Ці трэба павышаць нізкі артэрыяльны ціск, калі адчуваеш сябе добра? Ці ўплываюць захворванні нырак на развіццё артэрыяльнай гіпертэнзіі? Як правільна вымяраць артэрыяльны ціск?
Працягваем гутарку з нашымі экспертамі на тэму «Артэрыяльная гіпертэнзія. Хваробы сэрца і сасудаў».
На пытанні чытачоў адказвалі:
- галоўны пазаштатны спецыяліст па агульнай урачэбнай практыцы Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры агульнай урачэбнай практыкі БДМУ, к.м.н., дацэнт Вадзім Сушынскі;
- загадчыца кардыялагічнага аддзялення (для хворых на інфаркт міякарда) 4-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска імя М.Я.Саўчанкі Ірына Козіч.
Кансультацыя кардыёлага
Папярэдзіць інсульт і інфаркт
Я гіпертонік са стажам. Мне 57 гадоў. Сур'ёзна звярнула ўвагу на свой ціск у 44. Быў вялікі гіпертанічны крыз, дрэнная кардыяграма і падазрэнне на інфаркт. Зараз зноў пачаліся скачкі ціску. Сістэматычна прымаю лекі, у тым ліку прэстарыум 10 мг. Цукар у крыві і халестэрын фактычна ў норме. Чаму раптам і рэзка падымаецца ціск з патылічным болем? Гэта прадвеснік інсульту? Валянціна
Ірына Козіч:
У вашым выпадку неабходна правесці карэкцыю гіпатэнзіўнай тэрапіі, бо на фоне прыёму прэстарыуму 10 мг вашыя лічбы артэрыяльнага ціску не дасягнулі мэтавых значэнняў.
Ці трэба піць аспірын пасля 35? Гэта дзейсны спосаб прафілактыкі інсультаў і інфарктаў? Калі так, дык у якой дозе?
Вадзім Сушынскі:
Аспірын – сапраўды дзейсны сродак для прафілактыкі інсультаў і інфарктаў. Аднак прызначаецца ён, перш за ўсё, пацыентам незалежна ад ўзросту з улікам рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых ускладненняў. Калі рызыка нізкая, пасля 35 гадоў аспірын або прэпараты ацэтылсаліцылавай кіслаты прымаць немэтазгодна.
Што такое вострая сардэчная недастатковасць і як праводзіць яе прафілактыку?
Ірына Козіч:
З мэтай прафілактыкі ішэмічнай хваробы сэрца неабходна звяртаць увагу і кантраляваць такія паказчыкі, як артэрыяльны ціск, узровень глюкозы ў крыві, масу цела, узровень халестэрыну ў крыві, выконваць ліпідаграму. Акрамя гэтага, варта адмовіцца ад шкодных звычак, у тым ліку ад курэння, і зрабіць выбар на карысць фізічнай актыўнасці.
Чула, што ў некаторых танометрах ёсць магчымасць дыягнаставаць мігальную арытмію – адну з частых прычын інсульту. Гэта праўда?
Вадзім Сушынскі:
Праўда. Сёння пры вымярэнні артэрыяльнага ціску можна вызначыць наяўнасць арытміі. Што асабліва важна, у апошнія гады ў прыборах з'явілася сістэма выяўлення мігальнай арытміі. Выкарыстанне апаратаў з гэтай сістэмай патрэбна. Перш за ўсё – для пацыентаў, у якіх сапраўды магчыма з'яўленне фібрыляцыі перадсэрдзяў, якое ў шэрагу выпадкаў выяўляецца невідавочна. Выкарыстанне такога танометра дазволіць своечасова знайсці гэтую праблему і звярнуцца па медыцынскую дапамогу.
Ірына Козіч: Ёсць апараты, якія на фоне мігальнай арытміі даюць няправільныя вынікі. Зараз жа з'явіліся танометры, якія адаптаваныя для такіх пацыентаў.
Баліць галава – артэрыяльная гіпертэнзія?
Артэрыяльны ціск нармальны, але калі хвалююся, адразу ж пачынае моцна балець галава. Гэта праява артэрыяльнай гіпертэнзіі? Якія даследаванні прайсці, каб не запусціць захворванне?
