Site icon Слушна

Медыцына Мінскай губерні на рубяжы XIX–XX стагоддзяў

Земскія ўрачы

Як выглядала медыцына стагоддзе таму, калі месячнае лячэнне ў бальніцы каштавала амаль як месячны заробак некваліфікаванага рабочага, а першая матарызаваная карэта хуткай дапамогі прыехала ў Мінск з Вены? Тэма аховы здароўя на рубяжы XIX–XX стагоддзяў застаецца маладаследаванай у айчыннай гістарыяграфіі, хаця менавіта тады закладваліся падмуркі сучаснай сістэмы медыцынскай дапамогі.

Шпіталь

Развіццё амбулаторнай медыцынскай дапамогі

Мінская губернія існавала з 1793 па 1921 гады. Яна была падзелена на 45 урачэбных участкаў і на кожны прыпадала па 52 тысячы жыхароў. На медыцынскай земскай службе знаходзілася 69 дактароў (у гарадах — 28, у паветах — 41) і 210 фельчараў (пры бальніцах — 83 і пры самастойных пунктах — 13). Апроч таго было 114 валасных фельчараў, якіх насельніцтва ўтрымлівала сваім коштам.

У канцы 19 стагоддзя стацыянарную ўрачэбную дапамогу гараджане атрымлівалі ў губернскіх, павятовых і гарадскіх бальніцах Прыказу грамадскага догляду, яўрэйскіх  і прыватных бальніцах. Бальніцы Прыказу грамадскага догляду абслугоўвалі пераважна вайскоўцаў і работнікаў дзяржаўных устаноў.

Кошт лячэння ў бальніцах Мінскай губерні складаў 7 руб. 20 кап. Для параўнання, некваліфікаваны рабочы ў тыя часы атрымліваў каля 15 рублёў у месяц.

З-за нястачы грошай сетка лячэбных устаноў у гарадах развівалася марудна. На медыка-санітарныя патрэбы ў 1892 годзе ў гарадах Беларусі вылучалі каля 1 % усіх гарадскіх сродкаў. І хоць да 1901 года выдаткі па медыцынскай, санітарнай і ветэрынарнай частцы павялічыліся амаль у 5 разоў, іх удзельная вага ў агульнай суме выдаткаў гарадоў заставалася невялікай — 3,2%.

У канцы 19 - пачатку 20 стагоддзяў у гарадах атрымала развіццё амбулаторная медыцынская дапамога.

Ініцыятыва ў яе арганізацыі сыходзіла ад медыцынскіх таварыстваў, якія прапаноўвалі адчыняць бясплатныя амбулаторыі. Першая такая лякарня была створана ў 1870 годзе Таварыствам віцебскіх лекараў.

Чальцы Таварыства магілёўскіх лекараў спрыялі адкрыццю ў 1895 годзе лякарні таварыства Чырвонага Крыжа і зладзілі ў ёй бясплатны прыём.

Выпуск курсаў сясцёр міласэрнасці Мінскага аддзела Таварыства Чырвонага Крыжа. 18 красавіка 1904 года.

У 1879 годзе Таварыства мінскіх лекараў адкрыла амбулаторную лякарню, якая працавала два гады.

У 1899 годзе ў Мінску на Ніжняй Ляхаўцы адкрылася першая фабрычна-завадская амбулаторыя.

Яе штат складаўся з двух лекараў, аптэкара і фельчара. Спачатку амбулаторыя праводзіла бясплатны прыём, але праз 2, 5 года была ўстаноўлена плата ў памеры 20 кап. Малазаможныя асобы плацілі 10 кап. Бедных прымалі бясплатна.

Для атрымання бескаштоўнай медыцынскай дапамогі працоўныя павінны былі прад'явіць завадскую квітанцыю. Карыстацца паслугамі амбулаторыі маглі працоўныя толькі тых прадпрыемстваў, уладальнікі якіх уносілі за іх аплату.

