15.07.2025
15.07.2025

Адметная роля свінні ў народнай медыцыне

logo
Адметнасць беларусаў
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Аўтары:
Людміла Дучыц, 
Ірына Клімковіч

Свойскія свінні, дзікі, вепрукі, пачынаючы са старажытных часоў, займаюць важнае месца ў сусветнай рэлігіі, міфалогіі і культуры. У беларускай міфалогіі свойскія свінні шчыльна звязаныя з культам урадлівасці, з’яўляюцца ўвасабленнем сытасці, багацця і дабрабыту. Выконвалі яны адметную ролю і ў народнай медыцыне.

Свіная галава дарогу падкажа

У найстаражытныя часы, прынамсі з 7 тысячагоддзя да н. э., свіння (асабліва свінаматка) асацыіравалася з Вялікай багіняй. Свінаматка, з яе вялікай колькасцю саскоў і вялікім памерам вывадку, атаясамлівалася з урадлівасцю і нараджальнасцю. Таму свіней нярэдка прыносілі ў ахвяру Багіні-маці. Так было прынамсі ў старажытных егіпцян і грэкаў. Старажытнаегіпецкую багіню неба Нут часам малявалі ў выглядзе свінаматкі, якая корміць сваіх парасят — зоркі. Такая выява была папулярным амулетам, які дапамагаў з цяжарнасцю.

У старадаўніх грэкаў у ахвяру багіні Дземетры прыносілі парасят. Іх аддавалі жрацу, які рабіў рытуальнае ворыва. Мяса клалі на алтар, змешвалі з зернем і апускалі ў баразну. Для кельтскай традыцыі вобраз свінні  сімвалізаваў плоднасць і багацце. Дарэчы, у кельтаў свінні асацыіраваліся з іншасветам, таму свініну нельга было есці на рэлігійных святах. Заходнееўрапейскі звычай запякаць на Каляды парася з яблыкам у роце з'яўляецца спадчынай паганскага ахвярапрынашэння свінні на зімовае сонцастаянне.

Стаўленне да свінні ў розных народаў было неаднолькавае. Некаторыя рэлігійныя сістэмы забаранялі яе ў ежу, прыкладам, іудаізм ды магаметанства.

У беларусаў свіння  не толькі сімвал плоднасці, але і дабрабыту. Апекуном свіней лічыцца Васіль Вялікі, свята якога прыпадае на 14 студзеня (стары Новы год).

Рэшткі колішняга ахвярапрынашэння свінні на нашых землях захаваліся ў рытуальным спажыванні свініны на Каляды, у час Масленіцы, Вялікадня ды іншых свят, у семантыцы якіх значнае месца займаюць матывы ўрадлівасці і прыбытку.

На святы гатавалі галаву свінні — як свойскай, так і дзікай. Яе некалькі гадзін вымочвалі ў вадзе, потым залівалі кіпенем, ачышчалі, даставалі язык. Затым галаву завязвалі ў чыстае палатно і варылі ў вадзе з воцатам, соллю, прыправамі, цыбуляй і некалькімі зубчыкамі часныку. Падавалі цёплай з хрэнам або любым ягадным соусам. Ужыванне свіных галоў на святы, асабліва на Васілле, было папулярным у нашых продкаў, таму што на конт гэтага існавала старадаўняе павер’е. Згодна з ім, “каму надарыцца заблукаць у лесе, трэба толькі ўспомніць, што еў свіную галаву ў Васільеў Вечар, і адразу знойдзеш сабе дарогу”.

Як салам па ранах

Свіння шырока выкарыстоўвалася і ў народнай медыцыне нашых продкаў. Так, на Гарадзеншчыне, згодна з народнымі ўяўленнямі, каб пазбавіцца ад бясплоднасці, трэба было выпіць малака ад свінні, якая карміла парсючкоў. Менавіта праз свінню пры дапамозе замоў імкнуліся адправіць хваробы, у першую чаргу дзіцячыя, у іншасвет. Калі дзіцятка шмат плакала ўначы і было неспакойнае, ішлі ў хлеў, пасцілалі  свежую салому і пасля таго як там паляжыць парася, прыносілі дзіця ды качалі па тым месцы. І плач суцішваўся.

