Site icon Слушна

Аспекты творчасці Зміцера Сурыновіча. Выстаўку да 70-годдзя аўтара адкрылі ў Мінску

Зміцер Сурыновіч

Мастак анімацыйнага кіно і акварэлі Зміцер Сурыновіч быццам чалавек без узросту. Па яго творчасці ніколі не вызначыш, колькі аўтару гадоў, і што ж яго захапляе больш за ўсё. Шматграннасць аўтара у вобразнасці, каларыстыцы — кажа пра яго неардынарнасць і індывідуальнасць. Убачыць работы мастака сёння можна ў гэлерэі «Арт фабрыка» на выстаўцы, прымеркаванай да 70-годдзя творцы.

Зміцер Сурыновіч

Яго творчасць глыбока метафарычная, прасякнута шчырасцю, дабрынёй, цеплынёй і любоўю. Гэта бясконца чароўны свет з яркай гульнёй вобразаў, дзе персанажы карцін (жанчыны з коткамі, кацянятамі, рыбамі) з вачамі, нібы з партрэтаў Мадзільяні, займаюць палатно цалкам і распавядаюць гледачу новую, але такую шчырую гісторыю.

Творчасць Дзмітрыя Сурыновіча прыцягальная: нягледзячы на разнастайнасць сюжэтаў, аўтар захоўвае і перадае гармонію сапраўднай прыгажосці. Ён — адзін з лепшых мінскіх акварэлістаў, яго работы ахвотна купляюць калекцыянеры з розных куткоў зямнога шара. Захапляе станковы жывапіс творцы: на выстаўцы вы можаце прасачыць, як прадстаўлены асаблівы свет колераў, як выстаўлены акцэнты творчасці аўтара на шчырасці, добрай іроніі і пранізлівай любові да жыцця.

Вялікія акрылавыя палотны прадстаўляюць розныя аспекты творчасці Зміцера Сурыновіча, у тым ліку і яго «эскімоскія» карціны, якія паказваюць паўночных жанчын з рыбамі. За іх ў свеце мастака празвалі «Гагенам са свету эскімосаў».

Уражвае на выстаўцы партрэт Сяргея Параджанава: наколькі дакладна і тонка змог мастак адлюстраваць не толькі рысы асобы геніяльнага кінарэжысёра, але і яго багаты ўнутраны свет.

Зміцер Сурыновіч нарадзіўся ў вёсцы з ласкавай дзіцячай назвай Вішанка і, пры нагодзе, заўсёды расказвае пра гэта з асаблівай цеплынёй.

Да 15 гадоў мастак увогуле не маляваў. Яго першымі творчымі доследамі сталі простыя замалёўкі чырвона-сінім камандзірскім алоўкам бацькі, а першым настаўнікам яго быў звычайны салдат з часткі, дзе служыў яго бацька.

Аўтара называюць чалавекам неверагоднага мастацкага густу. Ён прыкмячае такую розную прыгажосць, асабліва жаноцкую. Бачыць яе і ў поўных жанчынах, і ў вельмі худых, у любых. Яму падабаецца, калі ў жанчыны гараць вочы і адчуваецца жвццё ўнутры. Гэтыя пачуцці ён і перадае ў сваім мастацтве.

Зміцер Сурыновіч нарадзіўся ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. У 1975-1980 гг. вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1979 года ў’яўляецца ўдзельнікам мастацкіх выставак.

Работы мастака знаходзяцца ў зборы Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Віцебскага мастацкага музея; у прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Ізраіля, Германіі, Францыі, Італіі, Японіі, ЗША і інш.

У пошуках прыгажосці. Мастак Антон Вырва прэзентаваў новы арт-праект

Exit mobile version