Аграгарадок Ракавічы знаходзіцца ў 15 км на паўднёвы захад ад Шчучына і ў 7 км ад чыгуначнай станцыі Ражанка. Дарога да крыніцы ідзе ад мураванай царквы ў цэнтры гарадка праз дарогу да месца старога храма, дзе штогод ставяць крыжы і ўніз з гары да каплічкі, дзе і знаходзіцца крыніца, узятая ў цымбравіну (бетонную трубу).
Калі пералічваюць “сем цудаў” Шчучынскага краю, абавязкова ўзгадаюць Ракавіцкі абраз Божай Маці і гаючую крынічку побач, якія славяцца сваёй цудатворнай сілай, што лекуе людзей ад хвароб. Гэтая і многія іншыя беларускія святыні, на жаль, малавядомыя за межамі сваёй мясцовасці, але знаёмства з імі – важная задача для нашага духоўнага адраджэння.
Вёска Ракавічы упершыню згадваецца ў 1690 годзе. У гэты час тут ўжо была царква, а пад гарой крыніца. У сярэдзіне XVIII ст. побач існаваў маёнтак лідскага чашніка Антонія Макрэцкага. Паводле падання, Макрэцкаму неяк прысніўся дзівосны сон, дзе Багародзіца загадала яму раніцай выйсці да ракі Святкі. Ён так і зрабіў. На невялікай рэчцы шляхціц убачыў абраз, што плыў вертыкальна. Рака з часам высахла, засталая ручаінка, але на месцы, дзе з’явіўся абраз, прабілася крыніца. Абраз і вада з крыніцы сталі вядомыя сваімі цудатворнымі якасцямі і ацаленнямі хворых. Пагалоска разляцелася па наваколлі і прывабіла да Ракавічаў шмат паломнікаў. Тады вернікі зрабілі там купель, а ў ХХ ст. зладзілі калодзеж са святой вадой і ўсталявалі капліцу над ім.
Макрэцкі ўласным коштам у падзяку Царыцы Нябеснай пабудаваў тут першы драўляны храм, які на пачатку ХХ ст. канчаткова прыйшоў у заняпад, і яго разабралі. Цяпер на ягоным месцы стаіць памятны крыж. Абраз спачатку захоўваўся ў драўлянай царкве, а пазней – у новым мураваным храме ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, пабудаваным у 1876 годзе ў Ракавічах на сродкі царскага ўрада.
Пасля пабудовы новай мураванай царквы адбылося ўрачыстае перанясенне рэліквіі, якое сабрала каля трох тысяч мясцовых жыхароў, праваслаўных і каталікоў. Хутчэй за ўсё, святыня спачатку была грэка-каталіцкай (уніяцкай). І калі яна праславілася сваімі цудамі, то, згодна з традыцыяй заходняга хрысціянства, была каранаваная ў Рыме. Пасля пераводу ўніятаў у праваслаўе абраз Ракавіцкай Божай Маці зрабіўся праваслаўнай святыняй. Але гэта не перашкаджае беларусам усіх хрысціянскіх канфесій шанаваць яе.
Кажуць, праз некаторы час пасля свайго з’яўлення цудатворны абраз з пашанай адвезлі ў Вільню – тагачасны цэнтр епархіі. А там ужо мастак зрабіў з яе вялікі спіс-копію, якую ўпрыгожылі каштоўнай сярэбранай рызай з залачонымі німбамі і змясцілі ў Ракавіцкай Свята-Раства-Багародзіцкай царкве. Ён па сёння знаходзіцца ў праваслаўным храме і таксама праславіўся шматлікімі цудамі ацалення хворых і апантаных нячыстай сілай людзей. Святары, якія ў свой час служылі ў Ракавіцкай царкве, сцвярджалі, што існавала летапісная кніга, дзе занатоўваліся сведчанні пра ацаленні хворых пасля малітвы пры святым абразе.
Але гэты бясцэнны помнік, на вялікі жаль, быў згублены ў гады ліхалеццяў. Зрэшты, некаторыя вусныя сведчанні цудоўных ацаленняў вернікаў захаваліся да нашых дзён. Так, лекавая вада з крынічкі і шчырая малітва перад абразом Маці Божай дапамагае бяздзетным жанчынам зацяжарыць, вылекавацца хворым на неўроз (шаленства) і псіхічна няўстойлівым людзям, пазбавіцца немачы, знайсці душэўны спакой. Да таго ж, святыні дапамагаюць умацавацца фізічна і маральна пасля моцных захворванняў і складаных аперацый.
