16.03.2023
16.03.2023

Здаровыя прывычкі, любоў да культуры, вандроўкі. Размова са спявачкай Настассяй Швядко

logo
Асобы i лёсы
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Яна з дзяцінства адчувала прыхільнасць да народнай творчасці. І ўсё, што было вакол, дапамагала развіццю гэтага пачуцця і здольнасцяў.

Матуля  прывівала дзяўчынцы любоў да песні і паэзіі. Ужо ў два з паловай года будучая артыстка чытала дастаткова складаныя вершы і спявала. Сёння, слухаючы свае дзіцячыя запісы на старых аўдыёкасетах, арт-дырэктар і салістка ВІА »Грай, музыкі!» Настасся Швядко задаволена, што ў яе атрымалася ажыццявіць сваю дзіцячую мару: апынуцца на вялікай сцэне.

Настасся Швядко

Салістка ўзгадвае, як аднойчы з бабуляй пайшлі на канцэрт у мясцовы Дом культуры, дзе маленькая Наста ўпершыню пачула і ўбачыла цымбалы. З таго часу гэты дзіўны інструмент стаў неад’емнай часткай жыцця нашай гераіні. Той момант, калі да іх у клас прыйшлі набіраць дзяцей у музычную школу, гераіня памятае добра: адразу ж запісалася на цымбалы.

— Прыйшла дамоў да бацькоў і сказала: давайце грошы, я буду музыкантам», — з усмешкай узгадвае яна.

Акрамя музыкалкі, з першага класа ў сваёй роднай расонскай школе Наста займалася ў фальклорным танцавальным калектыве «Нежачкі». Як тлумачыць сама дзяўчына, яна заўсёды хацела стаць артысткай, таму ніякіх сумневаў не было, нават калі яе стараліся адгаварыць.

Нежачкі

Вялікую ролю ва ўсім гэтым адыгралі выкладчыкі. Яны падтрымлівалі і ведалі, як прывіць любоў да музыкі.

— Калі ты бачыш, наколькі справа падабаецца чалавеку, то ў яго вельмі класна вучыцца. Ён з усёй любоўю перадае табе тое, што дорага яму», – пераканана спявачка.

Таленавітая вучаніца грала ў цымбальным аркестры, саліравала ў дзіцячым хоры «Медуніца», актыўна прымала ўдзел у шматлікіх конкурсах цымбалістаў. Настасся таленавітая не толькі ў музыцы, а яшчэ і ў літаратуры. Гэты талент раскрыўся таксама дзякуючы педагогам.

— Школьная настаўніца вучыла нас з крэатывам падыходзіць да пэўных момантаў. Мы пісалі басні і вершы з першага класа, — узгадвае суразмоўніца.

Паэтэсса Настассся Шведко

Маладая паэтэса мае ў сваёй творчай скарбонцы зборнік вершаў і песень «Адкрыцці душы». Яна з’яўляецца кампазітарам і ўдзельніцай Народнага клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца», а таксама ўваходзіць у Міжнародны саюз пісьменнікаў і майстроў мастацтваў. Дзяўчына — настаўнік Міжнароднага фестывалю-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў «Берагі дружбы». Галоўнай сваёй місіяй творца лічыць пошук такіх жа маладых і крэатыўных, як і яна сама. Да таго ж конкурс дае магчымасць кожнаму ўдзельніку прафесійна авалодаць сакрэтамі мастацкіх перакладаў, што, па меркаванні Насці, важна для пачаткоўца.

Артыстка лічыць, што поспехі на эстрадзе і ў літаратуры не толькі яе заслуга — гэта вынік клопату і падтрымкі бацькоў, якія заахвочвалі старанні Настассі. Яна наведвала ўсе гурткі, якія былі ў яе пасёлку.

—У мяне не было сумневаў, што я пайду па музыцы, а іншае — хімія, матэматыка — зусім не цікавіла, таму творчасць займала ўвесь мой вольны час», — гаворыць Насця.

