Site icon Слушна

Як празмернае захапленне ЗЛЖ, комплекс «выдатніцы» і смартфоны перад сном могуць прывесці да знікнення месячных

Стресс,

Месячныя раптам зніклі, а прычыну знайсці так і не атрымалася. Абследаванні паказваюць, што ўсё ў парадку, але менструацыі не вяртаюцца. З такой праблемай сутыкаецца ўсё больш жанчын ва ўсім свеце. Здавалася б, гэта падстава ўздыхнуць з палёгкай і перастаць адлічваць цыклы і лавіць «тыя самыя дні». Аднак прырода наладзіла ўсё мудра. Разам са знікненнем менструацыі жанчына губляе не толькі рэпрадуктыўную функцыю. Адбываецца разбалансіроўка ўсяго арганізма.

Што можа быць прычынай такога стану? Што цягне за сабой знікненне месячных без відавочных на тое прычын? Як лечаць такую паталогію? Пра гэта журналіст Слушна пагутарыла са Святланай Жукоўскай, асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Раней аб праблеме функцыянальнай гіпаталамічнай аменарэі казалі мала. Хаця вядома пра яе даўно. Напрыклад, існуе паняцце «аменарэя ваеннага часу». У апошні час тэму пачалі вывучаць больш глыбока. На Міжнароднай канферэнцыі па гінекалагічнай эндакрыналогіі, якая прайшла ў 2018 годзе ў Фларэнцыі, ёй прысвяцілі цэлую секцыю. Былі прадстаўлены вынікі даследаванняў, калі навукоўцы мадэлявалі розныя стрэсавыя сітуацыі для пацукоў. Адну кагорту прымушалі пастаянна бегаць без адпачынку, другую змяшчалі ва ўмовы, дзе мянялі суадносіны светлавога дня і цемры, трэцюю абмяжоўвалі ў харчаванні, чацвёртая падвяргалася сацыяльнаму прэсінгу (іх падаўлялі больш аўтарытэтныя супляменнікі). Да эксперыменту жывёлы былі абсалютна здаровыя. А пасля яго заўважылі, што ў жаночых асобінаў пачаў знікаць эстральны цыкл (палавы цыкл у самак).

Хранічны стрэс меціць у жаночае здароўе

Любая падзея, нават радасная, якая так ці інакш адрозніваецца ад штодзённасці, можа стаць стрэсам для нашага арганізма. Але часам такія ўзварушэнні нам неабходныя. Яны – стымул да руху. Падчас рэзкага стрэсу ў крыві павышаецца ўзровень картызолу (гармону стрэсу). Затым стан прыходзіць у норму. Каварства хранічнага стрэсу ў тым, што ўзровень картызолу хаця і павышаны нязначна, але на працягу доўгага часу. У выніку чалавек адчувае прыгнечанасць і апатыю, хаця, здаецца, усё добра. Хранічны стрэс таксама наўпрост звязаны і з месячнымі.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Менструальны цыкл уладкаваны вельмі складана. Верхнія ўзроўні рэгуляцыі размешчаныя ў галаўным мозгу. Калі арганізм адчувае, што знаходзіцца ў неспрыяльных умовах, ён у першую чаргу адключае тыя функцыі, якія не носяць жыццёва важную нагрузку. Паступае сігнал: не размнажацца. І неабходныя для запуску менструальнага цыклу рэчывы перастаюць сінтэзавацца.

Сімптомы хранічнага стрэсу:

  • бяссонніца;
  • частыя прачынанні па начах;
  • раннія прачынанні з немагчымасцю заснуць;
  • пагаршэнне запамінання, засваення новай інфармацыі;
  • млявасць, апатыя;
  • адчуванне адсутнасці сіл.

Чаму знікаюць месячныя?

Што ж фарміруе той самы хранічны стрэс? Урачы называюць чатыры самыя важныя фактары.

1. Звышнапружанне на працы

Дэдлайн, мода працаваць на знос, на мяжы сіл прывялі да таго, што прафесійнае выгаранне стала распаўсюджанай праблемай. І, вядома ж, крыніцай бясконцага стрэсу.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Лічыцца, што калі ты працуеш такім чынам, выкладваешся на 200%, не шкадуючы сябе, дык ты вельмі добры супрацоўнік. На самай справе, з пункту гледжання псіхалогіі і фізіялогіі, ты вельмі ненадзейны супрацоўнік, бо калі надыдзе прафесійнае выгаранне, можна з ім ужо не справіцца.