У наш час на ўшанаванне абраза і крыніцы ходзяць на ўсе тры Спасы: Мядовы (14 жніўня), Яблычны (19 жніўня) і Хлебны (28 жніўня). Але найбольшая колькасць вернікаў збіраецца 10 жніўня – у дзень Храмавага Свята. Штогод 9 і 10 жніўня паломнікі з усіх куточкаў Гродзеншчыны імкнуцца ў ракавічскі храм Раства Багародзіцы, дзе захоўваецца святыня, каб шчырымі малітвамі ўшанаваць Заступніцу, папрасіць яе дапамогі і апекі, духоўна ачысціцца, умацаваць сваю веру. Многія паломнікі, якія ідуць з Гродна, нясуць з сабой вялікі драўляны крыж.
Яны начуюць ў гарадку, потым а 7-й раніцы ўкопваюць крыж на месцы былой царквы насупраць сучаснага храма. Затым крочаць да крыніцы, дзе адбываецца вадасвяцце. А 9-й раніцы — служба ў храме. Апошнім часам святкаванні пачынаюцца ў шчучынскім храме Святога Арханёла Міхаіла. Вернікі ладзяць адтуль дзесяцікіламетровы хрэсны ход да храма ў Ракавічах.
У некаторыя гады на гэта свята адбываецца ўсяночнае дбанне ў царкве, потым раняшняе маленне і вадасвяцце на крыніцы. Лічыцца, што менавіта 10 жніўня крынічная вада набывае асаблівую лекавую сілу.
Паводле старажытнай беларускай традыцыі, у падзяку за дапамогу паломнікі пакідаюць каля святыні вышытыя ручнікі, рознакаляровыя стужкі, хусткі і кветкі. Нават у звычайныя дні царква аздобленая жывымі кветкамі. Мясцовыя жыхары лічаць цудам, што Маці Божая не пакідала гэтыя мясціны ў часы ліхалеццяў – нават у перыяд змагання з рэлігіяй храм дзейнічаў, а цудадзейная крынічка бруілася і загойвала цялесныя і душэўныя раны людзей.
“Мы ўсё жыццё ходзім да нашай крынічкі і ў храм, просім у Заступніцы здароўя для сябе і блізкіх, блаславення на ўсю нашу краіну”, — кажуць мясцовыя жыхары.
Да Новага года засталося не так ужо і шмат часу. Будучая чарада святочных застолляў – сапраўднае выпрабаванне для арганізма. Алкаголь, шмат салатаў, гарачых страў, вэнджаніны і саленняў – усё гэта здольнае нанесці сур'ёзную шкоду здароўю. Дык як жа перажыць застолле без наступстваў для арганізма?
Пра гэта «Слушна» распавяла загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Наталля Шульга.
Адно з галоўных правілаў – не садзіцца за святочны стол галодным.
Пасля салатаў з маянэзам, як правіла, надыходзіць чарга гарачых страў. Не варта забывацца, што ўначы арганізм зусім не настроены на ежу, асабліва на прыём ежы гарачай і тлустай. Таму на гарачае лепей выбіраць нятлустае мяса альбо рыбу.
Падчас святочнага застолля не варта ўжываць вялікую колькасць пакетаваных сокаў, салодкіх газаваных напояў, у тым ліку і шампанскага.
Па-першае, алкагольныя напоі валодаюць мачагонным эфектам. З-за гэтага арганізм губляе вадкасць, кроў гусцее, узрастае нагрузка на сэрца. Па-другое, пакутуе печань, бо ёй даводзіцца працаваць з падвойнай сілай – нейтралізоўваць таксіны, якія паступаюць у арганізм, у прыватнасці, алкаголь. Каб паменшыць інтаксікацыю арганізма, не забывайцеся на правіла: адна порцыя алкаголю – дзве порцыі негазаванай вады.
Правіла ўставаць з-за стала крыху галодным дзейнічае і падчас святочнага застолля. Пачуццё сытасці заўсёды спазняецца.
Калі ўсё ж такі вы адчуваеце, што пераелі, можна прыняць прэпараты, якія ўтрымліваюць стрававальныя ферменты.