Настасся Швядко

Дзяўчына ўпарта ішла да сваёй мары, яе рашэнне было вядома з самага пачатку ўсім, хто быў побач. І пасля заканчэння музычнай школы Настасся паступіла ў Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж па спецыяльнасці «дырыжыраванне, народны хор».

—Я рыхтавалася паступаць на два аддзяленні адразу, — успамінае Насця, — і на цымбалы, і на хор. Не магла выбраць нешта адно — хацела і спяваць, і іграць на цымбалах. Урэшце рэшт вырашыла, што два аддзяленні не пацягну і зразумела, што спяваць мне падабаецца больш. Пасля скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

За плячыма дзяўчыны – работа ў такіх калектывах, як фальклорны ансамбль «Грамніцы» і заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца «Спатканне», з якім звязана шмат цёплых успамінаў. Менавіта ў гэты калектыў яна прыйшла хормайстрам па размеркаванні.

— Сказаць, што гэта проста калектыў, я не магу. Гэты калектыў — душа. Па-іншаму не назавеш, — расказвае Насця. Менавіта ў «Спатканні» дзяўчына атрымала першы досвед працы з людзьмі.

— Гэта аматарскі калектыў, а ён адрозніваецца сваёй спецыфікай ад прафесійнага: удзельнікаў такога калектыву не прымусіш ніколі штосьці рабіць, пакуль не заспявае душа альбо не зацікавіш, – дзеліцца вакалістка.

Ансамбль

У той час яна была зусім без досведу, а большасць удзельнікаў значна старэйшыя за яе… Маладая хормайстар вучылася знаходзіць агульную мову, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. Дзякуючы дасведчанаму кіраўніку ансамбля і на той момант кіраўніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага раёна Сяргею Курдзіну Насця вучылася і пераймала досвед работы ў калектыве. А яго парады і дапамога надавалі аптымізму і ўпэўненасці маладому спецыялісту. Сяргей Сцяпанавіч шмат зрабіў для гурта: ансамбль ездзіў на гастролі ў Італію, Латвію, Кубань, Падпарожжа і іншыя, атрымаў званне Заслужанага, прымаў удзел у шматлікіх адказных мерапрыемствах краіны.

Па словах спявачкі, у калектыве заўсёды былі толькі тыя людзі, якія хацелі спяваць народныя песні і займацца народнай творчасцю. Таму не дзіўна, што ў Насці атрымалася ўвайсці ў калектыў і стаць аўтарытэтам для калег-артыстаў, якіх яна лічыць сапраўднай творчай сям’ёй. На жаль, «Спатканне» спыніла сваю дзейнасць у 2017-м. Але артысты сябруюць і цяпер, часта збіраюцца, каб праспяваць народную песню ды ўзгадаць мінулае.

Цяпер Насця — салістка і арт-дырэктар ВІА «Грай, музыкі!». Па словах артысткі, гэта дзецішча былога калектыву. Справа ў тым, што ўсе ўдзельнікі цяперашняга гурта спявалі ў «Спатканні».

— У 2018  годзе наш баяніст Раман Атрашкевіч вырашыў стварыць новы, цікавы праект, — расказвае Настасся.

Спявачка

Разыначка калектыву – гэта дзяўчына-барабаншчыца. У калектыве апынулася пасля музычнай школы, таму, як гаворыць Насця, яны ўскладаюць на яе вялікія надзеі. Гурт выконвае песні славянскіх народаў, можа ўпрыгожыць любое свята і актыўна прымае запрашэнні.

Калектыў, у многім дзякуючы яе актыўнаму ўдзелу, любіць выязджаць на прыроду. Летась, напрыклад, ездзілі ў госці да бацькоў гуртоўцаў. Так склалася, што заснавальнікі гурта — Насця і Раман — з Віцебскай вобласці. Таму ў артыстаў «Грай, музыкі!» ёсць свае мясціны ў гэтым краі — лазня, сажалка, дзе хлопцы на Хрышчэнне акунаюцца, а дзяўчаты абыходзяцца абціраннем снегам. Ёсць у музыкаў  і любімая лазня ў Заслаўі, якую таксама часта наведваюць.

