Крылатае выслоўе «Колькі моў ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек», думаю, знаёмае многім. А для кагосьці, магчыма, менавіта яно сталася стымулам для вывучэння моў замежных.
Між іншым, вучоныя сцвярджаюць, што для нашага мозга больш карысна ведаць некалькі моў, няхай сабе і недасканала, чым яшчэ адну, але добра… А чаму сёння размова пра гэта? Ды таму, што мы знаходзімся напярэдадні цікавай даты!
Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Напісаўшы ў свой час гэтыя радкі, беларускі паэт Пімен Панчанка выказаў пачуцці многіх беларусаў. І мае ў тым ліку.
А вы ведаеце, колькі ў свеце налічваецца моў? Больш за 6 тысяч. І палова знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Таму для іх захавання і распаўсюджвання рашэннем ЮНЕСКА ў 1999 годзе дзень 21 лютага быў абвешчаны Міжнародным днём роднай мовы. Упершыню яго адзначылі ў 2000-м.
Зацікавіўшыся пытаннем, як уздзейнічае вывучэнне яшчэ адной мовы на здароўе чалавека, найбольш сустракаю ўзгадкі пра мову замежную. Але для тых жа расіян беларуская часцяком таксама гучыць гэтак жа – незразумела. І адмысловае вымаўленне зацвярдзелых гукаў даецца далёка не кожнаму з іх. Як і сэнс беларускіх слоў, не падобных да рускіх.
Дык вось вывучэнне другой мовы, як сцвярджаюць вучоныя, не толькі садзейнічае развіццю інтэлекту і памяці, але і зніжае рызыку старэння мозгу, развіцця дэменцыі і хваробы Альцгеймера! А яшчэ падчас гэтага працэсу расце наш мозг! Дакладней – яго асобныя вобласці. «Змяніце мову – і ваш мозг будзе працаваць па-іншаму», – кажуць даследчыкі. І маюць рацыю.
А я прыгадваю сваю працу ў СШ №4 г.Чэрвеня, выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў сярэдніх і старэйшых класах. Не раз і не два мне даводзілася шмат займацца індывідуальна з асобнымі школьнікамі, якія прыязджалі на пастаяннае месца жыхарства з іншых краін былога Савецкага Саюза ў Беларусь. І практычна ва ўсіх іх, незалежна ад паспяховасці, выяўляліся такія цікавыя погляды на нашы моўныя асаблівасці... Яны задавалі такія пытанні, якіх я ніколі не чула ад карэнных беларусаў – носьбітаў мовы. Гэтыя заняткі былі карыснымі не толькі для іх, але і для мяне.
Прыгадваецца і мой першы беларускамоўны клас у нашай рускамоўнай школе. Апрача гарадскіх, у мяне навучаліся дзеткі з дзвюх бліжэйшых (фактычна ў рысе горада) вёсак. Як жа яны стараліся! І як добра ішло ў іх вывучэнне менавіта роднай мовы! Яшчэ і бацькоў сваіх выпраўлялі! Бо дома размаўлялі пераважна на «трасянцы».
А вось з чым у многіх была натуральная праблема, дык гэта з пераключэннем з рускай мовы на беларускую і ў адваротны бок. Бо руская мова вывучалася паралельна. Блыталіся.Зрэшты, да чацвёртага класа ўжо рэдка хто ўлепліваў тое ж рускае «и» ў беларускай мове ды «і» – у рускай. Развіваліся. Засяроджваліся. Кантралявалі. І працаваў іх мозг, працаваў напружана!
Затым былі дзеткі з другога беларускамоўнага класа, якіх я ўзяла ў чацвёртым і разам з імі як класны кіраўнік і выкладчыца роднай мовы і літаратуры пайшла да дзявятага. Ды іншыя класы, у якіх выкладала прадметы. І мне прыемна, што некалькі вучняў пасля заканчэння школы абралі прафесію настаўніка роднай мовы.
Як часта даводзіцца чуць: «Не, я ўжо стары (старая) для вывучэння мовы замежнай. Мазгі не тыя...» Але хіба можам мы ведаць рэзервы свайго арганізма?! А калі ўсё ж паспрабаваць? Калі не з замежнай, дык хаця б з блізкай, роднай, беларускай мовы?! І заўтрашні дзень, як мне падаецца, цудоўная для гэтага нагода...
З надыходзячым святам усіх вас, шаноўныя сябры! З Міжнародным днём роднай мовы! Не саромцеся размаўляць па-беларуску! Поспехаў усім у вывучэнні мовы. Ці нават – некалькіх!
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by