Безумоўна, багацце страў на святочным стале рэдка каго пакіне абыякавым. Хочацца пакаштаваць усё і адразу. Аднак наступствы бурнага святкавання не заўсёды заканчваюцца толькі галаўным болем раніцай.
Калі было з'едзена занадта шмат, можа ўзнікнуць уздуцце (метэарызм), з'яўляецца адрыжка, часам нават ваніты і дыярэя.
Так, празмернае ўжыванне тлустай ежы ў сукупнасці з алкагольнымі напоямі можа стаць прычынай абвастрэння калькулёзнага халецыстыту (запаленне сценкі жоўцевага пузыра, з'яўляецца адной з формаў жоўцевакаменнай хваробы), а таксама спрыяць развіццю вострага панкрэатыту і вострага гепатыту (пашкоджання печані).
Галоўнае – ва ўсім захоўваць меру. Алкаголь і цяжкая ежа значна павышаюць рызыку абвастрэння ўжо наяўных захворванняў. Таму, раіць урач, не грэбуйце штогадовым медыцынскім абследаваннем: здавайце агульнаклінічныя аналізы і праходзьце УГД брушной поласці. Каб не было потым пакутліва балюча…
Будзьце здаровымі! І шчаслівага Новага года!
Заканчэнне старога і пачатак новага года – для мяне заўсёды чароўны час. З дзяцінства засталося гэтае адчуванне надыходзячых цудаў. А святаў жа – цэлая чарада. Па ўсіх канонах, канфесіях і традыцыях. Божае Нараджэнне і Раство Хрыстова, Новы год і Стары Новы год, вясёлыя Каляды, Вадохрышча...
Ведаеце, я стаўлюся да ўсіх святаў станоўча, паважаю выбар кожнага чалавека. А святкую іх, думаючы пра крохкасць быцця.
Калі навагоднія святы заканчваюцца, самы час прааналізаваць тое, як ты іх адзначаеш, зрабіць высновы і падзяліцца сваімі адкрыццямі. Можа, камусьці таксама прыдасца, станецца карысным. Бо як у нас прынята ўсё гэтае навагоддзе адзначаць? Правільна, застоллямі з выпіўкай і вялікай колькасцю ежы, у шумных кампаніях. Кожны выбірае для сябе, і я зусім не ханжа. Проста хочацца распавесці, што ёсць і альтэрнатыўны спосаб адсвяткаваць, падсілкаваўшыся здаровай энергіяй на цэлы год.
Адразу хачу сказаць, што і мінулы, 2020-ы год мы з кампаніяй аднадумцаў сустракалі незвычайна. Тады вырашылі забегчы ў Новы год у літаральным сэнсе гэтага слова! Загадзя вызначылі дыстанцыю ў цэнтры горада, адмераўшы 2 кіламетры і 20 метраў (2020). Беглі вакол парка Чатырох Стыхій, а апоўначы аказваліся якраз на Цэнтральнай плошчы каля ёлкі. У мерапрыемстве тады ўзялі ўдзел больш за 10 чалавек, былі і сталыя жанчыны.
Памятаю, як апоўначы нам пачалі тэлефанаваць знаёмыя з віншаваннямі. І было вельмі смешна, калі сын, пачуўшы ад сталай мамы: «Сынок, я бягу!», захваляваўся і пачаў пытацца, ці ўсё з ёй у парадку. Я гэта да чаго? Бо менавіта тады вырашыла, як буду сустракаць 2021-ы год.
Мне патэлефанавала знаёмая, якая распавяла, што запаліла ў ванным пакоі свечкі, слухае музыку і сядзіць у пене. А мне было прахалодна і слізка, таму і вырашыла, што наступны год буду таксама сустракаць з камфортам, у цяпле і пене.
Але і здаровы лад жыцця ніхто не адмяняў. Таму напярэдадні свята я зрабіла сабе прыемнае – пайшла на масаж. Ды не на звычайны, а на мнушы. Гэта такі від ёга-масажу, падобны да тайскага. Дзіўна, як пад лёгкую музыку, лежачы з заплюшчанымі вачыма, ты пачынаеш пазнаваць сваё цела, прыслухоўвацца да сябе і сваіх унутраных адчуванняў, цалкам расслабляцца. Тут важная сувязь з масажыстам, пэўнае ўнутранае сугучча. Мне пашанцавала: дзяўчына-масажыст аказалася вельмі далікатнай і ўважлівай. Пасля мнуш я адчула такую лёгкасць у целе! І быццам не ішла, а ляцела.