Наста падзялілася, што разбіраецца ў зёлках. Сама збірае і гатуе іх на зіму, каб потым заварыць смачную гарбату пасля лазні для сваіх сяброў-артыстаў.

— Калі здараецца прастуда, першае, што я раблю, заварваю збор — шыпшыну, верас, лісце маліны.

Якая на смак беларуская гарбата? Традыцыі заварвання і ўжывання травяных збораў

Дзяўчына ўмее расслабляцца пасля канцэртаў пры дапамозе водару араматычных алеяў —  самыя любімыя водары — лаванда, мята.

— Я наношу на скуру кроплю алею, заварваю гарбату – і атрымліваю асалоду, — дзеліцца спявачка.

Ёсць і яшчэ адно захапленне ў нашай гераіні – гэта танцы, якімі займаецца з дзяцінства. У яе гэта і работа, і хобі.

— Мае сяброўкі адкрылі клуб для дзетак, там ёсць група і для дарослых. Мы займаемся жаночай пластыкай. Гэты кірунак дае фізічную нагрузку для здаровага цела, робім расцяжку абавязкова, штосьці з ёгі, — тлумачыць спявачка.

— А што наконт харчавання, як падтрымліваеце сябе ў форме?

— Я стараюся не есці тлустае, смажанае. Гатую альбо ў духоўцы альбо ў мультыварцы на пары. Люблю вараную курыцу, кашы з розным начыннем і ёгурт.

Дома, на Віцебшчыне, дзяўчына бывае часта. Нават на святы, калі ў артыстаў шмат работы, стараецца прыехаць. Яна ўжо даўно зразумела, што сям’я — на першым месцы.

— У нас там, на Поўначы, асабліва прыгожа ўзімку – усё заснежана, жывы лес, чыстае паветра. Ёсць запаведнік — там і алені, і касулі. На маёй Расоншчыне адчуваецца сапраўдная навагодняя казка, ёсць нават Дзед Мароз і іншыя персанажы, – расказвае дзяўчына.

Настасся Швядко

А яшчэ для чалавека важна мець сваё месца сілы, лічыць мая гераіня. У яе такое ёсць на малой радзіме — гэта палац пана Глазко. Побач з пабудовай месціцца прыгожае возера, у воднай гладзі якога адбіваюцца зоркі, а зімою, недалёка ад палаца, на заснежанай роўнядзі можна пакатацца на лыжах.

Адметнае месца ў жыцці Анастасіі займаюць вандроўкі. Любіць яна вывучаць родную Беларусь.

— Наведайце абавязкова Полацк, Браслаўкія азёры, вёску Мосар у Глыбоцкім раёне і Міёрскія вадапады, — раіць яна. А калі захочацца адпачыць ад мітусні, Наста запрашае ў вёску Сяляўшчына Расонскага раёна, дзе можна замовіць аграэкасядзібу, там паўсюль і альтанкі, і выхад да возера. Можна прагуляцца і наталіцца прыгажосцю, асабліва калі пачынае вечарэць і з’яўляецца месяц, што глядзіць у азёрнае люстра.

Невядомая Беларусь. Куды паехаць палюбавацца прыродай і нетыповай архітэктурай

— Там так шыкоўна! Сядзіш на мосціку, слухаеш конікаў, дыхаеш свежым паветрам… Увогуле, я люблю адасобіцца, пачытаць кнігу ля фантана ў парку, з’ездзіць на прыроду альбо зайсці ў незнаёмую дагэтуль кавярню, —  усміхаецца мая суразмоўніца.

Як гаворыць сама Насця, жыццё ў яе — адна творчасць. А калі любіш тое, што робіш, не будзеш адуваць аніякай стомы.

Настасся Швядко

—А ці ёсць у цябе пэўны жыццёвы дэвіз?

— Дэвіз кароткі і зразумелы:слухай сваё сэрца. Гэтага я і хацела б пажадаць чытачам — следаваць свайму прызначэнню і быць шчаслівым у кожным моманце жыцця!

«Мяне ўспрымалі як выскачку». Адна з самых маладых мастацтвазнаўцаў Беларусі расказала, як не баяцца крытыкі

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама