16.07.2019
16.07.2019

Ачышчэнне крыві – не панацэя: рэаніматолаг пра плюсы і рызыкі метаду

logo
Неадкладная дапамога
0 46
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пры цяжкіх атручваннях, сэпсісе, нырачнай паталогіі ды іншых захворваннях урачы праводзяць экстракарпаральнае ачышчэнне крыві. Калі казаць простай мовай, кроў невялікімі порцыямі выводзіцца з арганізма пацыента па трубках-магістралях у спецыяльны апарат, чысціцца там рознымі спосабамі і вяртаецца назад. Якія ўскладненні магчымыя пасля ачышчэння крыві? Ці ёсць супрацьпаказанні? Ці павышае гэты метад імунітэт?

На пытанні журналіста «Слушна» адказаў Андрэй Шмігельскі, загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (вострай нырачнай і поліарганнай недастатковасці) бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

У аддзяленні выкарыстоўваюць такія метады экстракарпаральнага ачышчэння крыві, як гемадыяліз, плазмаферэз, гемасорбцыю, ультрафіялетавае апраменьванне крыві, метады бесперапыннай замяшчальнай нырачнай тэрапіі (гемадыяфільтрацыю ды інш.), якія могуць працягвацца да некалькіх сутак.

 
Андрэй Шмігельскі
Загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (вострай нырачнай і поліарганнай недастатковасці) бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі
Асноўная мэта дадзеных метадаў – выдаленне з крыві пацыента таксінаў і імунных комплексаў, якія як трапілі звонку, так і ўтварыліся ў арганізме. Яны могуць удзельнічаць у паталагічным працэсе, правакаваць або пагаршаць цячэнне захворвання. Пры лячэнні некаторых захворванняў, напрыклад, вострай нырачнай недастатковасці, хранічнай нырачнай недастатковасці, вострых атручванняў экстракарпаральнае ачышчэнне крыві ўваходзіць у стандарты лячэння і жыццёва неабходнае. Аднак варта падкрэсліць, што гэтыя метады – не панацэя. Да іх неабходна падыходзіць выбарачна, індывідуальна, строга па паказаннях, бо яны таксама маюць пабочныя эфекты. Як вядома, здаровы арганізм сам настройвае ачышчальную і выдзяляльную сістэму, і для гэтага неабходна захоўваць здаровы лад жыцця, а не спадзявацца, што «пачысціў» кроў – і праблемы са здароўем сыдуць.

Гемадыяліз

Гемадыяліз і гемадыяфільтрацыя выкарыстоўваюцца пры вострай нырачнай недастатковасці, хранічнай нырачнай недастатковасці, сэптычных станах. Гэтыя метады дапамагаюць людзям дажыць да аперацыі па перасадцы ныркі. Таксама ён ужываецца пры вострых атручваннях, цяжкім панкрэатыце. Гемадыяліз – гэта аперацыя ачышчэння крыві з дапамогай апарата «Штучная нырка». Кроў з вены паступае ў апарат, куды адначасова падаецца дыялізуючы раствор, ачышчэнне крыві адбываецца праз фільтруючы элемент. Біялагічная вадкасць вяртаецца назад у сасудзістую сістэму, а адпрацаваны састаў з таксінамі выдаляецца. Метад патрабуе толькі мясцовага абязбольвання ў месцы пункцыі для пастаноўкі вянознага катэтара.

(А пацыентам, якім паказаны пастаянны гемадыяліз, шляхам аперацыі фарміруецца артэрыя-вянозная фістула – прамое злучэнне артэрыі з венай, для забеспячэння доўга функцыянуючага сасудзістага доступу).

У метада ёсць свае рызыкі: ускладненні ў ходзе гемадыялізу (паветраная эмбалія, крывацёк, трамбозы, разбурэнне эрытрацытаў), сардэчна-сасудзістыя і касцёва-сустаўныя ўскладненні, парушэнні стрававання.

 
Андрэй Шмігельскі
Загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (вострай нырачнай і поліарганнай недастатковасці) бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі
Для правядзення гемадыялізу пункціруецца цэнтральная вена, і гэтая маніпуляцыя можа выклікаць ускладненні. Таксама ўзрастае нагрузка на сардэчна-сасудзістую сістэму, бо падключаецца своеасаблівы трэці круг кровазвароту. Таму ў людзей з хранічнай сардэчнай недастатковасцю могуць развівацца гемадынамічныя парушэнні. Акрамя таго, метад патрабуе ўвядзення антыкаагулянту для прадухілення тромбаўтварэння, што таксама можа выклікаць пабочныя з'явы, напрыклад, павышаную кроватачывасць.