А вось 31-га снежня я наладзіла сабе сапраўднае свята, наведаўшы басейн. Нягледзячы на складаную эпідэміялагічную абстаноўку, сеансы там ёсць, людзі прыходзяць, каб паплаваць. Але на дзённым сеансе перад Новым годам я была адна! І ўвесь басейн – мой! Бо ў кагосьці быў працоўны дзень, а хтосьці, верагодна, ужо гатаваў салаты.
Увечары, амаль перад боем курантаў, я правяла ёга-практыку. А на стале ў мяне былі мандарыны і лёгкая веганская салата, падобная да аліўе. І яшчэ некаторыя смачнасці-карыснасці, пра якія паклапацілася загадзя.
Новы год я сустракала цвяроза! Так-так, свядома адзначала без кампаніі, і мне вельмі спадабалася. А роўна апоўначы, як вы зразумелі, я ўзбіла сабе пену ў ванне, уключыла музыку і запаліла свечкі...
1-га студзеня дызель-цягніком я ўжо ехала ў суседні горад – Слуцк, горад майго дзяцінства. Найперш у 2021-ым годзе наведала сваіх бацькоў, якія, вядома ж, прымусілі мяне крыху адысці ад здаровых звычак. Вельмі цяжка адмовіць маме і не пакаштаваць яе стравы. Затое як цудоўна было сустрэцца з бацькамі, сястрой і братам! Такія сустрэчы з гутаркамі, сумеснымі ўспамінамі – бальзам на сэрца і здароўе для душы.
Дзень 2-га студзеня ў мяне атрымаўся таксама са спартыўным ухілам. Раніцай мы з сабакам прабеглі ўздоўж вадасховішча і па лесе больш за 8 кіламетраў.
Затым я наведала святочны ёга-занятак з загадваннем жаданняў (не паверыце, але загадала сабе моцнага здароўя!), а ўвечары схадзіла на апошні сеанс у лазню. І гэта тады яшчэ снегу не было. А зараз такая выдатная зіма на вуліцы! Самы час уставаць на лыжы і канькі ці проста шпацыраваць пад снегападам, сузіраць хараство і дыхаць глыбей, насычаючы лёгкія кіслародам.
Нікому нічога не хачу навязваць, але мне падалося, што так адзначаць святы – вельмі крута! Мне падабаецца, маю намер працягваць. Хаця, прызнаюся шчыра, так імкнуся жыць не толькі ў святы, а заўсёды, штодня. Самае галоўнае – не прымушаць сябе і сваё цела, а навучыцца атрымліваць задавальненне ад фізічнай актыўнасці.
Усім добрага здаровага года! І пакуль яшчэ не скончыліся Каляды, самы час загадаць таемныя жаданні. Няхай спраўджваюцца самыя смелыя мары!
Фота – з архіва Варвары Чаркоўскай і адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Раство, Новы год, Каляды – самыя цёплыя і чароўныя святы, любімыя з дзяцінства. Калі для абсалютнага шчасця дастаткова было салодкага падарунка ад таямнічага Дзеда Мароза і квітка на навагодні паказ з нязменным «Ёлочка, гары!». Але чым больш старэйшымі мы становімся, тым складаней родным і блізкім дагадзіць нам з навагоднім падарункам. Ды і самі мы ўсё часцей задумваемся: што падарыць?
Можна звярнуць увагу на захапленні таго, каму плануецца падарунак, і падараваць, напрыклад, чалавеку, які займаецца тэнісам, добрую ракетку. Але тут ёсць свае падводныя камяні – толькі сам атрымальнік падарунка ведае дакладна, якая ракетка яму патрэбная: якой фірмы, з якім нацяжэннем, вагой, таўшчынёй лёскі. Цалкам не важныя на погляд дылетанта дэталі могуць стаць той мяжой, якая аддзяляе доўгачаканы падарунак ад расчаравання, няхай нават ветліва схаванага.