У 1903 годзе на Нова-Маскоўскай вуліцы адкрылася  2-я  Гарадская амбулаторыя. У тым жа годзе была адкрыта Востра-Заразная бальніца на 60 месцаў, хутка пашыраная да 100. З жыхароў паветаў і з работнікаў чыгункі бралі плату, а астатніх лячылі бясплатна.

Востра-Заразная бальніца 1913 г. Мінск.

У 1904 годзе пачала працаваць амбулаторыя пры земскай губернскай бальніцы Мінска. У 1908 годзе Таварыства бабруйскіх лекараў адкрыла сваю амбулаторыю.

Медыцынская дапамога жанчынам

У перыяд паміж канцом 19 і пачаткам 20 стагоддзя ў Мінскай губерні развівалася і ўдасканальвалася акушэрская дапамога. Так,  у 1895 годзе ў Мінску на Вясёлай вуліцы быў адкрыты Радзільны прытулак на 19 месцаў. У штаце быў доктар і тры акушэркі. На ўтрыманне прытулку паступалі грошы ад вышэйшых апякунак, ад Упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі, ад рэдакцыі газеты “Минское слово” і са скарбонкавых збораў. Дапамогу ў стацыянары атрымлівалі толькі 12-14% усіх парадзіх Мінска. Аднак да 1905 г. у Менску ўжо 75 % родаў працякала пры акушэрскай дапамозе.

Дарэчы, ранейшая Вясёлая вуліца цяпер называецца Першамайскай. А называлася так яна раней з-за таго, што там жылі “вясёлыя” паненкі. Для такіх кабет быў асаблівы нагляд і свая медыцына. Смяротнай хваробай у тыя часы былі пранцы. Толькі за 1890 год было зарэгістравана больш за 1100 выпадкаў венерычных захворванняў.

Па ініцыятыве графа Караля Чапскага ў 1898 годзе ў Мінску адкрываюць бальніцу з аптэкай для прастытутак. Прадпрымальны кіраўнік стварае ў сваім доме першы радзільны прытулак па вуліцы Захар'еўскай. Там бясплатна выдавалі бялізну, харчаванне, надавалі медыцынскую дапамогу.

Па меддапамогу жанчыны маглі звярнуцца і ў прыватныя бальніцы.

Так, у Мінску з 1904 года дзейнічаў прыватны радзільны прытулак акушэркі Б. Л. Цукерберг на 2 месцы. У 1909 годзе быў заснаваны прыватны радзільны прытулак і лякарня па жаночых хваробах дактароў Б. Д. Іоэльсана і М. А. Паляка на 9 месцаў з платай ад 2 да 5 руб. за суткі.

Да паслуг жанчын былі і іншыя прыватныя лякарні з платай ад 1,5 да 10 руб. за суткі. Прыватная акушэрска-гінекалагічная лякарня на 4 месцы працавала і ў Пінску.

У павятовых гарадах спецыялізаваная медыцынская дапамога жанчынам не атрымала шырокага распаўсюджвання. Жанчыны звярталіся па дапамогу ў гарадскія бальніцы, а таксама да прыватных акушэрак і бабак-павітух.

Бальніца на Траецкай гары

У Мінску галоўнай і адной з самых старажытных бальніц была Губернская бальніца на Траецкай гары  —  пазней Другая Савецкая бальніца.

У 1913 годзе тут было праведзена 1793 аперацыі не толькі для жыхароў Мінска, але і для пацыентаў з розных паветаў губерні. Некалі гэта была гарадская земская бальніца.

Земская гарадская бальніца была народным хітом. Пачыналася ўсё з аддзялення для псіхічных хворых, тэрапіі і прытулку. Пазней тут ствараюць хірургію і амбулаторыю. Сюды прывозяць першы рэнтген, дэзінфекцыйную камеру, адчыняюць бактэрыялагічную лабараторыю, тут дзейнічае аптэка і праводзяць найскладаныя аперацыі па ўсіх кірунках. Земская бальніца стала кузняй медыцынскіх устаноў па ўсім горадзе. Да 1903 года лячэнне было платным, і далёка не кожны мог сабе яго дазволіць. Так, месячнае знаходжанне пацыента на 1897 год каштавала каля 11 рублёў.