2. Непаўнавартасны сон

Недасыпанне і бяссонніца могуць правакаваць менструальныя парушэнні. У групе высокай рызыкі па парушэннях рэпрадуктыўнага здароўя жанчыны, якія працуюць пазменна (напрыклад, урачы, якія дзяжураць па начах), а таксама тыя, хто часта лятае ў камандзіроўкі са зменай гадзіннікавых паясоў (напрыклад, бортправадніцы). У гэтых выпадках адбываецца разбалансіроўка цыркадных рытмаў арганізма. Адбіваецца гэта і на жаночым здароўі.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Гармон мелатанін рэгулюе работу вельмі многіх сістэмаў арганізма, у тым ліку і менструальную функцыю. Гэта даказана ў даследаваннях і на лабараторных жывёлах, і на людзях. Калі ноч і дзень мяняюцца месцамі, парушаецца выпрацоўка мелатаніну, што вельмі неспрыяльна адбіваецца на менструальнай функцыі. Дарэчы, прывесці да парушэнняў можа і рэгулярнае выкарыстанне мабільных тэлефонаў, планшэтаў, камп'ютараў перад сном. Выпраменьванне экранаў мае сіні спектр. Яно зніжае ўзровень мелатаніну (таму нам цяжка заснуць) і павышае ўзровень гармону стрэсу картызолу. Парушаецца сон, а бяссонніца можа справакаваць праблемы з менструальным цыклам.

3. Залішняя канцэнтрацыя на здаровым харчаванні

Вядома, сачыць за тым, што ты ўжываеш у ежу, карысна. Але ў той жа час нельга назваць здаровым такія харчовыя паводзіны, калі чалавек цалкам сканцэнтраваны на тым, у якой колькасці, у які час і што канкрэтна ён есць. Але ж харчаванне па раскладзе і ў пэўных колькасцях – ледзь не фетыш для тых, хто пачынае наведваць трэнажорную залу і хоча прывесці сябе ў форму. Пастаянныя скрыначкі і слоічкі з сабой, ежа па раскладзе і з пэўным меню... Усё, у тым ліку і захапленне ЗЛЖ, павінна быць у меру. Нездаровая фіксацыя на правільным харчаванні нават неафіцыйна атрымала назву «ортарэксія». Яна нярэдка з'яўляецца пачатковым этапам у развіцці сур'ёзных парушэнняў харчовых паводзінаў, у т.л. нервовай анарэксіі.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Рацыён здаровага чалавека павінен быць гнуткім. Выключэнне складаюць выпадкі, калі ёсць жорсткія медыцынскія абмежаванні па стане здароўя. Напрыклад, цукровы дыябет, страўнікава-кішэчныя захворванні. Калі жанчына знаходзіцца ў пастаянным падліку колькасці калорый, бялкоў, тлушчаў, вугляводаў – гэта перадумовы для развіцця хранічнага стрэсу. Калі раптам яна парушае план харчавання, дык адчувае трывогу і пачуццё віны. Любыя жорсткія абмежаванні і рамкі – штучна створаны стрэс для арганізма.

4. Празмерныя фізічныя нагрузкі

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Ёсць абсалютна прамая ўзаемасувязь паміж залішнімі фізічнымі нагрузкамі і знікненнем менструацый. Па-першае, змяняецца гарманальны баланс. Адбываецца зрух у бок мужчынскіх палавых гармонаў, у прыватнасці, тэстастэрону. Па-другое, ёсць паняцце рэшткавай энергіі. Мы атрымліваем энергію з ежай; асноўны яе аб'ём павінен ісці на падтрыманне функцый арганізма. Яму неабходна паліва проста для таго, каб правільна працаваць. Калі мы спажываем менш, чым прывыклі, трацім больш на фізічную нагрузку, арганізму не застаецца рэсурсаў, каб забяспечваць свае функцыі. І ў першую чаргу ён імкнецца адключыць тыя, якія не з'яўляюцца жыццёва важнымі. Прафесійныя спартсменкі ў большасці сваёй маюць праблемы з менструальным цыклам. Па дадзеных аднаго з даследаванняў, частата другаснай аменарэі (знікненне месячных) у жанчын, якія прафесійна займаюцца танцамі, дасягае 65%.

Чым небяспечнае знікненне месячных?

  1. Немагчымасць зацяжарыць. Жанчына губляе рэпрадуктыўны патэнцыял. Няма месячных – няма авуляцыі, а значыць, цяжарнасць немагчымая.
  2. Пакутуюць сэрца і косці. Зніжэнне ўзроўню гармону эстрадыёлу (з прычыны чаго і знікаюць месячныя) прыводзіць да развіцця захворванняў сэрца. Таксама існуе прамая сувязь з астэапарозам.
  3. Пагаршэнне памяці, увагі. Даказана, што дэфіцыт эстрагенаў уплывае і на кагнітыўныя функцыі жанчыны.
  4. Касметычныя дэфекты. Са зніжэннем узроўню эстрагенаў звязана і старэнне жаночага арганізма. Стан скуры і валасоў пагаршаецца.
  5. Знікае сэксуальнае жаданне. Як толькі ў жанчыны знікаюць месячныя, сыходзіць і палавая цяга. Бо яна абумоўлена выключна гарманальным фактарам.

Што рабіць, калі зніклі месячныя?

Перш за ўсё трэба выключыць арганічныя прычыны. Напрыклад, сіндром полікістозных яечнікаў і іншыя эндакрынныя захворванні, якія таксама могуць стаць прычынай збою ў менструальном цыкле. Калі праблема сапраўды выклікана хранічным стрэсам, трэба пастарацца мінімізаваць яго негатыўны ўплыў на здароўе. Парады, здавалася б, самыя стандартныя. Аднак без гэтай базы немагчыма рухацца далей.

  • Наладзіць нармальны рэжым сну. Ёсць розныя рэкамендацыі з нагоды таго, у колькі лепей класціся спаць. Аптымальна – заснуць да 22.00. Калі не атрымліваецца, дык хаця б да поўначы. Перад засынаннем не працуйце за камп'ютарам і вазьміце за звычку чытаць папяровую кнігу ці слухаць музыку замест «заліпання» ў смартфоне.
 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Ёсць добрая фраза: шкодна прачынацца ў той жа дзень, калі вы леглі спаць. Таму пажадана, каб вы заснулі і прачнуліся ў розныя дні. Дапамагчы наладзіць сон могуць і некаторыя дадаткі. Напрыклад, мелатанін. Ён прадаецца безрэцэптурна ў аптэцы. Калі вы адчуваеце, што вам цяжка заснуць, а потым прачнуцца, можна выпрабаваць гэты варыянт. Перад ужываннем пракансультуйцеся з тэрапеўтам.
  • Захоўваць прынцыпы здаровага харчавання, але без фанатызму.
 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Харчаванне павінна быць багатым усімі макра- і мікранутрыентамі. Вельмі небяспечныя бястлушчавыя дыеты. Палавыя гармоны – стэроідныя. Яны сінтэзуюцца з халестэрыну. Адна з прычынаў знікнення менструацый у дзяўчынак – рэзкае зніжэнне падскурнай тлушчавай клятчаткі пры пахудзенні. Плюс я б рэкамендавала, асабліва пасля зімовага перыяду, задумацца пра ўзровень вітаміну D. Ён наўпрост звязаны і з менструальным цыклам, і з настроем, і са станам здароўя ў цэлым.
  • Умераныя фізічныя нагрузкі. Важна выканаць баланс паміж нагрузкамі і адпачынкам.
 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Карысныя прагулкі на свежым паветры, медытацыі, калі адбываецца канцэнтрацыя на дыханні, адчуванні свайго цела, назіранне за прыродай. Г.зн. такія заняткі, калі жанчына адключае ўсе думкі, што выклікаюць трывогу.
  • Псіхатэрапія. Міжнародная супольнасць гінекалагічнай эндакрыналогіі ў 2018 годзе рэкамендавала для дапамогі ў выпадку функцыянальнай гіпаталамічнай аменарэі псіхатэрапію. Узровень стрэсу трэба знізіць абавязкова. Жанчына не заўсёды можа гэта зрабіць самастойна.
 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
У нас прынята трохі грэбаваць уплывам псіхалагічных і паводніцкіх фактараў на здароўе чалавека. Фраза «ўсе хваробы ад нерваў» гаворыцца часам з пагардай. Хаця на самай справе ўплыў стрэсу на ўсе органы і сістэмы абсалютна даказаны. У нас не вельмі распаўсюджаны зварот па псіхатэрапеўтычную дапамогу. Але ў краінах Еўропы і ЗША гэта звычайная практыка. Калi супадаюць 2 «званочкі» (жанчына пастаянная стомленая і на ўзводзе, плюс яшчэ знікаюць месячныя), трэба ісці і да гінеколага, і да псіхолага.

Для лячэння функцыянальнай гіпаталамічнай аменарэі выкарыстоўваюць гарманальныя прэпараты. Аднак, калі прычына праблемы не ліквідаваная, пры адмене лекаў яна вяртаецца.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Белдзяржмедуніверсітэта
Як акушэр-гінеколаг, хацела б звярнуць асобную ўвагу на тое, што пры падобнай сітуацыі не рэкамендавана прызначэнне аральных кантрацэптываў. Яны толькі ствараюць бачнасць рэгулярнага менструальнага цыклу, маскіруюць праблему. Пры гэтым яна не вырашаецца, а толькі пагаршаецца.

Знікненне месячных – сур'ёзная праблема для жаночага здароўя, якая патрабуе абавязковага лячэння. У апошнія гады ўсё часцей прычынай такога стану ў сучасных жанчын становіцца хранічны стрэс. У такім выпадку лячэнне ўключае, акрамя гарманальнай тэрапіі, працу з псіхолагам. Не менш важна перагледзець свой рэжым сну і харчавання.

Exit mobile version