Ёсць іншы варыянт, скажаце вы. Можна напрамую спытацца ў чалавека, што яму падарыць. Але тады падарунак перастане быць сюрпрызам, знікне тое хвалюючае прадчуванне нечаканай радасці, якое з такой лёгкасцю вяртае нас у дзяцінства. Выйсцяў усяго два: альбо прасіць таго, каму збіраецеся падараваць штосьці, напісаць даўжэзны спіс жаданых дароў (каб ён не ведаў напэўна, што ж менавіта яму ўручаць), альбо прыслухацца да парадаў прафесійнага псіхолага.
Які спосаб – ваш? Мы ж звярнуліся па кансультацыю да псіхолага Юліі Мызянковай.
1. Асабісты падарунак. Самае галоўнае, што павінна зразумець жанчына з вашага падарунка, гэта тое, што вы шануеце яе і што яна для вас адзіная. Гэта можа быць біжутэрыя ручной работы альбо нестандартная кампазіцыя з яе любімых жывых кветак.
2. Сертыфікат на курс масажу. Аднак трэба быць упэўненым, што ў той, каму вы яго дорыце, няма супрацьпаказанняў, а майстар, паслугі якога вы ёй дорыце, – сапраўдны прафесіянал.
3. Прадметы, звязаныя з захапленнямі, хобі – няхай жанчына ведае, што вы паважаеце тое, чым яна займаецца. Аднак вы ўжо разумееце, што папярэдне давядзецца вельмі старанна і асцярожна збіраць інфармацыю, каб не патрапіць у няёмкае становішча.
4. Зманціраваны фільм з фотаздымкаў пад яе любімыя песні – гэта будзе мілы і сентыментальны падарунак. Так вы пакажаце, што гэтая жанчына рэальна многае значыць у вашым жыцці.
Па статыстыцы сайта Redsale.by, за год на курс масажу ў Беларусі паступіла 4200 заказаў, 67% з іх прызначаліся блізкім людзям. А слайд-шоу, якім бы састарэлым яно ні здавалася, замовілі больш за 400 чалавек у якасці прэзента на свята. І па водгуках атрымальнікаў такі падарунак прыйшоўся ім даспадобы.
5. Паходы ў самыя розныя SPA-салоны (пажадана на дзве персоны) – гэта выдатны спосаб правесці час разам у прыемнай атмасферы, адпачыць і расслабіцца з карысцю для здароўя і прыгажосці.
1. Сертыфікат на майстар-клас па цікавым дляк яго відзе дзейнасці. Так вы прадэманструеце сваю павагу да інтарэсаў мужчыны і веру ў яго поспех на любой ніве.
2. Рэдкая кніга пна цікавую менавіта яму тэму. Мужчыне будзе прыемна ўсведамляць, што вы рэальна «затлуміліся» яе пошукам, а не купілі першую, якая трапілася на вочы ў бліжэйшай краме.
3. Падарункавы сертыфікат на масаж альбо на іншую працэдуру рэлаксацыі – няхай ён адчуе ваш клопат пра яго. Аднак вельмі брутальнага мужчыну, для якога такая магчымасць баўлення часу – упершыню, падобны падарунак можа збянтэжыць. Не варта яго ўручаць і мужчыне, з якім вы нядаўна пазнаёміліся, гэта можа быць няправільна ўспрынятае.
4. Яркае ўражанне накшталт коннай прагулкі альбо палёту ў аэратрубе. Не варта адразу ж ашаломліваць каханага сертыфікатам на скачок з парашутам. Не факт, што ён не баіцца вышыні ці ў яго не скача ціск. Акрамя таго, калі ён не рашыцца скокнуць, дык заўсёды будзе адчуваць сябе ў вашых вачах баязліўцам.
5. Рамантычнае спатканне – смачная вытанчаная вячэра, прыгожая дагледжаная жонка і на «дэсерт» – увасабленне яго эратычных фантазій... Гэта, мабыць, лепшы сігнал мужчыне, што каханая з ім шчаслівая і яго кахае.
6. Арыгінальныя наборы аксэсуараў (імянныя гадзіннікі, запінкі, ручкі). Персанальная манаграма на падарунку дазволіць мужчыне адчуць сябе адзіным і выключным.
Лепшы падарунак – гэта штосьці асаблівае, падабранае спецыяльна для канкрэтнага чалавека. Ён – найлепшае пацвярджэнне, што той, хто дорыць, ведае і паважае густы і перавагі таго, каму дорыць, і сапраўды хоча яго парадаваць. І, вядома, падарунак абавязкова павінен выглядаць годна, быць якасным і ў ідэале – мець пэўны сэнс.