Абшчына Чырвонага крыжа

У 1903 годзе ў Мінску з’явілася абшчына Чырвонага крыжа. Яе медыцынскія сёстры даглядалі хворых у бальніцах і на прыватных кватэрах. У 1910 годзе абшчына арганізоўвала санітарныя атрады для барацьбы з пошасцямі халеры, воспы, скарлаціны. Пры абшчыне была адкрыта лячэбніца на 40 месцаў і арганізавана наданне хуткай дапамогі з выездам санітарнай карэты. У час Першай Сусветнай вайны абшчына Чырвонага крыжа сфарміравала і адправіла на фронт шпіталь на 200 месцаў, які потым разгарнуўся на 800. Апроч таго ў Мінску было адкрыта тры лазарэты на 100 ложкаў кожны. Аперацыі рабілі пад навакаінам.

Першымі матарызаваную карэту хуткай дапамогі прывезлі з Вены ў Мінск сёстры міласэрнасці Чырвонага крыжа ў маі 1912 года. З таго часу пачаліся выезды да хворых. Канешне, дазволіць сабе такі візіт маглі толькі заможныя мінчане.

Летапіс Чырвонага крыжа стагоддзе таму браў свой пачатак на скрыжаванні Падгорнай і Серпухаўскай, цяпер Маркса і Свярдлова. На месцы Камітэта дзяржкантролю па адрасе Карла Маркса, 1 знаходзілася абшчына сясцёр міласэрнасці. Заснаваў яе ініцыятыўны губернатар Трубяцкі у 1903 годзе. Тут выкладалі азы медыцынскай дапамогі. Выпускнікі абшчыны стануць медсёстрамі падчас Першай сусветнай вайны, а таксама будуць аказваць дапамогу хворым на халеру і воспу.

Віцебскія сёстры міласэрнасці 1915 год. Фота з архіва А. Самовіча.

Лячэнне па роду дзейнасці і нацыянальнасці

Медыцына ў XIX стагоддзі была ў большай меры катэгарыяльнай. Лячылі не па ўзросце, а па нацыянальнасці і родзе дзейнасці. Так, у чыгуначнікаў былі ўласныя бальніцы з пастаянным медыцынскім персаналам. Служачыя чыгункі атрымлівалі медыцынскую дапамогу ў трох амбулаторыях Лібава-Роменскай і ў амбулаторным прыёмным пакоі Аляксандраўскай чыгунак у Мінску, прыёмным пакоі Лібава-Роменскай чыгункі ў Бабруйску, Палескай дарогі ў Пінску.

Бальніца для чыгуначнікаў 1914 г. Мінск.

Пытанне аб арганізацыі бясплатнай медыцынскай дапамогі для работнікаў асобных ведамстваў магло вырашацца на гарадскім узроўні.

Так, у 1905 годзе ў адказ на прашэнне служачых гарадской управы Пінска да яе старшыні выдаткі на іх лячэнне і членаў іх сем'яў былі ўскладзены на гарадскі бюджэт. У 1913 годзе ў Менску пры паштова-тэлеграфнай канторы функцыянавала амбулаторыя, у якой лячыліся бясплатна службоўцы канторы і іх сем'і.

У мястэчку Рубяжэвічы (цяпер на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна) існавала лячэбніца для сіфілітыкаў на 15 месцаў. Сярод спецыялізаваных бальніц ў асноўным былі жаночыя і зубныя лячэбніцы.

З канца 18 стагоддзя будаваліся шпіталі для лячэння ваенных. Для іх нават распрацоўваліся спецыяльныя праекты. У Бабруйску шпіталь быў на 150 ложкаў. Потым пры гэтым шпіталі заснавалі вялікі Батанічны сад.

Вайсковы шпіталь 1830-я гады. г.Мінск.