Плазмаферэз

Плазмаферэз

Плазмаферэз паказаны пры атручваннях хімічнымі рэчывамі, атрутнымі грыбамі, пацыентам з некаторымі неўралагічнымі і аўтаімуннымі захворваннямі, напрыклад, рассеяным склерозам, захворваннямі скуры (псарыяз) і інш. Акрамя таго, плазмаферэз выкарыстоўваецца ў аддзяленні пералівання крыві, для нарыхтоўкі донарскай плазмы.

 
Андрэй Шмігельскі
Загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (вострай нырачнай і поліарганнай недастатковасці) бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі
Кроў з вены па магістралях паступае ў апарат, у якім адбываецца яе цэнтрыфугаванне і аддзяленне эрытрацытаў ад плазмы. Плазма пацыента цалкам выдаляецца, замяняецца донарскай і альбумінам. Потым эрытрацыты пацыента разам з донарскай плазмай вяртаюцца ў арганізм. Такім чынам, разам з плазмай выдаляюцца таксіны, паталагічныя імунныя комплексы і, адпаведна, памяншаецца іх разбуральны ўплыў на органы і тканкі. Аднак донарская плазма можа выклікаць розныя рызыкі: несумяшчальнасць, алергічныя рэакцыі, ажно да анафілактычнага шоку. Для выратавання жыцця пацыента мы выкарыстоўваем высокаабменны плазмаферэз, гэта значыць, аб'ём замяшчэння плазмы складае больш за 2-3 літры за сеанс. У некрытычных сітуацыях у клініках выкарыстоўваюць нізкаабменны плазмаферэз, калі ў пацыента забіраецца да 500 мілілітраў плазмы, і яна замяняецца фізіялагічным растворам. Тут няма такіх рызык, як пры донарскім плазмаферэзе. Аднак трэба разумець, што ў плазме крыві знаходзяцца не толькі таксіны, але і неабходныя карысныя рэчывы, тыя ж бялкі, якія таксама выдаляюцца пры ачыстцы. Таму для «амаладжэння» крыві ці ўзняцця імунітэту я б гэты метад не раіў.

Ультрафіялетавае апраменьванне

Гэты метад паказаны пры інфекцыйных, скурных, уралагічных, гінекалагічных і іншых захворваннях, валодае супрацьзапаленчым, стымулюючым, метабалічным дзеяннем. Сутнасць метаду заключаецца ў апраменьванні часткі крыві пацыента святлом вызначанай даўжыні хвалі.

 
Андрэй Шмігельскі
Загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (вострай нырачнай і поліарганнай недастатковасці) бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі
Пры ўльтрафіялетавым апраменьванні неабавязкова пункціраваць цэнтральную вену, можна браць кроў з перыферычнай. У параўнанні з іншымі гэты метад самы малаінвазіўны і паляпшае працу імуннай сістэмы. Перадазіроўка апраменьвання выключаная.

Гемасорбцыя

Гэтую працэдуру ўрачы выкарыстоўваюць для лячэння атручванняў хімічнымі рэчывамі, пры панкрэатыце, сэптычных станах. Кроў праходзіць праз калонку з сарбентам, які нейтралізуе таксічныя рэчывы, пасля чаго вяртаецца назад у арганізм.

 
Андрэй Шмігельскі
Загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (вострай нырачнай і поліарганнай недастатковасці) бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі
У залежнасці ад паталогіі выкарыстоўваюцца розныя сарбенты. Да прыкладу, ёсць сарбенты з антыбактэрыяльнымі прэпаратамі, якія сарбіруюць бактэрыяльныя таксіны і прадукты распаду органаў і тканак. Ёсць сарбенты, якія ачышчаюць кроў ад лішку ферментаў. Іх, да прыкладу, выкарыстоўваюць пры вострым панкрэатыце, калі ў выніку распаду клетак падстраўнікавай залозы ў крыві вызначаецца высокі ўзровень альфа-амілаза. Пры лячэнні атручванняў выкарыстоўваецца высокаачышчаны вугаль. Пры дадзеным метадзе магчымая рэакцыя арганізма на сарбент. Гэта мінімальная рызыка, але яна ўсё ж існуе.

Супрацьпаказанні

 

 
Андрэй Шмігельскі
Загадчык аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (вострай нырачнай і поліарганнай недастатковасці) бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі
Для любога метаду існуюць абсалютныя і адносныя супрацьпаказанні. Для прыняцця рашэння неабходна ўзважыць усе «за» і «супраць». Абсалютнымі супрацьпаказаннямі з'яўляюцца аганальны стан пацыента, крывацёк, які працягваецца, астатнія – адносныя. Група крыві не мае значэння.

* У сярэднім, у мужчын аб'ём крыві – 5,2 л, у жанчын – 3,9 л.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 46

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Неадкладная дапамога"