Не варта дарыць парфуму (толькі калі вы добра ведаеце ўлюбёны водар), не варта ўручаць розныя статуэткі – яны дакучаюць з часам і многімі ўспрымаюцца як «пылазборнікі».
Безумоўна, варта пазбягаць пахабных і двухсэнсоўных падарункаў, нават калі ў вас вельмі блізкія адносіны ў самай гарачай стадыі.
Акрамя таго, многія відавочна недаацэньваюць значэнне ўпакоўкі, абстаноўкі і спадарожных знакаў увагі, напрыклад, кветак. У жаданні зрабіць Новы год ці іншае свята асаблівым для блізкага чалавека дробязяў не бывае.
Матэрыял падрыхтаваны сайтам Redsale.by.
Гэтая ноч будзе па-сапраўднаму светлай – для тых, хто 25 снежня святкуе Раство, Божае Нараджэнне. Свята, поўнае радасці, любасці і замілавання. З Богам і верай у сэрцы. І нават тыя, хто далёкі ад гэтага, адчувае штосьці магічнае і таямнічае. І быццам увачавідкі мы назіраем, як святло Віфлеемскай зоркі перамагае цемру...
Памятаю, як раней, у часы праваднога радыё, з задавальненнем слухала службу з Чырвонага касцёла. Мяне заўсёды прыцягвала тая беларуская мова ксяндзоў з польскім вымаўленнем. І словы, здаецца, пранікаюць прама ў душу. І хочацца быць лепшай і чысцейшай, рабіць толькі добрыя ўчынкі...
Люблю бываць у касцёлах. Розных. Беларускіх і замежных. Сядзець на лаўцы, слухаць арган, ціха думаць пра штосьці сваё, скіраванае туды, у вышыню... Разглядаць святых на абразах, адмысловы роспіс сцен і столі. І сапраўды адчуваць прысутнасць чагосьці невытлумачальнага, але такога добрага і прыемнага сэрцу. І звяртацца да яго з просьбай дараваць здароўе блізкім...
Неяк не выпадала бываць на святкаваннях Божага Нараджэння ў кагосьці ў хаце. Зрэшты, зразумела. Гэтае свята лічыцца найперш сямейным. Але па існуючых здаўна традыцыях таго, хто 25 снежня завітае да каталікоў па якой патрэбе ці проста так, прымаюць, як самага дарагога госця.
Затое аднойчы мы, карэспандэнт і фотакарэспандэнт чэрвеньскай раённай газеты, рабілі да гэтага дня фотарэпартаж з адной з каталіцкіх вёсак Чэрвеньшчыны – Печышча. Людзей і на той час там заставалася не так ужо і шмат. І не ўсе былі каталікамі. Але тыя, з кім мы пазнаёміліся, сапраўды запомніліся сваімі разважаннямі і аповедамі. Запомніліся на дзесяцігоддзі...
Калісьці атрымлівалася глядзець фрагменты начной імшы з Чырвонага касцёла. Таямнічыя словы, урачыстасць моманту, промні дабрыні – здавалася, усё гэта адчувальна лунае па гэты бок экрана. Невытлумачальна, але факт.
Магчыма, гэта сапраўды голас крыві. У некаторых пісьмовых крыніцах мы знаходзілі ўзгадкі пра тое, што Адамовічы некалькі стагоддзяў таму былі каталіцкага веравызнання. Магчыма, нашыя продкі. І памяць роду ў гэтыя па-асабліваму светлыя ноч і дзень па таямнічым зорным партале, які раскрываецца ў нябёсах, дасягае нашых сэрцаў. Інакш адкуль гэтае пачуццё заспакоенасці душэўнай, гэтае адчуванне цуду?!
...Углядаюся ў таямнічае зорнае неба – і, здаецца, чую, як дзесьці пераліваюцца на розныя галасы пяшчотныя срэбныя званочкі. Заплюшчваю вочы – і ўяўляю службу ў Чырвоным касцёле. Чаму там?! Бо мне ён вельмі падабаецца. Хаця і даводзіцца бываць не часта.
Так прыемна бачыць сапраўдных вернікаў! Якія яны адухоўленыя! І твары іх сапраўды асветленыя радасцю ад кранальнасці моманту. А мне чамусьці хочацца нават крыху паплакаць. Ад паўнаты пачуццяў. Асабліва калі глядзіш на дзетак, якія так шчыра моляцца...