Габрэі, па сведчанні лекараў таго часу, былі лепш забяспечаны медычнай дапамогай, чым астатняе насельніцтва. Гэта было звязана з большай распаўсюджанасцю прыватнай ініцыятывы і дабрачыннасці ў яўрэйскім асяроддзі.

Яўрэйскае насельніцтва Мінска, дзякуючы прыватнай дабрачыннасці на Губернатарскай вуліцы мела сваю бальніцу, ў 1912 – 1913 гадах ператвораную ў Клінічны гарадок, дзе зрабілі Псіхіятрычнае аддзяленне на 70 ложкаў. Потым узвялі будынкі для аптэкі, амбулаторыі і канторы, усталявалі свой рэнтген.

Габрэйская бальніца 1828 г. Мінск.

У Мінску існаваў шэраг грамадскіх лячэбных устаноў – Прытулак Таварыства цвярозасці і пры ім амбулаторыя для алкаголікаў з лячэннем гіпнозам. Было шмат прыватных невялікіх лякарняў, асабліва жаночых і зубаўрачэбных, тры прыватных рэнтгенкабінеты. З аптэк былі Першая Гарадская, Першая ад Лібава-Роменскай чыгункі і 11 прыватных. Выходзіў часопіс “Минские врачебные известия”. Існаваў і шэраг медычных школ: Зубаўрачэбныя доктара Шапіры і доктара Дземіхоўскага, Акушэрска-фельчарская школа Гутцайта, Школа сясцёр міласэрнасці Чырвонага крыжа, Акушэрская школа Таварыства абароны жанчын. Дактары былі ў асноўным выпускнікамі Медыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні і Медыцынскага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта.

Медычная дапамога ў паветах

Паветы былі горш забяспечаны медыцынскай дапамогай. Павятовымі бальніцамі кіравалі саветы пад старшынствам павятовых маршалкаў дваранства. У кожным павеце быў гарадавы і павятовы доктар.

У Пінску было 4 шпіталі –гарадскі, турэмны і 2 яўрэйскія. На ўвесь Пінскі павет на 120 тысяч насельніцтва было 4 дактары, 9 валасных фельчараў і адзін вольнапрактыкуючы фельчар.

У Бабруйску існавалі Амбулаторыя медыцынскага Таварыства і Бабруйскае аддзяленне Лігі для барацьбы з сухотамі.

Бальніцы існавалі і ў некаторых маленькіх гарадах — у Нясвіжы лячэбніца Радзівілаў, у Глуску, у Баранавічах лячэбніца з амбулаторыяй Рубанава і лячэбніца Казубоўскага; у мястэчках — Целяханы і нават у вёсках — Асарэвічы на тэрыторыі былога Рэчыцкага павета.

У 1889 годзе ў мястэчку Пясочнае (цяпер вёска ў Капыльскім раёне) памешчык Я. А. Наркевіч-Ёдка адпусціў пляц пад будаўніцтва бальніцы. Ён унёс 70 рублёў для пачатку будаўніцтва бальніцы, аформіў дакументы з абяцаннем, што будзе забяспечваць бальніцу ацяпленнем і харчаваннем. Жыхары мястэчка пачалі збор грошай, і з цягам часу бальніца была ўзведзена.

Такім чынам, у канцы ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў павялічылася колькасць лячэбных устаноў (дзяржаўных, грамадскіх і прыватных, у тым ліку дабрачынных), медыцынскіх работнікаў у гарадах. Атрымалі развіццё такія віды медыцынскай дапамогі, як амбулаторная і стацыянарная, на платнай і бясплатнай аснове, а таксама платная хуткая медыцынская дапамога. Станоўчыя зрухі назіраліся ў аказанні акушэрскай дапамогі жанчынам за кошт развіцця стацыянарнага і амбулаторнага абслугоўвання, павелічэння колькасці медперсаналу. Быў пакладзены пачатак фабрычна-завадскому і ведамаснаму медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва ў гарадах Беларусі.

Доктар зямлі Браслаўскай. Якім чалавекам быў Станіслаў Нарбут?

Exit mobile version