Нязменны святочны атрыбут Новага года – ёлка. Яе ўпрыгожваюць яркімі шарамі, мішурой, стужкамі, гірляндамі, цукеркамі, пернікамі – усім, што падкажа фантазія.
Упрыгожваючы лясную госцю, мы хочам, каб яна прастаяла як мага даўжэй, прыўносячы ў дом атмасферу свята і чакання цуду, ахутваючы хвойным пахам.
Дарэчы, эфірны алей, які выдзяляюць у паветра гэтыя вечназялёныя дрэвы, паляпшае настрой, супакойвае, павялічвае працаздольнасць і пазбаўляе ад стрэсу. Ён багаты на фітанцыды, якія валодаюць бактэрыцыднымі ўласцівасцямі. Нават калі вы аддаяце перавагу штучнай ёлцы, можна ўпрыгожыць дом парай жывых галінак для водару... ну, альбо для лячэбнага эфекту.
Існуе павер'е, што калі прыбраць ёлку да Вадохрышча, можна выгнаць з хаты багацце і поспех. Як выбраць менавіта тую ёлку, якая прастаіць доўга і не скіне свае іголкі адразу пасля свята? Журналіст Слушна даведалася пра магчымыя варыянты выбару жывой ёлкі і яе догляд.
Гід па ёлках
- Ёлка звычайная. Чатырохгранныя іголачкі, якія растуць на галінках па прынцыпе спіралі.
- Блакітная ёлка. У гэтага дрэва іголкі доўгія, шчыльныя і даволі калючыя. Колер ігліцы вар'іруецца ад зялёнага да серабрыста-блакітнага.
- Дацкая ёлка. Адрозніваецца цёмна-зялёнай і мяккай навобмацак ігліцай. Дарэчы, такое дрэва нават у памяшканні застаецца свежым прыкладна 2,5 месяца.
- Канадская ёлка. Пушыстая і духмяная. Іголкі ў такога дрэва – тоўстыя і кароткія.
Пры выбары ёлкі варта звярнуць увагу не толькі на яе знешні выгляд, вышыню і пушыстасць (хоць гэта таксама, безумоўна, важна), але і на тыя прыкметы, якія падкажуць вам, як доўга прастаіць ёлка, ці даўно яна была зрэзана, ці не хварэе дрэва.
Такім чынам, агледзім ёлку:
- Свежае дрэва мае насычаны зялёны ці смарагдавы колер, галінкі цягнуцца ўверх, пры спробе іх сагнуць – не ламаюцца (павышаная ломкасць галінак – прыкмета таго, што ёлка даўно спілаваная). Ствол павінен быць тоўстым.
- Месца спілу павінна быць чыстым, светлага колеру. Калі на ім праглядаецца цёмная аблямоўка, такое дрэва лепей не браць, бо іголкі ў яго абсыпяцца хутчэй, чым наступіць свята.
- Вазьміце дрэва і стукніце ствалом некалькі разоў аб зямлю. Іголкі не павінны лёгка падаць з галінак. Калі ж ёлка іх скідае – у памяшканні такое дрэва доўга не выстаіць.
- Калі зруб ля асновы дрэва сухі, значыць, ёлка была спілаваная даўно. Яе лепей не набываць.
- Разатрыце некалькі іголачак паміж пальцамі. З'явіўся водар ігліцы і масляністы адбітак – такая ялінка будзе доўга радаваць вас сваім выглядам.
- Доўгія верхнія галінкі – яркае сведчанне таго, што дрэва расло ў спрыяльных умовах.
- Звярніце ўвагу і на іголкі. На дужа кароткіх або занадта доўгіх цацкі будуць дрэнна трымацца.
Што трэба рабіць, каб ёлка доўга стаяла
Перад тым, як паставіць ёлку ў хаце, дайце ёй «прыйсці ў свядомасць». Напрыклад, на балконе або ў любым іншым прахалодным памяшканні. Так вы пазбегнеце рэзкіх скокаў тэмпературы, што негатыўна адбіваецца на «самаадчуванні» дрэва.
Як паставіць ёлку ў вядро
Напрыклад, можна «пасадзіць» яе ў вядро з пяском, які неабходна ўвільгатняць прыкладна раз у 1-2 дні.
У ёмістасць з пяском можна дадаць жэлацін або гліцэрыну. Яшчэ адзін варыянт «жыватворнага» дадатку – аспірын, трохі солі і лыжка цукровага пяску.
Можна таксама размяшаць у вадзе палову чайнай лыжкі лімоннай кіслаты, жэлацін, здробнены мел і выліць гэтую сумесь у пясок. Так дрэва даўжэй захавае свой выгляд і не адзін дзень будзе радаваць вашых сямейнікаў.
Калі варыянт з вядром і пяском вам не падыходзіць, можна абгарнуць ствол вільготнай анучай. Галоўнае правіла – не забывайцеся яе рэгулярна ўвільгатняць.
Дарэчы, у продажы можна знайсці ялінкі ў кадках, якія потым можна пасадзіць на прысядзібным участку.
Месца каля батарэі або іншых ацяпляльных прыбораў – не самы лепшы выбар для дрэва.
Каб іголачкі ялінкі не абсыпаліся – апырсквайце іх вадой з пульверызатара.
Пры ўстаноўцы ёлкі не забудзьцеся пра паліў, каб даўжэй захаваць яе знешні выгляд.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by