У агульнапрынятым уяўленні канфлікт – штосьці страшнае. Варта людзям давесці сітуацыю да адкрытага супрацьстаяння – і лічы, што адносіны незваротна сапсаваныя. Амаль усе, напэўна, чулі: «будзь разумнейшым», «не сварыся», «абы ціха было». Вось мы і маўчым. Да таго часу, пакуль не здараецца сапраўдны некантралюемы выбух назапашаных за гады эмоцый. І тады ў тартарары ляціць і сяброўства, і адносіны, і ранейшыя дамоўленасці, і наогул усё добрае.
Своечасова распачаты адкрыты канфлікт можа не толькі праясніць сітуацыю і дазволіць удзельнікам спрэчкі сумленна выказаць сваю пазіцыю, але і часам дапамагае нам стаць бліжэй адно да аднаго.
Пра тое, якім чынам канфлікты працуюць нам на карысць і як правільна весці сябе «на полі бою», разважаюць эксперты нашай пастаяннай рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны».
Фальшывая ветлівасць альбо жывая злосць?
«Толькі ворагі кажуць адно аднаму праўду. Сябры і закаханыя, заблытаўшыся ў павуціне ўзаемнага абавязку, хлусяць бясконца». На жаль, Стывен Кінг не перабольшвае. Імкнучыся захаваць добрыя адносіны, многія лічаць сваім абавязкам душыць любую незадаволенасць, абы заставацца на «пазітыўнай хвалі». Мы нашпігоўваем адно аднаго ветлівасцю, якая з часам робіцца шырмай. Пазбаўленыя сапраўдных жывых і розных пачуццяў стасункі ператвараюцца ў фармальнасць. Спрабуючы захаваць добрыя адносіны і зберагчы іх ад «негатыву», мы губляем самую іх сутнасць.
Прыглушаная злосць разбурае знутры
Жыццё ў стане халоднай вайны толькі здаецца больш спакойным і прадказальным. Насамрэч ільвіная доля сіл у абодвух удзельнікаў адносінаў сыходзіць на падаўленне эмоцый. І часцей за ўсё ад недаказанасці ў першую чаргу пакутуе сэксуальная сфера, кудысьці сыходзіць эмацыянальная блізкасць.
Канфлікт на працы. Што рабіць?
А што рабіць, калі канфлікт адбыўся на працы? Ці дарэчы тут разважаць пра пачуцці і рэфлексаваць?
Кідацца высвятляць адносіны пры кожнай, нават самай нязначнай нагодзе, вядома, ніхто не заклікае. Але і звычка насіць у сабе гадамі тоны нявыказанай агрэсіі цягне за сабой з'яўленне хваробаў, адсутнасць сіл і жадання штосьці рабіць у гэтым жыцці наогул. Не баяцца канфліктаў і годна паводзіць сябе ў іх – цэлае мастацтва. Дапамагчы такі навык можа як у асабістым жыцці, так і на працы. Бо канфлікт – непазбежны, але ён зусім не азначае заканчэнне. Аднак заўсёды – ажыўленне і пераход на новы віток.
Відэа – Генадзь Сукач.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by