27.12.2021
27.12.2021

Як перажыць навагодняе застолле без шкоды для арганізма. Парады ўрача

logo
Лячэбнае харчаванне і дыеты
0 110
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Да Новага года засталося не так ужо і шмат часу. Будучая чарада святочных застолляў – сапраўднае выпрабаванне для арганізма. Алкаголь, шмат салатаў, гарачых страў, вэнджаніны і саленняў – усё гэта здольнае нанесці сур'ёзную шкоду здароўю. Дык як жа перажыць застолле без наступстваў для арганізма?

Пра гэта «Слушна» распавяла загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Наталля Шульга.  

Раіць доктар

Адно з галоўных правілаў – не садзіцца за святочны стол галодным.

  • Каб не было спакусы з'есці ежы ў некалькі разоў больш, за пару гадзін да Новага года варта зладзіць лёгкую вячэру. Асабліва гэта важна тым, у каго павышаны апетыт. У якасці перадсвяточнага перакусу добра падыдуць гародніна з невялікім кавалачкам нятлустага мяса (курыцы альбо індычкі).
  • Не варта галадаць і ўвесь дзень перад святам, лепей прытрымлівацца звыклага рэжыму харчавання, уключаючы лёгкія перакусы. Шанц пераесці пры такім падыходзе роўны практычна нулю.
  • Каб пазбегнуць праблемаў з арганізмам, не варта налягаць на тлустыя стравы, смажанае мяса, салаты, запраўленыя маянэзам, пірагі і прысмакі. Перавагу лепей аддаваць лёгкім салатам і халодным закускам, стравам з гародніны, зеляніне.
 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Не злоўжывайце цытрусавымі і прысмакамі. Іх празмернае ўжыванне можа справакаваць непажаданыя алергічныя рэакцыі.
  • Салаты, запраўленыя маянэзам, тыя ж традыцыйныя «аліўе» і «селядзец пад футрам», лепей з'есці ў самым пачатку вечара, але невялікую порцыю. Непажадана іх даядаць на наступны дзень. Такія стравы хутка псуюцца, а значыць, высокая рызыка атрымаць банальнае атручванне.

Пасля салатаў з маянэзам, як правіла, надыходзіць чарга гарачых страў. Не варта забывацца, што ўначы арганізм зусім не настроены на ежу, асабліва на прыём ежы гарачай і тлустай. Таму на гарачае лепей выбіраць нятлустае мяса альбо рыбу.

Падчас святочнага застолля не варта ўжываць вялікую колькасць пакетаваных сокаў, салодкіх газаваных напояў, у тым ліку і шампанскага.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Яны значна павышаюць узровень глюкозы ў крыві. Падстраўнікавая залоза, якая і так старанна працуе, не заўсёды можа выдзеліць дастатковую колькасць інсуліну, каб падтрымліваць нармальны ўзровень глікеміі (глюкозы) ў крыві. Празмернае ўжыванне салодкіх газаваных напояў можа выклікаць таксама ўздуцце жывата і кішэчныя колікі.
  • Не забывайцеся на пітны рэжым.

Па-першае, алкагольныя напоі валодаюць мачагонным эфектам. З-за гэтага арганізм губляе вадкасць, кроў гусцее, узрастае нагрузка на сэрца. Па-другое, пакутуе печань, бо ёй даводзіцца працаваць з падвойнай сілай – нейтралізоўваць таксіны, якія паступаюць у арганізм, у прыватнасці, алкаголь. Каб паменшыць інтаксікацыю арганізма, не забывайцеся на правіла: адна порцыя алкаголю – дзве порцыі негазаванай вады.

  • Навагодняе застолле лепей расцягваць. Не варта ўвесь час сядзець за сталом.

Навагодняе застолле лепей расцягваць

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Ужыванне ежы трэба сумяшчаць з рухомымі гульнямі альбо прагулкамі на вуліцы. Прадумайце забаўляльную праграму на вечар. Актыўна стасуйцеся. Няхай лепей будзе некалькі падыходаў да святочнага стала.

Правіла ўставаць з-за стала крыху галодным дзейнічае і падчас святочнага застолля. Пачуццё сытасці заўсёды спазняецца.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Не варта наядацца да ярка выяўленага пачуцця распірання. Падняліся, парухаліся, а потым можна і перакусіць.

Калі ўсё ж такі вы адчуваеце, што пераелі, можна прыняць прэпараты, якія ўтрымліваюць стрававальныя ферменты.

  • 1 студзеня лепей зрабіць разгрузачны дзень. Гэта могуць быць гародніна, рыба альбо невялікі кавалачак нятлустага мяса. На працягу дня трэба таксама піць дастатковую колькасць вады.

Наступствы пераядання

Навагодняе застолле: не пераядаем, шмат не п'ём

Безумоўна, багацце страў на святочным стале рэдка каго пакіне абыякавым. Хочацца пакаштаваць усё і адразу. Аднак наступствы бурнага святкавання не заўсёды заканчваюцца толькі галаўным болем раніцай.

Калі было з'едзена занадта шмат, можа ўзнікнуць уздуцце (метэарызм), з'яўляецца адрыжка, часам нават ваніты і дыярэя.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Добра, калі для чалавека гэтыя расстройствы будуць насіць функцыянальны характар і знікнуць праз пэўны час. Калі ж боль не сыходзіць, а нарастае, самаадчуванне не паляпшаецца, варта абавязкова звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Гэтыя прыкметы могуць быць сімптомамі больш сур'ёзных захворванняў.

Так, празмернае ўжыванне тлустай ежы ў сукупнасці з алкагольнымі напоямі можа стаць прычынай абвастрэння калькулёзнага халецыстыту (запаленне сценкі жоўцевага пузыра, з'яўляецца адной з формаў жоўцевакаменнай хваробы), а таксама спрыяць развіццю вострага панкрэатыту і вострага гепатыту (пашкоджання печані).

  • Людзям, якія пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, не варта налягаць на стравы, якія ўтрымліваюць шмат солі. Тым жа, у каго ёсць захворванні страўнікава-кішэчнага тракта, лепей устрымацца ад ужывання вострай ежы.

Галоўнае – ва ўсім захоўваць меру. Алкаголь і цяжкая ежа значна павышаюць рызыку абвастрэння ўжо наяўных захворванняў. Таму, раіць урач, не грэбуйце штогадовым медыцынскім абследаваннем: здавайце агульнаклінічныя аналізы і праходзьце УГД брушной поласці. Каб не было потым пакутліва балюча…

Будзьце здаровымі! І шчаслівага Новага года!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 110

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама