На пошту інфармацыйнага партала «Слушна», а таксама на тэлефон гарачай лініі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя прыйшло шмат пытанняў, якія тычацца вакцынацыі супраць COVID-19. Па адказы на іх мы звярнуліся да нашага эксперта – загадчыцы аддзялення імунапрафілактыкі РЦГЭіГЗ Веранікі Высоцкай.
Ці трэба рабіць ПЦР пры выездзе ў іншую краіну, калі прайшоў поўны курс вакцынацыі?
Парадак уезду ў іншыя краіны неабходна ўдакладніць загадзя ў консульскай установе (пасольстве) краіны, у якую плануецца паездка. Варта памятаць, што абмежавальныя меры могуць быць змененыя як у бок іх паслаблення, так і ў бок узмацнення жорсткасці ў залежнасці ад існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі.
Ці трэба перад вакцынацыяй рабіць аналізы на антыцелы? Калі іх шмат, можа, варта адкласці прышчэпку?
Неабходнасці ў абследаванні перад правядзеннем вакцынацыі на наяўнасць антыгена ці антыцелаў да віруса SARS-CoV-2 няма. У інструкцыях да вакцынаў таксама адсутнічае інфармацыя пра сведчанні/супрацьпаказанні да вакцынацыі ў залежнасці ад узроўню антыцелаў.
Нават у тых, хто перанёс COVID-19, існуе верагоднасць паўторнага інфікавання. І калі ў першыя некалькі месяцаў пасля акрыяння гэтая рызыка дастаткова нізкая, дык у наступныя месяцы яна значна павялічваецца. Таму, калі чалавек нядаўна перахварэў на каранавірус, ён можа адкласці пачатак вакцынацыі на 3-6 месяцаў.
Перахварэла на кавід увосень. Самаадчуванне да гэтага часу не вельмі добрае. Ці рабіць мне прышчэпку, ці пачакаць?
Рабіць прышчэпку супраць COVID-19 рэкамендуецца як тым, хто перахварэў ужо, так і тым, хто не сутыкаўся з узбуджальнікам гэтай інфекцыі. Вакцынацыя забяспечыць больш доўгую і паўнавартасную абарону ад магчымага наступнага заражэння. Дадзеныя, атрыманыя падчас 3-й стадыі клінічных выпрабаванняў вакцыны Гам-КАВІД-Вак, сведчаць пра тое, што ўзровень віруснейтралізуючых антыцелаў у 1,3-1,5 раза вышэй у прышчэпленых, у параўнанні з тымі, хто раней перахварэў.
Прызначэнне прафілактычных прышчэпак, у тым ліку супраць інфекцыі COVID-19, ажыццяўляецца ўрачом-спецыялістам з улікам вынікаў медыцынскага агляду пацыента, вывучэння яго анамнэзу, спадарожных захворванняў, наяўнасці супрацьпаказанняў да іх правядзення. Урач вызначыць магчымы час правядзення вакцынацыі з улікам стану здароўя і іншых фактараў. Для ўдакладнення парадку правядзення вакцынацыі неабходна звярнуцца ў паліклініку па месцы абслугоўвання.
Ці можна вакцынавацца, калі з маленства пасля самых розных прышчэпак заўсёды максімальны пабочны эфект?
Як мы ўжо згадвалі, перад прышчэпкай урач дае на яе дазвол з улікам стану здароўя чалавека, наяўнасці алергічных рэакцый, магчымых супрацьпаказанняў, перанесеных альбо існуючых хваробаў. Разам з тым, існуе агульнае правіла, якое дзейнічае для ўсіх вакцынаў: супрацьпаказаннем для іх выкарыстання з'яўляецца наяўнасць у анамнэзе анафілактычнай рэакцыі альбо гіперадчувальнасці да якога-небудзь кампаненту вакцыны.
Падкажыце, калі ласка, ці трэба пры шпіталізацыі ў стацыянар здаваць мазок ПЦР на кавід, калі скончана вакцынацыя «Спутником»?
Згодна з дзеючымі патрабаваннямі, наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць як перанесеную інфекцыю COVID-19, так і поўны курс вакцынацыі, не з'яўляюцца падставай для адмены ПЦР, калі яна паказаная.
Колькі можа доўжыцца рэакцыя на прышчэпку? Куды звяртацца пры дрэнным самаадчуванні?
У першыя 3 дні пасля прышчэпкі можа падымацца тэмпература (максімум – да 38,5-38,9 градуса), могуць з'яўляцца дрыжыкі, ламота ў целе, боль у суставах, агульнае недамаганне, галаўны боль). Акрамя таго, магчымыя мясцовыя рэакцыі: хваравітасць, гіперэмія (пачырваненне) у месцы ін'екцыі, ацёк і/альбо сверб.
Гэтыя сімптомы адзначаюцца прыкладна ў 10-14% прышчэпленых. Найбольш часта яны выяўляюцца ў 1-я суткі пасля ўвядзення вакцыны. Пры гэтым спецыяльнага лячэння не патрабуецца. Але калі тэмпература цела назіраецца вышэйшай за 38,5 градуса, дык мэтазгодна прыняць нестэроідны супрацьзапаленчы сродак. Не лішнім будзе перад прышчэпкай абмеркаваць парадак сваіх дзеянняў у выпадку з'яўлення падобных рэакцый пасля вакцынацыі са сваім урачом.
Ці магу я выбраць, якой вакцынай прышчапляцца?
Так, пацыент мае права выбраць вакцыну, з улікам наяўнасці прэпаратаў у арганізацыі аховы здароўя і паказанняў да выкарыстання канкрэтных вакцынаў. Зараз ва ўстановах аховы здароўя прымяняюцца камбінаваная вектарная вакцына Гам-КАВІД-Вак (выпушчаная ў РФ і ў Беларусі) і вакцына інактываваная (SARS-CoV-2 Vaccine (Vero Cell), Inactivated (КНР).
Ці пашырыцца пералік вакцынаў у Беларусі?
Зараз праводзяцца актыўныя перамовы з вытворцамі пра магчымасць паставак іншых найменняў вакцынаў супраць COVID-19.
У рэкамендацыі ад Міністэрства аховы здароўя пасля 2-га ўвядзення вакцыны напісана, што трэба счакаць пэўны перыяд: ад 7 да 21 дня. Чытаў, што на Кіпры прымаюць адразу, без чакання гэтага тэрміну, калі прышчапіўся «Спутником». Навошта чакаць столькі часу?
Пасля ўвядзення першай дозы вакцыны арганізму патрабуецца час для выпрацоўкі спецыфічнага імунітэту, які будзе валодаць максімальнай абаронай. Разам з тым, нельга выключаць верагоднасць таго, што можна заразіцца вірусам у дні пасля прышчэпкі, а таксама ў перыяд перад вакцынацыяй. Паўнавартасная абарона фарміруецца праз 7-42 дні пасля ўвядзення другой дозы прэпарата.
Хто выдае сертыфікаты аб вакцынацыі?
У бліжэйшы час арганізацыі аховы здароўя пачнуць выдаваць сертыфікаты аб вакцынацыі супраць COVID-19. Сертыфікат выдаецца грамадзянам па патрабаванні (у выпадку выезду за межы Беларусі на працягу года з моманту правядзення другой вакцынацыі) на платнай аснове. Для атрымання сертыфіката неабходна звяртацца ў арганізацыю аховы здароўя па месцы правядзення прышчэпкі.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by