У мяне ёсць некалькі знаёмых каталікоў, у рэале і ў сеціве, якіх сёння з задавальненнем павіншую з іх святам. Вось некаторыя проста мімаходзь расказвалі пра тое, як будуць адзначаць, але нават у гэтых сціплых словах чуліся чаканні цуду.
І няхай ён сёння, той ЦУД, тыя таямнічасць і ўрачыстасць моманту, любасць і замілаванне, неверагодная дабрыня паселяцца ў сэрцах усіх, хто з трапяткой душой святкуе Божае Нараджэнне! Моцнай вам веры, шаноўныя сябры, здароўя, шчасця, дабрабыту, усяго самага звычайнага зямнога і ўзнёслага нябеснага!
Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!
У самым дальнім заходнім куточку Слонімскага раёна Гродзеншчыны, у пойме ракі Зяльвянкі, знаходзіцца багатая на помнікі прыроды і гісторыі вёска Вялікая Кракотка, якая згадваецца ў пісьмовых крыніцах XVI стагоддзя як «баярскае сяло», што належала Слонімскаму замку.
Мясціны тут незвычайныя — непаўторная прырода, цішыня, супакой. Нездарма Уладзімір Караткевіч, наведваючы Вялікую Кракотку, называў яе самай прыгожай вёскай у свеце — беларускай Швейцарыяй.
Як дабрацца: з аўтавакзала ў горадзе Слонім на аўтобусе «Слонім-Кракотка». Аўтобус адпраўляецца па аўторках і суботах: раніцай у 06.15, увечары ў 16.00. Таксама патрапіць сюды можна праз вёскі Міжэвічы ці праз Азярніцы, Збочна, Селявічы. Каардынаты на карце: 53°1’21″N, 24°58’7″E.
Чаму паселішча мае такую назву? Кажуць, што некалі пад Слонімам згарэла вёска. Двое яе жыхароў — браты, якія насілі прозвішча Кракот, па рэчцы Іарданцы спусціліся ў гэтыя мясціны. Першы брат пасяліўся ў вярхоўі, а другі ніжэй па рацэ. Месца, дзе пасяліўся старэйшы брат, назвалі Вялікая Кракотка, а дзе малодшы — Малая Кракотка.
Вёска знакамітая помнікамі прыроды. На самай ускраіне яе месціцца Рэспубліканскі геалагічны геамарфалагічны помнік прыроды «Кракоцкая града». Навукоўцы вызначылі, што яна з'явілася яшчэ 220 тысяч гадоў таму ў Ледавіковы перыяд. Такія грады, кажуць, з'яўляліся з пяску, камянёў у проймах водных патокаў у расколінах лёду. Калі сышоў лёд, сюды прыйшоў чалавек.
Каля вёскі на плошчы ў некалькі гектараў растуць дзясяткі дрэвападобных ядлоўцаў рознай формы, вышынёй ад 1 да 7 метраў. Ядловец адносіцца да сямейства кіпарысавых, і гэта адзіны хвойны кустарнік, які расце на тэрыторыі Беларусі. Яму таксама прыпісваюць цудадзейныя якасці. Па павер’ях, насенне ядлоўца на целе аберагае ад нападу змей.
У вёсцы ёсць святая крыніца з гаючай вадой, вядомая са старажытных часоў. Пра крыніцу таксама існуе мясцовая легенда. Кажуць, што калісьці гэтая зямля належала пану Скурату, які меў дачку, у яе быў вельмі слабы зрок. Аднойчы ў вёску прыйшоў старац, спыніўся каля гары, з якой цурчэла вада. Старац папіў гэтай вады, абмыў ёй твар, і ягоныя вочы адразу пачалі лепш бачыць. Ён прыйшоў у вёску, расказаў пра гэта людзям, якія ўсё перадалі пану Скурату. Пан пачаў браць гэтую ваду і лячыць сваю дачку, праціраць ёй вочы — і дзяўчынка паправілася.
Тады пан Скурат выкапаў калодзеж на гары, і з таго часу крыніцу пачалі называць у яго гонар — Крыніца пана Скурата. Зараз крыніца асвечана ў гонар Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана. Гавораць, што ў святы ваду тут вычэрпваюць да дна, аднак яна хутка набіраецца.