Вадзім Сушынскі:
Нярэдка на пачатку захворвання артэрыяльная гіпертэнзія можа працякаць схавана, і ўздым артэрыяльнага ціску будзе назірацца толькі на фоне нагрузак. Напрыклад, псіхаэмацыянальных. Для таго, каб удакладніць наяўнасць захворвання, рэкамендую вам правесці хатняе манітарыраванне (вымярэнне) артэрыяльнага ціску і пульсу не менш за тры разы на працягу трох, а ў некаторых сітуацыях і большай колькасці дзён, у тым ліку і на фоне дрэннага самаадчування.
Мне 68 гадоў. Раней ціск не падымаўся вышэй за 110/70. З узростам стаў крыху вышэйшым. Але ў апошні час без прыёму гіпатэнзіўных прэпаратаў ціск перыядычна «скача» ўніз. Падкажыце, што гэта можа быць?
Вадзім Сушынскі:
З узростам артэрыяльны ціск часцей за ўсё робіцца вышэйшым. Мабыць, вам быў выстаўлены дыягназ «артэрыяльная гіпертэнзія» і прызначаны гіпатэнзіўныя прэпараты. Аднак выбар лекавага сродку і яго дазіроўку вызначае ўрач, улічваючы пры гэтым цэлы шэраг паказанняў. Рэкамендую вам, з улікам наяўных нестабільных лічбаў артэрыяльнага ціску, паўторна звярнуцца да спецыяліста з мэтай падбору адэкватнай тэрапіі.
Ці трэба павышаць артэрыяльны ціск, калі ён нізкі?
Мне 40 гадоў. Ціск заўсёды 90/60, тэрапеўт кажа піць каву і рабіць зарадку, каб падняць яго да агульнапрынятых 120/80. Але самае нязначнае ўзняцце ціску, хаця б да 100-110, вядзе да жудаснай млоснасці. Калі нервуюся і ціск нават на мізэр падымаецца, зноў млоснасць ажно да ванітаў... Ці трэба яго наогул тады падымаць? І калі мне камфортна з 90/60, ці так гэта страшна ў будучым і чым пагражае?
Ірына Козіч:
Калі на фоне артэрыяльнага ціску 90/60 мм ртутнага слупка вы адчуваеце сябе камфортна і вас нічога не турбуе, няма неабходнасці падымаць яго да значэнняў 120/80. Вам варта кантраляваць свой артэрыяльны ціск, у тым ліку рэгулярна наведваць прафілактычныя агляды з мэтай своечасовага выяўлення артэрыяльнай гіпертэнзіі.
Ці залежыць артэрыяльны ціск (наколькі я разумею, ніжні) ад кістаў на нырках? У сярэднім 130/90 мм ртутнага слупка, ніжні часам падымаецца да 115. П'ю вальсакор або ларыста. Ці ўздзейнічаюць гэтыя таблеткі на ныркі?
Вадзім Сушынскі:
Нярэдка назіраецца так званая сімптаматычная гіпертэнзія, сярод прычын якой могуць быць захворванні нырак, у тым ліку кісты. Дакладна сказаць, ці з'яўляецца артэрыяльная гіпертэнзія канкрэтна ў вас следствам захворвання нырак або не, можна толькі пасля абследавання. У любым выпадку звяртаю вашу ўвагу на неабходнасць пастаяннай і рэгулярнай тэрапіі для дасягнення мэтавых значэнняў артэрыяльнага ціску.
Колькі разоў трэба вымяраць ціск, каб атрымаць дакладны вынік? Быццам бы не менш за два?
Ірына Козіч:
Так, не менш за два разы.
Вадзім Сушынскі: Вельмі важна звярнуць увагу, што не заўсёды выконваюцца правілы вымярэння артэрыяльнага ціску, асабліва гэта тычыцца ўмоў першага вымярэння. Таму нярэдка менавіта яно бывае відавочна завышанае. Калі паміж першым і другім вымярэннем атрымалася розніца больш за 10 мм ртутнага слупка, дык неабходна паўторнае, а часам і шматразовае вымярэнне артэрыяльнага ціску (на першае ў такім выпадку можна не арыентавацца, бо яно было выканана не зусім карэктна). Вымярэнне ціску ажыццяўляецца на абедзвюх руках. У далейшым вымяраць артэрыяльны ціск варта на руцэ, дзе былі зафіксаваныя больш высокія лічбы артэрыяльнага ціску.
Фота экспертаў – Аксана Жураўлёва
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by