Пакуль хвалі каранавіруснай інфекцыі змяняюць адна адну, адцягваючы на сябе ўсю заклапочанасць і ўвагу сусветнай аховы здароўя, у цені застаюцца не менш вострыя праблемы. Хаця б таму, што яны не губляюць актуальнасць гадамі, не вырашаюцца вынаходніцтвам прафілактычнай вакцыны і ўсеагульнай імунізацыяй. Гаворка, у прыватнасці, пра заўчасную смяротнасць мужчын – глабальную праблему, у якую ўцягнутая і Беларусь.
Заўчаснай прынята лічыць смяротнасць да наступлення ўзросту, разлічанага ў якасці сярэдняга паказчыка працягласці жыцця. Для краінаў еўрапейскага рэгіёну гэта ўзрост 70 гадоў (у Беларусі, дарэчы, сярэдняя працягласць жыцця мужчын амаль на год карацейшая). Прыкладна 86% смерцяў мужчын у працаздольным узросце (г.зн. заўчасна) выкліканыя неінфекцыйнымі захворваннямі і вонкавымі прычынамі (траўмамі, суіцыдамі, атручваннямі і г.д.). Па сутнасці, тым ці іншым чынам большасць з іх можна было прадухіліць.
Пра тое, што дапаможа захаваць і падоўжыць жыццё мужчынам і якую ролю ў гэтым адыгрывае гендэрнае раўнапраўе, падзяліўся Алан Уайт.
Візітоўка: Алан Уайт (Alan White) – міжнародны эксперт, ганаровы прафесар Універсітэта Лідс Бэкет (Вялікабрытанія), візітуючы прафесар універсітэта Малайзіі. Спецыялізуецца на праблематыцы мужчынскага здароўя. З'яўляецца аўтарам і сааўтарам шэрагу кніг па пытаннях фізічнага і псіхічнага здароўя мужчын. Сааўтар дакладу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пра здароўе і дабрабыт мужчын у 53 дзяржавах-сябрах Еўрапейскага рэгіёну (2018 г.). У кастрычніку 2019 года ўпершыню наведаў Беларусь, дзе ўзяў удзел у навукова-практычнай канферэнцыі «Чалавек. Здароўе. Навакольнае асяроддзе», узначаліўшы Форум мужчынскага здароўя.
Мужчыны не запраграмаваныя паміраць
У размове пра мужчынскае здароўе, лічыць эксперт, важна не звужаць праблематыку да эрэктыльнай дысфункцыі альбо раку прастаты. Бо здароўе шмат у чым і перш за ўсё вызначаюць абставіны і ўмовы, у якіх мужчына пражывае сваё жыццё. Трэба разумець, што заўчасная смерць – гэта не біялагічны фактар. Мужчыны не запраграмаваныя паміраць раней за жанчын!
Пры гэтым нават ва ўлонні маці, адразу пасля нараджэння і ў першы год жыцця хлопчыкі гінуць у сярэднім на 10% часцей за дзяўчынак. Да такой высновы прыйшлі вучоныя з Вялікабрытаніі (Універсітэт Эксэтэра), правёўшы аналіз 30 мільёнаў родаў у розных краінах свету. На думку даследчыкаў, хлопчыкі больш успрымальныя да ўплыву негатыўных фактараў падчас цяжарнасці маці (інфекцыі, шкодныя звычкі, стрэсавыя станы жанчыны і г.д.).
Ёсць толькі адна белая паласа, калі мужчынская заўчасная смяротнасць не перавышае жаночую – у перыяд з аднаго да шасці гадоў. Ва ўсе астатнія перыяды жыцця хлопчыкі і мужчыны сыходзяць з жыцця часцей за прадстаўніц супрацьлеглага полу.
Для даведкі: краіны СНД у еўрапейскім рэгіёне лідзіруюць у статыстыцы заўчаснай мужчынскай смяротнасці з-за прычын, звязаных з міжасобасным гвалтам, ДТЗ і самагубствамі. Часцей за ўсё ў ДТЗ гінуць мужчыны ад 30 да 49 гадоў, тое ж самае тычыцца самагубстваў. Беларусь з'яўляецца адным з лідараў у спісе па колькасці самагубстваў на 100 тысяч насельніцтва (4-е месца). У статыстыцы смяротнасці, звязанай з міжасобасным гвалтам, наша краіна замыкае сумную пяцёрку лідараў.
Без віны вінаватыя?
Узровень адукацыі, матэрыяльны дастатак, прафесійная запатрабаванасць, кар'ерны рост, забяспечанасць жыллём – гэта тыя фактары, якія шмат у чым вызначаюць стан здароўя і дабрабыту мужчын, упэўнены Алан Уайт. І з гэтым цяжка спрачацца. Бо да гэтага часу на постсавецкай прасторы меркай, якая вызначае сапраўднага мужчыну, з'яўляецца неабходнасць «пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына». Прочырк хаця б па адным крытэры немінуча адбіваецца на самаацэнцы, псіхалагічным дабрабыце і, як следства, фізічным здароўі.
Затое гендэрная роўнасць здольная нівеліраваць гэтыя негатыўныя наступствы. Так лічаць эксперты СААЗ і многія даследчыкі ў галіне мужчынскага здароўя.
Ёсць дадзеныя, што, адчуваючы сябе неабходнымі і запатрабаванымі перш за ўсё ў коле сям'і і блізкіх, мужчыны ўдвая радзей пакутуюць ад дэпрэсій і, як следства, меней схільныя да суіцыдальных думак. Пры гэтым у іх на 40% зніжаецца верагоднасць смерці ў выніку гвалтоўных дзеянняў.
Таксама з-за большай схільнасці да абароненага сэксу і меншай схільнасці да рызыкоўных паводзінаў меней і рызыка інфекцый, уключаючы інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, ВІЧ/СНІД, гепатыт.
На думку Алана Уайта, усё пералічанае – важкая прычына, каб заахвочваць актыўную ролю мужчын у дасягненні гендэрнай роўнасці, прымаць меры па ліквідацыі гендэрнага дысбалансу ў сферы адпачынку па догляду дзяцей і сваякоў, заахвочваць сумесную адказнасць мужчыны і жанчыны за рэпрадуктыўнае здароўе.
Фота эксперта – Валянціна Мохар.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by