Вада дапамагае ад хвароб вачэй і страўніка, жаночых захворванняў, знімае галаўны боль і іншыя праявы хваравітасці. Ёсць прыклады, што людзі вылечваліся гэтай вадой. Прычым самай дзейснай лічыцца вада, якой карыстаюцца менавіта на заходзе сонца. Чысціня і хімічны склад вады пацверджаны навукоўцамі. Яна тут гідракарбанатнасульфатная, у ёй прысутнічаюць іоны кальцыю, магнію, натрыю. Вада без нітратаў, з вельмі добрымі арганалептычнымі паказчыкамі, празрыстая, без паху.
Святая крыніца знаходзіцца каля рэчкі з цікавай назвай Іарданка. Яна была глыбей і шырэй, пакуль не правялі меліярацыю.
Цяпер стала невялікім раўчуком. Легенда кажа, што некалі ў гэтых месцах забілі аднаго чалавека, які называў сябе Ярданас. А можа, ёсць сувязь рэчкі Іарданка са знакамітай ракой Іардан, у якой Ян Хрысціцель хрысціў Ісуса Хрыста?
На крыніцы, дзе адбываюцца ацаленні людзей ад духоўных і цялесных хвароб, здзяйсняюцца вадасвятныя малебны. Асабліва ўрачыста і шматлюдна тут 7 ліпеня, у дзень Нараджэння святога Іаана Прадцечы, калі з Хросным ходам, з малітвай людзі прыходзяць да гэтага вядомага ў ваколіцах месца.
На мясцовых могілках некалі існавала ўніяцкая Свята-Троіцкая царква, а ў 1883 г. у вёсцы з мясцовага каменя быў пабудаваны праваслаўны храм, які спачатку асвяцілі ў памяць Антонія Вялікага, а ў пачатку ХХ ст. пераасвяцілі ў гонар Найсвяцейшай Багародзіцы.
У 2002 г. манахі Жыровіцкага манастыра ў будынку былой школы, што знаходзілася побач з царквой, утварылі скіт, а ў 2009 г. быў адкрыты Свята-Засіма-Саваціеўскі мужчынскі манастыр. Тут захоўваюцца часцінкі святых мошчаў святых Засімы, Савація і Германа, прывезеныя з Салавецкага манастыра, а таксама копія цудатворнага абраза Божай Маці, якую намалявалі манахі Дахіарскага манастыра на Святой гары Афон. Праваслаўныя вераць, што святыня абараняе ад бед.
У манастыры жыве каля дваццаці чалавек, яны займаюцца сельскай гаспадаркай, вырошчваюць агародніну і садавіну, разводзяць рыбу ў возеры непадалёк, збіраюць да дзвюх тонаў мёду. Пры манастыры дзейнічаюць майстэрні па вырабе царкоўнага начыння і прадметаў храмавага аздаблення, ёсць дом паломніка. Дзверы манастыра адчынены заўсёды для ўсіх жадаючых памаліцца і папрацаваць. Дарэчы, дом паломніка – гэта адрамантаваная хата, дзе можна жыць і харчавацца бясплатна за дапамогу братам-манахам.
Сустракаюць шматлікіх гасцей з усіх куткоў Беларусі заўсёды ветліва. Вас не толькі прымуць з любоўю, але і накормяць, напояць духмянай гарбатай з манастырскім мёдам. Паблізу верхняга храма спецыяльна для гэтага збудавана трапезная. Ігумен мясціны Міхей дасць кожнаму мудрую параду і адслужыць малебен каля ікон Божай Маці і вялебных Салавецкіх цудатворцаў. Штогод манастыр наведвае каля дзвюх тысяч паломнікаў.
У свой час тут пабывалі многія вядомыя беларускія літаратары, а ў мясцовай бібліятэцы, якая існавала да 2009 года, было шмат кніг з аўтографамі знакамітых гасцей. А ўсё таму, што менавіта тут, у Вялікай Кракотцы, яшчэ 18 кастрычніка 1927 года была адкрыта першая ў нашай краіне беларуская нацыянальная бібліятэка, якая атрымала пры жыцці нашага класіка Янкі Купалы яго імя. З-за таго, што чытачоў стала нашмат менш, каштоўны фонд перадалі ў бібліятэку цэнтральнай сядзібы аграгарадка Сялявічы.
One fine body…