Курылка хутчэй жывы, чым мёртвы, але фінал блізкі. 27 ліпеня ўступіў у сілу Дэкрэт №2 «Аб змяненні дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» ад 24 студзеня 2019 года, які тычыцца пытанняў тытунёвага рэгулявання. З гэтага часу аматарам падыміць давядзецца ведаць сваё месца.
У дакуменце дакладна расстаўлены ўсе кропкі над «i» ў пытаннях, якія рэгулярна служылі падставай для гарачых дыскусій і неабыякіх слоўных баталій. Так, ніякіх залаў для тых, хто паліць у рэстаранах і кавярнях, болей не будзе. Нядрэнная спроба рэстаратараў захаваць парытэт у дачыненні да сваіх кліентаў у рэальнасці толькі стварала бачнасць абмежаванняў, якія пры бліжэйшым разглядзе рассейваліся, нібы цыгарэтны дым.
Зараз, каб зрабіць зацяжку, курцу давядзецца шукаць спецыяльна абсталяванае для курэння месца. Прычым усюды: на вакзалах і рынках, у рэстаранах і гандлёвых цэнтрах, на тэрыторыі арганізацый і нават на пляжах... Калі такога месца няма, значыць, курэнне тут па змаўчанні забароненае.
Катэгарычная забарона на курэнне ўведзеная:
- на працоўных месцах;
- на станцыях метро, прыпынках грамадскага транспарту і ў самім грамадскім транспарце;
- у ліфтах і дапаможных памяшканнях жылых аб'ектаў;
- на дзіцячых пляцоўках і ў падземных пераходах;
- у спартыўна-аздараўленчых і іншых лагерах;
- на тэрыторыях устаноў адукацыі;
- у асабістых аўто ў прысутнасці дзяцей да 14 гадоў;
- а таксама ў любых іншых месцах, дзе размешчаны адпаведны знак, зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя.
Адзіным момантам, не адлюстраваным у новым антытытунёвым дакуменце, застаецца курэнне на балконах і лоджыях жылых дамоў. Паколькі яны адносяцца да тэрыторыі асабістай уласнасці, забараніць дыміць на іх юрыдычна нельга.
Затое пастаўлена кропка ў спрэчках пра вейпы і іншыя электронныя прылады для спажывання тытуню. Яны прыроўненыя да звычайных цыгарэт, адпаведна – на іх распаўсюджваюцца ўсе абмежаванні, якія датычацца рэалізацыі і ўжывання тытунёвых вырабаў.
У выпадку парушэння антытытунёвага заканадаўства заўзятага курца спачатку папярэдзяць пра меры адміністрацыйнага спагнання. Пры паўторным парушэнні прыцягнуць да адказнасці. Ён атрымае штраф да 4 базавых велічынь.