Вельмі папулярнымі лекамі былі несалёнае сала, а таксама здор — ператоплены тлушч. Імі змазвалі расколіны на скуры ног, асабліва пяткі. На Случчыне пры лекаванні нагнаенняў да ран прыкладалі тарпатын — сумесь расплаўленага воску, смалы хвоі і несалёнага сала. У некаторых вёсках пасля абмывання рану завязвалі чыстай анучай, змазанай салам. Самым лепшым сродкам для адмарожаных вушэй, носа і твару лічылі свіную жоўць, якой тройчы мазалі хворыя часткі цела. Свіной жоўцю змазвалі таксама валасы, зажыўлялі раны ў вушах. Ад бародавак ды лішая трэба было пацерціся праблемным месцам аб рог хаты, аб які за хвіліну перад тым чухалася свіння.

Ад паносу спальвалі свіныя капыты, попел ад іх распускалі ў чырвоным віне і пілі. Ад крывавага паносу спальвалі свіны памёт і пілі яго, разбоўтаўшы ў вадзе ці ў чырвоным віне тройчы на дзень. Спаленымі капытамі чысцілі зубы для іх умацавання. Ад “лютага запору” спальвалі косткі свіных ног, попел ад іх разбоўтвалі ў вадзе. Ад сухоткі і ад часоткі пілі свіную кроў, настоеную на слімаках, раках ды вадзяных зёлках.

Каб у дзяцей зубы лёгка праразаліся, дзёсны змазвалі свінымі мазгамі, або трэба было павесіць на шыю дзіцёнку свіную іклу. Ад эпілепсіі выкарыстоўвалі белыя мягкія костачкі са свіной галавы, якія знаходзяцца каля вушэй у ніжняй частцы чэрапа пад скурай. Іх сушылі на печы, таўклі ў парашок і давалі немаўлятам кожную раніцу з якой-небудзь вадкасцю.

А вось мяса дзіка лічылася лепшым, чым мяса свойскай свінні. Тлушчам змазвалі месцы болю ў баку, з віном ці воцатам яго пілі ад крывахаркання, а з драўляным (нізкаякасным аліўкавым) алеем з ружовымі кветкамі — змазвалі месцы вывіхаў. З тлушчу дзіка рабілі кампрэсы на горла і на грудную клетку — ад кашлю.

Мачу з пухіра змешвалі з драўляным алеем і вешалі ў дым. Калі ў выніку рабілася маса накшталт патакі, то пакрышку прымалі яе ад камянёў у нырках, а таксама націралі ў немаўлят пупок, каб у іх не было глістоў. Жоўцю дзіка лячылі зубы і залатуху.

І сёння пры справе

Ужо ў сярэдзіне 19 стагоддзя медыкі паспрабавалі перасадзіць рагавіцу вока ад свінні да чалавека, прыкладна за 65 гадоў да таго, як нешта падобнае атрымалася ажыццявіць з чалавечымі органамі зроку. На працягу ўсяго мінулага стагоддзя роля свіней у медыцыне і транспланталогіі працягвала плаўна расці. Навукоўцы пачалі перасаджваць і іншыя часткі іх цела, у тым ліку фрагменты сэрца і сасудаў, а самі свінні сталі служыць крыніцай інсуліну, гармонаў росту і г. д.

Апроч гэтага, свінні выступаюць у якасці жывых сістэм лабараторнай дыягностыкі. Для падобнай ролі сёння выкарыстоўваюцца не звычайныя пароды свіней, а так званыя “мініпігі”, якія былі выведзены спецыяльна для навуковых мэт. Сёння мініпігаў выкарыстоўваюць для праверкі лекаў ад хвароб Альцгеймера, склерозу, а іх уклад у развіццё імуналогіі і геннай інжынерыі проста неацэнны.

Як народная медыцына лечыць бародаўкі ды іншыя хваробы скуры?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Глядзіце таксама артыкулы раздзела "Адметнасць беларусаў"