Калі вам падабаюцца класічныя пейзажы прыроды, абавязкова завітайце на выстаўку «Вольная прастора» беларускага мастака Антона Вырвы ў мастацкую галерэю «АРТ Фабрыка». Тут вы зможаце не толькі прасачыць за калейдаскопам прыроды, але і ўбачыць прафесійны жывапіс аўтара, які ўражвае сваёй пяшчотнай каларыстыкай.
Мастак Антон Вырва, вядомы сваім лірычным і рамантычным жывапісам, ён умее здзівіць гледача унутраным адчуваннем прыгожага. Яго работы — гэта светаўспрыманне, імпульс, формула завуаляванай памяці. Яны выклікаюць цікавасць з розных ракурсаў: як з пункту гледжання гісторыі стварэння, так і тэхнікі выканання.
Карціны, пейзажы таленавітага жывапісца дыхаюць, ззяюць фарбамі, искрацца снегам і маляўнічай палітрай восені, глыбінёй і прыгажосцю ўсіх адценняў і тонаў неба, жывуць прыроднай урачыстасцю розных пор года. І цешаць гледачоў сваёй праніклівай, дасканалай, сапраўднай прыгажосцю!
Мастак заўсёды знаходзіцца ў пошуках прыгажосці. Яму цікава яе абыгрываць кантраснасцю, формай, эстэтычнымі элементамі. Аўтар у асноўным фарміруе сваю індывідуальнасць у рэчышчы выключна рэалістычных традыцый. Працуе Антон Вырва ў жанры нацюрморта, партрэта, тэматычнай карціны, рэалістычнага пейзажа.
Змрок лесу, зямля, засыпаная снегам, шэрае і нават белае неба, летнія і восеньскія дні... Усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў палотнах, напісаных упэўненай рукой мастака. Антон заўсёды працуе толькі з натурай. Выязджае ў розныя куткі Беларусі. Калі гэта зіма, абувае валёнкі, прарабляе дзірачку ў цёплых рукавіцах, каб адчуваць пэндзаль, і працуе на холадзе па некалькі гадзін. На яго думку, такія краявіды максімальна перадаюць убачанае мастаком і адлюстроўваюць эмоцыі. Адно з любімых месцаў аўтара — малая радзіма, горад Крычаў. Менавіта там мастак чэрпае натхненне і часта любуецца пейзажамі.
Антон Вырва развівае знакамітыя традыцыі нацыянальнай школы жывапісу і творчы метад Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, які характарызуецца светлатой агульнага тону карціны, адсутнасцю яркіх кантрастаў, серабрыстай, жамчужна-перламутравай гамай колераў, якую лічаць адной з вызначальных у нацыянальным каларыце беларускага мастацтва. Пабудова прасторы па законах паветранай перспектывы, гармонія тонаў, стрыманасць святлоценявых кантрастаў — усе гэтыя падыходы ўласцівыя творчасці аўтара.
Яны дапамагаюць мастаку ў стварэнні асаблівых лірычных матываў, прасякнутых любоўю да бацькоўскай хаты, роднай зямлі.
Творца нарадзіўся ў горадзе Крычаве Магілёўскай вобласці. З 2001 па 2005 год вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным вучылішчы культуры. У 2011 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Яго выкладчыкамі былі Май Данцыг, Фёдар Кісялёў, Уладзімір Тоўсцік … З 2004 года Антон Вырва з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскіх і міжнародных выставак, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ў Беларусі, Польшчы, Расіі.
Работы мастака захоўваюцца ў зборах Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Гродзенскага літаратурнага музея ім. М. Багдановіча, Аршанскай карціннай галерэі, Магілёўскага абласнога мастацкага музея ім. П. Масленікава.
Душэўная палітра адценняў. Новы праект Васіля Пешкуна адкрылі ў галерэі «Aрт Фабрыка»
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by