў і ў іншых святых мясцінах.

Волашава-С луцкі

На полі каля дарогі Волашава–Сорагі ў Слуцкім раёне ляжыць камень-следавік, які завуць Божы След, або Каменьчык. На ім чатыры выемкі. Мясцовыя жыхары лічаць, што самае большае паглыбленне — гэта след левай ступні дарослага чалавека, і звязваюць яго са следам Бога.

Адно з паглыбленняў называюць следам сабакі, а іншае — следам кацяняці. Самую маленькую ямку прыпісваюць следу ад кія, на які апіраўся Бог, вандруючы па нашай зямлі. Побач з каменем пастаўлены два металічныя крыжы. Раней да каменя людзі ішлі на Юр’я, Дзявятнік, Купалле, Сёмуху і асабліва на Макавей і Пакроў. Калі хто хварэў, то прасілі аб выздараўленні. Лічылі, што дажджавая вада са слядкоў дапамагае ад галаўнога болю, хвароб вачэй і ліхаманкі. У якасці лекаў бралі і пясок каля гэтага каменя. У сухмень тут маліліся і прасілі паслаць дождж.

Хатомель. Цудаджзейны крыж

У вёсцы Хотамель Столінскага раёна Брэстчыны ў капліцы на могілках знаходзіцца цудадзейны каменны крыж. Раней ён стаяў на могілках і каля яго бралі пясок, які, паводле павер’яў, лячыў многія хваробы. Пра гэты каменны крыж існуе шэраг легендаў. Паводле адной з іх, у 18 стагоддзі араў адзін мужык поле і выпадкова сахой зачапіў і вывернуў з зямлі нейкі камень. У тое ж імгненне, яго валы аслупянелі і зваліліся на зямлю. Спалохаўся араты пабег у вёску, склікаў народ. Прыйшлі людзі, дзівяцца на паралізаваных валоў і не ведаюць, як іх падняць. Раптам адзін з вяскоўцаў заўважыў вывернуты з зямлі камень, падышоў да яго, расчысціў, а гэта крыж каменны аказаўся. Параіліся жыхары вёскі і вырашылі, што крыж гэты на месца вярнуць трэба. Як толькі крыж укапалі назад у зямлю, валы ажылі і падняліся з зямлі, быццам нічога і не было. З таго часу гэты каменны крыж мясцовыя жыхары абгарадзілі і сталі яго шчыра шанаваць.

А яшчэ распавядаюць, што ў 1938 годзе сляпой ад нараджэння жыхарцы суседняй вёскі прысніўся сон, што недзе за 30 кіламетраў стаіць у полі цудатворны крыж, які можа вылечыць яе ад слепаты. У той самы дзень жанчына выправілася да крыжа. Пакланіўшыся яму, жанчына стала відушчай. З таго часу гэты крыж і славіцца як цудатворны, і да гэтага часу да яго едуць паломнікі з усіх канцоў Беларусі і нават з-за мяжы.

І пясчынка гаючая, калі з крыжа

Шчыткавіцкя прошча

Яшчэ не так даўно сашкрабалі пясчынкі з каменнага крыжа ў царкве на могілках каля вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна. Гэты крыж называюць Чэсны, Божы, Жыватворны крыж або Каменна Божа Мацер. Паводле падання, крыж прыплыў па Прыпяці супраць плыні і ляжаў на беразе. У тыя часы здарылася так, што святар Ананій аслеп на два вокі і не мог правіць богаслужэнне. Аднойчы ўва сне ён пачуў голас, які казаў, што трэба крыжу знайсці прыстойнае месца. Святар пабудаваў капліцу і паставіў там крыж. Неўзабаве да яго вярнуўся зрок.

Яшчэ і ў наш час у якасці лекаў ад жаночых хвароб і ад хвароб вачэй бяруць пясок з ямкі на Прошчы каля вёскі Шчыткавічы Старадарожскага раёна. Паводле падання, неяк у правадную нядзелю старой Алене, калі яна збірала грыбы ў бары, з’явілася Божая Маці з Дзіцяткам на руках. Жанчына аслепла. Праз тыдзень яна аднесла на гэтае месца каравай і адразу ж стала відушчая. На другі год Алена па ўказанні мясцовага святара паставіла на месца аб’яўлення Божай Маці крыж і самае месца назвалі Прошчай. Потым некаторыя з вернікаў пад уплывам гэтай гісторыі зрабілі тут капліцы. І ў кожную маладзіковую нядзелю да Прошчы на пакланенне сталі сцякацца тысячы багамольцаў. Святар здзейсніў абедню ў царкве, і з хросным ходам сюды сталі хадзіць і служыць малебны. Вернікі, якія пакутывалі на розныя хваробы, на каленях сунуліся вакол капліц, маліліся, бралі жменямі лекавы пясок з ямкі каля старой сасны, дзе, паводле падання, ляжала Дзіцятка. Верылі, нібыта гэты пясок дапамагае ад розных хвароб. Раней на Прошчу хадзілі ў маладзіковыя нядзелі. Сёння сюды ходзяць на Радаўніцу.

Шчыткавміцкая прошча сёння

У якасці лекаў выкарыстоўваюць і пясок, які сашкрабаюць з сакралізаваных валуноў. Яго таксама разбоўтваюць у вадзе і п’юць. Такім пяском з каменя каля вёскі Дабучын Пружанскага раёна нібыта пазбаўляліся ад зубнога болю.

Ад хвароб сашкрабалі пясок і на камянях каля вёсак Верасніца Жыткавіцкага і Раменікі Іўеўскага раёнаў.

Шчыткавічкая прошча.Старадарожжа

Яшчэ не так даўно пры ўкусах шалёнага сабакі ішлі за пяском з каменя каля вёскі Малыя Грыдзюшкі Шаркаўшчынскага раёна. Гэты валун у народзе нават атрымаў назву — Шалёны Камень.

Як народная медыцына лечыць бародаўкі ды іншыя хваробы скуры?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама